Дзень народзiнаў
Дзень народзiнаў
Здзiвiла не вельмi блiзкая знаёмая. Запрасiла на свой юбiлей. Я, напрыклад, 45-годдзе юбiлеем не называла б. Але ж у кожнага свой падыход. Тым болей, што ў дзень народзiнаў была арганiзавана вечарына-прэзентацыя. Акрамя традыцыйных выступленняў наконт таго, якая вiноўнiца прыгожая, разумная i сцiплая, сама яна, вiноўнiца, вынесла на суд публiкi ўласныя вершы. Паэзiяй назваць тую творчасць нiяк немагчыма, рыфмаваныя радкi падыходзiлi для выканання ну ў вельмi вузкай, хiба толькi сямейнай кампанii. Мне ж успомнiлася выказванне адной дасцiпнай маскоўскай журналiсткi: "Калi чалавеку няма чаго святкаваць, ён святкуе ўзрост". А ўзрост святкаваць цiкава хiба толькi ў дзяцей. Можна зразумець бацькоў, якiя адзначаюць годзiк доўгачаканага першынца. Цiкавай бывае i другая гадавiна, калi чалавечак пачаў хадзiць, размаўляць, i забаўна надзiмае шчочкi, каб затушыць дзве свечкi ў торце. Але дзiця iдзе ў садок, а там ёсць традыцыя прыносiць цукеркi на дзень народзiнаў для ўсёй групы. Многiя бацькi, вiдаць, па прастаце душы стараюцца вызначыцца, грузяць прысмакi пакетамi, хоць у дашкольным узросце варта абмяжоўваць ужыванне вугляводаў, асаблiва розных там чупсаў сумнеўнай вытворчасцi. Далей болей, у школу нясуць не толькi цукеркi, але запрашаюць пасля ўрокаў кампанiю аднакласнiкаў, якую бацькi павiнны накармiць-напаiць i пазабаўляць. Упэўнена, што ва ўсiх гэтых традыцый ногi растуць ад старанняў гандлю. Толькi яму выгадныя багатыя i шчодрыя святы. Але ж святы бываюць розныя, а тут нагода пасвяткаваць сябе, любiмага. Мы чапляемся за гэту адзiную нагоду, бо самi сталi бяднейшыя ў эпоху iнфарматызацый i глабалiзацый. Памятаю, як гадоў пятнаццаць таму адзiн вельмi сталы калега запрашаў сваiх равеснiкаў-калег дадому на дранiкi. Так было прынята ў яго сям’i. А часта мы запрашаем цяпер сяброў цi знаёмых на чай, на пiрагi, на вячоркi, як рабiлi нашы бабулi? У нас засталася адна нагода, акрамя прывычных карпаратываў на Новы год, на 23-га — 8-га. Апошнiя таксама вельмi ўмела ўсталявалi, нават зрэжысiравалi гандляры. Ім, чым болей мы святкуем, тым лепей: тым больш мы купiм аўтаручак, парфумы, сурвэтак, посуду, а таксама тэлефонаў, электрапрыбораў i рознага iншага шырспажыву. Ледзь не забылася: вiна, гарэлкi, прадуктаў — гэта трэба было б паставiць на першае месца. Нядаўняя мая гераiня казала: настаюць гарачыя для мяне днi, я ж усю Жабiнку да мужчынскага i жаночага дня "адорваю". Яна гандлюе касметыкай. Сваiмi святамi мы падтрымлiваем не толькi гандаль. Кiнь мы ўсё гэта рабiць, цяжка ўявiць, эканомiкi колькiх краiн рухнуць. Ну калi не краiн, дык асобныя прадпрыемствы i холдынгi дакладна давядзецца зачыняць на замок. "Калi чалавек дасягае пэўнага ўзроўню матэрыяльнага дастатку, перад iм паўстае пытанне: хто я? У чым сэнс усяго? Адказ атрымлiваецца такiм: сэнс — ён вiсiць на вешалцы ў краме гатовага адзення. На iм этыкетка прэстыжнай фiрмы, выкананы ён па найноўшай модзе..." — гэта напiсаў М. Брэдберы. Далей болей: "У эпоху, калi эротыка сэксу вычарпана, шопiнг — апошнi ацалелы вiд эратычнага перажывання... Палова чалавецтва альбо галадае, альбо ваюе, а чым займаецца другая палова? Сноўдаецца па крамах. З аднаго боку, пакуты i смерць, з другога — захапленне мяснога прылаўка i расчараваннi секцыi карункавай бялiзны". Цi не з той жа оперы ўсе гэтыя шумна-блiскучыя днi народзiнаў бiзнэс-шоу i iншых зорак, якiя, захлёбваючыся, асвятляюць тэлеканалы i свецкiя хронiкi? Нядаўна чытала, як адзначыў 48-ы дзень народзiнаў мастак, маскоўскi сцэнограф-глабалiст, злёгку пiсьменнiк Барыс Красноў. Ну вядома, лепшая зала, тысяча гасцей з фiнансава-палiтычнага карагода сталiцы. I галоўная падзея вечара: сама прымадонна песнi з новым юным мужам заехала павiншаваць iмянiннiка. А ён, iмянiннiк, — казалi ў кулуарах, — кожны свой дзень народзiнаў гуляе як апошнi раз. А чаму б не гуляць, калi ёсць грошы i нагода сабраць патрэбных людзей ды яшчэ з дапамогай "вясельнай генеральшы" паказаць патрэбным сваю значнасць i ўплывовасць? Ну а за iмi, героямi свецкiх хронiк, пакрысе цягнуцца iншыя, па меры магчымасцяў сваiх фантазii i кашалька. Не, я не супраць нармальных чалавечых стасункаў. Адна мая аднакласнiца ў свой дзень народзiнаў збiрае старых школьных сяброў. I гэта бывае цiкава, бо наўрад цi яшчэ ўдалося ўбачыць таварышаў па парце, згадаць любiмых настаўнiкаў. Я пра тое, што ў мяне нязменна выклiкае смех, калi iншыя з апошняга духу высiльваюцца, каб сабраць людзей свайго, як яны лiчаць, кола i пахвалiцца сваiм дастаткам, новым рамонтам i замежнымi строямi. Ну i заадно паслухаць няшчырыя, але прыемныя словы ў свой адрас. Асабiста я заўсёды хацела адзначыць свой дзень народзiнаў у зiмовым лесе ля вогнiшча ў кампанii аднаго-двух прыемных мне людзей. Не выходзiць, абавязкова надараецца тэрмiновая работа. А можа гэта i да лепшага, калi няма часу ўспамiнаць узрост, тым больш яго святкаваць. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Здзiвiла не вельмi блiзкая знаёмая. Запрасiла на свой юбiлей. Я, напрыклад, 45-годдзе юбiлеем не называла б. Але ж у кожнага свой падыход. Тым болей,
|
|