21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вясна—лета-2009: сукенка — галоўная зброя кожнай жанчыны

26.08.2009 12:09 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вясна—лета-2009: сукенка — галоўная зброя кожнай жанчыны

"Сёлетнi вяснова-летнi сезон нельга назваць незвычайна рэвалюцыйным. У модзе адбываецца ўпарадкаванне настрояў. Узмацняецца дзяленне адзення па месцы нашэння: для работы, бiзнэсу, для другой паловы дня, для вечарынак, для дансiнгаў i клубаў, для вялiкiх прыёмаў i iнш., такая буржуазнасць, з аднаго боку. З iншага боку ёсць тэма з дакладнасцю наадварот — вяртанне да каранёў, вытокаў, уплыў плынi Грынпiс, нашэнне экалагiчнага адзення, у склад якога ўваходзяць толькi натуральныя валокны. Буржуазнасць i аўтэнтычнасць — дзве палярныя сiтуацыi. З аднаго боку, усё больш у новым сезоне будзе ўваходзiць у моду адзенне з сiнтэтычных тканiн, i гэта сiнтэтыка новага пакалення, новых валокнаў, новых пакрыццяў, якiя прыдаюць тканiнам i ахоўныя якасцi, i новыя эфекты. Актуальным будзе мяккае зiхаценне на бавоўне, на нейлоне, крыху крэшавых фактур — умяцiн, заломаў, але не столькi актыўных, як былi ў мiнулым сезоне. З iншага боку, калi мы кажам пра аўтэнтычнысць, вяртанне да вытокаў, то гэта адзенне з зялёнай бавоўны, той, якая вырашчана без гербiцыдаў, дабавак. З’яўляецца тэкстыль з дадаткам валокнаў пальмавага лiсту, валокнаў канопляў. Усё тое, што ў нас раней у тэкстылi лiчылася дэфектам, цяпер лiчыцца паверхневым эфектам — саломiнкi, парушынкi, вузельчыкi, непрапрады на натуральнага колеру паверхнi. Адсюль тое, што мы будзем насiць вясной i летам. Калi гэта курткi, плашчы, то там шмат сiнтэтычных тканiн цi навацыйнай бавоўны, шмат будзе нейлонавых сумесяў з натуральнымi валокнамi (баваўнянымi, iльнянымi, шарсцянымi) — гэта надае ўстойлiвасць тканiнам, паколькi цяпер актуальныя скульптурныя формы, такiя, як круглыя плечавыя паясы, з iншага боку, сумесь бавоўны з шоўкам, лён з шоўкам, шэрсць з шоўкам — гэта дарагiя змяшэннi для высокай моды", — расказала мадэльер.

Колеры

Для верхняй вопраткi будзе характэрная дастаткова высветленая палiтра — адценнi вапны, паперы, градацыi шэрага (ад практычна шэра-белага да насычана графiтавых адценняў). Летам палiтра высвятляецца. Верхняе адзенне застаецца аднатонным — жакеты, штаны, плашчы, паркi, трэнчы вырабляюцца з гладкафарбаваных тканiн нейтральных шэра-бэжавых каларытаў — спакойных, але нясумных. Такая стрыманая каляровая палiтра звонку дае нам магчымасць змясцiць унутр яркiя ўсплёскi. Колер чырвонай морквы цi апельсiна — цёпла-аранжавы, колер карала, колер лагуны, колер травы — яны будуць кантрапунктамi. Не знiкае фiялетавая гама — яна працягвае сваё развiццё з зiмовага сезона, толькi са змрочнай мiстычнай тэмы глыбокага фiялетавага пераходзiць у вельмi пяшчотныя, мяккiя, лiловыя, атрымлiваецца вельмi пяшчотная палiтра, якая да месца ў якасцi набiвак для летнiх сукенак цi мяккiх каларытаў для дзелавога адзення.

Сукенкi

Сукенкi — гэта галоўны пункт усяго жаночага гардэроба ў гэтым сезоне. Калi раней патрабавалася мець адну-дзве, то цяпер сукенак чым больш, тым лепей. Яны прамыя, лаканiчныя, якiя паўпрылягаюць, з суцэльнакроеным рукавом, з круглым плечавым поясам цi з маленькiм ушыўным рукаўчыкам, з гарлавiнай-лодачкай, без усялякiх дэталяў нейтральнага колеру. Гэта або пастэлi (бэзавыя, жаўтаватыя, карамельныя), або шэрыя нейтральныя адценнi i ў якасцi "ўдару" — маленькiя танюсенькiя паясы iнтэнсiўнага колеру (яркiя жоўтыя, аранжавыя, каралавыя, зялёныя) з адпаведнай бiжутэрыяй цi аксесуарамi. Актуальнай застаецца сукенка-футляр, якая прыйшла да нас з зiмовых калекцый, — прамая лаканiчная з рукавом-кiмано, яна выглядае вельмi стыльна. Па даўжынi — мiнi (дзве далонi вышэй за калена). Калi гэта бiзнэс-сукенка, даўжыня крыху большая. У модзе сукенка-кiмано — адразная па талii, з акцэнтам на ёй, падкрэсленай дастаткова шырокiм поясам. Вельмi часта сукенка з рукавом-кiмано вырашаецца ў духу сафары — з адкладным каўняром, са скразной засцежкай. Увогуле тэма сафары вельмi актуальная, яна пройдзе i ў касцюмнай групе.

Яшчэ адзiн варыянт — сукенка, вырашаная ў стылi 70-х: адразная па лiнii талii, спаднiца ў складку (адпрасаваная, плiсэ, гафрэ). Яна можа быць вырашана ў марской тэматыцы — сiняя з белым, чырвоная з сiнiм, чырвоная з белым, або ў больш спакойных адценнях. Яшчэ адна тэма — рамантычныя сукенкi. Гэта тканiны з набiўных малюнкаў, як правiла, кветкавы матыў — мы акунаемся ў квiтучыя сады цi трапiчныя джунглi, тут матыў пальмавага лiста паспяхова супернiчае з матывам ружы. Часта выкарыстоўваюцца буйныя малюнкi, калi адна кветка можа займаць амаль усю плошчу. Яшчэ адзiн матыў сукенак — уплыў хiпi 70-х. Гэта сукенкi-мiдзi, цыганскiя, з вялiкай колькасцю аборак, шыюцца з шыфонаў, паплiнаў, як правiла, у дробныя кветкi. Гэта сукенкi для другой паловы дня, для адпачынку каля мора, для гарадскiх прагулак.

Плашчы i палiто

У верхнiм адзеннi сёлетняй вясной надзвычай актуальныя трэнчы — лёгкiя плашчы як на падкладцы, так i без яе, дастаткова нейтральных колераў — адценнi вапны. Але каб не засумаваць, могуць прысутнiчаць i мяккiя жаўтаватыя адценнi, крэмавыя, каралавыя, але вельмi стрыманыя. Трэнчы вырабляюцца са змесавых тканiн — бавоўна з сiнтэтыкай, вiскоза з сiнтэтыкай або 100-працэнтная сiнтэтыка. Як правiла, трэнчы паўпрылягаючага сiлуэта, якiя пашыраюцца да нiзу, часта пад пояс. Як альтэрнатыва — з рукавом рэглан, прамыя з шоўку або вiскозных тканiн, якiя абцякаюць. З аднаго боку, у модзе Х-падобны сiлуэт, калi акцэнтуецца талiя, з другога — прамы, чысты, лаканiчны сiлуэт. Засцежкi або з бартамi, або каўняры-стойкi, або адкладны мяккi каўнер.

Маленькiя палiто гэтай вясной будуць выключна актуальнымi. Яны ў светлых танах, але тут можна крыху дадаць колеру — кiслотнага жоўта-зеленаватага, яблычнага, каралу, малочнага. Гэтыя палiто з буйной фурнiтурай, з вялiкiмi гузiкамi. Найбольш вiтаецца круглы плечавы пояс. Сiлуэт — або маленькая трапецыя, або, наадварот, пакарочанае палiто, якое супернiчае з курткай. Яшчэ адна тэма — плашчы, якiя нагадваюць паркi: з багаццем шнуроўкi, з буйнымi дэталямi, з капюшонамi, накладнымi кiшэнямi. Такiя паркi выдатна выглядаюць не толькi з плашчавых тканiн, але i з мяккай вiскозы, шоўку, асаблiва для лета.

Касцюмы

Калi весцi размову пра дзелавое бiзнэс-адзенне, то тут нейтральная палiтра. Жакеты ў масавай модзе пакуль пакарочаныя, але модная тэндэнцыя ў тым, што да нас актыўна ўкараняецца сярэдзiна 80-х. Для гэтага перыяду характэрна пашыранае плячо i падоўжаны жакет — як правiла, да сярэдзiны сцягна. У камерцыйных калекцыях гэта тэндэнцыя яшчэ не ярка праявiлася, але практычна ўсе модныя дамы паказалi гэты настрой: падоўжаны жакет — або прыталены, або якi слiзгае. "Толькi не трэба ўладальнiцам гардэроба сярэдзiны 80-х апранаць яго ў некранутым выглядзе. Такiя вiнтажныя рэчы могуць насiць толькi тыя, хто ўмее гэта рабiць, лепш за ўсё гэта атрымлiваецца ў юных асобаў да 20", — кажа Эльвiра Жвiкава. — "Даставаць з сундука рэчы не трэба, бо толькi падкрэслiце свой узрост, праблемы з гардэробам, з густам. Тэндэнцыя нiколi не вяртаецца ў чыстым выглядзе — мяняюцца тканiны, колер, настрой, вобраз", — нагадвае дызайнер.

Гэтыя жакеты на два гузiкi, з нiзкай засцежкай, што прадугледжвае нашэнне блузкi. Блузкi ў гэтым сезоне не абавязкова белыя. Выдатна выглядае з класiчным касцюмам шэрага колеру цёпла-аранжавая, цёпла-лiловая блузка цi ў жаўтаватых танах. У блузках новага сезона захоўваецца тэма мужчынскай сарочкi, але павялiчваецца яе аб’ём, часта гэта блузоны, тунiкi, якiя могуць насiцца наверх на спаднiцу цi штаны, талiя акцэнтуецца поясам. З iншага боку, з’яўляюцца рамантычныя блузкi з багаццем рушаў у вобласцi грудзей — мадыфiкацыя жабо. Такiя блузкi павiнны быць з бавоўны, i нi ў якiм разе не з шыфону. Гэта могуць быць блузкi без каўняроў, з суцэльнакроенымi рукавамi, з гарлавiнамi-лодачкамi i засцежкамi на спiне — жаноцкiя формы, запазычаныя з 50-х цi 40-х. У залацiста-жоўтых танах, яны таксама выдатна камплектуюцца з жакетамi.

Самая модная форма штаноў — штаны-бананы, або морквачкi, або сiгары. Гэта штаны, якiя сядзяць на талii, з мяккiмi складкамi па талii. Такiм чынам у нас пазначаецца такая сэксуальная вобласць, як талiя i сцягно. Штаны рэзка звужаюцца ўнiз, iх даўжыня — 7/8.

Абутак

Выдатна такiя штаны выглядаюць з бацiльёнамi, з абуткам на платформе. Але на працы бацiльёны павiнны быць стрыманых колераў — бэжавыя, карычневыя, шэрыя. Бiрузовыя лепш насiць у клубы, на сустрэчы з сяброўкамi. На працы шпiльку лепш замянiць на ўстойлiвы абцас. Чаравiкi чымсьцi нагадваюць мужчынскiя, але з такiмi штанамi яны выглядаюць досыць сэксуальна: устойлiвы каблук, выцягнуты закруглены нос, шнуроўка, вырабляюцца з гладкай цi шлiфаванай скуры. Лак паспеў надакучыць зiмой, таму цяпер можна аддаць перавагу матавай скуры цi замшаваму абутку. Выдатна выглядае абутак з iмiтацыi скуры пiтона, прычым у мяккiх нейтральных танах. А вось з шалікамi, хусткамi, бранзалетамi можна паэксперыментаваць, дадаць колеру, эмоцый — экзатычныя прынты паўднёва-ўсходняй Азii, лёгкiя накiдкi i понча, выкананыя ў этнiчным настроi.

На адпачынку

Этнiчны сюжэт не выходзiць з моды, а атрымлiвае два каланiяльныя настроi — Паўднёвая Амерыка i Паўднёва-Усходняя Азiя. Актуальныя тунiкi, каўняры-стойкi, бацiкавы друк, сiне-белы каларыт, штаны дхоцi, запазычаныя з iндыйскага касцюма з шаўковых вуаляў, з шыфонаў, лёну — з аб’ёмам у сцёгнах i вузкiя ўнiзе. У такiх выдатна адчуваеш сябе ў спякоту. Калi казаць пра ўплыў паўднёваамерыканскага касцюма, то гэта з’яўленне скуры i замшы ў вяснова-летнiм сезоне, гэта бэжава-карычневая гама ў духу сафары, невялiкiя штаны-галiфэ, якiя запраўляюцца ў летнiя боцiкi, гэта спаднiцы А-падобнага сiлуэта, паясы-карсажы, рамантычныя блузкi ў духу лацiна з аголенымi плячыма i пышнымi рукавамi. Гэта адзенне для адпачынку, паездкi на дачу цi суботняй i нядзельнай вячэрняй прагулкi па горадзе.

Спаднiцы ў новым сезоне альбо цюльпанападобныя — захоўваецца гэта базавая форма з мяккiмi складкамi на талii, суцэльнакроеным поясам або з завышанай лiнiяй талii. Спаднiца можа мець запах, абавязковыя кiшэнi. У модзе спаднiцы А-падобнага сiлуэта — ад дастаткова кароткiх у складку да падоўжаных да сярэдзiны галёнкi — рамантыка ў духу 70-х.

Алена КРАВЕЦ.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вясна наступiла не толькi каляндарная, ужо i само надвор’е патрабуеад нас змены зiмовага гардэроба. Што будзе модным гэтай вясной i летам i без якiх р
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика