Адчуванне лёгкасцi камянёў
Адчуванне лёгкасцi камянёў
Незвычайны сад стаў славутасцю аграгарадка Аграгарадок Арэхаўка ў Клiчаўскiм раёне — адзiн з першых i самых лепшых на Магiлёўшчыне. Тут ёсць усё, што наблiжае сельскага жыхара да гарадскога ладу жыцця: добрыя вулiцы, камфортныя дамы, поўная iнфраструктура, сацыяльная сфера, моцная гаспадарка. У Арэхаўцы сёння жыве тысяча жыхароў. Аднак тут ёсць i свая адметнасць, створаная мясцовымi жыхарамi. Ад усiх iншых аграгарадкоў — прыгожых i ўтульных, Арэхаўку адрознiвае вялiкi Сад камянёў. Ён месцiцца прама на ўездзе ў аграгарадок з боку раённага цэнтра i адразу робiць уражанне на вандроўнiка. Ідэя Саду камянёў належыць кiраўнiку УКСП "Саўгас "Добраахвотнiк" Алегу Бортнiку, а добраўпарадкаваннем займаюцца настаўнiкi i вучнi Пярэкальскай сярэдняй школы. — Мы пачалi рабiць Сад камянёў яшчэ ў 2005 годзе, i гэта праца доўжылася каля двух гадоў, — расказаў дырэктар школы Рыгор Самуйлёнак. — Камянi збiралi ў наваколлi Арэхаўкi. На Клiчаўшчыну iх прынесла са скандынаўскiх гор у ледавiковы перыяд. Адзiн бок у вялiзнага валуна, вышэйшага за рост чалавека i вагой не меней за 20 тон, нiбыта адпалiраваны. На гэтым баку, вiдаць, ледавiк i цягнуў камень. Iншыя камянi з прыгожымi зялёнымi iмшыстымi плямамi ўкладзены такiм хiтрым чынам, што здаецца — яны ледзь трымаюцца адзiн на адным. Але гэта ўяўленне лёгкасцi камянёў цалкам падманнае, насамрэч канструкцыi вельмi трывалыя. Валуны складалi ў кампазiцыi з дапамогай тэхнiкi "Добраахвотнiка". Школьнiкi зрабiлi дарожкi i iншыя ўпрыгажэннi саду. Яны штовясну разбiваюць мiж камянямi зялёныя газоны i кветнiкi, сочаць за чысцiнёй i парадкам. У цэнтры Саду камянёў апынулася скульптура Арфея, якая была ўсталяваная яшчэ за савецкiм часам, паводле памятнага надпiсу, як "сiмвал вернасцi каханню, працы i Радзiме". Iдэя Саду камянёў спадабалася жыхарам аграгарадка, i таму на iншым краi Арэхаўкi з’явiўся яшчэ адзiн падобны сад — каля мясцовай фермы. Гавораць, што на палях Клiчаўшчыны хапае камянёў, а таму ўпрыгажэнне паселiшчаў прыгожымi кампазiцыямi з валуноў i дробных камянёў стала адметным стылем гэтай мясцовасцi. Iлона Iванова. Клiчаўскi раён
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аграгарадок Арэхаўка ў Клiчаўскiм раёне — адзiн з першых i самых лепшых на Магiлёўшчыне. Тут ёсць усё, што наблiжае сельскага жыхара да гарадскога лад |
|