Учора, сёння, заўтра...
Учора, сёння, заўтра...
Спрэчныя зацемкi Ідэалiзацыя мiнуўшчыны часам набывае гратэскавыя формы, i тады ствараецца ўражанне, што нашы продкi захоўвалi сваю самабытнасць, бо прытрымлiвалiся спрадвечных традыцый. А вось мы адмовiлiся ад традыцыйнай культуры сваiх прадзедаў i з гэтай прычыны згубiлi адметнасць — беларускасць. А цi так гэта? Не думаю, што нашы продкi жылi правiльна — яны жылi так, як выходзiла, як складвалiся абставiны, i вельмi многае ад iх не залежала. I наша сённяшняе жыццё выцякае з мiнулага i яно ўзводзiлася на падмурку, якi стварылi нашы дзяды i прадзеды. Сённяшняя генерацыя беларусаў вырасла такой дзякуючы мiнуўшчыне, i мы ў сваю чаргу рыхтуем глебу для наступных пакаленняў. Повязь пакаленняў немагчыма разарваць. Чаму ж так атрымалася, што мы адмовiлiся ад тых жыццёвых здабыткаў, якiх прытрымлiвалiся нашы продкi? Магчыма, мiнулае прадзедаў не было такiм зайздросным i прыцягальным, як бачыцца сёння не толькi састарэлым, але iншым часам i маладым? Першыя ўспамiнаюць сваю маладосць як лепшы перыяд жыцця, i iм здаецца ў старасцi, што цяпер усё горш, а маладыя мiнуўшчыны i не ведаюць. Учора. Калi лiчыць добрай традыцыяй той факт, што пад страхой бацькавай хаты тулiлася некалькi сем’яў — пры бацьках жылi жанатыя сыны з дзецьмi, то гэтая традыцыя народжана галечай. Можна ўявiць, што рабiлася ў той падслепаватай хаце з кухняй i адным пакоем. Далёка па прыклады хадзiць не трэба. З маiм дзедам Трафiмам жыло тры сыны — двое мелi ўжо свае сем’i. Успамiнаючы той даваенны перыяд, стрыечная сястра, намнога старэйшая за мяне, часам гаварыла: "Усе так дружна жылi. Грошы аддавалi бабулi, i калi камусьцi штосьцi трэба было купiць, то яна вырашала". А ўсё скончылася тым, што ад таго "добрага" жыцця пачалi дзялiцца. Сярэднi сын з дзецьмi падаўся ў эмiграцыю — з’ехаў у Аргенцiну, а малодшы пайшоў у прымакi. I ўсе гэтыя аповеды пра шчаслiвае жыццё некалькiх пакаленняў пад адной страхой не болей чым казкi. Кожная сям’я павiнна жыць не ў сямейнай камуналцы, а ў сваёй кватэры цi доме. Мець асобнае жыллё iмкнулася ды i iмкнецца кожная маладая сям’я. Адысцi ад бацькоў i жыць самастойна — гэта натуральная з’ява, а жыццё разам з бацькамi супярэчыць самой прыродзе. Ужо неаднойчы даводзiлася чуць i чытаць наконт дзяцей, якiя выхоўвалiся некалi пры бацьках ды бабулях. Маўляў, бацькi працуюць i дзецi вучацца пры iх. У гэтым i вялiкая бяда беларусаў, бо iх дзецi вырасталi падобныя на бацькоў i працягвалi корпацца ў зямлi, i так з пакалення ў пакаленне. Магчыма, яны былi i не кепскiмi людзьмi, працавiтымi i сцiплымi, але гэтага мала, бо свет такi вялiкi i разнастайны. Самае вялiкае няшчасце для яўрэя было, калi яго дзiця не мела адукацыi, не ўмела пiсаць i чытаць, а ў нашага чалавека такой праблемы не было. Глядзець на мiнулае з замiлаваннем i маляваць з тагачаснага жыцця пастаральныя карцiны — вялiкая памылка. Возьмем хоць бы кiнутых дзяцей, якiх сёння тысячы. Дзецi, якiя сёння знаходзяцца ў дзiцячых дамах i iнтэрнатах, не кiнутыя бацькамi — гэта дзяржава iх у бацькоў забрала, бо адпаведныя службы палiчылi, што дзецi ў такiх умовах не павiнны жыць. Яны павiнны быць апрануты, накормлены i абавязаны вучыцца. А ў тыя часы хто тых дзяцей кантраляваў? Жылi пры бацьках — гэта факт, але маглi быць разутыя i елi толькi бульбу з рэпай, i на гэта нiхто не звяртаў увагi. Па сённяшнiх мерках у iнтэрнаты трэба было б забiраць дзяцей цэлымi тагачаснымi вёскамi. Хто тады бачыў тую прасцiну на ложку, а калi яна i была, то месяцамi не мытая. Гэта сёння прыходзiць камiсiя ў праблемную сям’ю i пытае, што дзецi елi i на чым спяць. А маштабы дзiцячай смяротнасцi некалi былi жахлiвымi. У маiх дзядоў па бацькаўскай лiнii было дванаццаць дзяцей, а выжылi толькi чацвёра. У мацi было шасцёра братоў i сясцёр, а важыла толькi яна. Дарэчы, дзе iх магiлы, нiхто не ведае, крыжы згнiлi — i ўсё. Так было ва ўсiх, бо мы нацыя вясковая, а гэтая нацыя без гiстарычнай памяцi. Што тварылi з нашым народам у 18 i 19 стагоддзях — гэта жах. Расiйскi пiсьменнiк i гiсторык М. Карамзiн, якi праязджаў праз Беларусь, быў уражаны галечай мясцовага насельнiцтва. I не дзiўна, што любы здольны цi таленавiты чалавек, якi вырываўся з сялянскага асяроддзя, iмкнуўся адарвацца ад яго — звязваў сябе з польскай цi рускай культурай. Але гэтая з’ява не засталася ў далёкiм мiнулым, i за савецкiм часам яна працягвалася. Тады наша моладзь уцякала не толькi з вёскi, але i з калгаса. I зноў жа, калi чалавек вырываўся ў горад, то ён стараўся падкрэслiць, што не мае нiчога агульнага з той вёскай, i яго можна зразумець. Вёска, як i сялянскае асяроддзе, нiколi не несла прагрэс. Там панаваў кансерватызм, захоўвалiся традыцыi i погляды, якiя не спрыялi развiццю народа — ён заставаўся ў закансерваваным выглядзе. Але якраз гэта i захавала беларускую нацыю. Нягледзячы на знешнi ўцiск i рэлiгiйны раздрай, беларусы выжылi. I моўны нiгiлiзм беларусаў выцякае з мiнулага жыцця народа. Каб парваць з тым, вясковым жыццём, чалавеку неабходна было вызвалiцца ад мовы, бо найперш яна паказвала, адкуль ён. Хоць псiхалагiчна чалавек заставаўся селянiнам, i яго дзецi — таксама, але мова ж на паверхнi, а нутро схавана. Сёння. У наш час беларускасць ужо фармiруецца цi павiнна фармавацца ў горадзе, хоць бы з той прычыны, што дзве трэцi насельнiцтва жыве ў гарадах, i вёска не мае ўжо былога духоўнага патэнцыялу, якi ўказваў бы на яе самабытнасць. Звернем увагу i на такую акалiчнасць. Хоць наш чалавек i не гаворыць па-беларуску на людзях, тым не менш ён лiчыць сябе беларусам. I больш за тое — нават мова для яго засталася роднай. Гэты факт сведчыць пра тое, што ў беларусаў абуджаецца нацыянальная свядомасць — марудна, з аглядкай, але ж iдзём... Мы так доўга не мелi дзяржавы, што нам яшчэ не проста звыкнуцца са сваёй суверэннасцю. Нам неабходна напаўняць Беларусь гiстарычным i культурным зместам. Нiхто не супраць школьнага музея, у якiм вiсяць лапцi i торбачка, але калi гэтыя прадметы знаходзяцца ў цэнтры экспазiцыi, то становiцца сумна. Можа таму, што з iмi мы яшчэ ўсе звязаны? Не трэба шкадаваць мiнулага жыцця i тых традыцый, якiя не адпавядаюць нашаму часу. З гiсторыi трэба браць лепшае, гераiчнае i на iм выхоўваць моладзь. I будзем памятаць , што нашай гiсторыяй пранiзаны стагоддзi. Заўтра. Якiм яно будзе — залежыць ад нас, бо будучыня ўжо фармiруецца сёння. Калi сваiм нашчадкам мы перададзiм дзяржаву, то гэта ўжо нямала. Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ідэалiзацыя мiнуўшчыны часам набывае гратэскавыя формы, i тады ствараецца ўражанне, што нашы продкi захоўвалi сваю самабытнасць, бо прытрымлiвалiся сп
|
|