Дапамога на дзяцей: разлiкi i пралiкi?
Дапамога на дзяцей: разлiкi i пралiкi?
У мiнулым годзе да атрымання поўнай грашовай дапамогi на чацвярых дзяцей Людмiле Яўгенаўне* не хапiла 200 рублёў. Менавiта на столькi перавысiў сярэднедушавы месячны даход належную суму. Сёлета жанчына зноў звярнулася па дапамогу. Цяпер да яе атрымання не хапiла 11 тысяч... Старэйшаму сыну Людмiлы Яўгенаўны 14, малодшаму — тры. Жанчына працуе даяркай у адной з вёсак Бярозаўскага раёна. Працаваць, па яе словах, складана. — З чатырох гадзiн ранiцы ты на нагах, i паехаў, — распавядае жанчына. — З дзевяцi да дванаццацi дома, потым зноў на ферму. У пяць вечара на гадзiнку дамоў заедзеш, пасля амаль да паўночы працуеш. Дзяцей абсалютна не бачым. Я атрымлiваю 600 тысяч, муж, якi працуе жывёлаводам, яшчэ менш. Хапае толькi на тое, каб трохi апрануцца ды ежы купiць. А вось глядзiце: заплацi за школу, за крэдыты. Мы бралi на мэблю, каб у новым доме, якi калгас нам выдзелiў, хоць што паставiць... За кватэру заплацiць не ведаеш чым. Святло, газ...Усё даражэе i даражэе.. Вось пайшло 500 тысяч на камунальныя. Гэта не за адзiн месяц, запазычанасць была. З гаспадаркi, такой звычайнай для вясковай сям’i, Людмiла Яўгенаўна нiчога не трымае. Тлумачыць тым, што няма дзе, ды i дорага. — У нас ёсць хлеў, але дзе ж гэта хлеў, гэта куратнiк нейкi. Каб завесцi жывёлу, трэба яшчэ знайсцi, дзе яе трымаць. Пабудаваць памяшканне. А карова каштуе дорага. Я вось апошнюю, якая была, брала ў калгасе за 400 долараў, — уздыхае Людмiла Яўгенаўна. Летась сям’я атрымлiвала 50 працэнтаў дапамогi па выхаваннi дзяцей. Да поўнай не хапiла 200 рублёў. На такую суму сярэднямесячны прыбытак на аднаго члена сям’i перавысiў суму, неабходную для атрымання дапамогi. — Таму што я не дасядзела ў дэкрэтным адпачынку два месяцы i пайшла на працу. І за вось гэтыя месяцы мая зарплата паўплывала на атрыманне дапамогi, — тлумачыць Людмiла. — У 2004 годзе было такое, што i здача малака дзяржаве таксама лiчылася. Тады мы карову трымалi. А пасля я яе прадала, каб толькi атрымлiваць дапамогу большую.. Вядома ж, калi я здавала малако, то да 100 тыс. у месяц дадаткова атрымлiвала, плюс грашовая дапамога i зарплата. Глядзiш — i больш-менш жыць можна было. А чаму я да канца дэкрэтнага адпачынку не дасядзела? Дык усё ад нястачы гэтай. Трэцюю дачку Людмiла таксама не дагадавала да трох гадоў. Да дзiцячага садка было два кiламетры. Старэйшыя хлопцы вучылiся ў школе, сядзець з малой не было каму. — Я дома яе адну пакiдала. Бывае, з працы iду, а дзяўчынка мая на падаконнiку сядзiць, мяне выглядае, — са слязамi на вачах расказвае Людмiла. — Зараз дзецi стараюцца, вучацца. Старэйшы — у восьмым. Малодшаму — тры гадкi. Сярэднi спачатку адставаў, а дачушка нармальна вучыцца. На пытанне, цi спрабавала куды-небудзь звяртацца, Людмiла Яўгенаўна адказвае адмоўна. — Яны ж палiчылi, што ў школе дзецi харчуюцца бясплатна, у садку мы плацiм 50 %. Гэта ўсё ўлiчылi. I зарплата, сказалi, вялiкая... Што ж тут зробiш? Я звярталася летась па адрасную дапамогу. Таксама мне не выйшла. Таму што я дапамогу на дзяцей 50 працэнтаў атрымлiвала. Зараз iзноў збiраемся звяртацца. Але што там дадаткова будзе? Па 40 000 рублёў на чалавека?.. На iншую працу ўладкавацца не можам. Трэба ж за дом адпрацоўваць. Мы яго набыць хацелi, але не атрымалася. Для больш-менш нармальнага жыцця Людмiла Яўгенаўна называе суму зарплаты ў мiльён. Без дапамогi, па яе словах, зараз досыць складана. — Ты атрымлiваеш гэтую капейку, — гаворыць пра дапамогу Людмiла Яўгенаўна, — i нават маленькi ведае, што гэта яму. Бяжыць: "Мама, купi мне тое i тое". А так зарплату аддаеш за святло, газ, нейкiя пазыкi, крэдыты. I дзецям нiчога не застаецца. Нават на тую няшчасную цукерку. Толькi аддаў — iзноў бяжыш, пазычаеш. Карацей, ад пазыкi да пазыкi так i жывеш... Наталля Занько, спецыялiст па кадрах СПК, дзе працуе Людмiла Яўгенаўна: — На сёння да нас з просьбай дапамагчы ў афармленнi дакументаў на грашовую дапамогу па выхаваннi дзяцей звярнулiся 8 чалавек. Трое з iх па ўсiх крытэрыях маюць права на дапамогу на выхаванне дзяцей, старэйшых за тры гады, у памеры 50 %. Гэта шматдзетныя сем’i з адной мацi. Дзве жанчыны ў разводзе атрымлiваюць алiменты. У трэцяй памёр муж. Для параўнання, у мiнулым годзе дапамогу атрымлiвала 17 сем’яў, у якiх разам 37 дзяцей, старэйшых за тры гады. Поўных сем’яў, якiя б атрымоўвалi такую дапамогу, няма. Таму што прыбыткi перавышаюць неабходную для атрымання дапамогi лiчбу. Што датычыцца Людмiлы, то сярэднедушавы штомесячны прыбытак у iх сям’i складае 190 тысяч. У той час як на атрыманне дапамогi ў 50 % павiнна быць не больш за 178 928, а на 100 % — 134196 рублёў. Таццяна Шэметавец, намеснiк начальнiка галоўнага ўпраўлення палiтыкi занятасцi i народанасельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны насельнiцтва: — Такая сiстэма ёсць, i пакуль мы не збiраемся яе карэнным чынам змяняць. Бо калi прызначаецца грашовая дапамога на дзяцей, старэйшых за тры гады, натуральна, што магчымасць працаваць i быць занятымi ёсць i ў мацi, i ў бацькi. Вядома ж, колькасць дзяцей ад трох гадоў, якiя атрымлiваюць дапамогу, змяншаецца. Бо ўзровень жыцця ж павышаецца, правiльна? Гэта зараз у нас крызiс. Сукупны прыбытак — асноўны крытэрый для налiчэння грашовай дапамогi. Ёсць i выключэннi, калi дапамога на дзяцей, старэйшых за тры гады, прызначаецца без улiку сукупнага прыбытку. Гэта сем’i, якiя выхоўваюць дзяцей-iнвалiдаў да 18 гадоў, сем’i вайскоўцаў тэрмiновай службы, а таксама сем’i з дзецьмi, iнфiцыраванымi вiрусам iмунадэфiцыту i хворымi на СНIД. У нас ёсць пэўная iнструкцыя, згодна з якой вылiчваецца сярэднедушавы прыбытак. Там усё прапiсана, што ўключаецца, а што — не. Уключаецца ў яго i бясплатнае харчаванне школьнiкаў, i льготная аплата за дзiцячы садок, а таксама выплачаная матэрыяльная дапамога, стыпендыi, пенсii, дапамога па беспрацоўi... У гэтым годзе асаблiва шмат пытанняў узнiкае з уключэннем у сукупны прыбытак бясплатнага харчавання дзяцей. Мы рыхтуем змяненнi ў гэтую iнструкцыю, каб распiсаць механiзм больш даходлiва i зразумела. Такой сiстэмай мы павiнны падтрымаць сем’i, якiм патрэбна дапамога. Усiх мы падтрымаць не можам. Таму вымушаны ўводзiць фiльтры, каб пакiнуць тых, каму патрэбна падтрымка. Адзiнае, што, магчыма, "крытэрый патрэбы" (велiчыня сярэднедушавога месячнага прыбытку, якi неабходны для атрымання грашовай дапамогi. — заўв. аўт.), якi прымяняецца для прызначэння дапамогi на дзяцей, нiжэйшы ў параўнаннi з адраснай сацыяльнай дапамогай. Трэба яго павялiчваць, але гэта таксама пытанне часу. Мы распрацоўвалi гэтае пытанне з Мiнiстэрствам фiнансаў. Ну, а таксама вар’iраваць у межах iнструкцыi па ўлiку прыбыткаў. У нас раней улiчвалiся прыбыткi ад асабiстай гаспадаркi, але мы адмовiлiся ад такой практыкi. Аналагiчная сiтуацыя зараз з улiкам бясплатнага харчавання дзяцей. Пакуль мы ад гэтага ўлiку не адмовiлiся, але будзем распрацоўваць згаданае пытанне далей. Калi ў гэтай сям’i цi яшчэ ў каго-небудзь ёсць канкрэтныя пытаннi, то калi ласка, няхай тэлефануюць нам, мы iм дакладна ўсё распiшам i раскажам. Каб у iх не ўзнiкала сумненняў. Настасся Занько.Лiчбы і факты <І>1. Па звестках Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны насельнiцтва, на 1 студзеня 2009 года дапамогу па выхаваннi дзяцей ад трох гадоў атрымлiвалi 171 264 чалавекi. Для параўнання: на 1 студзеня 2008 года гэтая лiчба складала на 31874 чалавекi больш. Па звестках Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны насельнiцтва, на 1 студзеня 2009 года дапамогу па выхаваннi дзяцей ад трох гадоў атрымлiвалi 171 264 чалавекi. Для параўнання: на 1 студзеня 2008 года гэтая лiчба складала на 31874 чалавекi больш.2. На атрыманне 50-працэнтнай грашовай дапамогi па выхаваннi дзяцей ад трох гадоў сярэднямесячны прыбытак на аднаго члена сям’i павiнен складаць не больш за 178 928, а на атрыманне 100-працэнтнай — 134 196 рублёў. На атрыманне 50-працэнтнай грашовай дапамогi па выхаваннi дзяцей ад трох гадоў сярэднямесячны прыбытак на аднаго члена сям’i павiнен складаць не больш за 178 928, а на атрыманне 100-працэнтнай — 134 196 рублёў.3. Па звестках Нацыянальнага сатыстычнага камiтэта: Па звестках Нацыянальнага сатыстычнага камiтэта:— iнфляцыя на студзень 2009 года склала 4,1 працэнта; — рэальная налiчаная заработная плата (заработная плата, разлiчаная з улiкам спажывецкiх коштаў на тавары i паслугi) у студзенi 2009 года ў параўнаннi са студзенем 2008-га павялiчылася на 5,5 працэнта. У параўнаннi са снежнем 2008-га паменшылася на 11,7 працэнта; — сярэднi заробак у галiне сельскай гаспадаркi за студзень 2009 года склаў 583,1 тыс. рублёў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мiнулым годзе да атрымання поўнай грашовай дапамогi на чацвярых дзяцей Людмiле Яўгенаўне* не хапiла 200 рублёў. Менавiта на столькi перавысiў сярэдн
|
|