Інвестыцыi ў здароўе не падуладныя iнфляцыi
Інвестыцыi ў здароўе не падуладныя iнфляцыi
У Крупках з’явiўся фiзкультурна-спартыўны клуб "Грацыя" — Наша краiна надае шмат увагi развiццю спорту i здаровага ладу жыцця, — адзначыў старшыня Мiнскага аблвыканкама Леанiд Крупец падчас адкрыцця клуба. — Я i сам займаюся спортам, калi выпадае свабодны час. Хоць лепшай фiзкультурай лiчу працу на палетках, падчас якой распрацоўваюцца абсалютна ўсе мышцы. У гэты дзень каля новенькага спарткомплексу сабралiся прадстаўнiкi адмiнiстрацыi горада Крупкi, журналiсты i проста зацiкаўленыя мясцовыя жыхары. Апошнiя, дарэчы, сваю ўвагу тлумачылi проста — "Нас i прымушаць сюды прыходзiць не трэба было. Не кожны ж дзень у нашым 8-тысячным гарадку такiя аб’екты адкрываюцца!" Будынак сучаснай "Грацыi" першапачаткова планаваўся пад гарадскую лазню i першая цаглiнка была закладзены ў далёкiм 1987 годзе. Потым будоўля "замарозiлася" i толькi дзякуючы фiнансавай дапамозе Мiнскага аблвыканкама два гады таму ўзнавiлася. "За апошнiя два гады ў Мiнскай вобласцi 60 мiльярдаў рублёў накiравана на будаўнiцтва, мадэрнiзацыю i рэарганiзацыю новых i старых спартыўных аб’ектаў. Толькi сёлета мы адкрылi стадыён у Смалявiчах, фiзкультурны комплекс у Нясвiжы, Лядовы палац у Салiгорску. Нарэшце дайшла чарга i да Крупак" — падкрэслiў Леанiд Крупец. Цяпер дзверы "Грацыi" расчынены для любога ахвотнага. Мясцовыя жыхары, уваходзячы ў прыгожы, з пахам фарбаў будынак комплексу, рэагавалi па-свойму: "Ай-яй, новыя дываны запэцкаем..." Сустрэў я i славутую зямлячку крупчан Кацярыну Карстэн. — Я родам з вёскi Асечына Крупскага раёна. У школе займалася фiзкультурай, а сюды, у Крупкi, прыязджала на раённыя спаборнiцтвы па лыжных гонках i лёгкай атлетыцы. Наш настаўнiк па фiзкультуры Леанiд Сялiцкi любiў спорт i ў нас выхоўваў любоў да яго. Дзякуючы Сялiцкаму я i паехала ў Мiнск у вучылiшча алiмпiйскага рэзерву займацца веславаннем, пра якое, дарэчы, у той час нiчога не ведала. У вёсцы дзецi вядуць актыўны лад жыцця. Узяць хоць бы гульнi — "хованкi", "выбiвала", валейбол. А ў гарадах чым дзецi цяпер займаюцца? Гляджу на сваю 10-гадовую дачку — тэлевiзар, камп’ютар... Менавiта таму спартыўны комплекс — гэта добрая рэч для нашага раёна. Хоць мая дачка i займаецца валейболам, але калi б мы жылi тут, а не ў Германii, абавязкова прыводзiла б яе сюды займацца спортам. Юрась ШАЎЦОЎ. Мiнск — Крупкi — Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Крупках з’явiўся фiзкультурна-спартыўны клуб "Грацыя" — Наша краiна надае шмат увагi развiццю спорту i здаровага ладу жыцця, — адзначыў с
|
|