Рукамі i сэрцам
Рукамі i сэрцам
Работнiкi апарата кiравання Навагрудскага лясгаса працавалi на добраўпарадкаваннi тэрыторыi Курачкiнай гары ў Налiбоцкай пушчы — месцы ўвекавечання памяцi чырвонаармейцаў, якiя загiнулi ў "Навагрудскiм катле" ў лiпенi 1941 года. У вёсцы Нiзяны Ваўкавыскага раёна адрамантаваны помнiк мясцовым камсамольцам-падпольшчыкам. Праводзiцца добраўпарадкаванне вайсковых могiлак у Карэлiчах, навучэнцы Мiрскага мастацкага прафесiйна-тэхнiчнага каледжа аднаўляюць надпiсы на плiтах мемарыяльнага комплексу. Прыведзены ў парадак вайсковыя пахаваннi Першай сусветнай i Вялiкай Айчыннай войнаў у Астравецкiм раёне. А ў Слонiме валанцёры БРСМ пасадзiлi 150 бяроз у скверы, закладзеным у гонар 55-й гадавiны Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне i ў памяць воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў у мiкрараёне "Энка". У Смаргонi 120 чалавек займалiся добраўпарадкаваннем тэрыторыi дзiцячага аздараўленчага цэнтра "Лясная паляна". Свiслацкая, Ваўкавыская, Слонiмская, Шчучынская раённыя арганiзацыi "Белай Русi" за свае сродкi купiлi саджанцы дрэваў для iх пасадкi на вулiцах, у парках i скверах. У Гродне прыведзены ў парадак старадаўнiя каталiцкiя могiлкi на вулiцы Прыгараднай, у Лiдзе — прыбярэжная тэрыторыя каскада азёраў, у Слонiме адрамантавалi i пафарбавалi масты цераз Шчару i канал Агiнскага. Барыс ПРАКОПЧЫК.
Парадак на кожным кавалку зямлi Старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Пётр Руднiк у суботу працаваў на будаўнiцтве Дзiцячай вёскi-SОS у абласным цэнтры. Разам з калегамi ён пасадзiў дрэвы i выканаў бетонныя работы на ўзвядзеннi дома. Кiраўнiк вобласцi лiчыць суботнiк за свята, карыснае для ўсяго грамадства. — Сёння цудоўнае надвор’е, мы выйшлi з добрым настроем i робiм патрэбную справу, — сказаў журналiстам Пётр Мiхайлавiч. — Кожны чалавек на сваiм участку працуе i будзе старацца, каб мы не толькi навялi парадак на сваёй зямлi, але i пасля ставiлiся да яго з увагай i павагай. Супрацоўнiкi аблвыканкама з ранiцы працавалi на добраўпарадкаваннi тэрыторыi i пасадцы дрэваў. Цяпер каля Дзiцячай вёскi-SОS будуць расцi туi, рабiны i шарападобныя вербы. — Суботнiкi — гэта адна з найлепшых савецкiх традыцый, — упэўнены намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Гэта абуджэнне вясны i генеральнае прыбiранне. Калi працоўныя калектывы разам збiраюцца для таго, каб прыбраць свой горад цi вёску ад зiмы i бруду, то гэта аб’ядноўвае людзей. Таму ад суботнiкаў — толькi пазiтыўныя эмоцыi. Сродкi, сабраныя на рэспублiканскiм суботнiку жыхарамi Магiлёўскай вобласцi, пойдуць на добрыя справы: на ўзвядзенне ў абласным цэнтры помнiка дзецям вайны на вулiцы Лазарэнкi i абнаўленне воiнскiх пахаванняў i мемарыялаў Вялiкай Айчыннай вайны. Частка сродкаў ад суботнiка таксама паспрыяе ўмацаванню матэрыяльнай базы аздараўленчых дзiцячых лагераў. У цяперашнi складаны фiнансавы час гэта называюць добрым пачынам. Увогуле ў Магiлёўскай вобласцi ў суботнiку бралi ўдзел 425 тысяч чалавек, якiя зарабiлi 1,2 мiльярда рублёў. Ілона Iванова. Азелянялi, фарбавалi, будавалi... Сёлетнi суботнiк у Баранавiчах iстотна не адрознiваўся ад мiнулагоднiх. Дастаткова было прайсцiся па пасёлку тэкстыльшчыкаў, каб убачыць гэта. Нехта бялiў дрэвы цi зграбаў смецце, а тэрыторыя хлебазавода i прылеглы сквер прывялi ў парадак яшчэ напярэдаднi. I толькi работнiкi завода жалезабетонных вырабаў дружна фарбавалi металiчную агароджу наўкол свайго прадпрыемства. На ўездзе ў Баранавiчы з боку Навагрудка працавалi работнiкi гарвыканкама i дэпутаты гарсавета — абапал дарогi саджалi дрэвы. Тут суботнiк пачаўся роўна ў восем гадзiн ранiцы, а калi я пад’ехаў, то работа ўжо заканчвалася. Дырэктар КУП "Кветкi" Любоў Альшэўская расказала:— Тут сёння пасаджана 300 дрэў — гэта ў асноўным клён, лiпа, рабiна..., а калi браць па горадзе ў цэлым, то ў скверы па вул. Убарэвiча нашым прадпрыемствам пасаджана 100 дрэў, сiламi ЖКГ у гарадскiм парку — яшчэ столькi ж. А калi дадаць да гэтага 10 тыс. кветак i 170 тыс. розных кустоў для азелянення, то ўклад зроблены важкi. У Ганцавiчах супрацоўнiкi райвыканкама выехалi на суботнiк у СВК "Бярозавец" i там разам з работнiкамi ПМК-14, ДРБУ № 100 i райаграсэрвiсам працавалi на будаўнiцтве малочнай фермы — бетанавалi падлогу, праводзiлi водаправод, клалi дах. А ў Ляхавiчах заклалi сквер, прысвечаны 65-годдзю Перамогi. Работнiкi ж райвыканкама i дэпутаты на суботнiк выправiлiся ў СВК "Дружба" перабiраць бульбу ды ў Тальмiнавiчы, дзе на палях мясцовага сельгаскааператыва збiралi каменне. Сёння суботнiк ужо страцiў сваё iдэалагiчнае гучанне i з камунiстычнага ператварыўся ў дзень, калi калектыўна можна навесцi парадак — сустрэць вясну чысцiнёй. Сымон Свiстуновiч.
У Хойнiках расквiтнеюць персiкi У Год роднай зямлi ў Хойнiцкiм раёне праведзена высечка аварыйных дрэў, а непасрэдна ў дзень суботнiка тут высаджана па 100 саджанцаў чырвонага клёна, дэкаратыўнага персiка i каштана. Акрамя таго, у раёне знесены практычна ўсе непатрэбныя старыя пабудовы i на iх месцы пасаджаны сосны. 16 "цяжкiх" падлеткаў гарадскiх школ Мазыра, якiя стаяць на ўлiку ў iнспекцыi па справах няпоўнагадовых, высадзiлi ў мясцовым лесе 2 тысячы саджанцаў на плошчы ў 1 га. Амаль 1200 выкладчыкаў i студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя Ф. Скарыны наводзiлi парадак вакол карпусоў установы. У тым лiку прыбралi пасля зiмы брацкую магiлу на вулiцы Савецкай. А вось пярвiчка БРСМ Гомельскай мытнi добраўпарадкоўвала тэрыторыю абласной дзiцячай бальнiцы. Дзецям дапамагалi i супрацоўнiкi аддзела адукацыi Гомельскага раёна, яны добраўпарадкоўвалi тэрыторыю былой школы ў вёсцы Старыя Дзятлавiчы, дзе сёлета плануецца адкрыць раённы аздараўленчы лагер адпачынку для дзяцей з прыёмных, апякунскiх, малазабяспечаных, шматдзетных i няпоўных сем’яў. У Сталпянскiм сельскiм Савеце Рагачоўскага раёна помнікі воінам прыведзены ў парадак пры фiнансавай дапамозе прыватных прадпрыемстваў-шэфаў: "Рэмеза" i "Рэмкомп". Членамi працоўнага калектыву нафтагазаздабываючага ўпраўлення "Рэчыцанафта" праведзена добраўпарадкаванне на месцах пахавання воiнаў i партызанскай брыгады ў вёсцы Лясное. Акрамя таго, члены БРСМ дапамагалi старым людзям — удзельнiкам Вялiкай Айчыннай вайны, ветэранскiм удовам наводзiць парадак, апрацоўваць прысядзiбныя ўчасткi... Урэшце, на рахунак суботнiка працоўныя калектывы Гомельскай вобласцi пералiчылi больш за 2 мiльярды рублёў. Iрына АСТАШКЕВIЧ. На будоўлi i добраўпарадкаваннi Каля паўмiльёна жыхароў Брэстчыны прынялi ўдзел у Рэспублiканскiм суботнiку. Па папярэднiх звестках, заробленая сума складае крыху больш за 1,2 мiльярда рублёў. У Брэсцкай крэпасцi па традыцыi наводзiлi парадак i прыбiралi тэрыторыю супрацоўнiкi абласнога камiтэта дзяржкантролю. Апарат гарвыканкама Брэста працаваў на добраўпарадкаваннi цэнтральнай часткi горада. А будоўля № 1 Брэстчыны ў гэтым годзе — шматлiкiя аб’екты Кобрына, сталiцы сёлетнiх рэспублiканскiх "Дажынак". Туды i накiравалася каманда аблвыканкама на чале са старшынёй Канстанцiнам Сумарам. Супрацоўнiкi абласной адмiнiстрацыi працавалi на будаўнiцтве стадыёна "Юнацтва", лядовай арэны, аквапарку. Актывiсты камiтэтаў БРСМ збiралi каменне на палях ААТ "Белавежскi" Камянецкага раёна, КУСП "Маладая гвардыя" Брэсцкага раёна. Брыгада iванаўскай моладзi расчышчала i добраўпарадкоўвала могiлкi вядомага роду Скiрмунтаў. Бярозаўскiя актывiсты моладзевых арганiзацый працавалi ў старадаўнiм парку вёскi Сягневiчы. Святлана ЯСКЕВIЧ. Выйшлi дружнай грамадой Праз некалькi месяцаў Чачэрск адзначыць 850-годдзе з дня першай згадкi пра яго ў летапiсе. Таму, як расказаў намеснiк старшынi райвыканкама Пётр Несцяровiч, тут так клапаціліся пра добраўпа- радкаванне. Напрыклад, шмат людзей з вiнзавода, гаргаза, аддзела ўнутраных спраў, вiдэасеткi, прафтэхвучылiшча № 186 выйшлi на аўтатрасу Забалоцце — Чачэрск, дзе прывялi прыдарожную паласу ў належны стан. У гаспадарцы "ААТ "Атар" займалiся акультурваннем няўдобiц банкаўскiя работнiкi i прадстаўнiкi камбiната бытавога абслугоўвання, ПМК-118. А райвыканкамаўцы былi занятыя на падрыхтоўцы да рамонтных работ помнiка "Ахвярам Чарнобыля". Школьнiкi завiхалiся на добраўпарадкаваннi пляжа на возеры Святое. Персанал аддзела культуры працаваў у старажытным парку... Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Работнiкi апарата кiравання Навагрудскага лясгаса працавалi на добраўпарадкаваннi тэрыторыi Курачкiнай гары ў Налiбоцкай пушчы — месцы ўвекавечання па
|
|