Прагноз, бюджэт і крызiс
Прагноз, бюджэт і крызiс
Дэпутаты Магiлёўскага абласнога Савета зацвердзiлi прагноз сацыяльна-эканамiчнага развiцця i бюджэт рэгiёна на 2009 год i шмат увагi надалi карэкцiроўкам у працы ў сувязi з сусветным фiнансавым крызiсам. — Я хачу, каб вы сталi праваднiкамi спакою i ўпэўненасцi ў заўтрашнiм днi, — так выказаў сваё пажаданне дэпутатам i кiраўнiкам прадпрыемствам, якiя бралi ўдзел у сесii, старшыня аблсавета Уладзiмiр Панцюхоў. Эканомiцы — валюта, людзям — праца Асноўныя прагнозныя паказчыкi сёлета ў Магiлёўскай вобласцi выкананыя, хоць напрыканцы года, па словах старшынi Камiтэта па эканомiцы Магiлёўскага аблвыканкама Мiкалая Дудзiнскага, сiтуацыя пагоршылася ў сувязi з крызiсам i сёння даводзiцца вырашаць эканамiчныя праблемы, якiя ўжо не ўзнiкалi шмат гадоў. Напрыклад, страчвае тэмпы вытворчасць спажывецкiх тавараў — у тым лiку ў Магiлёве i Бабруйску; назапасiлася прадукцыя на складах — цяпер 77,5 % ад сярэднямесячнага аб’ёму, толькi за лiстапад запасы павялiчылiся на 89 млрд рублёў; запаволiлiся плацяжы за пастаўкi на экспарт — фiнансiсты прызнаюць, што iм даводзiцца штодня сутыкацца з праявамi крызiсу. Мiж тым прагнозы на наступны год напружаныя: рост прамысловай вытворчасцi за 2009 год павiнен перавысiць 13 %. Крызiс, прагучала на сесii, не з’яўляецца прычынай для перагляду стратэгii развiцця, але давядзецца ўлiчыць яго негатыўны ўплыў. Перад кiраўнiкамi прадпрыемстваў паставiлi галоўную задачу: прадаць вырабленую прадукцыю i атрымаць за яе грошы. Гэта найперш датычыцца экспарцёраў, таму што эканомiка як нiколi мае патрэбу ў прытоку валютных сродкаў. Таму прамыслоўцаў заклiкаюць больш смела iсцi на саступкi ў коштах i выкарыстоўваць для пошуку новых рынкаў збыту не толькi ўласныя сеткi па продажы прадукцыi, але i пасрэднiкаў. Уладу вельмi цiкавяць iнвестыцыйныя праекты, асаблiва тыя, якiя прадугледжваюць стварэнне новых працоўных месцаў. Першы намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Уладзiмiр Краўцоў зазначыў, што самая важная задача ўладаў — забяспечыць людзей працай. І нават калi нехта страцiць месца ў сувязi з аптымiзацыяй колькасцi работнiкаў, трэба даць магчымасць уладкавацца i зарабiць на жыццё. Што датычыцца замежных iнвестараў, то першы намеснiк старшынi аблвыканкама звярнуў увагу на тое, што з кожнага крызiсу можна выцягнуць перавагi i абавязкова iмi скарыстацца. — Я яшчэ нiколi не прымаў столькi замежных дэлегацый, як апошнiм часам, — прызнаўся Уладзiмiр Краўцоў з трыбуны сесii. — Iнвестары цяпер актыўна цiкавяцца Беларуссю. Крызiс нашу краiну не закрануў так жорстка, як Еўропу i Расiю, дзе ўсё спыняецца. У нас жа iдзе праца i лiбералiзацыя эканомiкi. Крызiс навучыць эканомii i руплiвасцi Бюджэт — лакмусавая паперка эканомiкi, нагадаў начальнiк фiнансавага ўпраўлення аблвыканкама Уладзiмiр Падрабiнкiн. — Крызiс навучыць нас руплiвасцi i прымусiць жыць па даходах, i гэта ёсць яго станоўчы момант, — лiчыць ён. — Трэба рацыянальна, эканомна трацiць як свае сямейныя грошы, так i сродкi бюджэту. Каля дзвюх трацiн бюджэтных грошай у наступным годзе плануецца накiраваць на фiнансаванне сацыяльнай сферы. Трэба толькi зарабiць гэтыя грошы. З улiкам прыгаданых на сесii скаргаў людзей пра недахоп лекаў i прыладаў у медыцынскiх установах (маўляў, цяпер у бальнiцу i са сваiмi шпрыцамi трэба прыходзiць) аптымiстычна выглядае абяцанне ўладаў забяспечыць выкананне мiнiмальных сацыяльных стандартаў i перш за ўсё фiнансаваць абароненыя артыкулы бюджэту, у лiк якiх уваходзiць i сфера аховы здароўя. Мiж тым з закупам дарагiх рэчаў i абсталявання, рамонтамi (дзе яшчэ можна патрываць) i рэалiзацыяй непершачарговых праектаў давядзецца пачакаць. Старшыня Магiлёўскага гарвыканкама Вiктар Шорыкаў не знайшоў у бюджэце фiнансаванне рэканструкцыi басейна i рамонту адной з аўтадарог горада. — Сусветны фiнансавы крызiс закрануў i наш горад, — сказаў кiраўнiк Магiлёва. — Адбываецца вымыванне фiнансавых сродкаў i можа, на маю думку, вярнуцца даўно забыты бартар. Пры такiм развiццi падзей прадпрыемствы будуць мець крынiцы iснавання, але пацерпiць бюджэт. Таму прапаную стварыць таварныя бiржы, праз якiя будуць ажыццяўляцца тавара-абменныя аперацыi. Не зацыклiвацца, зарабляць грошы i трываць Старшыня Мсцiслаўскага раённага Савета Мiкалай Касцюшкiн нагадаў прысутным пра праблемы сельсаветаў. Ён прапанаваў увесцi ў штат хоць бы аднаго працаўнiка для навядзення парадку i добраўпарадкавання. А таксама плацiць старастам вёсак за iх працу хоць бы сiмвалiчныя грошы, у адпаведнасцi з мсцiслаўскай прымаўкай: рубель камень коле. Мiкалай Касцюшкiн адразу i атрымаў адказ на свае прапановы: усё можна зрабiць, але толькi за свае грошы. Старшыня аблсавета Уладзiмiр Панцюхоў нагадаў, што сельсаветы выканалi даручэнне кiраўнiцтва вобласцi самастойна забяспечыць 15 % сваiх выдаткаў i нават падвоiлi гэты паказчык. I калi атрымлiваецца зарабляць грошы, то ёсць сэнс больш актыўна працаваць у гэтым накiрунку i затым распараджацца ўласнымi сродкамi. Ва ўмовах крызiсу выйграюць тыя, хто можа зарабляць грошы. Прыцягненне прыватнага капiталу становiцца першачарговай задачай. У Чавускiм раёне актыўна працуюць з сярэднiм i малым бiзнэсам: даюць пазыкi i льготы, аддаюць прадпрымальнiкам для справы памяшканнi i аб’екты, якiя не выкарыстоўваюцца. Сёлета, паводле старшынi Чавускага райвыканкама Анатоля Мацюлiна, у раёне ўдалося стварыць больш за 300 новых працоўных месцаў, а ўдзельная вага ад прыватнiкаў у бюджэце наблiзiлася да адзнакi у 15 %. Толькi сёлета створаныя малыя прадпрыемствы заплацiлi ў бюджэт раёна 400 мiльёнаў рублёў падаткаў. Пасёлак Глуша у Бабруйскiм раёне не так даўно перажыў свой уласны крызiс, калi зачынiўся шклозавод, пайшло беспрацоўе i ўсе здольныя працаваць мужчыны паехалi па заробкi ў Расiю. Адкуль яны цяпер, дарэчы, вяртаюцца, у надзеi зноў адшукаць працу ў Беларусi. У Глушы цяпер працуюць дзве невялiкiя вытворчасцi — па пашыве школьнай формы i вырабе чыпсаў. У пасёлку падвоiўся таваразварот. Мясцовы пасялковы Савет на чале з Марыяй Сушчанка спадзяецца на адкрыццё новых працоўных месцаў i развiццё аграэкатурызму. Праўда, з выкананнем просьбаў глушанцаў правесцi газ i адрамантаваць ачышчальныя збудаваннi, магчыма, давядзецца i патрываць. — Мы жывём ў свеце не адасоблена, i крызiс нас закрануў, — нагадаў памочнiк Прэзiдэнта, галоўны iнспектар па Магiлёўскай вобласцi Генадзь Лаўранкоў. — На iм не трэба зацыклiвацца, але трэба навучыцца выжываць i ў такiх умовах. Ад рэалiзацыi галоўных праектаў дзяржава не адмовiцца, але з iншымi давядзецца патрываць, пакуль сiтуацыя не зменiцца. Давядзецца яшчэ шмат чаго пераасэнсаваць, але такая рэальнасць! Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дэпутаты Магiлёўскага абласнога Савета зацвердзiлi прагноз сацыяльна-эканамiчнага развiцця i бюджэт рэгiёна на 2009 год i шмат увагi надалi карэкцiроў
|
|