Справы валютныя — непрадказальныя...
Справы валютныя — непрадказальныя...
Аб сучасных праблемах i перспектывах iснавання нацыянальнай i замежных валют на фоне сусветнага фiнансавага крызiсу наш карэспандэнт гутарыць з незалежным беларускiм эканамiстам, кiраўнiком аналiтычнага цэнтра "Стратэгiя" Л.Ф. Заiкам. — Галоўная падзея пачатку года — сенсацыйная аднаразовая дэвальвацыя беларускага рубля, працягвае трымаць першынство ў рэйтынгу не толькi фiнансавых навiн. Няўжо нельга было абысцiся без такога рашучага кроку цi пайсцi па прыкладзе расiян шляхам павольнай дэвальвацыi? — Разумнае правядзенне дэвальвацыi яшчэ летась рэкамендаваў Мiжнародны валютны фонд многiм краiнам. Яна ўжо напрыканцы мiнулага года павольна пачалася ў нас. Зараз сiтуацыя пад кантролем, чаго не скажаш аб Украiне. Там крызiс лiтаральна зруйнаваў нацыянальную валюту, а долар ЗША ўжо не знойдзеш у абменных пунктах. У вынiку ўкраiнскiя тавары патаннелi напалову. Дарэчы, 95-ты бензiн каштуе ў эквiваленце 60 амерыканскiх цэнтаў. Хаця нафту ўкраiнцы, як i мы, iмпартуюць. А паглядзiце, што робiцца з курсам рубля ў Расii? Яго рэзкае падзенне — таксама вымушаная мера з мэтай выратаваць ад краху банкаўскую сiстэму i падтрымаць рэальны сектар эканомiкi. Цяпер наконт дэвальвацыi ў Беларусi. У нас iснавала два варыянты. Першы: iсцi на дэвальвацыю. Другi: захоўваць ранейшы курс рубля, але пры гэтым рэзка знiзiць выдаткi па краiне, у тым лiку i сацыяльныя. Бачыце, якая была альтэрнатыва? Таму быў выбраны першы варыянт. У вынiку дэвальвацыi, на жаль, пацярпелi амаль усе, хто зарплату атрымоўвае ў рублях. Iнакш кажучы, жыхары Беларусi заплацiлi часткай сваiх грошай за пагаршэнне эканамiчнай сiтуацыi ў краiне, выклiканай паглыбленнем сусветнага фiнансавага крызiсу. — А цi ёсць тыя, хто асабiста выйграў ад раптоўнага павышэння курсу долара i еўра? — Ёсць, але iх мала. Гэта ў асноўным тыя, хто зарплату атрымоўвае ў замежнай валюце: акрэдытаваныя ў Беларусi дыпламаты, кiраўнiкi замежных фiрмаў, прадпрыемстваў i прадстаўнiцтваў тыя, хто за валюту здае ў арэнду кватэры, iншую нерухомасць. I зразумела тыя, хто бярэ "адкаты" i хабар доларамi i еўра. Гэтыя заўсёды ў выйгрышы, праўда, пакуль. Астатнiя прайгралi. — I моцна? — Хто як. У меншай ступенi пацярпелi ўладальнiкi рублёвых дэпазiтаў у банках, а тыя, хто хаваў зберажэннi ў панчохах — згодна з ростам iнфляцыi. — Другi бок крызiсу — падзенне цэнаў на многiя спажывецкiя тавары. Праўда, у нас у пачатку года назiралася супрацьлеглая карцiна. Цi варта тым, хто мае рублёвыя зберажэннi, чакаць знiжэння цэнаў i такiм чынам хаця б часткова вярнуць страчаную выгаду? — Па маiх разлiках, мiнiмальныя цэны на розныя рэчы, у тым лiку i iмпартныя, будуць у нас блiжэй да лета. Патаннеюць аўтамабiлi i будаўнiчыя матэрыялы, тавары доўгатэрмiновага карыстання. Прыкладна на 20 працэнтаў. Гэта правiла крызiсаў. — Сёння долар на канi, як гаворыцца. Але шэраг вядомых эканамiстаў прагназуюць яго чарговае падзенне, якое будзе справакавана рэалiзацыяй плана новага прэзiдэнта ЗША Барака Абамы па стымуляцыi амерыканскай эканомiкi. Яго цана — 825 мiльярдаў долараў. Калi ЗША пачнуць пад план Абамы друкаваць гэтыя мiльярды, то праз месяц-другi можа абвалiцца курс амерыканскай валюты. Гэта рэальна? — Сумняваюся, што каманда Абамы так моцна рызыкне i без гэтага iстотна падмочанай рэпутацыяй долара. Так, астранамiчную суму грошай у 825 мiльярдаў долараў нашаму чалавеку нават цяжка ўявiць. Але для ЗША, бюджэт якiх складае 10 трыльёнаў долараў, гэта — зразумела, вялiкiя, але рэальныя выдаткi. — Наколькi дэвальвацыя рубля можа мець аздараўленчы эфект у сэнсе павышэння экспартнага патэнцыялу нашых арыентаваных на замежныя рынкi вытворцаў? — Пакажа час, але вiдавочна, што экспарцёры выйгралi. Iх тавары патаннелi ў валюце i сталi больш прывабнымi для замежных спажыўцоў. Ёсць такая эканамiчная стратэгiя. Будзем спадзявацца, што нашы вытворцы выкарыстаюць з розумам перавагi дэвальвацыi. Калi гаварыць аб эканамiчным аздараўленнi, то варта не забываць, што зараз пад уздзеяннем крызiсу знаходзяцца ўсе без выключэння нацыянальныя эканомiкi. Яны, каб выжыць, вымушаны рашуча пазбаўляцца ад усяго непатрэбнага, лiшняга, штучнага i састарэлага, што перашкаджае рухацца наперад, актыўна развiвацца. У ходзе барацьбы з наступствамi крызiсу адначасова iдзе выпрацоўка новых падыходаў i ў эканомiцы Беларусi. Вось гэта i будзе яе сапраўднае выздараўленне. — Як, на ваш погляд, паўплывае на вымыванне валютных запасаў краiны нядаўняя заява старшынi расiйскага ўраду Уладзiмiра Пуцiна аб тым, што праз тры гады газ Беларусi будуць прадаваць па еўрапейскiх цэнах? — Не будзем загадзя вызначаць цэны на газ. Як гаворыцца, пажывём—пабачым. А разлiчвацца за газ мы будзем расiйскiмi рублямi. Расii гэта больш выгадна для павышэння аўтарытэту i паляпшэння iмiджу сваёй валюты. Нам таксама зручней плацiць расiйскiмi рублямi, чым доларамi i еўра. — Пагаворым пра будучыню нашага рубля. У сваiм выступленнi на форуме ў Давосе старшыня расiйскага ўраду Уладзiмiр Пуцiн сярод антыкрызiсных мераў прапанаваў перайсцi ў будучым да некалькiх рэгiянальных валют, каб пазбегнуць празмернай залежнасцi сусветнай эканомiкi ад непрадказальнасцi адной галоўнай валюты. Яе Пуцiн не назваў, хаця ўсiм зразумела, што ён меў на ўвазе амерыканскi долар. А вы яшчэ летась на старонках "Звязды" гаварылi аб неабходнасцi паступовага пераходу да розных рэгiянальных валют. Выходзiць, цвярозая думка авалодвае найвышэйшым эшалонам палiтыкаў? — I як заўсёды, на жаль, з вялiкiм спазненнем. Мiж iншым, яшчэ ў 1996 годзе адзiн з маiх аспiрантаў напiсаў кандыдацкую дысертацыю на гэту тэму. Але тады iдэя аб шматвалютнасцi свету многiм здавалася неактуальнай, бо амерыканскi долар даволi паспяхова выконваў функцыю сусветнай валюты. А вось сёння тая iдэя стала запатрабаванай. I ўсё зараз iдзе да таго, што мы неўзабаве будзем мець прыкладна 5-6 асноўных валют. Да амерыканскага долара i еўра далучацца расiйскi рубель, кiтайскi юань, японская iена i можа яшчэ нейкая ўстойлiвая валюта. I дастаткова. Такiм чынам эканомiка планеты будзе падзелена на 6-7 зон iнтэгратыўнага развiцця. — Якiя, напрыклад? — У першую чаргу, Еўропа, затым ужо блiзкае да завяршэння спалучэнне эканомiк па лiнii Канада, ЗША, Мексiка. Як паказаў Давос, вялiкiя перспектывы ў расiйска-кiтайскага партнёрства. Увогуле Расii па сiлах навязаць цi скажам больш мякка, укаранiць сваю валюту ў краiнах СНД, акрамя Украiны i Грузii. Таксама вельмi ўплывовымi могуць стаць азiяцкая групоўка на чале з Iндыяй, паўднёва-амерыканская i, магчыма, Афрыка, якая мае шанцы заняць сваё месца ў сусветнай эканомiцы. Магчымы i iншыя варыянты. У магутную сiлу гатовыя аб’яднацца краiны групы БРIК: Бразiлiя, Расiя, Iндыя i Кiтай. Але вiдавочна, што кожная зона будзе мець сваю iнтэгратыўную валюту. Падзел на зоны не азначае iнтэграцыi эканомiк краiн, хутчэй адбудзецца iх сумаванне ў рэгiянальную эканомiку, якой ў сваю чаргу спатрэбяцца ўласныя грошы. Гэта будуць, безумоўна, самадастатковыя рэгiёны. — У наш непрадказальны час усякае магчыма. I калi такое здарыцца, я маю на ўвазе зоны, то да якой з iх беларускай эканомiцы прытулiцца? Да расiян з кiтайцамi, з якiмi ў нас наладжана трывалае супрацоўнiцтва, цi да Еўропы, у цэнтры якой знаходзiмся, з якой шмат гандлюем, i маем мяжу з Еўрасаюзам? — Тэарэтычна можам прысутнiчаць там i там. А вось практычна давядзецца выбiраць. У нас неблагiя магчымасцi ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам. Украiна, дарэчы, ужо зрабiла свой выбар на карысць Еўропы. Хаця для нас выгадным будзе i далучэнне да магутнай расiйска-кiтайскай групоўкi. — Хто б спрачаўся, але якая ў ёй стане свая валюта — рубель цi юань? Думаю, нi адзiн з бакоў не саступiць. — Складанае пытанне. Хутчэй за ўсё рубель будзе абслугоўваць шэраг суседнiх краiн з лiку СНД, а юань зону свайго ўплыву, краiны Цiхаакiянскага басейна, Вьетнам i iншыя. — Згодна з апошнiмi заявамi старшынi Нацбанка Пятра Пракаповiча, на размовах аб дэнамiнацыi рубля пастаўлены тлусты чорны крыж. I ўсё ж гэта пытанне працягвае абмяркоўвацца ў грамадстве. Дык цi рэальная, а галоўнае, цi патрэбна дэнамiнацыя? Так, сёння быццам бы яе не варта i нелагiчна праводзiць, а як праз год-два? Бо мы краiна суцэльных мiльянераў. — Мы спазнiлiся з яе правядзеннем. Я яшчэ некалькi гадоў таму прапаноўваў закрэслiць апошнiя тры нулi на тысячных банкнотах. На мой погляд, было б менш блытанiны з цэнамi. Ды i людзi сталi б больш ашчаднымi, памятаеце, папулярны выраз савецкiх часоў: капейка рубель беражэ. Нездарма казалi так раней. Дзе цяпер тыя капейкi? А да iх таксама карысна было б вярнуцца. Расiяне невыпадкова зноў увялi металiчную грашовую дробязь. Гэта важна не толькi ў плане псiхалогii людзей. Мы ў вынiку дэнамiнацыi атрымалi б нармальную грашовую адзiнку, скажам, зноў мелi б банкноту ў адзiн паўнацэнны беларускi рубель. Чаму еўрапейцы з зоны еўра маюць адзiн еўра, амерыканцы — адзiн долар, а мы не маем банкноту цi манету вартасцю ў адзiн беларускi рубель? Нейкая недарэчнасць. Рублёвае абарачэнне ёсць, а аднаго рубля няма. Я ўпэўнены ў тым, што з часам дэнамiнацыя адбудзецца. Зараз пакуль хапае iншых важных спраў з нацыянальнай валютай. — Леанiд Фёдаравiч, як i дзе сёння выгадней захоўваць грошы? — Ведаеце, цяпер справы валютныя — непрадказальныя... Калi ёсць салiдныя сродкi, то трымайце iх у так званым валютным кошыку: дзе ёсць месца i долару, i еўра. У выпадку нечаканасцяў менш будзе страт. А ўвогуле сачыце за рэкамендацыямi спецыялiстаў. Вялiкiя грошы сёння ўсё ж лепш укладваць у нерухомасць. Зрабiце, нарэшце, якасны рамонт кватэры цi дома. Цi прынясiце грошы ў банкi. Хаця мне не зусiм зразумела, чаму iх кiраўнiкi ў такi адказны момант нiбы вады ў рот набралi, шматзначна маўчаць i нiчога не гавораць публiчна пра лёс нашай валюты, сiтуацыю на фiнансавым рынку. Дзiўна неяк... Гутарыў Леанiд Лахманенка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб сучасных праблемах i перспектывах iснавання нацыянальнай i замежных валют на фоне сусветнага фiнансавага крызiсу наш карэспандэнт гутарыць з незале |
|