Дзмітрыеў дзень
Дзмітрыеў дзень
8 лiстапада — Дзмiтрыеў дзень, Дзмiтры, Змiтрок, Змiцер — дзень ушанавання памерлых. Паўсюдна славяне ў гэты дзень наладжвалi памiнкi па памерлых сваяках. l На працягу тыдня, на якi прыпадаў Дзмiтрыеў дзень, у храмах наладжвалi памiнальныя набажэнствы (асаблiва ўшаноўваецца Дзмiтрыеўская субота). Па праваслаўным календары ў Дзмiтрыеўскую суботу праводзяць агульнае памiнанне, заснаванае вялiкiм князем Дзмiтрыем Данскiм, якi атрымаў знакамiтую перамогу ў 1380 годзе над Мамаем (Кулiкоўская бiтва). Па яго просьбе ў той год адбылася ўсяленская панiхiда аб усiх загiнулых на полi бiтвы. l У Беларусi здавён iснавала народнае правiла святкавання Дзмiтрыеўскiх, цi Восеньскiх, Дзядоў у трэцюю суботу пасля Пакравоў. У некаторых рэгiёнах (напрыклад, Ашмянскiм павеце) дарэвалюцыйныя этнографы засведчылi, што "першыя Дзяды адзначалi ў чацвер на Дзмiтрыеўскiм тыднi, другiя — у суботу, трэцiя — у нядзелю, а чацвёртыя — у суботу перад Загавiнамi (27.11.)". l Дзмiтрыеўскую, памiнальную, бацькоўскую суботу заўсёды праводзiлi ўрачыста: хадзiлi на магiлы сваякоў, служылi панiхiды, наладжвалi жалобныя сталы, дзе не абыходзiлася без галашэнняў. l У гэты дзень забаранялася выконваць усялякую цяжкую фiзiчную цi якую б там нi было "брудную" работу: "На Змiтра не пралi, не ткалi i ў полi не працавалi". l У гэты час на поўную хаду наладжвалiся восеньскiя вяселлi: "Святы Змiтры — людзi хiтры: чаны параць, пiва вараць, сыноў жэняць, дачок даюць". Шуткавалi: "У Дзмiтрыеў дзень i верабей пад кустом пiва варыць". l А яшчэ ў гэты дзень пiльна назiралi за надвор’ем: <І>Калi "адпачнуць" на дзедавым тыднi бацькi (калi будзе цёпла), то i ўся зiмушка-зiма будзе з мокрымi цеплiнамi (адлiгамi). Калi Дзмiтрыеў дзень будзе "па голу" (без снега), то i Вялiкдзень будзе цёплым, а калi Дзмiтрыева субота са снегам, то i Святая (Вялiкдзень) са снегам. Дзмiтрый на снезе — вясна позняя. Дзмiтрыеў дзень — зiма ўжо лезе на пляцень. Да Змiтраўскай суботы зiма не пачнецца. Калi на Дзмiтрыя холад i снег, вясна позняя i халодная, а калi адлiга — вясна i зiма цёплыя. Змiцер зямлю выцер, на груды пабiў, каб нiхто не хадзiў. Аксана Катовiч, Янка Крук.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
8 лiстапада — Дзмiтрыеў дзень, Дзмiтры, Змiтрок, Змiцер — дзень ушанавання памерлых. Паўсюдна славяне ў гэты дзень наладжвалi памiнкi па памерлых свая
|
|