Новы год з ЗОРКАМІ? Рэальна, але дорага
Новы год з ЗОРКАМІ? Рэальна, але дорага
Да Новага года застаюцца лiчаныя днi. Напалоханыя сусветным крызiсам, адны фiрмы тэрмiнова адмяняюць карпаратыўныя вечарынкi i здымаюць заказы на папулярных артыстаў, другiя, наадварот, вырашаюць, што найлепшае выйсце ў такiх умовах — павесялiцца ад душы, i ладзяць вялiкае свята. Колькi "пацягне" яго важны складнiк — музычная частка, а дакладней, запрашэнне беларускiх артыстаў, высвятляла карэспандэнт "Звязды". Размаўляць з самiмi артыстамi напрамую — бескарысна, адразу пачынаюцца ўдакладненнi кшталту "Д’Артаньян, гэта трэба асабiста вам цi гэта трэба яшчэ некаму?". Або асцярожныя роспыты, да каго яшчэ мы звярталiся i хто якi цэннiк выставiў. Таму, узброiўшыся легендай — кампанiя сярэдняй рукi, карпаратыў, "бюджэтны" варыянт прыкладна ў 1000 долараў на забаўляльную частку — саджуся на тэлефон i пачынаю абзвоньваць дырэктараў, прадзюсараў, а таксама разнастайныя агенцтвы, дзе абяцаны беларускiя артысты. У некаторых агенцтвах сцвярджаюць: "зорку"—не "зорку", але пазнавальнага, даволi папулярнага чалавека для вядзення мерапрыемства можна падабраць за 350—500 долараў на некалькi гадзiн, а прадстаўнiкоў айчыннай эстрады — угаварыць выступiць на карпаратыве за суму да 1000 долараў за паўгадзiны. "Ёсць i расiяне, якiя на такую суму згодныя, — расказала кансультант у адным з агенцтваў, але ў iх звычайна цэны пачынаюцца "ад тысячы". Вы, я так разумею, бюджэтны варыянт шукаеце? Вазьмiце лепш цыганскае шоу альбо джазавы калектыў, вельмi добры — удвая танней будзе!". — Вам галоўнае — зорнае iмя або якасная музыка? — удакладнiлi ў другiм агенцтве. — Улiчыце, што абсалютная большасць "зорак" працуе не больш як гадзiну, да таго ж пад "мiнусавую" фанаграму, а ёсць маладыя, нераскручаныя, але вельмi таленавiтыя артысты з музыкантамi, якiя за суму ў 1000 долараў будуць выступаць "жыўцом" усю ноч. Толькi вырашайце хутчэй, бо мы працуем з перадаплатай, а на 31-е ўжо выбару амаль не засталося — прапанаваць можам 2-3 незанятых чалавек. — Гэта вы намякаеце, што "зоркi" ўжо ўсе занятыя? — перапытваю. — Ну, што вы, — проста спрабуем падабраць аптымальны варыянт, каб i вашы грошы зэканомiць, i запатрабаваннi задаволiць найлепшым чынам, — такiм мядовым голасам запэўнiвае суразмоўца, што я пераконваюся — усё, дакладна навагоднi графiк у папулярных артыстаў распiсаны. Гэта ж пацвярджаюць некалькi дырэктараў, якiя на просьбу "можа, спявачка N. змагла б у нас выступiць?" адразу адказваюць: "Прабачце, але вольнага часу ўжо няма, так што цэны можна нават не абмяркоўваць". Хто колькi просiць (па стане на 20 снежня): "Топлес": 5000 долараў, цана абмяркоўваецца, навагодняя ноч — ужо выключана з дамоў. Ганна Шаркунова: ад 2500 долараў, але выступленне не больш як гадзiну. Навагодняя ноч ужо распiсаная. "Атлантыка": 2000—3000 долараў. "Без бiлета": 3000 долараў. Жанет: ад 2500 долараў, цана абмяркоўваецца. "Тяни-толкай" — ад 4000 долараў (за 30 хвiлiн), але гэта непасрэдна ў навагоднюю ноч, у астатнiя днi танней. Беларускiя рэзiдэнты "Камедзi Клаб" — ад 3000 долараў (адзiн чалавек, якi вядзе ўвесь карпаратыў, незалежна ад працягласцi). "J:Mopc": ад 5000 тысяч долараў, магчыма нават больш, калi ўлiчыць дадатковыя патрабаваннi па транспарце i апаратуры. Акрамя таго, у "бюджэтным варыянце" за 300 долараў можна заказаць 3 танцавальныя нумары ў прафесiйных стрыптызёраў — праўда, праграма гэта будзе кароткай, усяго хвiлiн 15, але затое дакладна запамiнальнай. Больш нi на якiм музычным суправаджэннi зэканомiць не ўдасца — калi толькi запрасiць замшэлага "тамаду-масавiка-зацейнiка" з наборам дыскаў Веркi Сярдзючкi, долараў за 150. Летась: "Топлес": 2000—3000 еўра. Палiна Смолава: ад 2500 еўра. "J:Mopc": ад 5000 долараў i не танней. Ганна Шаркунова: ад 1500. Долараў. (!) Беларускiя рэзiдэнты "Камедзi Клаб": ад 3000 еўра. Гурт "Дразды": 2000 долараў. А ў iх? Вас палохаюць прыведзеныя лiчбы? У забаўляльных агенцтвах сцвярджаюць, што яны зусiм не завоблачныя, i прыводзяць запатрабаваннi расiйскiх "зорак", якiя долар у разлiк увогуле не бяруць. Скажам, гурт "Фабрыка" — не менш як 18—20 тысяч еўра за гадзiну. Можа, лепш нашым "Топлес" фанаграму "Фабрыкi" ўключыць — якая эканомiя атрымаецца?! Не менш як 15 000 еўра просiць за гадзiну выступлення Жанна Фрыске, пасля перамогi на "Еўрабачаннi" вышэй кацiруецца i Дзiма Блан — 50 тысяч еўра. Ад гэтай жа сумы, па чутках, ацэньваецца выступленне Алы Пугачовай (але нiводнае беларускае агенцтва з яе маскоўскiмi прадстаўнiкамi не працуе, таму можа прапанаваць вам толькi парадыйны варыянт Прымадоны — выступленнi артыстаў-парадыстаў, дарэчы, каштуюць прыкладна тыя ж 1000 долараў). Іншая справа — замежныя выканаўцы, сярод якiх за 15 тысяч долараў можна ўгаварыць выступiць хiба зусiм ужо ветэранаў, кшталту 10-га складу "Boney M". Зоркi першай велiчынi i каштуюць адпаведна — гадзiнныя канцэрты Джэнiфер Лопес, Шакiры або Эмiнема, за якiя даводзiцца выкласцi сама меней мiльён (!) долараў, дазволiць сабе могуць зусiм нямногiя... Словам, дорага гэта ўсё ж — зазваць да сябе эстрадную "зорку" на Новы год. Лепш купiць падарункавы сертыфiкат на сапраўднае нябеснае свяцiла — "прысвоiць" зорку, бачную ў небе простым вокам, абыдзецца ад 650 еўра, калi зорку можна разгледзець у бiнокль — 130—450 еўра, калi толькi ў тэлескоп — ад 25 да 100. А мо i ўвогуле адмовiцца ад гэтых зорак — так, бясплатна паглядзець па тэлевiзары? Лiна МАЛIНIНА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да Новага года застаюцца лiчаныя днi. Напалоханыя сусветным крызiсам, адны фiрмы тэрмiнова адмяняюць карпаратыўныя вечарынкi i здымаюць заказы на папу
|
|