У такiх няпростых умовах найперш трэба вучыцца жыць па сродках
У такiх няпростых умовах найперш трэба вучыцца жыць па сродках
А на мой погляд... Якiя "ахоўныя механiзмы" вы задзейнiчалi (або не) у сваiм жыццi ў сувязi з фiнансавым крызiсам: перагледзелi сямейны бюджэт, часова адмовiлiся ад нейкiх буйных пакупак, знайшлi падпрацоўку i г.д.?
Нiна КУНЦЭВIЧ, пенсiянерка, г. Мiнск: — Нам дапамагае выжываць вёска. Там у нас захавалася бацькоўская хата, пры якой 20 сотак зямлi, ёсць свой мiнi-трактар. Увесь участак апрацоўваць магчымасцi ўжо няма, аднак частку па-ранейшаму мы выкарыстоўваем. Летам абавязкова трымаем жыўнасць. Летась, да прыкладу, гэта былi трусы i качкi, якiх мы гадавалi да восенi — для сябе i для дзяцей. Чым не падтрымка для сямейнага бюджэту? Сёлета таксама плануем штосьцi купiць, аднак пакуль не ведаем, якiмi на тую жыўнасць будуць цэны. Яшчэ — у нас ёсць аўтамабiль — абмежавалi сябе ў колькасцi паездак: эканомiм на бензiне, тым больш што i трактар патрабуе палiва. Рэчаў, адзення сталi менш набываць. Нам жа, пенсiянерам, ужо на працу, у вышэйшы свет (смяецца) не трэба. Есцi — ядзiм, не скажу, што падцiснулi жываты. Унучка вось паступiла, першы год вучыцца платна. Бацькам яе ў гэтым сэнсе выходзiць цяжкавата, трэба дапамагаць. Аляксандр ЦIШЧАНКА, начальнiк прэс-цэнтра Дзяржаўнага камiтэта пагранiчных войскаў: — Думаю, трэба найперш вучыцца жыць па сродках. Магчыма, ад нейкiх пакупак давядзецца адмаўляцца, а тэрмiны рэалiзацыi некаторых асабiстых праектаў запатрабуюць больш часу, чым думалася напачатку. Скажам, я планаваў памяняць машыну, цяпер давядзецца пачакаць. Рамонт будзе доўжыцца, умоўна кажучы, не год, а два-тры гады. Калi раней спланаваць водпуск можна было загадзя, дык сёлета будзем прымаць нейкае рашэнне блiжэй да сезона: цi ехаць у Крым, цi правесцi адпачынак на дачы. Зыходзiць будзем з узроўню цэнаў, наяўнасцi сродкаў на той момант. Падчас крызiсу самае, бадай, цяжкае, што ты не можаш нешта дакладна прагназаваць. А ўвогуле ў такiя часы выжываюць найперш аптымiсты, менавiта яны пракладваюць шляхi да выйсця з сiтуацыi. Iна СЯМЁНАВА, намеснiк начальнiка аддзела арганiзацыйна-кадравай работы Камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама: — Усё, што вы пералiчылi, я збiраюся прымяняць у будучым (смяецца). Гэтага я цалкам не выключаю, магчыма, давядзецца зацягваць паясы. Пакуль, балазе, крызiс яшчэ не так моцна адбiўся на мне, маёй сям’i. Хоць ужо цяпер я стала больш ашчадна ставiцца да выдаткаў, iмкнуся не рабiць неабдуманых, iмпульсiўных пакупак. Нават у крамы стала хадзiць радзей, каб не было спакусы за нешта аддаць грошы. У нас свой прыватны дом, ёсць невялiкi ўчастак, на якiм заўсёды нешта расло, былi невялiкiя градкi. Не выключаю, што сёлета давядзецца ахвяраваць клумбай-другой, каб замест кветак пасадзiць лiшнюю градку якой гароднiны. Кiраўнiк адной з арганiзацый г. Ашмяны (адказы дадзены на ўмовах ананiмнасцi): — Я думаю, што крызiс па-сапраўднаму мы яшчэ не адчулi. Пакуль больш размоў, прагнозаў, хваляванняў. Хоць на некаторых прадпрыемствах, як мы бачым, чуем з навiнаў, ужо скарацiлi працоўны тыдзень. На планёрках я бачу, як арганiзацыi "топяць" адна другую: няма збыту, павялiчваюцца даўгi... Калi гаварыць асабiста пра сябе, мяне найбольш хвалююць грашовыя ўклады. Многiя пажылыя людзi трымалi iх "на смерць" у беларускiх рублях, хтосьцi адкладваў сродкi як дабаўку да будучай пенсii. Пасля скачка курса долара ў пачатку года ўсе кiнулiся пераафармляць уклады, страцiўшы на гэтым частку ўласных грошай, або куплялi непатрэбную бытавую тэхнiку... Цяпер многiя трымаюць сродкi ў "панчохах". Таму менавiта ў гэтым сэнсе ў мяне спакою няма. Вiктар ШАМКОЎ, старшыня прафсаюзнага камiтэта завода "Керамiн": — Я сам эканамiст, таму працiўнiк таго, каб нейкiя лiшкi грошай, калi яны ёсць, хутчэй бегчы выдаткоўваць. Зразумела, калi нейкая пакупка планавалася загадзя i ў ёй сапраўды ёсць патрэба, тады нiякiх пытанняў. Але ж не бегчы ўкладваць сродкi ў тэлевiзары i халадзiльнiкi, як было на пачатку года, каб яны потым стаялi нераспакаванымi. Праблема ў тым, што нiхто дакладна не ведае, чым i як павернецца той крызiс. А здарыцца з кожным можа што заўгодна, напрыклад, любы з нас рызыкуе страцiць працу. У цяперашняй сусветнай гiсторыi дастаткова такiх прыкладаў: у колькiх краiнах цяпер назiраецца беспрацоўе? Таму, лiчу, трэба рыхтаваць сябе да цяжкасцяў. Па-першае, калi ёсць магчымасць, умацоўваць здароўе, напрыклад, адпачыць, падлячыцца ў якiм санаторыi. Па-другое, звярнуць увагу на магчымасць перанавучання, прыгледзець якi запасны варыянт з працай. Скажам, цяпер стала нашмат прасцей адкрыць сваю справу, чаму б не звярнуць увагу на варыянт з адкрыццём прадпрымальнiцкай дзейнасцi? А для гэтага найперш трэба "ўключаць" сваё "шэрае рэчыва", аналiзаваць сiтуацыю, што склалася, думаць пра магчымыя заняткi, якiя б маглi прыносiць даход. Васiль СМОЛIК, галоўны ўрач Навагрудскага занальнага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii: — Я вам адкажу як доктар. Сёння мы часта сталi кiваць на крызiс. А трэба проста працаваць. Будзем працаваць — не будзе i крызiсу. Мы бюджэтнiкi, аднак на нас усё гэта пакуль асаблiва не адбiлася, зарплата не зменшылася. Паколькi мы аказваем i платныя паслугi, ёсць нават магчымасць выплачваць людзям прэмii. Вядома ж, я кажу пра рублёвыя выплаты, з улiкам новага курса долара панiжэнне зарплаты ёсць. Так, цэны хоць i рухаюцца, аднак не настолькi, каб адчуць гэта вельмi балюча. Магчыма, у поўнай меры тое адбудзецца пазней? Таму, не буду спрачацца, выдаткi ў сям’i крыху скарацiлi — з аглядкай на перспектыву. Сяргей СТАРЫНАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якiя "ахоўныя механiзмы" вы задзейнiчалi (або не) у сваiм жыццi ў сувязi з фiнансавым крызiсам: перагледзелi сямейны бюджэт, часова адмовiл |
|