21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Тут i выдумляць нiчога не трэба...

26.08.2009 12:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тут i выдумляць нiчога не трэба...

Якi б сцэнарый пра нашага земляка Андрэя Усава мог бы напiсаць драматург i сцэнарыст Аляксей Дудараў!

Той, хто хоць крыху цiкавiцца гiсторыяй танкавых войскаў, бясспрэчна, ведае пра подзвiг савецкiх танкiстаў, здзейснены ў самым пачатку Вялiкай Айчыннай вайны пад Ленiнградам. Аналагаў яму ў свеце няма, ён апiсаны ў шматлiкiх крынiцах, у тым лiку замежных, дагэтуль на форумах у iнтэрнэце не суцiхаюць абмеркаваннi i спрэчкi вакол яго... 19 жнiўня 1941 года экiпаж цяжкага савецкага танка КВ-1 (Клiм Варашылаў) пад Гатчынай у адным баi знiшчыў 22 нямецкiя танкi (а ўся танкавая рота — 43 бранiраваныя машыны). Камандзiрам гарматы ў тым экiпажы быў наш зямляк — старшы сяржант Андрэй Усаў з вёскi Барсукi Дубровенскага раёна.

Подзвiг танкiстаў

У ноч з 7 на 8 жнiўня нямецкая група армiй "Поўнач" пачала наступленне на горад. 16 жнiўня працiўнiк захапiў Нарву i Кiнгiсеп, авалодаў заходняй часткай Ноўгарада. Была рэальная пагроза прарыву нямецкiх войскаў да Ленiнграда.

18 жнiўня камандзiра 3-й танкавай роты 1-га танкавага батальёна 1-й Чырванасцяжнай танкавай дывiзii старшага лейтэнанта Зiновiя Калабанава выклiкалi да камандзiра дывiзii генерала Баранава. Той паказаў на карце тры дарогi, што вялi да Гатчыны (тады — Краснагвардзейск), i загадаў перакрыць iх i стаяць насмерць.

У роце Калабанава было пяць танкаў КВ-1. Паколькi галоўным было не прапусцiць нямецкiя танкi, у кожную машыну было загружана па два боекамплекты бранябойных снарадаў. У той жа дзень старшы лейтэнант вывеў сваю роту насустрач ворагу. Камандзiрскi танк павiнен быў стаць у засаду каля дарогi, што злучала талiнскую шашу з дарогай на Марыенбург — паўночнай ускраiнай Краснагвардзейска.

Калабанаў вызначыў пазiцыю такiм чынам, каб у сектары агню быў самы доўгi, добра адкрыты ўчастак дарогi, якая на пэўнай адлегласцi паварочвалася амаль на 90 градусаў. Яе перасякала грунтоўка, з абодвух бакоў была багна. Да вечара экiпаж паспеў выкапаць для танка капанiр, у якiм машына схавалася па самую вежу. Была падрыхтавана i запасная пазiцыя.

На наступны дзень варожыя машыны з’явiлiся на дарозе толькi а другой гадзiне дня. Нямецкiх разведчыкаў-матацыклiстаў камандзiр загадаў прапусцiць. Уся ўвага была засяроджана на калоне з 22 танкаў, якiя iшлi на скарочаных дыстанцыях, падстаўляючы свае левыя барты амаль строга пад прамым вуглом да гарматы КВ-1: iдэальныя мiшэнi. Люкi былi адкiнуты, частка немцаў сядзела на бранi. Можна было разгледзець нават iх твары, бо адлегласць да калоны была каля 150 метраў. Калi да намечанага загадзя арыенцiра для стральбы падышоў першы нямецкi танк, камандзiр аддаў каманду...

Галаўны танк загарэўся з першага стрэлу. Другiм стрэлам прама на скрыжаваннi быў разбiты другi. Утварыўся корак, калона на дарозе яшчэ больш "сцiснулася". Калабанаў загадаў перанесцi агонь на хвост, каб канчаткова заперцi яе на дарозе. На гэты раз Андрэю Усаву не ўдалося з першага стрэлу знiшчыць замыкаючы танк. Яшчэ чатыры стрэлы — i дзве апошнiя ў калоне машыны выведзены са строю. Шлях для адыходу ворагу быў перакрыты.

Аднак фашысты хутка ачомалiся, неўзабаве заўважылi засаду i агонь 18 варожых машын, што засталiся, абрынуўся на наш КВ-1. Але савецкi танк па сiле агню i таўшчынi бранi пераўзыходзiў нямецкiя машыны, яго снарады выбiвалi iх адну за другой. Аднак на дапамогу нямецкiм танкiстам падышлi пяхотныя падраздзяленнi, з якiмi ўступiлi ў бой нашы пехацiнцы, што знаходзiлiся на пазіцыях КВ-1. Фашысты выкацiлi на дарогу супрацьтанкавыя гарматы. Калабанаў заўважыў гэта i загадаў Усаву ўдарыць па ворагу асколачна-фугасным снарадам. Старшы сяржант паспеў знiшчыць адну гармату разам з разлiкам, але другая, пакуль Усаў не разбiў i яе, паспела зрабiць некалькi стрэлаў.

Адным з варожых снарадаў заклiнiла вежу. Цяпер павароты гарматы налева i направа можна было рабiць толькi шляхам павароту ўсяго корпусу. На вачах у немцаў КВ-1 заднiм ходам выбраўся са свайго ўкрыцця, ад’ехаў убок на запасную пазiцыю i зноў адкрыў агонь па калоне. Механiк-вадзiцель па распараджэннi Усава паварочваў танк у патрэбным кiрунку. Нарэшце i апошняя варожая машына была знiшчана. Пасля бою на бранi танкiсты налiчылi 156 слядоў ад пападанняў бранябойных снарадаў (у розных крынiцах называюцца розныя лiчбы: 135, 147 i 156 пападанняў). За час бою, якi доўжыўся больш за гадзiну, старшы сяржант Усаў выпусцiў па ворагу 98 снарадаў, з iх бранябойныя былi выкарыстаны ўсе, што былi.

За гэты бой камандзiр 3-й танкавай роты старшы лейтэнант Зiновiй Калабанаў быў узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, камандзiр гарматы яго танка старшы сяржант Андрэй Усаў — ордэнам Ленiна, які быў уручаны яму ў Смольным...

Лёсы членаў экiпажу

Умелыя дзеяннi танкiстаў 1-й Чырванасцяжнай танкавай дывiзii дапамаглi ў далейшым стабiлiзаваць фронт каля Пулкаўскiх вышынь i не пусцiць ворага ў Ленiнград. Падавалася б, члены экiпажа Калабанава павiнны былi атрымаць Зоркi Герояў, аднак гэтага не адбылося — нi тады, нi значна пазней. Можна, вядома, сказаць, што напачатку вайны ўзнагароды давалi даволi рэдка. Але вiдавочна i тое, што "наверсе" наконт гэтага было сваё меркаванне...

Зiновiй Калабанаў нарадзiўся ў 1913 годзе ў Нiжагародскай губернi. У 1932 годзе па камсамольскiм наборы быў прызваны ў рады Чырвонай Армii. У 1936-м з адзнакай скончыў Арлоўскае бранятанкавае вучылiшча. У саставе 20-й цяжкай танкавай брыгады на пасадзе камандзiра роты яму давялося ўдзельнiчаць у савецка-фiнскай вайне 1939—1940 гадоў. Брыгада, дзе служыў Калабанаў, першай выйшла да лiнii Манэргейма, прычым менавiта яго рота апынулася на вастрынi ўдару. Тады Калабанаў гарэў у танку першы раз... У iншым баi ён зноў з ротай вырваўся наперад — i зноў давялося ратавацца з ахопленай полымем машыны. Трэцi раз ён гарэў падчас рэйду на Выбарг. Калi быў падпiсаны мiрны дагавор памiж СССР i Фiнляндыяй, салдаты абедзвюх армiй пачалi "братацца", за што "паляцелi галовы" ў некаторых камандзiраў. Капiтана Калабанава панiзiлi ў званнi i, пазбавiўшы ўсiх узнагарод, звольнiлi ў запас. З пачаткам Вялiкай Айчыннай яго як чалавека з баявым вопытам зноў прызвалi, прысвоiлi званне старшага лейтэнанта, праўда, пра ранейшыя ўзнагароды давялося забыцца.

...Пасля таго памятнага бою рамонт танка зацягнуўся амаль на месяц. Калi ноччу 21 верасня на могiлках горада Пушкiн нашы машыны запраўлялiся палiвам i боепрыпасамi, побач з танкам Калабанава разарваўся нямецкi снарад. Камандзiр атрымаў асколачнае паражэнне галавы i пазваночнiка, кантузiю галаўнога i спiннога мозгу. У 1942 годзе яго ў цяжкiм стане цераз Ладажскае возера пераправiлi на Вялiкую зямлю... І ўсё ж у канцы 1944 года Зiновiй Калабанаў вяртаецца ў дзейную армiю, на фронце камандуе дывiзiёнам СУ-76. За баi атрымлiвае ордэн Чырвонай Зоркi, а за Берлiнскую аперацыю — другi ордэн Чырвонага Сцяга. Пасля вайны, праходзячы службу ў адной з армiй на тэрыторыi Германii, прымае батальён цяжкiх танкаў IС-2 (Iосiф Сталiн) i за вельмi кароткi тэрмiн робiць яго лепшым у армii. Камандуючы ўзнагароджвае камандзiра iмянной паляўнiчай стрэльбай. Дарэчы, ён адшукаў сваю жонку i маленькага сына, пра лёс якiх нiчога не ведаў усю вайну. I тут зноў здарэнне... З батальёна дэзерцiраваў салдат, якi потым "знайшоўся" ў англiйскай акупацыйнай зоне. Была рэальная пагроза ваеннага трыбунала, аднак Калабанава выратаваў камандуючы. Ён аб’яўляе аб няпоўнай службовай адпаведнасцi афiцэра, i яго пераводзяць у Беларускую ваенную акругу. Аднак здарэнне не прайшло бясследна: абвастраюцца наступствы колiшняй кантузii, i наш герой у званнi падпалкоўнiка звальняецца ў запас.

Але i на гэтым лёс не перастаў выпрабоўваць гэтага чалавека. Доўгi час, калi ён расказваў пра знакамiты бой i колькасць знiшчаных у iм яго экiпажам варожых машын, з Калабанава лiтаральна кпiлi. Аднойчы такое адбылося ў Мiнскiм Доме афiцэраў на ваенна-гiстарычнай канферэнцыi. Адзiн з прамоўцаў заявiў, што такога не было i не магло быць. Зiновiй Рыгоравiч, ледзь стрымлiваючы хваляванне, перадаў у прэзiдыум пажоўклы аркушык франтавой газеты. Генерал, якi кiраваў канферэнцыяй, убачыўшы тэкст, падазваў таго прамоўцу i загадаў чытаць уголас, каб уся зала слухала.

У 1995 годзе Зiновiй Рыгоравiч Калабанаў пайшоў з жыцця. У 2006 годзе на Чыжоўскiх могiлках сталiцы на магiле героя быў адкрыты помнiк па матывах бою з 22-ма нямецкiмi танкамi.

Як пiшацца ў многiх крынiцах, лёс камандзiра гарматы Андрэя Усава склаўся больш удала. Старшы сяржант да пачатку Вялiкай Айчыннай вайны быў ужо вопытным салдатам. Прызваны ў Чырвоную Армiю ў 1938 годзе, ён удзельнiчаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь у якасцi памочнiка камандзiра ўзвода аднаго з артылерыйскiх палкоў, падчас савецка-фiнскай вайны ваяваў на Карэльскiм перашыйку. Скончыўшы спецыяльную школу камандзiраў гармат цяжкiх танкаў, стаў танкiстам.

У тым памятным баi 19 жнiўня 1941 года Андрэй Усаў знiшчыў 22 фашысцкiя танкi, 4 бронетранспарцёры i 2 супрацьтанкавыя гарматы. Камандзiрскаму танку тады было прысвоена iмя "Андрэй Усаў", баявая машына дайшла да Берлiна. За ўсю вайну Андрэй Мiхайлавiч запiсаў на свой баявы рахунак 41 знiшчаны танк, больш за 30 гармат i мiнамётаў, 450 фашыстаў. Скончыў вайну ў званнi старшага лейтэнанта, акрамя ордэна Ленiна быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступенi, ордэнам Чырвонай Зоркi i медалямi. Звольнiўся ў запас у 1946 годзе, скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК Кампартыi Беларусi, працаваў сакратаром Талачынскага райкама партыi па кадрах, дырэктарам нафтабазы. Пайшоў з жыцця ў 1987 годзе.

...Стралок-радыст старшы сяржант Павел Кiсялькоў загiнуў у баi на "Неўскiм пятачку" неўзабаве пасля ранення Калабанава. Не вярнуўся з вайны i малодшы механiк-вадзiцель чырвонаармеец Мiкалай Радзянкоў. Колiшнi старшы механiк-вадзiцель танка КВ-1 Мiкалай Нiкiфараў гэтак жа, як i Усаў, прайшоў усю вайну, потым служыў у танкавых войсках Савецкай Армii. Пайшоў з жыцця ў 1974 годзе.

Лiст у рэдакцыю

Дзякуючы Мiкалаю Iванавiчу Мартынаву, колiшняму настаўнiку гiсторыi, цяпер — пенсiянеру, старшынi пярвiчнай арганiзацыi ветэранаў вайны i працы КУСГП "Зарубы" Дубровенскага раёна ўпершыню са старонак "Звязды" мы расказалi пра подзвiг савецкiх танкiстаў пад Гатчынай 10 гадоў таму. Тады нават уздымалi пытанне аб магчымасцi ўзнагароджання пасмяротна Андрэя Мiхайлавiча Усава Зоркай Героя Беларусi. Аднак, як высветлiлася, нi савецкае, нi цяперашняе айчыннае заканадаўства не дазваляюць паўторнае ўзнагароджанне за адзiн i той жа подзвiг; усё ж танкiсты за той бой атрымалi ордэны, даволi высокiя ўвогуле i тым больш — для першых месяцаў вайны. Чаму яны не сталi Героямi Савецкага Саюза, адказаць зараз, напэўна, ужо немагчыма...

Нядаўна Мiкалай Iванавiч зноў даслаў лiст у рэдакцыю. У iм ён пiша пра наблiжэнне 65-й гадавiны вызвалення Беларусi i 65-годдзя Вялiкай Перамогi, узгадвае пра ўклад беларусаў у агульную Перамогу, прыводзiць пералiк славутых герояў — нашых суайчыннiкаў: военачальнiкаў i простых радавых. Пiша зноў i пра Андрэя Усава, чый лёс, подзвiг, служэнне Радзiме павiнны стаць нароўнi з iмёнамi iншых герояў прыкладам для студэнтаў, школьнiкаў незалежнай Беларусi.

"Але гэта далёка не так: яго iмя нават не згадваецца нi ў адным школьным падручнiку па гiсторыi Беларусi. Неверагодны, дзiўны факт. I яшчэ. Няўжо тая сапраўды гераiчная эпапея не зацiкавiць нiводнага мастака, паэта, кiнасцэнарыста?! Якi ж захапляючы сюжэт для мастацкага фiльма, якi можна так i назваць — "Андрэй Усаў". Можа, прачытаўшы гэтыя радкi ў любiмай мной газеце "Звязда", хто-небудзь адгукнецца, цi можа ўжо згаслi ў нашай творчай iнтэлiгенцыi патрыятычныя пачуццi? Сцэнарый мог бы напiсаць не менш знакамiты зямляк Андрэя Усава — драматург i кiнарэжысёр Аляксей Дудараў, якi таксама вучыўся ў той жа Зарубскай дзесяцiгодцы, што i праслаўлены танкiст. Тым больш што ў гэтым выпадку i выдумляць нiчога не давядзецца. Час яшчэ ёсць.

Можа, нарэшце, гэтым лiстом зацiкавiцца i iдэалагiчны аддзел Дубровенскага райвыканкама, i Зарубскай сярэдняй школе, у якой герой вучыўся, будзе прысвоена iмя Андрэя Мiхайлавiча Усава, а перад фасадам будынка школы заззяе бронзай помнiк нашаму слыннаму земляку. I грошы ж на яго можна сабраць "усiм светам". Гэта было б вельмi правiльна i справядлiва ў дачыненнi да чалавека, чые баявыя подзвiгi i ўсё жыццё якога з’яўляюцца прыкладам для нашчадкаў".

Наконт школьных падручнiкаў не скажу, але iмя Андрэя Усава згадваецца ў шматлiкiх крынiцах. Агульнапрызнаны факт: нават часам часцей, чым iмя яго камандзiра (таму мы сёння так падрабязна расказалi пра лёс Зiновiя Калабанава). Павiнна быць iмя Андрэя Мiхайлавiча i ў раённай кнiзе "Памяць". Дарэчы, як паведамiлi нам у прэс-службе Мiнiстэрства абароны i ва ўпраўленнi па ўвекавечаннi памяцi абаронцаў Айчыны i ахвяраў войнаў Узброеных Сiлаў Рэспублiкi Беларусь, яны хутка будуць перавыдавацца. Што датычыцца ўстаноўкi помнiка на радзiме героя, прысваення яго iмя школе, удакладнiлi там жа, дык гэта цалкам прэрагатыва мясцовых органаў улады. I хоць часу да 65-й гадавiны Вялiкай Перамогi застаецца не так шмат, як падаецца, хочацца спадзявацца, што вашы словы, вашы прапановы будуць пачутымi.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якi б сцэнарый пра нашага земляка Андрэя Усава мог бы напiсаць драматург i сцэнарыст Аляксей Дудараў! Той, хто хоць крыху цiкавiцца гiсторыяй танк
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика