Бацькi- адзіночнікі. Ці лёгка мужчынам самiм гадаваць дзяцей?
Бацькi- адзіночнікі. Ці лёгка мужчынам самiм гадаваць дзяцей?
Антон Емяльянаў — малады бацька, яму толькi 24 гады. Побач з iм — маленькая прыгажуня Варвара, якая лiчыць свайго любiмага татку самым добрым чалавекам у свеце. Дзяўчынка нiколi не бачыла сваю мацi, якая кiнула яе ў радзiльным доме пяць гадоў таму i сышла ў невядомым накiрунку. — У нас ёсць усё: кватэра ў Магiлёве, падтрымка маёй мацi, урэшце i грошай збольшага хапае, — запэўнiвае Антон. — А самае цяжкае было — вырашыцца забраць дзiця з раддома. Мне тады было 19 гадоў, i гэта быў самы адказны выбар у маiм жыццi. Вось тады было страшна, а цяпер гадаваць — гэта ўжо не праблема, справiмся. Антон — адзiн са шматлiкiх бацькоў, якiя ў вынiку розных, але нязменна цяжкiх жыццёвых абставiнаў вырашылi рушыць у "адзiночнае плаванне" па выхаваннi сваiх дзяцей. У Магiлёўскай вобласцi жывуць 700 бацькоў, якiя самi, без жонак, выхоўваюць больш за тысячу дзяцей. Камiтэт па працы i сацыяльнай абароне Магiлёўскага аблвыканкама i дабрачынная арганiзацыя "Табея" правялi сустрэчу з бацькамi-адзiночкамi. Асобнага Дня бацькi ў Беларусi пакуль няма. У Амерыцы такое свята з’явiлася яшчэ на пачатку XX стагоддзя паводле iнiцыятывы Саноры Смарт. Гэту жанчыну i яе пяць братоў i сясцёр выгадаваў бацька пасля смерцi мацi. З цягам часу Дзень бацькi сталi адзначаць i ў iншых краiнах свету. Праўда, у Беларусi традыцыйна, ад савецкiх часоў усеагульным мужчынскiм святам лiчыцца Дзень абаронцаў Айчыны 23 лютага. Да яго i былi прымеркаваныя сустрэча i святочны абед у сацыяльнай сталоўцы "Табеi", куды прыехалi са сваiмi дзецьмi 17 бацькоў з Магiлёўскага раёна i абласнога цэнтра. Яны выхоўваюць самi ад аднаго да трох малых. У кожнага бацькi-адзiночкi — свая гiсторыя, часцей трагiчная. Васiль Саладкоў з вёскi Кадзiна Магiлёўскага раёна два гады таму ў дрэннае восеньскае надвор’е трапiў у аўтааварыю: ён, вадзiцель, выжыў, а жонка, якая была пасажыркай, памерла. Мужчына вырашыў сам выхоўваць дзяцей i, акрамя сваiх дзвюх дачок, узяў апеку над двума пасынкамi i прыёмнай дачкой. Дзецi памерлай жонкi ўжо дарослыя, i прыёмная дачка Юлiя, якой 23 гады, дапамагае Васiлю гадаваць маленькiх дзяўчатак. Алiне 10 гадоў, а Насцi — толькi 5. Уся сям’я Саладковых жыве ў iнтэрнаце. Васiль працуе жывёлаводам у аграфiрме "Днепр". Нешматслоўны бацька накрываў сваёй курткай плечы дзяўчатак, якiя прыйшлi на свята ў прынцэсавых строях. На пытанне аб цяжкасцях ён проста адказаў: "Усе мы iмкнёмся i працуем, але сродкаў не хапае на ўсё. А мацi малым не хапае яшчэ болей". У Артура Дзецюка 8 гадоў таму памерла ад анкалагiчнага захворвання жонка. Ён сам гадуе дачку Настассю. — Я тады вырашыў, што трэба думаць не пра сябе i асабiстае жыццё, а пра дзiця клапацiцца, — кажа адказны мужчына. — Спачатку трэба дачку на ногi паставiць, а потым сваё жыццё ўладкоўваць. Па яго словах, самае цяжкае ў жыццi бацькi-адзiночкi — гэта знайсцi прыдатнае месца працы. Артур i Настасся жывуць адны, а бацька хоча больш быць з дачкой, якой споўнiлася 16 гадоў, каб падтрымаць у адказны жыццёвы перыяд i абаранiць ад расчараванняў юнацтва. Таму Артуру даводзiцца выбiраць працу ў начную змену. Бацькi-адзiночкi мала звяртаюцца па дапамогу — i ў дзяржаўныя органы, i ў грамадскiя арганiзацыi. Падаецца, што яны лiчаць сорамам просьбу аб падтрымцы. Таму супрацоўнiкi сацыяльнай службы i дабрачыннiкi пераконвалi мужчын прыходзiць i атрымлiваць на карысць сваiх дзяцей адрасную дзяржаўную дапамогу i гуманiтарныя адзенне i харчы. У адказ адзiн з татаў радасна прапанаваў перадаць у гуманiтарную дапамогу цэлую шафу адзення, з якога выраслi яго дзецi. Некаторых дзяцей бацькоў-адзiночак прывезлi сваякi. "Нашы таткi працуюць, зарабляюць грошыкi", — сур’ёзна тлумачылi малыя. Траiх дзяцей Мiхаiла Пракоп’ева суправаджала бабуля Святлана Уладзiмiраўна. Сам бацька, якi працуе слесарам на буйным прадпрыемстве, не мае магчымасцi кiнуць змену. Затое малыя — Мiша, Лера i Карына (старэйшаму дзiцяцi толькi 8 гадоў) — замiлаванымi галасамi спявалi i чыталi вершы, а потым пяшчотна прыцiскалi да сябе мяккiя цацкi-падарункi. Сям’я Пракоп’ева цяпер у цяжкай жыццёвай сiтуацыi. Яго жонка летась памерла, а Мiхаiл са сваiмi дзецьмi цяпер жыве ў сваiх бацькоў. Шматдзетны бацька i ўсе блiзкiя сваякi з усiх сiлаў змагаюцца за тое, каб дзецi выраслi здаровымi i шчаслiвымi. — Гэта i ёсць цiхi, але сапраўдны жыццёвы гераiзм, — казалi пра бацькоў-адзiночак на сустрэчы. — Трэба мець вялiкую гаспадарчую мудрасць, смеласць i цярплiвасць, каб гадаваць дзяцей. Мужчыны не аддалi сваiх дзяцей у дамы-iнтэрнаты, а выконваюць свой бацькоўскi абавязак. І яшчэ адна гiсторыя жыцця напрыканцы. Магiляўчанiн Алег Пазнякоў даўным-даўно не бачыў сваю жонку i мацi сына Сашы. Кажа, што яна як увайшла ў алкагольны штопар, так дасюль з яго i не выйшла. Клопаты па выхаваннi дзiцяцi ўзяў на сябе рашучы бацька. — Мы ж мужыкi! — гучна казаў Алег на сустрэчы бацькоў-адзiночак. — Мы ўсё вынесем i вытрываем. Галоўнае — дзецi! Саша, якому споўнiлася ўжо 14 гадоў, гуляе ў хакей i, верагодна, стане прафесiйным спартсменам. А Алег з цягам часу ўладкаваў i сваё жыццё: у яго з’явiлiся грамадзянская жонка i маленькая дачка. Вось у гэтым i было самае вялiкае пажаданне бацькам-адзiночкам арганiзатараў сустрэчы ў мужчынскi дзень: выгадаваць дзяцей i знайсцi сабе верную спадарожнiцу жыцця, каб раздзялiць дастойную старасць не толькi з удзячнымi нашчадкамi, але i з любiмай жанчынай. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Антон Емяльянаў — малады бацька, яму толькi 24 гады. Побач з iм — маленькая прыгажуня Варвара, якая лiчыць свайго любiмага татку самым добрым чалавека
|
|