А беспрацоўных усё меней?
А беспрацоўных усё меней?
Класiчны эканамiчны крызiс — гэта падзенне вытворчасцi i рост беспрацоўя. Гэтыя два паказчыкi цесна звязаны мiж сабой i па iх можна меркаваць, наколькi глыбокiм з’яўляецца крызiс. Калi са спадам у прамысловасцi малюнак менш-больш ясны, то з беспрацоўем сiтуацыя незразумелая. Здавалася б, найбольш праблемаў з працаўладкаваннем павiнна быць у малых гарадах i пасёлках, бо там, як правiла, не дужа развiта прамысловасць, а рабочых рук заўсёды было багата. Але чытаючы статыстычныя звесткi, даводзiцца адзначыць, што на Брэстчыне склалася аптымiстычная сiтуацыя. Напрыклад, узровень беспрацоўя з 2,3 % у 2007 годзе знiзiўся да 1,3 % на 1 студзеня 2009 года. Колькасць беспрацоўных па малых i сярэднiх гарадах знiзiлася ў 1,7 раза. Нават у праблемных у гэтым плане гарадах беспрацоўе пайшло на спад: Іванава — з 3,4 % да 2 %, Драгiчын — з 4 % да 1,8 %, Мiкашэвiчы — з 3,6 % да 1,9 %, Ганцавiчы — з 3,5 % да 1,8 % ... i толькi ў Жабiнцы беспрацоўных не паменшала. А адзiн з самых нiзкiх узроўняў беспрацоўя ў Iвацэвiчах (каля 1 %). Тут адкрыўся фiлiял ААТ "Атлант", на якiм будзе працаваць да 162 чалавек, ды i ў цэлым гэты райцэнтр даволi насычаны прадпрыемствамi. I цi можна гаварыць у такой сiтуацыi пра крызiс? А можа, статыстыка ў нечым разыходзiцца з рэальным становiшчам i не адлюстроўвае рэчаiснасць? Добра, вышэй гаварылася пра малыя гарады, а якая сiтуацыя з беспрацоўем у Баранавiчах — буйным прамысловым цэнтры вобласцi? Звярнуўся ў рэгiянальны Цэнтр занятасцi насельнiцтва. — Калi параўнаць студзень-люты 2009 года з адпаведным перыядам мiнулага, то маем даволi аптымiстычныя вынiкi. За гэтыя два крызiсныя месяцы было зарэгiстравана 920 беспрацоўных, а ў 2008 годзе — 1095 чалавек, узровень беспрацоўя знiзiўся з 1,4 % да 1,1 %. I рабочыя месцы ёсць. Вось патрэбны вадзiцелi на шэраг прадпрыемстваў. Напрыклад, на малаказаводзе аклад вадзiцеля — 820 тысяч, на камбiнаце хлебапрадуктаў — 500 тысяч... Iншая справа, што мы не можам усiм прапанаваць работу па iх спецыяльнасцi. Ёсць прафесii, якiя рынкам працы не запатрабаваныя, неабходна шукаць iншую работу, пераквалiфiкоўвацца, — распавяла начальнiк упраўлення Таццяна Латышава. Сiтуацыя з беспрацоўем тым не менш неадназначная. Вялiкай армii беспрацоўных у нас няма па некалькiх прычынах. Першая i самая ўплывовая: кiраўнiцтвам краiны праводзiцца палiтыка, якая павiнна максiмальна нейтралiзаваць масавае беспрацоўе. Прадпрыемствы не звальняюць рабочых, хоць у гэтым i ёсць неабходнасць, а змяншаюць памеры зарплаты ўсяму калектыву цi пераходзяць на няпоўны працоўны тыдзень. Калi б не была выбрана такая тактыка, то пэўная колькасць насельнiцтва апынулася б у вельмi складаным становiшчы. А так заробкi крыху меншыя ва ўсiм калектыве, i гэта не так ужо i балюча. I гэта, лiчу, лагiчна — крызiс закончыцца, а дзе прадпрыемству тады хутка набраць квалiфiкаваныя кадры? Вучыць занава? Спецыялiстамi не раскiдваюцца. Ёсць яшчэ адзiн фактар, якi ўплывае на статыстыку. Дапамога па беспрацоўi ў нас 40 тысяч рублёў на чалавека ў месяц, i ён павiнен два днi за гэты час адпрацаваць, напрыклад, у калгасе. Многiя не iдуць у цэнтр занятасцi рэгiстравацца, бо лiчаць, што выплата неiстотная. Калi б, напрыклад, дапамога была ў памеры 100 долараў, то працэнт беспрацоўных рэзка падскочыў бы. I хоць частка маладых, ды i сярэдняга ўзросту людзей, самая актыўная, выязджае за межы краiны на заробкi, тым не менш, трэба адзначыць, што наш чалавек часта трымаецца за працу да апошняга. Зарплата нiзкая, а ён не iмкнецца нешта змянiць у жыццi. Беспрацоўе прымушае чалавека весцi барацьбу за выжыванне, i ў ёй перамагаюць больш здольныя, квалiфiкаваныя спецыялiсты. Праглядаючы мiлiцэйскiя зводкi, звяртаеш увагу на дзве катэгорыi беспрацоўных (янычасцей за iншых парушаюць закон). Адны абкрадаюць пенсiянераў, залазяць у крамы, п’юць гарэлку i скандаляць, многiя з iх ужо былi асуджанымi. Другiя — процiлегласць iм. Вось затрымалi аўтамашыну з кантрабандным таварам на дзясяткi мiльёнаў, а за рулём — беспрацоўны. Сутыкнуўся "Мерседэс" з "Аўдзi", а ўладальнiкi аўтамашын не маюць працы. I спiртам гандлююць беспрацоўныя. Дык якi статус гэтых людзей па сутнасцi? Статыстыка павiнна быць максiмальна поўнай, i гэта датычыцца не толькi беспрацоўя, а эканомiкi ў цэлым. Як у нас бывае падчас з ростам вытворчасцi. На прадпрыемстве паказчыкi растуць, а склады завалены паўгадавым запасам незапатрабаванай прадукцыi. Аб’ектыўная статыстыка патрэбная для таго, каб можна было своечасова зрабiць адпаведныя захады, адрэагаваць на некаторыя негатыўныя моманты, прыняць адэкватныя меры. А iнакш для чаго лiчбы, якiя ствараюць iлюзiю? Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Класiчны эканамiчны крызiс — гэта падзенне вытворчасцi i рост беспрацоўя. Гэтыя два паказчыкi цесна звязаны мiж сабой i па iх можна меркаваць, накольк |
|