Таямніцы i прывiды Вiшнева
Таямніцы i прывiды Вiшнева
Рэзiдэнцыю Храптовiчаў абмiнулi войны, але не пашкадавала радыяцыя У кожнай беларускай вёскi — свой лёс. Нярэдка здараецца, што цяпер той цi iншы населены пункт ужо на мяжы знiкнення, а калiсьцi аб’ядноўваў вакол сябе вялiкую акругу. Такiя мясцiны па-ранейшаму захоўваюць сваю адметнасць. Тутэйшыя жыхары ў нечым захавалi характар сваiх далёкiх продкаў. А старажытныя дэталi "навакольнага iнтэр’еру" толькi падкрэслiваюць аўтэнтычнасць. Так i з Вiшневам, што на Валожыншчыне. У гэтую вёску зрэдчас заязджаюць турыстычныя групы, яна быццам бы "выпала" з папулярных маршрутаў. А дарма... Шостае пакаленне Наталля Іванкевiч усё сваё жыццё адпрацавала ў Вiшнеўскай школе настаўнiцай рускай мовы i лiтаратуры. Тут нарадзiлася, адсюль пайшлi яе продкi. Iванкевiч — тутэйшая жыхарка ў шостым пакаленнi! Таму пра гiсторыю старажытнага мястэчка можа распавядаць быццам сапраўдны вiдавочца многiх падзей. Штосьцi пачула ад дзядоў i бабуль, якiм у сваю чаргу тыя цiкавыя факты перадалi старэйшыя. — Пра канкрэтную дату ўзнiкнення нашага Вiшнева нiхто вам не скажа — не захавалася звестак, — заўважае Наталля Яўстаф’еўна. — Узгадваюць нават розныя стагоддзi. Аднак дакладна вядома, што ў 1424 годзе тут быў узведзены касцёл. То мабыць i раней жылi тут людзi. Гэтая тэрыторыя ў ХIV стагоддзi ўваходзiла ў склад Крэўскага княства i належала Альгерду — сыну заснавальнiка Вiльнi князя Гедымiна. Пасля ў мястэчка было шмат розных гаспадароў: Здыгултовiчы, Слушкi, Восiкi, Сангушкi, Пацы. Але ж з 1600 года гiсторыя Вiшнева звязана з вядомым графскiм родам Лiтавораў-Храптовiчаў. Замест драўлянага быў пабудаваны каменны касцёл. Праз колькi часу гэтае паселiшча становiцца цэнтрам касцёльнага дэканата, у склад якога ўваходзiлi 12 суседнiх парафiй. Карэнным чынам тутэйшае жыццё змяняецца падчас гаспадарання Iахiма Храптовiча — вядомага грамадскага дзеяча, фiлосафа i паэта, iнiцыятара стварэння так званай Адукацыйнай камiсii. "Месца аказалася багатае — знайшлi жалезную руду, — кажа Наталля Iванкевiч. — Таму арганiзавалi лiцейны завод. Дарэчы, першы на тэрыторыi тагачаснага Вялiкага княства Лiтоўскага". Пачаў працаваць i завод шкляных вырабаў з вялiкай печчу, а таксама цагельня, ткацкая вытворчасць, спiртзавод i абсталяваны самымi сучаснымi тады механiзмамi вадзяны млын. Вiшнева стала важным гандлёвым цэнтрам — кожную сераду з дзясяткаў навакольных мястэчак сюды з’язджалiся гандляры, а двойчы на год арганiзоўвалi вялiкiя кiрмашы. У 1775 годзе тут пачала дзейнiчаць школа, дзе спачатку было 11 вучняў — усе хлопчыкi. Асноўныя прадметы, якiя выкладалiся, — матэматыка, фiзiка i рыторыка. З той пары ў Вiшневе заўсёды працавала навучальная ўстанова. Наталля Iванкевiч узгадвае, што з 1869 года яе прадзед быў настаўнiкам тутэйшага народнага вучылiшча. Пасля ў мястэчку адначасова працавалi беларуская, польская i яўрэйская школы. Вучоба не перапынялася нават падчас Вялiкай Айчыннай. Будынак школы згарэў падчас вайны, таму вырашылi зрабiць класы ў адной з гаспадарчых пабудоў Храптовiчаў, што захавалiся да таго часу. Так у доўгiм дыхтоўным будынку (дарэчы, былой канюшнi) парабiлi за кошт перагародак памяшканнi, папрабiвалi вокны i пачалi праводзiць заняткi. Сучасная школа (там, дзе дзятва цяпер займаецца) узведзена ў 1966-м. Як узгадвае Наталля Яўстаф’еўна, калi раней было да паўтысячы вучняў, то цяпер засталося дзесьцi 150. Вакол школы i дагэтуль захавалiся старажытныя будынкi з чырвонай цэглы. I iх дагэтуль не "спiсваюць" — на адным з будынкаў заўважыў шыльдачку з зоркай "Тут жыве ўдзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны". Праўда, з гаспадаром павiтацца не ўдалося: мяркуючы па ўсiм (рознакаляровай лiстотай былi засыпаны i ганак, i страха), ветэрана забралi да сябе дзецi. Што ў белым саркафагу? Калi пад’язджаеш да Вiшнева з боку Валожына, то адразу заўважаеш царкву з мураванай сценкай наўкола i буслянкай побач. Храм у гонар святых Касьмы i Дамiяна ўзведзены ў 1865 годзе, як заўважыў яго настаяцель айцец Аляксандр, такiя ў народзе называлi "мураўёўкамi" (на ўспамiн пра графа Мураўёва, якi iнiцыяваў ажыццяўленне такога праекта). За ўсёй звычайнай на першы погляд архiтэктурай вясковай царквы хаваюцца свае адметнасцi. Унутры, у паўзмроку заўважыў цiкавыя абразы. Большасць з iх захавалiся з таго часу, калi адкрыўся храм. — Святыя, у гонар якiх заснавана царква, — гэта два браты, якiя займалiся лячэннем людзей, — адзначае айцец Аляксандр. — Iх вы можаце ўбачыць на храмавым абразе. Людзi пастаянна моляцца каля Пачаеўскага абраза Божай Мацi — вiдаць, у прыхаджан ёсць на гэта свае падставы. У царкве святых Касьмы i Дамiяна нiколi не перапынялася служба, ды i сам будынак выстаяў падчас ваенных лiхалеццяў. Асаблiва дасталося Вiшневу падчас Першай сусветнай. У 1915—1918 гадах праз Вiшнева праходзiла ўмацаваная нямецкая лiнiя абароны. Тутэйшых жыхароў выселiлi, а мястэчка спалiлi i зруйнавалi артылерыйскiмi снарадамi да апошняй хаты. Быццам бы ў напамiн аб тых гадах наўкола i да гэтай пары захоўваюцца шматлiкiя доты. Некалькi амаль стогадовых "агнявых пунктаў" засталося на вясковых могiлках, нярэдка здараецца, што такiя збудаваннi сустрэнеш проста ў полi. Пасля вайны Вiшнева даволi хутка адрадзiлася. Нездарма ж калiсьцi гэты край наведала сама Божая Мацi. Легенда сцвярджае, што яна з’явiлася тут на вiшаньцы — адсюль, маўляў, i назва пайшла. — Людзi кажуць, што пянёк той вiшанькi дасюль захоўваецца ўнутры алтара касцёла наведвання Найсвяцейшай Панны Марыi, — кажа ксёндз Уладзiслаў. — Такiм чынам i збераглi гэтую святыню. Абраз Мацi Божай намаляваны на дрэве. Пра час з’яўлення каталiцкага храма можна спрачацца, паколькi можна назваць некалькi розных дат. Айцец Уладзiслаў усё ж схiляецца да таго, што за кропку адлiку можна ўзяць 1424 год (менавiта гэтая лiчба пазначана на будынку вiшнеўскага касцёла). Калi гэта насамрэч так, то храм — адзiн з самых старажытных у Беларусi. I вельмi арыгiнальны па архiтэктуры. Касцёл праславiўся яшчэ i тым, што яго былы настаяцель пераклаў Бiблiю на беларускую мову. Неаднойчы даводзiлася чуць меркаваннi наконт таго, што дзесьцi ў Вiшневе пахаваны знакамiты асветнiк Сымон Будны. Такую верагоднасць дапускае i ксёндз Уладзiслаў. Нельга не скарыстацца магчымасцю праверыць версii самому, таму прашу дазволу спусцiцца пад касцёл, дзе заўсёды хавалi фундатараў храма. Магчыма, што там пахаваны i асветнiк? Атрымаўшы дазвол, адчыняю люк у падлозе i па вузкiх прыступках спускаюся ўнiз. Спачатку ў якасцi лiхтара карыстаюся святлом "мабiльнiка", а пасля вочы прывыкаюць да цемры. Тым больш што колькi промняў халаднаватага сонца трапляе праз вузенькiя акенцы. Пасярэдзiне невялiкага памяшкання стаiць пабелены саркафаг з крыжам. Зразумела, цяжка дакладна вызначыць, хто тут пахаваны. Як з горыччу заўважыў ксёндз Уладзiслаў, нiякiх спецыяльных даследаванняў не праводзiлася. Таму таямнiца белага саркафага застаецца дасюль нераскрытай. Каля "церамка" паселяць... аленяў I царква, i касцёл у Вiшневе стаяць на крынiцах. Кажуць, што каля каталiцкага храма вада валодае цудоўнымi ўласцiвасцямi. Людзi даволi паспяхова вылечвалi ёй захворваннi вачэй i суставаў. Ужо ў наш час, калi крынiчку расчышчалi, то знайшлi драўляны зруб (магчыма, старажытнае паселiшча). Яно i не дзiўна, што тут сялiлiся людзi, — побач рака Альшанка. Яна хоць невялiкая, але вiрлiвая, з норавам. Некалькi гадоў таму падчас паводкi так разлiлася, што разбурыла мост з дамбай, затапiла сядзiбы вяскоўцаў. Нездарма, напэўна, царква i касцёл стаяць на ўзгорках, хутчэй за ўсё, насыпных. А насупраць ад храмаў — курганы. Месцiчы кажуць, што гэта яшчэ "шведскiя" пахаваннi альбо вялiкiя могiлкi часоў эпiдэмiй. Так гэта цi не, аднак чалавечыя косткi дасюль знаходзяць. На кожным з курганоў раней стаялi вялiкiя жалезныя крыжы. Як паведамiла Наталля Iванкевiч, у свой час вiшнеўскi пясок прызналi каштоўнай сыравiнай, нават iшла гаворка аб адкрыццi тут шклозавода. Аднак калi больш дакладна падлiчылi запасы, то ад разгортвання вытворчасцi адмовiлiся. А пясок выкарыстоўвалi месцiчы для ўласных патрэб. На працягу апошняга стагоддзя колькасць насельнiцтва ў Вiшневе зменшылася ў амаль у шэсць разоў — калi ў 1914 годзе тут налiчвалася 2470 жыхароў, то цяпер засталося 460. Калiсьцi гэта было пераважна гандлёвае мястэчка: як узгадвае Наталля Iванкевiч, усе дамы дзвярыма выходзiлi на вулiцу. Гэтыя невялiчкiя крамкi прапаноўвалi самыя разнастайныя тавары, усяго iх было каля чатырох дзясяткаў! У Вiшневе нарадзiлiся многiя знакамiтыя людзi — Канстанцыя Буйло, Пётр Бiтэль, а таксама цяперашнi прэзiдэнт Iзраiля Шымон Пэрэс. Месцiчы ўзгадваюць, што высокi госць некалькi разоў прыязджаў у родныя мясцiны. "Для нас дзiўна тое было: ахова, вялiкi картэж, — распавядае Наталля Iванкевiч. — А Пэрэс пабег па вулiцы i шукаў сваю сядзiбу. Знайшоў толькi калодзеж — усё, што засталося". Пакуль у мястэчку засталiся старажытныя будынкi. Асобныя гаспадарчыя пабудовы Храптовiчаў служаць i цяпер. Да прыкладу, паведамiў старшыня СВК "Агра-Вiшнеўскi" Яўген Яцына, гаспадарка адрамантавала некалькi памяшканняў, якiя выкарыстоўваюцца пад сховiшча. Менш пашчасцiла летняй рэзiдэнцыi Храптовiчаў ва ўрочышчы Адрывонж. Вельмi адметны быў калiсьцi комплекс: з вялiкiм паркам, сiстэмай абводных каналаў, арыгiнальнай планiроўкай. За савецкiм часам тут размяшчаўся пiянерлагер "Церамок" Мiнскага маторнага завода. Але рэзiдэнцыю, якую абмiнулi ваенныя лiхалеццi, не пашкадавала радыяцыя. Кажуць, што пляма забруджвання апынулася менавiта на Адрывонжы. Аднак апошнiм часам усё ж з’явiўся шанц для адраджэння ўрочышча. Як заўважыла Наталля Iванкевiч, мясцовае ляснiцтва мае намер разводзiць тут аленяў. Магчыма, такiм чынам удасца прыцягнуць увагу да старажытных мясцiнаў. Яны, паверце, таго вартыя. Мiкалай ЛIТВIНАЎ, Валожынскi раён. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У кожнай беларускай вёскi — свой лёс. Нярэдка здараецца, што цяпер той цi iншы населены пункт ужо на мяжы знiкнення, а калiсьцi аб’ядноўваў вакол сябе
|
|