У беларускіх санаторыях амаль не засталося свабодных месцаў да самай восені
18 марта 2009 Общество
Віктар КОРБУТ, Народная газета Калі вольны ложак у доме адпачынку на беразе Нарачы або Мінскага мора ўвесну яшчэ можна знайсці, то на сезон адпускоў, з чэрвеня да жніўня, большасць месцаў у санаторна-курортных установах забраніравана. Набыць пуцёўку яшчэ рэальна ў найбліжэйшыя дні, калі вельмі пашанцуе. Неўзабаве ж не застанецца ўвогуле з чаго выбіраць. У апошнія гады склалася характэрная тэндэнцыя. З аднаго боку, адпачываць у Беларусі патрыятычна і карысна, з другога — прапанова на айчынным турыстычным рынку меншая за попыт. Што тады застаецца звычайнаму простаму беларусу, які не член прафсаюза і ўвогуле ўпершыню вырашыў адпачыць на радзіме? Што рабіць чалавеку, які ў пару крызісу змушаны адмовіцца ад Егіпта і Турцыі, але ўсё адно хоча паляжаць на беразе, пад сонцам — ды на роднай зямлі? Тры дні на роздум Цікава, чаму ўвогуле адпачынак на радзіме такі дэфіцытны? Тэлефаную ў санаторый “Нарач”. Усё становіцца ясна. “У нас забраніраваны ўсе 200 месцаў. 10 сакавіка адкрылі бронь — і ўсе “блокі” выкупілі за тры дні або турфірмы, або прафкамы, або фізічныя асобы. Цяпер вы можаце набыць штосьці хіба праз тыя ж турфірмы”, — тлумачыць Рыта Більдзюк, бухгалтар аддзела маркетынгу “Нарачы”. На беразе славутага возера ёсць і іншыя санаторыі: “Журавушка”, “Белая Русь”, “Прыазёрны”, “Спадарожнік” У некаторых з іх яшчэ мусілі застацца месцы, спадзяюся. Сапраўды, у некаторых з іх яшчэ ёсць вольныя адзінкавыя непрададзеныя ложкі, але яны нядоўга будуць чакаць патэнцыяльных уладальнікаў. “Вызначайцеся з датай адпачынку загадзя і браніруйце месцы”, — падказвае Мікалай Мазур, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. З яго слоў, ёсць 12—14 асабліва папулярных санаторыяў і “ўціснуцца” ў іх у разгар летняга сезона сапраўды немагчыма. Адзіны спосаб туды трапіць — вельмі рана выкупіць месца. Крызіс змяшаў карты Сяргей Кучаравенка лічыць вялікай памылкай некаторых санаторыяў, што яны фактычна “дораць” свае месцы расіянам. Бо тыя на пачатку года заказваюць нумары, але паколькі многія кліенты аплачваюць паслугі толькі летам, пасля прыезду — то не гарантуюць свайго прыбыцця. Тым часам беларусы не могуць прэтэндаваць на “занятыя” месцы, хаця здатныя плаціць наперад жывымі грашыма. Між тым, паводле слоў Мікалая Мазура, толькі 15—20 працэнтаў месцаў у санаторыях займаюць расійскія грамадзяне. Дамы адпачынку, аднак, і праўда часта аддаюць перавагу гасцям з усходу, бо тыя плацяць больш за беларусаў — паводле вышэйшага тарыфу. З гэтага і жывуць. Але не ўсе. Рыта Більдзюк паведаміла, што, напрыклад, у іх “Нарачы” кошты паслуг для беларусаў і расіян роўныя. Высветлілася, так не толькі тут. Увогуле ж сёлета чакалася, што ў санаторыях могуць недалічыцца многіх кліентаў. “Некаторыя назіральнікі выказвалі меркаванні, што прынамсі не будзе таго ажыятажу, які назіраўся ў мінулыя гады, што рынак паспакайнее. Дарэчы, пэўныя падставы такія думкі маюць. Прынамсі, расіяне раней амаль не цікавіліся коштам, а цяпер ужо ўдакладняюць, наколькі даступныя ім тыя або іншыя паслугі, працэдуры”, — адзначае новыя тэндэнцыі Алена Баравік, начальнік упраўлення па санаторна-курортным лячэнні Цэнтра па санаторна-курортнай рабоце “Цэнтркурорт” Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта. Вядома ж — крызіс, людзі сталі пераборлівымі. Аднак яшчэ ў пачатку года Аляксей Стрэльчанка, дырэктар кампаніі “Алатан Тур”, прадказваў, што акурат крызіс падштурхне значную колькасць колішніх прыхільнікаў турэцкага ды егіпецкага берагоў да пераарыентацыі на эканамічныя Крым, а то і на Беларусь. Такім чынам, расіян больш не стала, а беларусам усё адно недастаткова месцаў. Мо трэба будаваць новыя санаторыі? Толькі без панікі! Мікалай Мазур лічыць, што драматызаваць сітуацыю не варта, бо калі ў санаторыях на Нарачы або пад Мінскам сапраўды назіраецца нястача месцаў, то гэта не значыць, што ўвогуле нічога ў краіне знайсці немагчыма: “У Беларусі 101 санаторна-курортная ўстанова на 24,5 тысячы месцаў і 265 іншых аздараўленчых арганізацый на 47,5 тысячы ложкаў, сярод апошніх — 40 баз, дамоў адпачынку, пансіянатаў, туркомплексаў. І яшчэ: з 15 кастрычніка да 15 мая амаль паўсюль дзейнічаюць 15—20-працэнтныя скідкі”. Чаму б не планаваць свой водпуск на гэтую пару? Сяргей Кучаравенка лічыць, што гэта выгадна і зручна: “Паколькі санаторый дае не толькі адпачынак, але і лячэнне, то калі вы маеце жаданне падлячыцца, едзьце цяпер — да мая ўключна месцы ёсць”. Зрэшты, фартуна ўсміхаецца тым, хто шукае. Улетку здараюцца выпадкі, калі некаторыя кліенты адмаўляюцца ад сваіх броней і як непасрэдна ў санаторыях, так і ў турфірмах прапануюць вызваленыя ложкі на продаж. Але лепш яшчэ раз задумайцеся: магчыма, прасцей будзе перагледзець свой звыклы адпускны расклад і падзяліць адпачынак на купальны сезон, што, вядома, магчыма на радзіме толькі летам, і на лячэнне — а гэта можна сабе дазволіць у любую пару года. І не забывайце: восенню, зімой і вясной любыя курортныя паслугі заўсёды таннейшыя. Рацыянальна выкарыстоўвайце свой час і грошы! Без кніжкі не прашмыгнеш і мышкай Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
18 марта 2009 Общество Віктар КОРБУТ, Народная газета Калі вольны ложак у доме адпачынку на беразе Нарачы або Мінскага мора ўвесну яшчэ можна знайсці, то на сезон адпускоў, з чэрвеня да жніўня, большасць месцаў у санаторна-курортных установах забраніравана.
|
|