Надзея застаецца
Надзея застаецца
Наша газета атрымала лiст ад Антанiны Сычэўскай з Баранавiчаў, у якiм яна паведамляе, што згубiла давер да Дзяржстраха. Жанчына ў свой час заключыла дагавор па страхаваннi дзяцей — сына i дачкi. Тры тысячы савецкiх рублёў, якiя былi ўнесены па тым дагаворы, знiклi разам з распадам Саюза. "Зрабiце запыт i давядзiце да ведама... можа ўсе забылi, але факт меў месца. Прашу пасадзейнiчаць... І ўсё ў "Звяздзе" напiшыце, таму што газету я выпiсваю, люблю i з ёю раюся", — пiша аўтарка лiста. Праблема, узнятая нашай чытачкай, даўняя i набалелая. Мала якая сям’я не згубiла ў той перыяд свае грошы. Людзi верылi ў тагачасную банкаўскую сiстэму i не маглi нават уявiць, што магчымы такiя фiнансавыя абвалы. Можна зразумець чалавека, якi адкладваў грошы з кожнай зарплаты, але вярнуць тыя ўклады i страхоўкi сёння нерэальна. Ужо няма той дзяржавы, як i тых грошай, але давялося пайсцi ў прадстаўнiцтва Белдзяржстраха з пiсьмом А. Сычэўскай. — А колькi да нас прыходзiць людзей па аналагiчных пытаннях... Пiшуць ва ўсе iнстанцыi, а чым мы можам дапамагчы? — уздыхнула дырэктар гарадскога Белдзяржстраха Е. Кузьмiна, прачытаўшы пiсьмо. — Вось i рассылаем усiм пакрыўджаным лiсты з адным i тым жа тэкстам. Адказ, якi надрукаваны нiжэй, ужо атрымалi тыя, хто звяртаўся па тлумачэнне ў Белдзяржстрах, а нехта можа пазнаёмiцца з iм праз газету. Паважаная Антанiна Сцяпанаўна! Прадстаўнiцтва Белдзяржстраха па г. Баранавiчы на Ваша пiсьмо наконт страхавых выплат па доўгатэрмiновых дагаворах паведамляе наступнае. Абвостраныя на пачатку 90-х гадоў iнфляцыйныя працэсы, па незалежным ад Белдзяржстраха прычынах, у вельмi вялiкай ступенi абясцэнiлi, а дэнамiнацыя 1994 i 2000 гадоў зменшыла адпаведна ў 10 i 1000 разоў накапленнi грамадзян па доўгатэрмiновых дагаворах страхавання. Грашовыя рэзервы Белдзяржстраха, прызначаныя для выплаты страхавых сум па заканчэннi тэрмiну дзеяння дагавораў страхавання, у той жа ступенi падпалi пад уздзеянне iнфляцыйных працэсаў, таксама былi зменшаны ў 10 i 1000 разоў у вынiку дзвюх дэнамiнацый. Таму на сёння ў Белдзяржстраха няма такiх сродкаў, i неабходна сур’ёзная дапамога i падтрымка дзяржавы. У мэтах абароны матэрыяльных iнтарэсаў грамадзян, Урадам i Белдзяржстрахам разглядаецца гэтае пытанне. Пры канчатковым рашэннi кiраўнiком дзяржавы i Урадам Рэспублiкi Беларусь гэтага пытання будзе паведамлена ў сродках масавай iнфармацыi. Дырэктар прадстаўнiцтва Е.В. Кузьмiна. Ведаючы, якiм будзе адказ, я спытаў: усё ж колькi грошай на дзiцячых страхавых дагаворах? На сёння там няма i рубля, але ўсе дакументы захоўваюцца, усе сумы ўкладаў зафiксаваныя. Надзея застаецца... Вяртаць неабходна каласальныя грошы, а цi ёсць такая магчымасць у нашай дзяржавы? Склалася парадаксальная сiтуацыя: людзi свае, а грошы ў iх прапалi другой краiны, якая знiкла з карты свету. I як тут быць? Дарэчы, мяне турбуе адна думка. А мо людзi звяртаюцца не па адрасе? Хто з’яўляецца пераемнiкам Савецкага Саюза? Знешнiя даўгi выплачаны, а што, абавязацельстваў перад сваiмi былымi грамадзянамi няма? Разам з гэтым нам неабходна браць адказнасць за свае фiнансавыя справы на сябе. Чамусьцi нi разу не давялося пачуць, каб чалавек за згарэлыя ўклады папракнуў сябе. Вiнавата дзяржава, палiтыкi, але не ён. У пераважнай большасцi грамадзян грошы прапалi, але ж не ва ўсiх. Нехта правiльна ацанiў сiтуацыю i збыў з рук савецкiя рублi, якiя неўзабаве расталi, як снег. Вось i сёння даводзiцца бачыць, як людзi кiдаюцца з адной крайнасцi ў iншую. Адны пераводзяць беларускiя рублi ў долары, другiя — у еўра, а многiя лiчаць, што найлепш трымаць у рублях, пад працэнтамi. Чалавек сам прымае рашэнне i тым самым ускладвае на сябе адказнасць. У савецкага чалавека не было выбару. Дзяржава за яго вырашала, як яму жыць: банк быў адзiн, эканомiка планавая, прадпрыемствы дзяржаўныя... А сёння, калi наша грамадства апынулася ў рынкавых адносiнах, каб выжыць, чалавеку патрэбна спадзявацца на свае сiлы, i многае залежыць ад правiльна прынятага рашэння. А гэта, бадай, самае складанае. Старэйшаму пакаленню цяжка прымiрыцца са стратай тых укладаў — вярнуць мiнулае немагчыма, але надзея памiрае апошняй... А маладым застаецца адно — глядзець у будучыню: вучыцца, набываць запатрабаваную прафесiю — быць больш прагматычным. Банальна, але гэта так. Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша газета атрымала лiст ад Антанiны Сычэўскай з Баранавiчаў, у якiм яна паведамляе, што згубiла давер да Дзяржстраха. Жанчына ў свой час заключыла д
|
|