Еўра/долар: перспектывы канкурэнцыі...
Еўра/долар: перспектывы канкурэнцыі...
Кошт наяўнага долара ў "абменнiках" перасягнуў мяжу ў 2 800 беларускiх рублёў за адзiн долар. На таргах Беларускай валютна-фондавай бiржы курс амерыканскай валюты таксама расце: учора, напрыклад, долар падаражаў на 31 рубель i склаў 2783 рублi за долар. А вось да еўра i расiйскага рубля наша валюта пасля правядзення аднаразовай дэвальвацыi ўмацоўваецца: калi з пачатку года беларускi рубель адваяваў у еўрапейскай валюты 4,2 працэнта, то ў расiйскага рубля — ажно 14,7. Прычым, эксперты не выключаюць, што ў выпадку далейшага аслаблення расiйскай валюты ў Маскве, наш рубель адносна долара будзе таксама губляць "ачкi". Мiж тым, вядомы фiнансiст Джордж Сорас выдаў чарговы прагноз, апублiкаваны шэрагам выданняў, у якiм ён прадракае вялiкiя праблемы асноўнаму канкурэнту амерыканскай валюты ў накапленнях, у тым лiку i нашых грамадзян — еўра. У прыватнасцi, на думку гэтага эксперта, адзiная еўрапейская валюта можа падчас узрушэнняў i не выжыць, калi ЕС не рэалiзуе праграму вызвалення банкаў ад праблемных актываў. Пра тое, што ў супрацьстаяннi долар/еўра вагi пакуль схiляюцца на бок першага, сведчыць i наступнае: на фоне сусветнага фiнансавага крызiсу еўра саступiў долару летась 4,4 працэнта, сёлета патаннеў яшчэ на 8,4 працэнта. Таму кiмсьцi прадказаннi Сораса, якi аднак не назваў дакладных тэрмiнаў краху еўра, успрымаюцца не такiмi ўжо i фантастычнымi. Разам з тым, мноства iншых аналiтыкаў раяць не драматызаваць сiтуацыю з парай еўра/долар i не рабiць паспешлiвых высноў з хiстанняў iх курсаў. — Ідзе далейшае развiццё сусветнага фiнансавага крызiсу, — каментуе сённяшнюю сiтуацыю эксперт "Звязды", кiраўнiк Цэнтра макраэканамiчнага рэгулявання i iнстытуцыяналiзму Iнстытута эканомiкi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Аляксандр Лучанок. — З аднаго боку, у развiтых краiнах назiраецца дэфляцыя, традыцыйная тэндэнцыя падзення тэмпаў iнфляцыi, з другога — адбываецца актыўнае друкаванне долараў у эканомiцы ЗША. Асабiста я лiчу, што большыя шанцы пайсцi ўнiз мае курс долара, чым еўра, таму што ў еўрапейскiх краiнах больш бюракратычная сiстэма Цэнтрабанка, якая не дазваляе рэзка нарошчваць друкаванне еўрапейскай валюты, гэта значыць, не дазваляе павялiчваць эмiсiю еўра. А наконт таго, што прадракае Джордж Сорас, дык ён — валютны спекулянт i можа зарабiць толькi ў тым выпадку, калi ўсе астатнiя будуць дзейнiчаць так, як яму трэба. — Гэта значыць, цяперашняе знiжэнне курсу еўра да долара — з’ява часовая? — Мяркую, што ў перспектыве будзе хутчэй знiжацца курс долара, чым еўра. — Пасля аднаразовай дэвальвацыi афiцыйны курс долара ў нас узрос больш як на 130 рублёў. Цi не вельмi высокi тэмп набраў долар? — Я думаю, што долар набраў не вельмi высокi тэмп росту курсу ў беларускiх рублях, паколькi ў Расii нацыянальная валюта ў адносiнах да долара дэвальвавалася нашмат больш. Для таго каб наша прадукцыя паспяхова канкурыравала на расiйскiх рынках, неабходна дэвальваваць беларускi рубель у такiм жа працэнце, як дэвальвавалася расiйская валюта. У адваротным выпадку канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыi знiзiцца. Таму я прагназую, што для стымулявання экспарцёраў давядзецца яшчэ больш панiзiць курс нацыянальнай валюты да долара. — Да меркавання аўтарытэтнага фiнансавага алхiмiка Джорджа Сораса, безумоўна, трэба прыслухоўвацца, — кажа эксперт "Звязды", дэкан эканамiчнага факультэта БДУ, прафесар Мiхаiл Кавалёў. — Разам з тым, трэба мець на ўвазе, што часцяком Сорас гаворыць словы, каб выклiкаць пэўную тэндэнцыю на рынку i скарыстацца ёю ў спекулятыўных iнтарэсах. Так ужо бывала неаднойчы i Сорас пад гэта нават падвёў тэарэтычнае абгрунтаванне: фiнансавыя рынкi не iснуюць па-за намi i незалежна ад нас, нашы выказваннi, нашы меркаваннi ў значнай ступенi могуць фармiраваць тэндэнцыю. Таму да яго слоў неабходна падыходзiць менавiта як да слоў валютнага спекулянта, а не толькi вучонага-практыка. Трэба памятаць, што год таму ў тым жа Давосе Сорас заявiў: "Эра долара закончылася, якой будзе наступная — я не ведаю". У гэтым годзе ён прадказвае нялёгкую будучыню i еўра. У тым, што датычыцца долара, я з Сорасам цалкам згодны: лiдары большасцi дзяржаў, як мы бачым, у гэтым годзе пачалi гаворку аб неабходнасцi стварэння рэгiянальных валют у пiку долару, аб чым я вам, дарэчы, казаў яшчэ год таму. Тое, што долар сёння ўмацоўваецца ў адносiнах да iншых валют — еўра, англiйскага фунта i iншых — зусiм не сведчыць аб сiле долара. Гэта, хутчэй гаворыць аб часовай веры ў новага прэзiдэнта ЗША, i я абсалютна ўпэўнены, што тэндэнцыя росту долара да iншых валют часовая. Далей долар будуць чакаць цяжкiя часы. Тым больш, што новая адмiнiстрацыя Барака Абамы фактычна эмiсiю нiчым не забяспечаных долараў толькi павялiчыла. Адзiнае, што мы павiнны, безумоўна, разумець, — што ў адрозненне ад нас ЗША няспынна эмiтуюць валюту, якая па-ранейшаму выкарыстоўваецца ва ўсiм свеце. Як толькi пачнуць шырэй выкарыстоўвацца рэгiянальныя валюты, долару будзе ўсё горш i горш. Роўна як цяперашняя эмiсiя i еўра, i долара пры выхадзе з крызiсу немiнуча адаб’ецца на сусветнай iнфляцыi. Калi сёння цэны на сыравiнныя тавары ўпалi, то не трэба думаць, што гэта працягнецца доўга. Сусветная эканомiка, напампаваная доларамi i еўра, рана цi позна спрацуе на гэта, i зноў цэны на медзь, нiкель, пшанiцу, тым больш нафту пойдуць немiнуча ўверх. — Што датычыцца лёсу дзвюх асноўных валют, усё ж такi якiя тут, на ваш погляд, перспектывы? — Калi i долар слабы, i еўра слабы, усё ж такi высвятляецца, што бiзнэс i насельнiцтва свету пакуль больш верыць у долар. Гэтым вызначаецца часовае аслабленне еўра. Але я па-ранейшаму прытрымлiваюся старога пункту гледжання, што еўра не сказаў свайго апошняга слова i супярэчнасцi памiж краiнамi Еўразоны не такiя вялiкiя. Вы бачыце, што Еўразона ў гэтым годзе яшчэ пашырылася, туды ўвайшла Славакiя, у яе просяцца некаторыя iншыя краiны, таму я не стаў бы, як Сорас, хаваць еўра. Яго словы наконт еўра звязаны менавiта з пэўнай гульнёй супраць еўрапейскай валюты, якую ён пачынае. Упэўнены, што ў доўгатэрмiновай перспектыве мы зноў вернемся да сiтуацыi паўтара долара за еўра. Сказаць, калi гэта будзе, нiхто сёння не можа, таму што нiхто не можа сказаць, калi скончыцца фiнансавы крызiс. — Затое кажуць, што сёлета дакладна выкараскацца з яго будзе цяжка. — Усё ж ёсць, на мой погляд, некаторыя перадумовы таго, што банкаўскiя сiстэмы асноўных краiн свету спрацуюць больш-менш нармальна ўжо да лета. Што, праўда, зусiм не азначае, што пасля гэтага скончыцца эканамiчны крызiс. Эканамiчны крызiс, безумоўна, iдзе з нейкiм спазненнем, i ён заведама будзе працягвацца практычна да канца года. Нават банкi, якiя нармальна спрацуюць, iмгненна не дадуць iмпульс рэальнаму сектару. Сацыяльны ж крызiс, што iдзе ўслед за эканамiчным, як мы бачым, прыйшоў ужо ў Iсландыю, краiны Балтыi, некаторыя краiны ЕС. Будзем спадзявацца, што Беларусь у сваёй рэзкай форме ён абмiне. — А што будзе з нашым рублём? — Зараз цана долара ў беларускiх рублях расце, таму што наша валюта прывязана не толькi да "амерыканца", але i да расiйскага рубля: цяпер расiйскi рубель iмклiва падае. Але мы ведаем, што лiдары Расii аб’явiлi, што аслабяць курс сваёй нацыянальнай валюты да 36 рублёў за долар, а потым спыняцца. Пасля гэтага пачнецца i знiжэнне кошту долара ў беларускiх рублях. Будзем спадзявацца на гэта. Але яшчэ раз падкрэслю, што пакуль мы былi заложнiкамi сiтуацыi з расiйскiм рублём. Мне падаецца, калi расiяне хочуць зрабiць сваю валюту рэгiянальнай, iм неабходна спыняць яе дэвальваваць такiмi тэмпамi. Iнакш нiхто не будзе выкарыстоўваць расiйскi рубель як рэгiянальную валюту. У Расii гэта пачалi разумець. Нагадаю, што яшчэ зусiм нядаўна долар ЗША ў Маскве каштаваў 23 рублi. Iгар ШЧУЧЭНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кошт наяўнага долара ў "абменнiках" перасягнуў мяжу ў 2 800 беларускiх рублёў за адзiн долар. На таргах Беларускай валютна-фондавай бiржы ку
|
|