НА БЕЛАРУСІ ТАННЕЮЦЬ АЎТАМАБIЛI
НА БЕЛАРУСІ ТАННЕЮЦЬ АЎТАМАБIЛI
Сусветны эканамiчны крызiс, якi, не сакрэт, з кожным днём усё больш i больш уздзейнiчае на беларускi рынак, нясе ў сабе шмат негатыўных фактараў — ад звальненняў, да змяншэння заработнай платы. На гэтым фоне адбываецца i павышэнне коштаў на прадукцыю першай неабходнасцi. Здавалася б, цяпер павiнна даражэць усё, бо шмат чаго залежыць ад курсу долара да беларускага рубля, якi са студзеня няўхiльна расце. Але, як паказала практыка, так званыя тавары раскошы, з-за памяншэння попыту на iх у вынiку знiжэння рэальнага даходу насельнiцтва, наадварот, таннеюць. Такая карцiна адбываецца, у прыватнасцi, на рынку аўтамабiляў: прадаўцы пачынаюць усталёўваць "антыкрызiсныя" знiжкi. I маюць рацыю, бо калi раней пакупнiк марыў набыць новую машыну, але яму не хапала некалькi тысяч долараў, то цяпер, са знiжэннем кошту ад 10 да 30 працэнтаў, ягоныя магчымасцi рэзка ўзраслi. Дзеля высвятлення наяўных абставiнаў, мы вырашылi накiравацца ў адзiн з аўтацэнтраў Мiнска, якi прапануе знiжкi на ўзроўнi 25 працэнтаў ад пачатковага кошту. У салоне месцяцца аўтамабiлi маркi "Tауоtа" рознага кшталту, але на кожную з iх усталявана фiксаваная вышэй узгаданая знiжка. Цi выгадна гэта для пакупнiкоў? Вядома, бо калi, прыкладам, ваша "выбраннiца" раней каштавала 18 тыс. долараў, то ў перыяд крызiсу вы патрацiце на 4,5 тысяч менш — а гэта даволi значна! Трэба, праўда, дадаць, што 18 тысяч машына можа каштаваць у няпоўнай камплектацыi. Каб жа набыць напоўнiцу, вам давядзецца дакласцi, па ранейшых коштах, да 21 тыс. долараў, што пры знiжцы ў 25 працэнтаў складае 16 тысяч — а гэта ўжо наблiжаецца да пачатковага кошту. Але цi выгадна гэта прадаўцам? I тут можна даць станоўчы адказ, бо, па-першае, гэты крок значна павышае попыт на тавары (i ў выйгрышы застаецца тая фiрма, што прапануе большыя знiжкi), а па-другое, з-за пачатковага завышэння, а потым знiжэння, прадаўцы ўсё адно нiчога не губляюць — трэба памятаць асноўны закон эканомiкi: нiхто на страту працаваць не будзе! Разам з тым мы вырашылi пацiкавiцца ў наведвальнiкаў аўтасалонаў, чаму яны ў перыяд крызiсу вырашылi набыць новую машыну: — Проста гэтак выпала! Бо я раней хацеў набыць машыну (патрыманую ж не хацелася, бо ў папярэднiя гады з iмi намучыўся), а тут гэтыя знiжкi прыйшлiся зусiм дарэчы, — распавядае Аляксандр. — А грошы такiя назбiраў за папярэднi дакрызiсны перыяд, штосьцi знаёмыя далi ў доўг, у чымсьцi прадпрыемства наша дапамагло... Дрэнна адно толькi: аўтамабiлi даводзiцца замаўляць з-за мяжы — а з-за гэтага рызыкую i я, i прадаўцы, бо, у рэшце рэшт, мне новая можа проста не спадабацца... Чаму ж так атрымалася, нам патлумачылi прадаўцы ў самiм салоне, маўляў, зараз сапраўдны бум з-за знiжак, i машын на складах банальна, не хапае, з-за чаго iх даводзiцца везцi ажно з Фiнляндыi. А гэта i дадатковы час, i выдаткi... Увогуле, набываць машыны зараз, так бы мовiць, выгадна — ёсць нейкi (сумна казаць) станоўчы вынiк ад крызiсу. Добра, канешне, калi аўтамабiлi i тым больш кватэры таннеюць, але... дзе ўзяць грошы нават на знiжаныя кошты? Мiкола ТАМАШЭВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сусветны эканамiчны крызiс, якi, не сакрэт, з кожным днём усё больш i больш уздзейнiчае на беларускi рынак, нясе ў сабе шмат негатыўных фактараў — ад
|
|