Дапамагаючы людзям
Дапамагаючы людзям
Аднойчы бабуля, калi зашэптвала ад укусу малую, дзяўчынку гадоў сямi-дзевяцi, то, каб тая не плакала, дала ёй у рукi нейкую засушаную кветку. Пад канец замовы мне здалося, што кветка гэтая неяк дзiўна засвяцiлася i дзяўчынка павесялела. Дамоў яна пайшла сама, побач з бацькамi, а да нас яе прынеслi. Бабуля, гледзячы iм услед, усмiхнулася i сказала: "Здаровая ўжо мая маладая!" (у значэннi нявеста. — А.Н.). Аднаго разу зашэптвала старога чалавека. Дык уголас сказала яму: "У цябе, Мартын, кроў халодная, няма чаго нейкага там гада баяцца! "І сапраўды, той дзед нават не апух i прыйшоў у нашу хацiну сам. Бабуля растлумачыла потым, што ў маладых людзей кроў гарачая i яна вельмi хутка злучаецца з ядам, а ў старых наадварот — халодная, i яд на яе дзейнiчае марудна. Старыя i не пухнуць таксама, бо iх жылы не баяцца гэтага. Вось калi толькi за шыю цi за твар укусiць гадзюка, то прыйдзецца многа з iмi павазiцца. Бабуля заўсёды сцвярджала, што чалавека, якi не бачыў, як яго кусала гадзюка, вылечыць значна лягчэй, бо ён не баiцца, яго не калоцiць са страху. Гаварыла таксама, што яе замовы вельмi слаба ўздзейнiчаюць на родзiчаў. "Свая кроў дрэнна лечыцца", — вось як старая гэта тлумачыла. Свайму стрыечнаму брату яна зашэптвала разоў пяць, хоць звычайна людзям шаптала не болей за тры (!) разы. Своеасаблiва ў народных павер’ях распавядалася i пра тое, як быццам бы паводзiлi сябе людзi, якiх кусаў вуж. Тут, вядома ж, адчуваецца надуманасць, багатая фантазiя. Бо як ужо магло атрымацца iнакш, калi сам факт ядавiтасцi вужа быў проста немагчымым. У гэтай iстоты няма яду. Але тым не меней iнфарматары сведчылi даволi "праўдзiва". "Ляжаў на палку ён (укушаны. — А.Н.) за печчу. Стагнаў, трызнiў, крычаў не сваiм голасам, бо вельмi ж, мусiць, яму балела. Спаць нiкому не даваў, прасiў пiць, а калi давалi, то праз нейкi час ваду вырывала, а лягчэй не станавiлася" (Гомельскі раён); "Укусiў вуж яе за правую нагу, ля косткi, дык за лiчаныя хвiлiны нагу так распёрла, што стала, як калода. Сiняя ўся, потым пачала гарэць. Тыднi тры хадзiць не магла, нават не ўставала. Не ела доўгi час, толькi пiла i стагнала" (Пiнскi раён); "Калi яго вуж цапнуў за шыю (спаў на балоце, на ўзгорачку), то ён апух увесь, як гарбуз. Вачэй i тых не вiдаць, а толькi шчылiнкi. Чорны зрабiўся, бы вугольчык, страшны. Не хадзiў, толькi ляжаў, i варочацца спачатку цяжка было. Пiць давалi — дый годзе" (Гомельскі раён); "Чорным цела рабiлася не адразу, а праз некаторы час, калi вужыны яд пачынаў у кроў усмоктвацца. Вось тады толькi i трымайся! Крычыць чалавек, стогне, рвецца, i нiхто яму дапамагчы не можа. Страшна станавiлася, гледзячы на такiх людзей" (Пiнскi раён); "Сукровiца цякла з носа i з вушэй, а сам увесь быў чорна-сiнi, бо i яд вужыны, кажуць, чорны. Потым, калi чалавек выжываў i ўсё праходзiла, то скура на целе пачынала лупiцца" (Лунінецкі раён); "Бывала, як укусiць вуж чалавека, то таго як лiхаманка калоцiць. Дрыжыць увесь, крычыць, стогне, выкручваецца, са скуры гатоў вылезцi, а нiчым не дапаможаш. Яд надта моцна вужыны дзейнiчаў. Гаварылi, што разы ў два мацней за гадзючы" (Слуцкi раён). Безумоўна, у старадаўнiя часы ўсе спадзяваннi родных хворага былi звязаны з вясковымi знахарамi, якiя i павiнны былi вярнуць да жыцця ўкушанага. У тыя часы лячылi толькi iм адным вядомымi дзеяннямi i словамi. Сцвярджалi, што ад укусу вужа гэтаксама, як i ад укусу гадзюкi, вельмi дапамагала кiслае малако. У гэтым не было амаль нiчога дзiўнага. Нашы прашчуры слушна заўважылi, што чалавек, якога ўкусiў гад, праз некаторы час хацеў пiць. Яго сушыла, а кiслае малако, вядома ж, было добрым сродкам: "Калi яго вуж укусiў i ён пачаў пухнуць, то ўсё прасiў пiць, тады яму знахар кiслага малака падсалiў i даў выпiць. Хворы адразу павесялеў, толькi ненадоўга. Потым зноў сушыць пачало i трэсцi" (Жыткавіцкі раён); "Ад вужа кiслым малаком раней толькi i ратавалiся. Кожны чалавек гэта добра ведаў i таму мог i без знахара на першы раз дапамагчы. Асаблiва калi ад малака аддзялiлi сыроватку" (Петрыкаўскі раён); "Ад вужа, як i ад гадзюкi, дапамагала кiслае малако. Сама лепей, каб яно было перастаялае i надта ж кiслае, тады самы раз. Трэба малако даваць часта, праз кожныя паўгадзiны. I хворага сушыць не будзе, трызнiць ён перастане, але пухлiну гэта не вельмi здымае "(Петрыкаўскі раён); "Малаком кiслым укушанага вужом адпойвалi. Многа яго давалi, i нават калi не хацеў пiць, то ўсё роўна прымушалi пiць. Чым болей пiў, тым лягчэй яму станавiлася. Здаралася, што кiслае малако i не дапамагала. Тады давалi звычайную ваду. Добра, каб адразу з калодзежа, халодную, i таксама, каб выпiў як мага болей" (Акцябрскі раён); "Калi хто ведаў, што яго ўкусiў вуж, то сам тут жа стараўся найперш кiслага малака наесцiся, каб той страшэнны боль зняць, калi па целе адразу ж разлiваўся i ўсе рухi таму адымала" (Пiнскi раён); "Кiслым малаком укус вужа лячылi таму, што хацелi перабiць уздзеянне вужынага яду. Малако — белае, а яд сам па сабе — чорны. Вось i атрымлiвалася, што чым болей малака спажывеш, тым болей яд разбаўляецца i не так моцна ўздзейнiчае на ўсё астатняе цела" (Петрыкаўскі раён); "Не толькi халодную ваду давалi пiць, але i кiслае малако таксама, якое, як лiчылi, болей дапамагала ад укусу вужа, чым што iншае. Малаком толькi i ратавалiся раней. Малаком ды яшчэ шэптамi. Вось i ўсе лекi, якiмi пераважна карысталiся" (Веткаўскі раён). У некаторых выпадках кiслае малако не толькi давалi пiць, але i нацiралi iм укушанае месца. Лiчылi, што такiм чынам можна зняць гарачку i дапамагчы чалавеку пратрымацца самы цяжкi першы час: "Малако кiслае давалi пiць. Яго падсольвалi i давалi, каб надта не сушыла. А яшчэ, добра памятаю, некаторыя i цела там, дзе вуж угрызнуў, нацiралi кiслым малаком i потым замотвалi белай палатнiнай. I хвораму станавiлася намнога лягчэй: боль сунiмаўся i пухлiна спадала. Чалавек тады ўжо мог спакойна спаць i есцi. Хадзiць не мог, ды яму i не дазвалялi, пакуль не адляжыцца" (Пiнскi раён); "Малаком нацiралi, асаблiва калi пухлiна ў нейкiм месцы рэзка бралася i цела круцiць пачынала. Тады кiслым малаком мазалi. Такiм, каб густое было, i намазвалi. Пад палатнiну звычайна, бо iншай жа матэрыi не было, толькi палатнiна. Закруцяць, як ляльку. I ляжыць, стогне. Кажа, што яму лягчэй, а на самай справе, хто ж яго ведае, лягчэй цi цяжэй яму. Мо лягчэй i рабiлася ад таго, што мокрым накрывалi ўкушанае месца" (Ганцавіцкі раён); "Не заўсёды, але кiслым малаком выратоўвалi тых, каго вуж кусаў. Давалi есцi яго, а таксама нацiралi яшчэ тое месца, дзе ён угрызнуў. Потым абмотвалi белай палатнiнай i туга завязвалi, каб не давала пухнуць" (Iвацэвіцкі раён). Найбольш пашыраным i глыбокiм у нас выйшла апавяданне пра тое, як паводзiлi сябе знахары падчас вылячэння хворых ад гадзючых i вужыных укусаў, бо па гэтай тэме даводзiлася працаваць многа i раней, таму па ёй сабраны значныя запiсы. Але i адносна iншых замоў, якiя былi накiраваны на засцеражэнне i вылячэнне людзей i жывёл, а таксама на засцеражэнне гаспадарчых пабудоў, ураджаю, на спрыянне ў справах i занятках, у нас ёсць даволi цiкавыя прыклады. Асаблiва ўражваюць тыя магiчныя словы i дзеяннi, якiя знахары выконвалi над сваiмi дзецьмi. "Ой, што раней тварылася! Памятаю, як я малою была, а хварэла мая яшчэ меншая сястрычка. Яна тады так i не выжыла. Памерла. То да яе падчас хваробы прыходзiла старая знахарка. З нашых хутароў. Старая-старая. Але прыходзiла сама, бо тлумачыла, што калi яе падвязуць, то акажацца, быццам бы яна не па ўласнай волi прыйшла да хворай i адпаведна словы яе ды дзеяннi не здолеюць перамагчы хваробу, прымусiць яе адступiцца. Як уваходзiла ў хату, то падыходзiла да малой, сядала i, не мiргаючы, доўга-доўга ўзiралася ў яе твар. Потым некалькi разоў абыходзiла вакол калыскi, у якой ляжала мая сястрычка, спынялася. Тройчы хрысцiлася i толькi тады ўжо пачынала шаптаць. Яна не тое што шаптала, а неяк вымаўляла ўсё ўпаўголаса. Але якiя гэта былi словы, то сказаць не магу. Бо i даўно надта было, i не чула нiчога выразна. Пасядзiць бабулька, а потым зноў усё па-новаму паўторыць. Калi адыходзiла, то пакiдала нейкае зелле i загадвала яго заварваць i даваць хворай пiць. Так тры цi чатыры разы прыходзiла, а апошнi раз я ўжо добра чула, што старая знахарка сказала майму бацьку, што хваробу нельга адагнаць, бо яна вельмi запушчаная. Вось каб яе раней клiкалi, а тут застаецца толькi спадзявацца на Усявышняга, на ягоную лiтасць" (Пiнскi раён). Аляксей НЕНАДАВЕЦ. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аднойчы бабуля, калi зашэптвала ад укусу малую, дзяўчынку гадоў сямi-дзевяцi, то, каб тая не плакала, дала ёй у рукi нейкую засушаную кветку. Пад кане
|
|