Скураны халадзiльнiк на фоне Камянiстага пласта, альбо Нататкi аб уражаннях з будаўнiчай выставы
Скураны халадзiльнiк на фоне Камянiстага пласта, альбо Нататкi аб уражаннях з будаўнiчай выставы
Учора ў сталiцы ў Нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа" (вулiца Я.Купалы, 27) адкрылася ХІI мiжнародная спецыялiзаваная выстава "Будэкспа—2009". Паводле слоў арганiзатараў будаўнiчага форуму, сёлета ўдзел у iм будуць браць каля 300 кампанiй з 15 краiн, прычым, амаль 40 працэнтаў удзельнiкаў будуць дэманстраваць свае вырабы на выставе ўпершыню. Да прыкладу, звычайна колькасць новых экспанентаў не перавышае 15-20 працэнтаў ад агульнай колькасцi. Агульная плошча экспазiцыi складае 7 тысяч квадратных метраў. Учора адразу пасля ўрачыстага адкрыцця выставы журналiсты "Звязды" абышлi iх усе i могуць засведчыць: тут сапраўды можна знайсцi практычна ўсё, што патрэбна пры будаўнiцтве цi рамонце жылля. Аднак, паколькi наша выданне разлiчана на самае шырокае кола чытачоў, у сваiм матэрыяле мы вырашылi зрабiць акцэнт найперш на рэчах, цiкавых i зразумелых большасцi — на дызайне i iнтэр’еры. Зразумела, шукалi нейкiя нестандартныя падыходы ў гэтай галiне, свайго кшталту "iскрынкi". ...Каванымi вырабамi з металу многiх ужо не здзiвiць: яны ўпрыгожваюць iнтэр’еры i фасады дамоў, сядзiбаў, кавярняў i рэстаранаў, дапамагаюць ствараць розныя архiтэктурныя стылi. Нашу ўвагу прыцягнуў флюгер у выглядзе драпежнай птушкi з раскiнутымi крыламi коштам 200 долараў. Паводле слоў менеджара фiрмы, такiя флюгеры ў некалькiх варыянтах выканання карыстаюцца попытам найперш ва ўладальнiкаў катэджаў. А цi бачылi вы калi "скураны" халадзiльнiк? Вонкава ён выглядае як сапраўдны старажытны куфар. Гэта сапраўдны халадзiльны агрэгат, абцягнуты адпаведным матэрыялам. Побач — цэлы кухонны камплект (зноў жа сапраўдная бытавая тэхнiка), аздоблены натуральнымi матэрыяламi: меддзю, латунню, бронзай. Такiя работы выконвае адна з майстэрняў. Гэта ручная праца з выкарыстаннем мастацкага кавання, чаканкi i iнкрустацыi, сапраўдны эксклюзiў! Думаю, аматары стылю рэтра, да якога адношу i сябе, былi б у захапленнi. Уладальнiк майстэрнi тлумачыць, што так па-мастацку можна аздобiць практычна любую рэч. Сапраўды, тут жа бачым печ-СВЧ, выгляд якой ну нiяк не назавеш сучасным. Побач "старажытны" дамафон i настольная лямпа, фотаальбом, што нагадвае кнiгу з сiвой даўнiны... Задавальненне гэта, шчыра скажам, не таннае. "Апрануць" у прыгожы метал духавую шафу будзе каштаваць прыкладна 800-900 долараў. Але можаце паверыць на слова: для знаўцы яно таго варта. Дзе б такая прыгажосць "ззяла", дык гэта на фоне штучнага каменю. Яшчэ некалькi гадоў таму на нашым рынку ўладарылi вырабы з Расii i Польшчы. Першых зараз на iм практычна няма, другiя — не канкурэнт айчыннай прадукцыi па цане (а наяўнасць канкурэнцыi памiж беларускiмi фiрмамi-вытворцамi iдзе толькi на карысць спажыўцу). Скажам, калекцыя "Камянiсты пласт" каштуе 92 тысячы за квадратны метр, "Драўнiнны скол" — 102 тысячы рублёў. Штучны камень, як мы ўжо пiсалi раней у нашых пастаянных "будаўнiчых" рубрыках, даўно перастаў быць у краiне экзотыкай: iм аздабляюць фасады будынкаў, выкарыстоўваюць як элементы аздобы ў iнтэр’еры не толькi, скажам, рэстаранаў цi катэджаў, але i ў звычайных гарадскiх кватэрах. Як расказала намеснiк дырэктара фiрмы-вытворцы, iх прадукцыя па паказчыках бяспекi для здароўя чалавека можа выкарыстоўвацца нават для аздаблення памяшканняў у дзiцячых садках i медыцынскiх установах.
...Зараз даволi распаўсюджанай стала практыка, калi нават у гарадской кватэры гаспадары замест ваннай ставяць душавую кабiнку (сам некалi планаваў такое). Таму ўвагу не можа не прыцягнуць менавiта гэта прадукцыя, што, працытую сам сябе з ранейшага, па знешнiм выглядзе часам нагадвае касмiчны карабель. Кiраўнiк кiрунку кампанii тлумачыць, што iх вырабы — кiтайскай вытворчасцi, адносяцца да сярэдняга цэнавага сегмента (каштуюць каля 1 тысячы долараў). Разглядаем адну з выстаўленых мадэляў з гiдрамасажам. Тут ёсць душ-шарко, дадатковы масаж вадой пад цiскам ступняў ног, "трапiчны" душ зверху, падсветка, радыё. Пры жаданнi можна падключыць... тэлефон. Спецыяльны вiльгацеўстойлiвы апарат ужо ўбудаваны ў адну са сценак душавой кабiнкi. Прымаючы водныя працэдуры, адначасова можна прымаць уваходныя тэлефонныя званкi, адказваць суразмоўцу. Шкада, сам з душа не пазвонiш... Паколькi ўсталяванне душавой кабiны патрабуе выканання пэўных работ па гiдраiзаляцыi ў памяшканнi, дзе яна будзе знаходзiцца, кампанiя, паводле слоў яе прадстаўнiка, можа дадаткова аказваць такiя паслугi сваiм пакупнiкам. Што можа быць агульнага памiж прамысловым альпiнiзмам i вышыннымi работамi? Рыштунак, прычым не абавязкова спецыяльны. Колькi было выпадкаў, калi на будоўлях здаралiся няшчасныя выпадкi з-за адсутнасцi цi невыкарыстання работнiкамi хоць бы тых паясоў бяспекi? Ды i пры прыватным будаўнiцтве, калi часам праца iдзе на вышынi, такi рыштунак не зашкодзiць. Тым больш, што за адносна невялiкiя грошы — 120-170 тысяч рублёў — можна набыць сучасную страхоўку ад розных вытворцаў. Калi казаць пра iнструменты, на выставе асабiста мяне зацiкавiў стужкавы шрубавёрт. Гэта калi шрубы знаходзяцца ў спецыяльнай палiмернай стужцы i менавiта на ёй падаюцца ў iнструмент. Стужкавы шрубавёрт забяспечвае павышэнне вытворчасцi працы пры закручваннi шрубаў у тры-сем разоў! Вельмi зручны для закручвання шрубаў у вуглах, дазваляе працаваць усяго у 15 мiлiметрах ад сценкi, мае сiстэму ручной рэгулiроўкi глыбiнi закручвання. Што, майстры, зацiкавiлiся? Рэч, напэўна, прыемная, толькi цана такой сеткавай мадэлi — 370 еўра. Калi ты не займаешся будаўнiчымi работамi прафесiйна, грошай, бясспрэчна, будзе шкада. Але гэтая фiрма прапануе акцыю для наведвальнiкаў выставы: калi хто набывае ў iх 7 тысяч шрубаў на палiмернай стужцы, атрымлiвае шрубавёрт бясплатна ў арэнду на тры днi. ...Ужо на выхадзе натрапiў на яшчэ адну навiнку. Прадавец-кансультант пацвердзiў, што журналiст "Звязды" быў трэцiм наведвальнiкам выставы, якi звярнуў увагу на яе. Гаворка iдзе пра ноу-хау, як запэўнiў прадстаўнiк фiрмы: спалучэнне лiчбавых фотаздымкаў з керамiчнай плiткай. Малюнак i сапраўды быў надзвычай рэалiстычным: на фатаграфii-ўзоры з выявай тыгра можна было пералiчыць кожны валасок. Уражанне было такiм, як быццам глядзiш лiцэнзiйны фiльм на DVD. Высветлiлася, што такую плiтку вырабляюць у Маскве ("вось толькi ўчора адтуль даслалi два ўзоры, бачыце, адзiн на пошце раскалоўся"), дзе яна карыстаецца ўстойлiвым попытам. У нас пакуль толькi вывучаюць попыт, таму i цана за квадратны метр пакуль... 1000 долараў! Магчыма, будзе менш, калi пойдуць заказы, патлумачылi мне. На плiтку можна нанесцi любы здымак, прычым настолькi рэалiстычна, што, калi гэта пейзаж, ствараецца ўражанне перспектывы, трохмернай прасторы. ...Будаўнiчая выстава будзе працаваць да 20 сакавiка ўключна. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў сталiцы ў Нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа" (вулiца Я.Купалы, 27) адкрылася ХІI мiжнародная спецыялiзаваная выстава "Б
|
|