Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Мне прысьніўся Джон Абама
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».
Камусьці крэйсэр “Аўрора” сьніцца, камусьці – Хадановіч, а мне прысьніўся Джон Абама.
Не таму, што я за рэспубліканцаў. Беларуская эміграцыя ў ЗША традыцыйна галасуе за іх. У часы Рэйгана гэта было дарэчы. І не таму, што мне сымпатычныя дэмакраты. Але Клінтан паставіў у Курапатах помнік. Пад сьнегам. Гэта было прыгожа. І не таму, што я за Абаму. Хоць тэмбар голасу й тое, што ён – выліты Павал Севярынец, імпануе. Маккейн думае пра Беларусь, і нават чытаецца яго імя не па-чужому: ці то Макей ці то Мацей. Але нешта мне падказвае, што ягоны тыпаж – не да часу. Дапускаю, што зьявіся ён некалі замест Рэйгана, гісторыя б ад гэтага не пайшла па-іншаму. Тады цьвёрдыя выглядалі жывей за мяккіх. Але ўсё зьмянілася. І сёньня плястычныя джазмэны выклікаюць болей надзеяў, чым зьдзервянелыя салдафоны. Тым часам цьвёрдыя ўсіх маштабаў і мадыфікацыяў распаўсюдзіліся па ўсім сьвеце, праніклі ва ўсе сфэры, і куды нос ні сунеш – паўсюль сядзіць Маккейн. Ён украдліва зазірае табе ў душу, бо яго не хвалюе, што ты можаш, а толькі — наш ты чалавек ці ня наш. Асабістая лаяльнасьць і роля ў карпаратыўнай ерархіі – усё, што ад цябе патрабуецца, бо ад усіх патрабуецца ня рух, а стаяньне на пэўных месцах. Гатовы прызнаць сваю памылку толькі ў адным выпадку – калі мы ўсе жывем у чаканьні грамадзянскай вайны. Але гэта ня так. Дзераўляныя салдафоны таксама гавораць пра перамены, хоць прыйшла пара мяняць іх — зацыкленых на сабе ўзначальнікаў тваёй ідэі, якія ніколі не тлумачаць сваіх рашэньняў і трымаюць працэс іх прыняцьця ў глыбокай таямніцы, паводзячы сябе як сярэднявечныя жрацы. Варта адкінуць таямніцу, каб на месцы забранзавелых апосталаў пабачыць усяго толькі тупаватых рахункаводаў асабістага быту. Сіла іх узьдзеяньня – у інэрцыі нашай панашы да колішніх рэвалюцыяў. Яны са сваёй квазікансэрватывісцкай упартасьцю прынесьлі чалавецтву нямала бед, галоўная зь якіх – адмаўленьне прафэсіяналізму. Ты наш чалавек? Значыць, будзеш рэдактарам зборніка. Ты наш і ведаеш тры мовы? Будзеш перакладчыкам. Ты наш? Будзеш прэзыдэнтам. Калісьці хадзіла такая паўжартоўная прыказка: нашы прыйдуць, разьбяруцца. Але нашы даўно прыйшлі. І даўно хочацца, каб прыйшлі – новыя. Іншы раз здаецца, што чым менш ты ў чымсьці петрыш, тым больш у цябе шанцаў узначаліць гэты працэс. Я не пра Сару Пэйлін, я яе ня ведаю. Але з выгляду яна – гатовы рэдактар Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Гэтыя аўтарытарныя дыктатарчыкі зь лёзунгам свабоды на вуснах даўно ўжо ўвасабляюць антыпод свабоды. І справа зусім не ва ўзросьце, а ў няздольнасьці зьмяняцца і разам з сабою зьмяняць сьвет. Яны і ў камсамольскім веку былі такімі цьвердалобымі. І добра прыдаліся, калі трэба было ілбамі штосьці прабіваць. Яны – ад пачатку апалягеты парадку. А сёньня не парадку бракуе, а гармоніі. Лінейны парадак параўняў адным плінтусам майстра і прафана. Народнаму паэту Барадуліну зьбіраюць грошы на выжываньне. Хіба гэта ня плён дзейнасьці дзераўляных салдафонаў, якія разрульваюць працэс? Цяперашні ўсясьветны крызыс пэрсаніфікуецца ў тыпаж – у панаваньне Урфін Джуса на ўсіх узроўнях, што вядзе да татальнай дыскваліфікацыі. Можа й калайдэр ад гэтага ламаецца. Раней у навінах мы дзівіліся прафэсійным дасягненьням творцаў, а цяпер там толькі катастрофы. Мне шкада Буша. Ён і афарызму ніякага не сказаў, а яму за восем гадоў дасталіся адныя беды. І ён супраць іх ня здолеў зрабіць нічога. Нават не ўяўляю, як бы ўсё пайшло па-іншаму, будзь на яго месцы Рэйган. Але Буш ня Рэйган. І ня Клінтан. Першы граў у кіно, другі на саксафоне. Яны былі творчымі людзьмі. І не былі салдафонамі. Сьвет зьнямогся бяз новых ідэяў. Буксуе і крызысуе ўсё. Тут новы прэзыдэнт Амэрыкі мусіў бы стаць не руцінным працягам папярэдняга, а сымбалем перамен для ўсёй нашай няшчаснай цывілізацыі. Абаму ніхто ня ведае. А хто калі загадзя ведаў, які ён, вецер перамен? Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сяргей Дубавец.
|
|