Ад малочнай залозы да мужнай
Ад малочнай залозы да мужнай
На пытаннi чытачоў адказалi спецыялiсты Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогii i медыцынскай радыялогii iмя М.М. Аляксандрава — намеснiк дырэктара па навуковай працы, доктар медыцынскiх навук Сяргей КРАСНЫ i загадчыца аддзела анкагiнекалогii, доктар медыцынскiх навук Ірына КАСЭНКА. (Працяг. Пачатак у нумарах за 4, 7, 8, 9 красавіка.) — Эрозiя — паталогiя, пры якой па той цi iншай прычыне знiкае паверхневы слой шыйкi маткi. Такое можа быць з-за ўздзеяння iнфекцыi цi траўмы, нейкiх гарманальных парушэнняў. Уласна кажучы, гэта не ёсць перадрак. Аднак пры такiм стане з’яўляюцца вароты для iнфекцыi, якая трапляе ў шыйку маткi, што можа выклiкаць развiццё перадракавых змяненняў. Сапраўдным перадракам шыйкi маткi з’яўляецца не эрозiя, а дысплазiя. Хутчэй за ўсё, доктар вам так сказала, каб вас насцярожыць, накiраваць на тое, каб вы сiтуацыю абследавалi, вызначылi прычыны паталогii. А iх, як я сказала, шмат. Пасля абследавання вам прызначаць лячэнне. Часам патрабуецца тэрапiя ў выглядзе таблетак, мазяў, свечак. Калi гэта не дапамагае, робяць прыпяканнi. Пры правiльным i своечасовым лячэннi эрозiя, асаблiва ў маладых жанчын, хутка закрываецца. ( — Петрыкаўскi раён, Святлана, 35 гадоў. Выстаўлены дыягназ — фiброзна-кiстозная мастапатыя. Два месяцы лячылася, кiсты прыпякалi. Але цяпер яны выраслi на 2 мм. Як быць? — Калi кiсты павялiчваюцца, iх неабходна выдаляць. Я думаю, вам трэба ўзяць выпiску ў лечачага ўрача, папрасiць, каб вас накiравалi ў анкадыспансэр на кансультацыю да спецыялiста, якi займаецца малочнай залозай. Ён ацэнiць вынiкi лячэння. Часам бывае, што гiнекалагiчная паталогiя, такая, як кiсты, падтрымлiвае паталогiю малочнай залозы. Пры вашым стане трэба вытрымлiваць таксама пэўны рэжым харчавання. Ужывайце ежу, багатую на вiтамiны, у тым лiку аранжавую садавiну i гароднiну — моркву, хурму i г.д. ( — Таццяна Андрэеўна, Гродна. Мая 25-гадовая дачка цяжарная, на другiм месяцы. Яна наведвае салярый i пераконвае мяне, што гэта бяспечна, маўляў, ультрафiялетавае апраменьванне нават карыснае на пэўных тэрмiнах цяжарнасцi. Цi так гэта? — Ультрафiялетавыя промнi сапраўды рэкамендуюцца як лячэнне. Аднак салярыi бываюць розныя. У iмкненнi пабольш зарабiць уладальнiкi салонаў часам эканомяць на абсталяваннi i карыстаюцца старымi апаратамi, у якiх выпраменьванне не вельмi карыснае для арганiзма, бо можа ўтрымлiваць спектр, якi негатыўна ўздзейнiчае на чалавека. Таму перш чым наведваць салярый, трэба пацiкавiцца сертыфiкатам i абавязкова параiцца са сваiм доктарам, якi назiрае цяжарнасць. ( — Брагiн, Уладзiмiр Андрэевiч. 52 гады. Чуў, што пры адэноме прастаты — вялiкая лятальнасць. Якiя меры прафiлактыкi гэтай хваробы iснуюць цяпер? Я вяду здаровы лад жыцця, не п’ю, не куру, актыўна рухаюся, ужываю паўнавартасную ежу. Што б вы параiлi мне яшчэ? — Цяпер праблема адэномы прастаты не такая вострая, як раней. Сёння медыцына можа прапанаваць вялiкую колькасць лекавых прэпаратаў, якiя дазваляюць у многiх выпадках адмовiцца ад аперацыi. Тых прафiлактычных мераў, якiх вы трымаецеся, я думаю, дастаткова. Адзiнае, мужчынам пасля 50 гадоў трэба рабiць раз на год даследаванне на ўзровень ПСА. Гэты аналiз дазволiць сачыць за станам прастаты. ( — Мiнск, Барыс Канстанцiнавiч, 69 гадоў. У жнiўнi 2008 года была зроблена прастатэктамiя. Аперацыя прайшла паспяхова. Для рэабiлiтацыi прызначылi комплекс практыкаванняў, якiя выконваю па сёння. Праз 4,5 месяца адпала неабходнасць у гiгiенiчных пракладках. Але цяпер здараюцца спантанныя працяканнi. Стаю на ўлiку ў гарадскiм анкадыспансэры, быў у рэабiлiтацыйным цэнтры ў Гарадзiшчы. Новых рэкамендацый з нагоды канчатковай рэабiлiтацыi не атрымаў. Падкажыце, куды можна для гэтага звярнуцца? — Для вашага ўзросту вынiк, аб якiм вы расказалi, цудоўны. Калi ўзяць мужчын вашага ўзросту, якiя не рабiлi нiякiх аперацый, то ў 15—20 % будзе такая ж сiтуацыя, як у вас. А ў жанчын гэты працэнт складае ўвогуле 50 %. Прычына ў тым, што адбываюцца ўзроставыя змены ў мышачным апараце, i пры мышачнай нагрузцы невялiкая колькасць мачы можа падцякаць. Я парэкамендую вам наступнае. Крыху адпачнiце ад практыкаванняў, зрабiце невялiкi перапынак, i выконвайце такiя фiзiчныя рухi, якiя не патрабуюць асаблiвага напружання. Праз нейкi час зноў паўтарыце курс рэабiлiтацыйнага комплексу. Акрамя таго, карысна пахадзiць у басейн. Яшчэ магу парэкамендаваць выкарыстанне такога прыстасавання, як звычайны лакальны магнiт. Гэта спецыяльныя прарызiненыя накладкi для ўмацавання мышцаў тазавага дна. Пра iх можна спытаць у звычайнай палiклiнiцы ў фiзiятэрапеўта. ( — Генадзь, Гомель. Цi трэба пры раку прастаты прытрымлiвацца пэўнага рэжыму харчавання? — Рак прастаты — вельмi шматграннае захворванне, таму адназначна адказаць на ваша пытанне проста немагчыма. Калi прастата дастаткова вялiкiх памераў перашкаджае мочаспусканню, значыць, трэба прытрымлiвацца строгай дыеты, якая будзе перашкаджаць яе крованапаўненню. Неабходна абмежаваць вострую, тлустую ежу, поўнасцю выдалiць алкаголь. Справа ў тым, што ўсе гэтыя прадукты могуць прыводзiць да затрымання мочаспускання i нават вострай затрымкi мачы. Пры раку прастаты, калi ўжо ёсць шматлiкiя метастазы, таксама патрабуюцца пэўныя абмежаваннi ў рэжыме харчавання. Трэба ўжываць як мага менш мяса, тлушчаў i вострых прадуктаў. Калi праводзiцца гарманальнае лячэнне i хiмiятэрапiя, i ў адным, i другiм выпадку патрабуецца свая дыета, але пра яе лепш гаварыць з лечачым доктарам, бо гэта пытанне вырашаецца iндывiдуальна. А ўвогуле ўсiм мужчынам я параiў бы есцi менш мяса, пераходзiць на морапрадукты, рыбу. Напрыклад, у Японii, дзе шырока выкарыстоўваецца так званая мiжземнаморская дыета, з актыўным ужываннем дароў мора i рысу, рак прастаты сустракаецца вельмi рэдка: 4 выпадкi на 100 тысяч насельнiцтва ў год. У ЗША, напрыклад, гэта 250 выпадкаў на 100 тысяч насельнiцтва, у Беларусi — 44 выпадкi. ( — Капыль, Людмiла Пятроўна, 45 гадоў. Дзе можна прайсцi грунтоўнае абследаванне жаночай палавой сферы i здаць аналiз на вiрус папiломы чалавека? — У нашым цэнтры сёння распрацоўваецца праграма, згодна з якой можна было б за адзiн прыход хворага да ўрача зрабiць шырокае абследаванне: адначасова пракантраляваць стан шыйкi маткi, цела маткi, прыдаткаў, яечнiкаў, зрабiць ультрагукавое абследаванне, узяць аналiзы, у тым лiку на вiрус папiломы чалавека, выканаць кальпаскапiю. Праўда, мы працуем над гэтай праграмай толькi другi год. На сёння абследавана 1,5 тысячы жанчын. Цяпер аналiзуем гэты матэрыял i спадзяёмся, што ў найблiжэйшай будучынi мы зможам прапанаваць такi варыянт агляду жыхаркам нашай рэспублiкi... Што да вiрусу папiломы чалавека, то менавiта гэты вiрус, а дакладней, пэўныя яго тыпы, выклiкае рак шыйкi маткi. Гэтыя тыпы сёння шырока даследуюцца ў нашай рэспублiцы. Яны вызначаюцца i ў дзяржаўных медустановах, у прыватнасцi, у нашым цэнтры, i ў абласных клiнiках. Ва ўсiх платных медцэнтрах таксама могуць зрабiць аналiз на вiрус папiломы чалавека. Святлана БАРЫСЕНКА, Вольга ШАЎКО.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў адказалi спецыялiсты Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогii i медыцынскай радыялогii iмя М.М. Аляксандрава — намесн |
|