21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Перамагчы крызiс можна дабрынёй

26.08.2009 10:43 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Перамагчы крызiс можна дабрынёй

Напярэдаднi навагоднiх i калядных святаў карэспандэнт "Звязды" пабывала ў гасцях у вядомай народнай лекаркi Фядоры Данiлаўны Конюхавай, якая жыве ў вёсцы Пiльшычы Бялынiцкага раёна.

  — Дзе i як, Фядора Данiлаўна, вы будзеце святкаваць Новы год?

— Буду дома. Гаспадыня павiнна сустрэць Новы год у сваёй хаце i прымаць гасцей.

— А хто да вас прыедзе ў госцi?

— На Новы год у доме павiнны збiрацца толькi свае людзi. Гасцям збоку я ў гэтае свята, калi сказаць шчыра, не вельмi радуюся. З iмi могуць прыйсцi жорсткiя палi, якiя шкодзяць здароўю. Толькi сям’я!

Не трэба весцi пустыя размовы, сыпаць непатрэбнымi словамi, нiбыта збожжам на поле. Трэба гаварыць i думаць пра добрае. Няхай у нас на зямлi будзе добра i цiха. Няхай не будзе вайны i пакутаў для людзей. Людзi ўжо напакутвалiся досыць.

— Вы глядзiце тэлевiзiйныя навагоднiя шоу?

— Я тэлевiзар увогуле на Новы год не гляджу, таму што i з яго жорсткiя палi сыплюцца ў хату. Новы год варта сустрэць спакойна i без мiтуснi.

Кожны чалавек мае сваю энергетычную сiлу i нясе дар сваiх продкаў. Трэба прынесцi ў дом чыстай вады i паставiць на стол як данiну памяцi i прывiтанне душам продкаў. Я яшчэ сама i хлеб пяку. Трэба выставiць на стол ежу, якая ёсць у хаце. I няхай яна не будзе самай дарагой. У Новы год трэба паводзiць сябе сцiпла.

— Калi вы былi маленькай дзяўчынкай, як святкавалi Новы год вашы бацькi?

— Святкавалi, як усе людзi. Збiралiся ў кампанii i адзначалi. Гэта для мяне былi самыя радасныя святы. У дзяцiнстве, яшчэ да вайны.

— А кажуць, тады жылi бедна i не было чаго есцi.

— Не ва ўсiх i не заўсёды. Мне запомнiлася, што перад вайной жыццё наладзiлася. Гэта былi цудоўныя гады: людзi былi зацiкаўленыя працаваць, усе радавалiся жыццю. А потым неўзабаве абрынулася вайна.

— Якiя падарункi на Новы год дарылi ў дзяцiнстве?

— Розныя цацкi. Я памятаю маленькую швачную машынку, кветкi i прыгожыя лялькi, якiя нават размаўлялi. А аднойчы на Новы год бацька падарыў мне вялiкую хустку з кветкавым узорам. Падобна на тую, якая зараз на мне.

— Але той падарунак не захаваўся?

— Не, безумоўна. Мы ж беглi ад немцаў, лiчы, голыя i босыя. Але бацька тым падарункам назаўсёды апрануў на мяне хустку. I я ўсё жыццё вельмi люблю вялiкiя хусткi.

— А цяпер якi навагоднi падарунак хацелi б для сябе?

— Я хачу толькi здароўя i спакою на зямлi. Вось гэта найлепшы падарунак! Каб нашым людзям добра жылося.

— Што вы дорыце на святы блiзкiм людзям?

— Тое, што магу. А ўвогуле самы лепшы падарунак — гэта добрае слова. Трэба пажадаць дабра, i тады дабро будзе ў iх наперадзе. Дрэнна, калi людзi дораць дарагiя рэчы, але ў душы маюць не самыя лепшы думкi.

У мяне ў жыццi быў выпадак з падарункам. Мой брат Уладзiмiр быў у Германii i атрымаў просьбу ад сваёй дзяўчыны прывезцi ёй у падарунак шмат розных рэчаў. Ён i да мяне звярнуўся: што, маўляў, сястра, табе прывезцi? Я тады памеркавала, што нiчога нямецкага мне не трэба, бо немцы знiшчылi ўсё на маёй роднай зямлi. Я i адказала брату: "Падарунак — гэта ты сам, а не рэчы. Дай Божа, каб ты вярнуўся дадому спакойна".

Мiж тым, гэта былi неспакойныя гады пасля вайны, i Уладзiмiр на перадавой у Польшчы стаяў. Але часць, у якой служыў брат, так i не атрымала нiякага загаду: нi страляць, нi вадой лiць. I я атрымала свой падарунак, калi ён шчаслiва вярнуўся дадому. Усё, як я хацела. Мае словы часта спраўджваюцца.

— Калi так, то давайце пагаворым пра важныя цяпер для ўсяго грамадства рэчы. Цi ёсць ў вас, Фядора Данiлаўна, адчуванне, што завяршаецца вельмi складаны высакосны год?

— Ёсць. Я нават у сярэдзiне года меркавала, што ў нас вось-вось падхопiцца нешта нядобрае, ад чаго пацерпiць Беларусь i Расiя. Было напружанне, але Бог адвёў бяду. Гэты смутак адышоў убок.

— Наступны год будзе лепшым?

— Абавязкова. Крызiс, якi здарыўся, дае зразумець, каб людзi больш працавалi i сталi верыць. Бо яны, здаецца, зусiм разбоўталiся.

— Увогуле крызiс вас хвалюе?

— А чаму не? Мяне ён не закрануў. Але я хвалююся, як дзецi будуць на зямлi. Я хачу, каб дзецi былi з хлебам i спакойна спалi.

— А як вам падаецца, крызiс блiжэйшым часам аслабiць свае цiскi?

— Я мяркую, што ўсё абавязкова наладзiцца. Людзям трэба больш думаць пра добрае, а кiнуць злосць i падкопы адзiн пад аднаго. Дабрыня тады збярэцца ў энергетычны клубок i пераможа ўсе няшчасцi. I людзi будуць жыць iначай.

— Зноў да святаў. Вы шмат гадоў пражылi ў Алма-Аце. А як там сустракаюць Новы год?

— Так жа сама, як i ўсе людзi. I ёлку там ставiлi, i снегу там у гарах хапае. Але i там мы заўсёды марылi ў Новы год пра сваю зямлю, беларускую.

— Цяпер у свеце ўсё перамянiлася, i на нашай зямлi ўзiмку нячаста здараецца снег.

— Так i бывае, калi ўся прырода разбурана. Мае знаёмыя празорцы не могуць зазiрнуць у будучыню: гавораць, што калi самалёт праляцiць, то яны ўжо нiчога не бачаць i не чуюць ад Бога, таму што разбураюцца лiнii...

— Ды вы лiчыце, што ва ўсiм вiнаваты тэхнiчны прагрэс?

— Толькi ён. Таму i клiмат змянiўся. Няхай цяпер будзе ў нас натуральны поўдзень! (Смяецца.). Хопiць iншым грэцца, прыйшла чарга беларусаў!

— Жартуеце?

— Не жартую, а праўду кажу.

— У мяне сын пытаецца, хто такi Дзед Мароз. Што мне яму, на Вашу думку, адказаць?

— Дзед Мароз для таго, каб чалавек памятаў пра Новы год i цуд. А па-другое, казахi казалi, што Дзед Мароз сапраўды iснуе ў прыродзе. Ён, лiчылi ў Алма-Аце, жыве ў гарах. Я шмат чула, што i дом у яго ёсць, i, напэўна, Снягурка. Так што ўсё магчыма.

— Вы пражылi доўгае жыццё, i дасюль верыце ў цуды?

— Вядома ж, веру. Раскажу гiсторыю з майго жыцця. У Алма-Аце за савецкiм часам мне трэба было зняць з рахунка ў ашчаднай касе грошы для набыцця дома. Але тады былi ў краiне фiнансавыя непрыемнасцi — мянялiся грошы, i людзi масава кiнулiся ў касы.

У адрозненне ад многiх iншых, мне далi грошы, бо я загадзя замаўляла суму. У вакенцы аддалi пашпарт i купюры, але калi прыбiрала грошы да грудзяў, то зразумела, што дакумента няма. Паскардзiлася касiрам, а яны сказалi, што, верагодна, нехта забраў мой пашпарт з-пад рукi памылкова. Маўляў, чакайце — аддадуць.

Але так i не вярнулi, а мне трэба было ў Маскву ляцець. I калi я ўжо апраналася, каб iсцi i падаваць заяву на новы пашпарт, нiбыта як нехта прымусiў мяне зазiрнуць у тумбачку пад тэлевiзарам. I там на свае вочы я ўбачыла мой страчаны пашпарт. Хоць там яго дакладна не было i не магло быць. Так што ёсць у нашым жыццi месца цуду, без гуку.

— Вы будзеце ставiць у доме навагоднюю ёлку?

— Так, маленькую. Але толькi натуральную, каб быў пах. Ёсць i цацкi, але яны неабавязковыя. Проста павiнна быць прыгожай, асаблiва калi ў доме ёсць дзецi. Да вайны, я памятаю, малыя радавалiся кожнай цукерцы i цаццы, а сучасных дзяцей гэтым не здзiвiць.

— А што б вы параiлi падарыць дзiцяцi?

— Пажаданнi здароўя. А калi матэрыяльнае, то можна падарыць дзiцяцi бялiзну, чыстую i белую, без анiякiх малюнкаў. I на Новы год пакласцi гэту бялiзну ў святы кут, дзе стаяць абразы. Няхай Бог выпраменьвае на гэты падарунак святло, каб дзiця ў гэтай бялiзне было здаровае.

— Першае, што людзi адзiн аднаму жадаюць на Новы год, дык гэта здароўя. А якiя вашы парады: як здароўе захаваць i памножыць?

— Здароўе захоўваецца, калi чалавек паводзiць сябе спакойна, што б нi здарылася ў яго жыццi. Думаць, што я ўсё роўна буду здаровы, i няхай усё гора знiкае i спакойна будзе ў хаце. Раўнавага i здароўе. Трэба засяродзiцца на галоўным, а не хацець усяго на свеце. Увогуле трэба чалавеку жадаць добрага, i плацiць дабром за дабро.

— У сучасным свеце чалавеку цяжка быць добрым. У цiхiх Пiльшычах, дзе вакол усе свае людзi, прасцей захаваць спакой. А ў вялiкiм горадзе, падаецца, усе перашкаджаюць адзiн аднаму, а людзi iскраць адмоўнымi эмоцыямi.

— Таму што людзi наелiся добрага хлеба. Перасталi цанiць простыя жыццёвыя рэчы. Я ездзiла ў Магiлёў, у вялiкую краму, каб набыць напярэдаднi свята розныя рэчы. Маё ўражанне: распусцiлi людзi свае вочы i рукi. Страцiлi сцiпласць. I столькi я набралася жорсткiх палёў у той краме, што вярнулася дадому i захварэла на грып.

— А якiя якасцi вам падабаюцца ў сучаснiках?

— Ёсць людзi добрыя. Мне больш за ўсё падабаецца, што калi сутыкаюцца два чалавекi, адзiн спынiцца i дасць дарогу прайсцi. Гэта добрая якасць, i яна нясе чалавеку дабро. Энергетычна той, хто саступае, дорыць здароўе iншаму чалавеку. "Няхай iдзе, а я дам дарогу!" Трэба ставiцца да людзей па-добраму.

Я скажу, што ў нас шмат добрых людзей. А ў беларускiх дзецях проста свецiцца дабрыня! I я ўпэўнена, што Бог падорыць на Новы год снег дзецям, каб яны каталiся на горках, кiдалiся снежкамi, па-святочнаму весялiлiся.

— Якiя добрыя падзеi здарылiся ў вашым жыццi сёлета?

— У мяне з’явiўся новы калодзеж. Вядома, што я лячу людзей сваiмi рукамi, а таксама вадой i глiнай. Я сёлета ўбачыла кучаравую маладую бярозку на хутары, дзе жыла мая мацi. I нiбыта мяне нехта падштурхнуў: трэба тут капаць. Аказалася, што там б’е моцная крынiца.

Я пабывала на лясных азёрах, якiя калiсьцi належалi маiм продкам. Там яны пакiнулi свой энергетычны адбiтак, i вада ў гэтых азёрах незвычайная, асаблiвая. Яна дае энергiю, лечыць. Калi падмерзне, я i ўзiмку пайду да гэтых азёраў.

Сёлета мяне здымалi на адным з буйных расiйскiх тэлеканалаў. Як я ў Маскве з цягнiка сыходжу з флягамi сваёй вады. Праводзiлi эксперыменты з зямлёй. Мая вада энергетычна моцная, а зямля нiбыта жывая, гарачая.

— Якiя планы ў вас на наступны год?

— Буду лячыць людзей як магу. Буду ўсiм рабiць, каб яны жылi доўга i добра.

— Што вы пажадаеце беларусам у гэты Новы год?

— Толькi добрага здароўя. Няхай маладыя раджаюць здаровых дзяцей. Каб малыя не хварэлi. Каб усе нашы людзi радавалiся жыццю i цвiлi як ружы. I, вядома ж, каб наша зямля ўрадзiла хлеб i каб добрыя былi ўраджаi. Хачу, каб усё гэта ў нас было.

Гутарыла Iлона Iванова.

Бялынiцкi раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдаднi навагоднiх i калядных святаў карэспандэнт "Звязды" пабывала ў гасцях у вядомай народнай лекаркi Фядоры Данiлаўны Конюхавай, якая
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика