21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Чым будуць здзiўляць тэлеканалы на Новы год?

26.08.2009 10:43 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чым будуць здзiўляць тэлеканалы на Новы год?

Святочная ноч для тэлебачання — як адказны экзамен для студэнта: вельмi доўга за правал лаяць не будуць, але хочацца ўсё ж блiскуча здаць — i гуляць на ўсе чатыры бакi. Таму падрыхтоўка разнастайных праектаў — канцэртаў, фiльмаў, праграм — часта пачынаецца за паўгода i больш да гадзiны "Ч", у атмасферы сакрэтнасцi i з абяцаннямi сюрпрызаў.

Хоць многiя людзi i не лiчаць тэлевiзар галоўным святочным атрыбутам, аднак армiя тэлегледачоў у разы большая, i для iх гэта асаблiвая цырымонiя — знайсцi ў праграме самае цiкавае, абвесцi кружком усе паўторы "Іронii лёсу" ды iншых звыклых навагоднiх фiльмаў, а 31 снежня прыляпiцца да экранаў i ўбачыць...

Першы: Сем святаў на тыднi

Асобнага цэнтральнага праекта, як расказалi нам у прэс-службе Белтэлерадыёкампанii, канал не рыхтуе — свята будзе адчувацца лiтаральна ва ўсiх праграмах. Напрыклад, "Добрай ранiцы, Беларусь!" падрыхтавала да Новага года адмысловы выпуск — шоу блiзнят. Iдэя гэта — лагiчны працяг мiнулагодняга конкурсу двайнiкоў знакамiтых асобаў, якi вельмi спадабаўся гледачам. На гэты раз у фiнале шоу апынулiся ажно 60 пар блiзнят i тройка трайнят! Праўда, гледачы ўбачаць гэты выпуск ужо ў новым годзе, 2 студзеня. А святочны настрой канал пачне трансляваць значна раней пад дэвiзам "Максiмум музыкi, мiнiмум словаў".

Так, з 29 снежня па 4 студзеня будзе паказана серыя сольных канцэртаў пад агульнай назвай "Навагоднi тыдзень на Першым". Свае лепшыя i любiмыя песнi падораць публiцы вядомыя беларускiя артысты — Ядзвiга Паплаўская i Аляксандр Цiхановiч, Аляксей Хлястоў, Iрына Дарафеева, гурт "Лепрыконсы", Аня Шаркунова i гурт "Новы Iерусалiм".

Непасрэдна ў навагоднюю ноч адбудзецца яшчэ некалькi канцэртаў — вялiкi, зборны "З Новым годам, Беларусь!", а пасля яго — двухгадзiнны навагоднi "мiкс" з вiдэаклiпаў i канцэртных нумароў беларускiх i замежных выканаўцаў. Калi ж вам не так цiкава слухаць iншых, як паспяваць самiм — такую магчымасць дасць кiнакараоке — гадзiна кiнашлягераў з тэкстамi, як у звычайным караоке. 1 студзеня ("для тых, у каго яшчэ хопiць сiлаў на музыку", — жартуюць тэлевiзiйнiкi) у ранiшнiм эфiры будзе паказаны святочны канцэрт Прэзiдэнцкага аркестра.

ЛАД: Са спортам i песняй

А вось на "ЛАДзе" стрыжнявы святочны праект ёсць у наяўнасцi, i iмя яму — гала-канцэрт спартыўнага рэалiцi-шоу "Цудоўная сямёрка". Ён выйдзе ў эфiр 31 снежня, i менавiта на гэтым канцэрце вызначыцца пераможца, якi атрымае галоўны прыз — аўтамабiль "Сhеvrоlеt Nivа". Нагадаем, пасля сямi эпiзодаў, у кожным з якiх удзельнiкi спрабавалi засвоiць пэўны вiд спорту, пераможцы эпiзодаў сышлiся ў суперфiнале. Прэтэндэнтаў на галоўны прыз у вынiку аказалася трое: пераможца спартыўнай часткi суперфiналу, 5-разовы чэмпiён свету па бiятлоне Вадзiм Сашурын, лiдар глядацкага галасавання спявачка Алеся i лiдар сiмпатый журналiстаў, тэнiсiстка, спявачка i тэлевядучая Вольга Барабаншчыкава. Выбiраць сярод iх выпала ўдзельнiкам усiх эпiзодаў шоу "Цудоўная сямёрка" — а нам, дарэчы, удалося падгледзець гэты працэс за кулiсамi.

— За каго з супернiкаў вы прагаласавалi б? — спыталiся мы ва ўсiх трох прэтэндэнтаў. Яны аказалiся надзiва высакароднымi i назвалi... адзiн аднаго. "Я ўбачыў у Алесi моцны, спартыўны характар, таму за волю да перамогi выбраў бы яе. Хоць i Вольга вельмi добра сябе паказала", — адзначыў дыпламатычны Вадзiм. "Вадзiм — мой кандыдат! Ён варты такога падарунка пад Новы год, як гэты прыз", — у адзiн голас заявiлi дзяўчаты.

— А ў мяне сэрца разрываецца, — у разгубленасцi прызналася актрыса, чароўная Фея з "Калыханкi" Алена Бiкрэнёва. — З аднаго боку, з жаночай салiдарнасцi хочацца падтрымаць слабых безабаронных дзяўчат. З другога — я вельмi люблю свайго тату, а ён у мяне доўгi час займаўся бiятлонам... Да таго ж Вадзiм не проста выдатны трэнер, ён вельмi пазiтыўны i прыемны, адкрыты чалавек. Думаю, справядлiва, калi перамогу атрымае менавiта ён.

Вадзiма ў гэты вечар хвалiлi ўсе: i яго падапечныя, каго Сашурын трэнiраваў у эпiзодзе "Бiятлон", i сябры-супернiкi па суперфiнале, i члены здымачнай групы, якiя ўзгадвалi, што на здымкi спартсмен прыйшоў у "разабраным" стане пасля складанага выдалення зуба... I толькi ён сам сцiпла адмахваўся: "Нiчога асаблiвага i звышгераiчнага. Проста мне вельмi спадабалася сама iдэя гэтых спаборнiцтваў — пасля таго як блiзка сышоўся з гэтым новым для мяне светам, я ўпэўнены, што многiя нашы спартсмены прайгралi б "зоркам". Забягаючы наперад, адкрыем тайну — менавiта Вадзiм Сашурын i перамог у раэлiцi-шоу. А вось падрабязнасцi — глядзiце на "ЛАДзе" 31 снежня.

Працягне святочную ноч на канале крыху настальгiчная музыка — канцэрт поп-дзiвы 90-х гадоў Лары Фабiян. "Хто памятае, той ацэнiць", — упэўнены тэлевiзiйнiкi.

АНТ: Ад бландзiнкi да "Батлейкi"

Напярэдаднi каталiцкага Раства АНТ, працягваючы тэлепраект "З любоўю з Беларусi", зрабiў падарунак нашым польскiм суседзям — у Варшаве адбыўся канцэрт з удзелам папулярных беларускiх i польскiх выканаўцаў. На польскай мове, напрыклад, спявалi "Песняры", Пётр Елфiмаў, Iрына Дарафеева, Галiна Шышкова i Iван Вабiшчэвiч, Ядзвiга Паплаўская i Аляксандр Цiхановiч. Iншыя артысты аб’ядналiся ў нечаканыя iнтэрнацыянальныя дуэты — Iне Афанас’евай склаў пару Кшыштаф Рымшэвiч, Аляксею Хлястову — Малгажата Глуўка, Георгiю Калдуну — Агнешка Конарска, Анатолю Ярмоленку — гурт "Прымакi", Алене Ланской — Себасцiян Плявiньскi... Вынiк гэтых эксперыментаў убачаць i беларускiя гледачы — 25 снежня ў тэлеверсii.

28 снежня адбудзецца фiнал рэалiцi-шоу "Пасаг для нявесты", дзе тры фiналiсткi пакажуць сцэнарыi дзявочнiкаў, але толькi адна, выбраная гледачамi, атрымае 25 мiльёнаў рублёў для арганiзацыi ўласнага вяселля.

Акрамя таго, як расказала прэс-сакратар АНТ Алiна Праваторава, перадсвяточная праграма не абыдзецца без ужо звыклага праекта — 30 снежня будзе паказана вынiковая "Песнi года Беларусi". Сёлета ў праекце сабралася рэкордная колькасць песень — 42, сярод якiх як правераныя радыёратацыямi хiты, так i навiнкi, названыя "адкрыццямi года".

31 снежня песенную эстафету падхопiць бенефiс Iны Афанасьевай — "Шоу адной бландзiнкi", адметнасць якога ў тым, што, акрамя заслужанай артысткi Беларусi, у канцэрце ўдзельнiчалi толькi мужчыны або... правiльна, бландзiнкi.

Ну, а галоўнай "разынкай" эфiру ў навагоднюю ноч стане, як i летась, мюзiкл з беларускай назвай — "Батлейка". Праўда, у адрозненне ад "Паўлiнкi-Nеw", у гэтым музычным фiльме беларуская не толькi назва i каларыт у выглядзе Мiрскага замка, але i аснова — байкi Кандрата Крапiвы, а таксама мова ўсiх персанажаў — 70 артыстаў i больш як 100 чалавек масоўкi! I, натуральна, музыка — любiмыя некалькiмi пакаленнямi слухачоў хiты "Песняроў". Мюзiкл не з’яўляецца працягам "Паўлiнкi", хоць у iм i прысутнiчаюць некалькi знаёмых герояў — уласна Паўлiнка (салiстка гурта "Топлес" Вольга Вайнiловiч), яе бацька (Сяргей Журавель) i муж (Георгiй Калдун). Прычым апошняму давялося разбурыць свой створаны было рамантычны вобраз на, хутчэй, адмоўны — гэткi тыповы муж з анекдотаў. Зрэшты, сам Георгiй на такое рашэнне рэжысёра Сашы Бутар не ў крыўдзе. "Ад нас жа нiхто не патрабаваў майстэрства Жана-Поля Бельмандо, трэба было быць у меру забаўнымi, але паводзiць сябе натуральна. Напрыклад, калi мы "сваталiся" да галоўнай гераiнi, княжны ("Мiс Беларусь" Вольга Хiжынкова. — Аўт.), спявалi па чарзе з Жураўлём "Зорку Венеру", прычым пакуль адзiн спяваў, другi за яго спiнай прыдурваўся, рожы ўсякiя паказваў... Не ведаю, што з гэтага застанецца пасля мантажу, але нам было цiкава i смешна". Наколькi другi мюзiкл АНТ будзе цiкавы i смешны гледачам, даведаемся ўжо ў наступным годзе.

СТБ: Каб два разы не ўставаць...

Прэс-служба канала нагадала, што каму толькi Новы год, а "Сталiчнаму тэлебачанню" яшчэ i дзень нараджэння — 1 студзеня пачнецца ўжо 9-ы эфiрны год. Так што свята атрымалася двайное, а святкаванне — нават трайное, у сэнсе, для любiмых гледачоў падрыхтаваныя тры вялiкiя праекты.

Кожны год запамiнаецца чымсьцi асаблiвым — у тым лiку i песнямi, сцвярджаюць на СТБ. Што мы найчасцей чулi ў годзе, якi амаль скончыўся, i з якiх песень пачнецца 2009 год? Адказ — у праекце "Вялiкi Калядны канцэрт", першая частка якога (песнi 2008 года) выйдзе ў эфiры ўжо 25 снежня, а другая (песнi 2009 года) будзе паказана 7 студзеня.

Напрыканцы года фiнiшуе "фiрменны" праект тэлеканала — народнае шоу талентаў "Крутыя хлопцы і дзяўчаты". 27 снежня стане вядома, якая каманда перамагла ў праекце, i хто атрымае прыз глядацкiх сiмпатый — аўтамабiль. А 1 студзеня гледачы ўбачаць гала-канцэрт праекта з удзелам як прафесiяналаў, так i самародкаў з народа, якiм дазволiлi рабiць на сцэне ўсё, што захочацца, — танцоры заспяваюць, а спевакi пачнуць танчыць, акрабаты i парадысты, клоуны i эквiлiбрысты будуць проста здзiўляць тым, як многа ў нас таленавiтых людзей...

"Дзень нараджэння ў СТБ, а падарункi атрымаюць гледачы, — ахарактарызаваў навагоднюю ноч на канале намеснiк генеральнага дырэктара Павел Каранеўскi. — Мы кожны раз прыдумваем што-небудзь новенькае. Напрыклад, у гэту ноч артысты будуць спяваць папулярныя песнi — як свае ўласныя, так i легендарныя хiты. Але вы здзiвiцеся, бо такiмi гэтыя песнi яшчэ не чулi, — атрымаюцца гэткiя музычныя жарты".

"Дзень нараджэння ў Новы год" Сталiчнае тэлебачанне так i збiраецца адзначыць — з сюрпрызамi, жартамi, шматлiкiмi песнямi, а таксама з раскрыццём некаторых сакрэтаў — як насамрэч уладкавана тэлебачанне. Напрыклад, нягледзячы на святочную атмасферу i прыгожа сервiраваныя столiкi, замест шампанскага ў вядучых i артыстаў па тэлевiзiйнай традыцыi — лiманад "Бурацiна". Але нават з безалкагольным напоем у руках можна заснуць, пераблытаць упрыгожаную елку з касмiчным караблём i паспрабаваць уручыць у падарунак... сапраўднага быка. "Кожная песня ў навагоднiм канцэрце будзе гiсторыяй з вялiкай лiтары, — сцвярджае рэжысёр Сяргей Цярпiцкi. — Вось што будзе, напрыклад, калi аднойчы сустрэнуцца iтальянскiя партызаны з беларускiмi? Гэта паспрабуюць уявiць гурт "ДаВiнчы" i тэатр гумару "Хрыстафор". А, напрыклад, мужчынскую частку ансамбля "Верасы" пад песню пра малiнаўку паспрабуюць проста са сцэны забраць у армiю... Чым не цуд?".

* * *

Дарэчы, пры ўсiм прапанаваным багаццi выбару некаторых артыстаў вы ўбачыце практычна на кожным канале — так што не палохайцеся ў выпадку чаго, што пульт не працуе, лепш зверцеся са спiсам самых запатрабаваных ТБ-персанажаў:

— Аляксей Хлястоў (Першы, АНТ, ЛАД)

— Алеся (РТР-Беларусь, ЛАД, АНТ)

— Аня Шаркунова (АНТ, ЛАД, Першы)

— J:Mорс (ЛАД, АНТ, СТБ)

— Ядзвiга Паплаўская i Аляксандр Цiхановiч (Першы, АНТ, СТБ)

— Iрына Дарафеева (Першы, АНТ, СТБ).

Ну i, калi сумна стане — пераключайцеся!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота СТБ, АНТ, прэс-службы Белтэлерадыёкампанii i аўтара.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Святочная ноч для тэлебачання — як адказны экзамен для студэнта: вельмi доўга за правал лаяць не будуць, але хочацца ўсё ж блiскуча здаць — i гуляць н
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика