Добры дзень
Добры дзень
Чысцюткая праўда — неяк раз кампанiя з трох чалавек: генерал-маёр марской авiяцыi Андрэй Паўлавiч Буняк з сынам Яўгенам (тады — лейтэнантам марской пяхоты) і яго сябрам Валерам вырашылi адпачыць на адным з астравоў непадалёк ад Пiцера. Блiжэй да вечара дабралiся туды, паставiлi намёты, донкi i кружкi для лоўлi рыбы, адкаркавалi бутэльку "Белавежскай"... Ранiцай кожны заняўся сваiм: генерал рыхтаваў вуды, хлопцы чысцiлi рыбу, а сарока ва ўсю дражнiла iхняга паляўнiчага сабаку — то спускалася перад iм на зямлю, скакала перад самым носам, то ўзлятала ўверх. Паступова стала прыпякаць. Валера падышоў да стала, каб узяць там акуляры (палажыў! Дакладна помнiў!), але яны (такiя дэфiцытныя тады "хамелеоны"), як скрозь зямлю правалiлiся! — Не перажывай, сынок, гэта ж драбяза, — стаў супакойваць хлопца генерал. — У мяне тут летась куды больш каштоўная рэч прапала — сямейная рэлiквiя, можна сказаць: кiшэнны гадзiннiк, якi мне цесць падарыў... А акуляры мы новыя купiм. — Ага, купiм, — запярэчыў Валера. — Зарплата ж у мяне не ваша. Ды i як цяперака быць? Яны ж з дыёптрыямi, а я блiзарукi i без iх, як без рук!.. Пакуль яны разважалi, Яўген думаў — думаў, куды маглi дзецца тыя акуляры? Няўжо сарока пастаралася? Трэба высачыць. Для прынады марскi пехацiнец дастаў з заплечнiка павелiчальнае шкло, паклаў на столiк. Усе адышлiся, затаiлiся, падрыхтавалiся чакаць, што будзе далей. Часу на гэта патрацiлi няшмат — хвiлiн праз пятнаццаць крылатая госця спусцiлася на зямлю. Бачком, асцярожненька, падкралася да стала, узляцела на яго, схапiла ў дзюбу шкло i скiравала ў бок далёкай будынiны. Доўга не разважаючы, Жэня кiнуўся следам, хоць гэта i нялёгка было — асаблiва на подступах, бо вакол былога iмшанiка (уцепленага памяшкання для зiмоўкi пчол) усё пазарастала — крапiвой, нейкiм быллём у рост чалавека... Але хлопец на гэта рашыў не зважаць — схаваў кiсцi рук у рукавы штармоўкi, стаў прабiрацца да будынiны. Дзе ж гняздо? Вiдаць, на гарышчы. Па гнiлаватай драбiне асцярожна падняўся туды. І аж прысвiснуў ад здзiўлення: па-першае ўразiла само сарочына жытло, а па-другое... У iм цэлы склад быў: сярэбраны партсiгар, дзве лыжкi, пудранiца, расчоска, бранзалет, блiскучыя гузiкi, напарстак... Ды што там — нават устаўная скiвiца з металiчнымi зубамi! Там жа, у сарочым складзе, як i трэба было чакаць, аказалiся акуляры "хамелеон" i... блiскучы сярэбраны гадзiннiк на ланцужку. Жэня адразу пазнаў яго, бо дзедаўскi, адмiральскi, з гравiроўкай. Рабуй нарабаванае: частку скарбаў лейтэнант марской пяхоты, не пытаючыся дазволу ў белабокай гаспадынi, прынёс на востраў. Карацей, шчаслiвымi ў гэты дзень былi ўсе — нават сабака, бо яго крыўдзiцелька была пакаранай. Уладзiмiр Шулякоўскi. г. Мiнск Без дзедаКожную нядзельку (гэта ўжо за правiла) я ўстаю на досвiтку, пыню гаспадарку, потым хапаю свае вандзэлкi i еду на базар, каб што-кольвечы там прадаць: слоiк-другi малака, смятаны, тваражку... Торг у розныя днi iдзе па-рознаму. У той — вельмi дрэнна, бо дужа ж парыла, недзе за 30 паказвала. У мяне галава ад спёкi — як збан гудзела, ногi балелi. А тут яшчэ i купiць нешта трэба было. Пакуль крамы аббегала, — ледзь аўтобус не ўцёк, я ў апошнюю хвiлiну ўвалiлася. Але ж бачу — месца вольнае ёсць, побач з кабiнай. "Во, — думаю, — як добранька, па дарозе хоць адпачну". Уселася, твар выцiраю, аўтобус крануўся ўжо... Чую — нехта крычыць: "Стой!" i па кузаве ляпае. Кiроўца спынiўся, дзверы адчынiў. Бабуля ў салон падымаецца. З клункамi. "Вось, — думаю, — я i пасядзела". Давай уставаць, саступаючы месца. А тая — нi ў якую. Кажа: — Ты, ўнучачка, сама сядзi. Бач, якi ў цябе твар — чырвоны. Мусiць, цiск падскочыў? А я? Я, дзетка, пастаю. 83 гадкi маю, але, дзякуй Богу, здаровая. — Ну вы скажаце! — зашумелi пасажыры. — Ды не можа быць?! — А вось i можа! — не здаецца бабуля. — Анiчогачкi мне не балiць! — I што — не балела? — Ну, чаму? Зрэдчас здаралася... Але ж я тады трошкi паляжу, парашок якi вып’ю i далей працаваць... Пасажыры ад здзiўлення аж змоўклi. — А дзецi ж цi здаровыя? — пацiкавiўся нехта праз хвiлiну-другую. — Не, людцы, — уздыхнула бабка, — не па мне пайшлi: гнiлыя, хварэюць. Дачка на iнвалiднасцi ўжо. I сын пад нажом быў... — Ну, а дзед ваш, мужык? — А няма ў мяне дзеда. I не было. Двое дзетак сама прыстаралася, сама выгадавала. Нахалеру ён? — Во!.. Вось таму вы, бабуля, i здаровая, што няма, што нiхто вам вантробы не еў! — прызналi жанчыны спадарожнiцы i аж зайшлiся ад рогату... Мяне ж здзiвiла тое, што разам з намi смяялiся i мужчыны. Над чым? Не ведаю. Можа, над сабой? А. Скарабагатая. Стаўбцоўскi раён ТалiсманЧаго толькi цяпер няма на сталiчных вулiцах! А некалi, помню, што нi машына, — з’ява, лiчы: сярод нашых паўтарачак i ЗiСаў амерыканскiя "студабекеры", канадскiя "макi"... У апошнiх, дарэчы, унушальных памераў рашотка спераду была, быццам рыклiвы звер за ёю хаваўся... А я тады працаваў на дрэваапрацоўчым заводзе, i паслалi нас неяк на Лагойшчыну па драўнiну-сыравiну. Мы нарыхтавалi, "МАК" той падпоўз. Узялiся грузiць, кiроўца — адпаведна — камандаваць, што ды як. А адзiн з нашых жартаўнiкоў недзе каровiн чэрап адкапаў i неўпрыкмет прычапiў — спераду машыны, на тую рашотку. Што далей было, кiроўца кожны раз расказваў па-новаму. У бальшынi так: — Еду я, значыць, у горад. Гляджу — усе сустрэчныя мне фарамi блiсь ды блiсь. Ага, думаю, недзе, мусiць, даiшнiкi схавалiся. На ўсякi выпадак хуткасць скiнуў — ужо паўзу. I нiчога не разумею — нiдзе нiкога не вiдаць, а сустрэчныя "мiргаюць" i "мiргаюць". I лыбяцца. А чаго?.. Толькi ў Мiнску ўжо спынiў мяне даiшнiк. Пытаецца, што гэта ў цябе за талiсман такi спераду вiсiць?.. Зiрнуў я — за галаву хапiўся!.. Але ж не бывае таго дрэннага, каб на добрае не выйшла. Убачыў мой "упрыгожаны" "мак" нехта з кiраўнiкоў нашага аўтазавода, i яму сама iдэя спадабалася. З той пары на нашых МАЗах эмблема з’явiлася — зубр. ...Цалкам магчыма, што ў гэтай эмблемы iншая гiсторыя. Але ж гэта таксама мае права быць. Iлля Шахрай. г. Мiнск Насi сваё!У маёй сяброўкi нядаўна юбiлей быў — 15 гадоў, як замужам. Сабралася яе сям’я, нашу запрасiлi, разам павячэралi. Потым дзецi да камп’ютара пайшлi, мужыкi — да тэлевiзара, а мы, як вядома, на кухню — посуд мыць, "размовы размаўляць". "З аднаго боку паглядзець, — мыючы, кажа Наташа, — дык я i шчаслiвая: дзецi харошыя, мужык не п’е, новая кватэра. А як з iншага..." Што з iншага — гэта сумная гiсторыя, хоць для некага, можа, i смешная. Тады нам было па 19-20 гадоў, мы жылi ў студэнцкiм iнтэрнаце. Вядома ж, хадзiлi на дыскатэкi, на спатканнi, на танцы, мелi нейкiх паклоннiкаў, але яшчэ не сур’ёзных. Добра помню той дзень, калi з’явiўся першы сур’ёзны. Наташка мая ўляцела ў пакой, як на крылах i з парога закрычала: "Я сустрэла яго! Я сустрэла!...". "Каго?" — сталi дапытвацца мы. "Ды хлопца сваёй мары! Яго завуць Валянцiн. Ён працуе на трактарным... Мы дамовiлiся сустрэцца, у кiно схадзiць — заўтра, у суботу, у пяць гадзiн вечара". Напярэдаднi, цi не з 5 ранiцы — яна ўжо i сама не спала, i нам не давала. Схадзiла ў душ, накруцiла валасы, стала ў чарговы раз перабiраць свой гардэроб, думаць, што апрануць, бо яно ж, напэўна, усiм дзяўчатам i жанчынам гадоў да 30, а то i пазней, здаецца, што ўся справа ў гэтым... Да выбару адзежы падключылiся i мы. Чаго толькi на яе нi напяльвалi — са свайго пакоя, з суседняга. Нарэшце спынiлiся на белай блузцы i чырвонай спаднiцы. Яна вельмi прыгожая была — у зборачку, на шырокай паяснiчцы... I (гэта важна) на кнопачках спераду. Праўда, памер малаваты. Наташа насiла 48-ы, а спаднiца — суседчына — недзе 44-га... Аднак, калi жывот падцягнуць. Наташа так i зрабiла. Апранулася, паехала да ўнiвермага "Беларусь", каб адтуль ужо разам з хлопцам пайсцi ў кiнатэатр "Камсамолец". Што далей было, расказала толькi праз тыдзень i праз слёзы. Даехала, значыць. Праз шыбку аўтобусных дзвярэй (стаяла ля выхада на нiжняй прыступцы) убачыла твар Валянцiна. Узрадавалася. А потым — дзверы адчынiлiся, людзi ламанулi да выхада. I пры гэтым нехта наступiў ёй на падол спаднiцы. Кнопкi, што i так трымалiся на чэсным пiянерскiм, расшпiлiлiся... Нельга сказаць, што яна выйшла без спаднiцы, бо яна паспела яе падхапiць. Але ж пры гэтым страшэнна збянтэжылася, перапужалася, кiнулася назад у аўтобус, пакуль апомнiлася, з’ездзiла аж у кальцо... Тым жа аўтобусам паехала назад — дамоў, бо была ўпэўнена, што Валянцiн ужо не чакае. Але ж, праязджаючы мiма прыпынку, убачыла, што хлопец яшчэ там. "Значыць, ён нiчога не бачыў!" — падумала Наташа i выскачыла з аўтобуса. Пакуль перайшла дарогу, ён знiк. Назусiм, бо нi нумара тэлефона, нi прозвiшча... Яна вельмi перажывала. Некалькi разоў мы нават хадзiлi да прахадной трактарнага завода ў надзеi сустрэць яго, але ж... Не з нашым шчасцем, як кажуць. З той пары мы з сяброўкай узялi за правiла — нiчога не пазычаць у iншых, насiць толькi сваё. I ўсё ж вельмi часта думаем, цiкава, як бы злажыўся лёс (прынамсi яе), калi б гэтак рабiлi раней. Таццяна С. г. Мiнск Першая праверкаБыло гэта гады чатыры назад. Мяне толькi прызначылi намеснiкам дэкана медыка-псiхалагiчнага факультэта медунiверсiтэта, i я рашыў выканаць адзiн са сваiх новых абавязкаў — у вячэрнi час наведаць студэнцкi iнтэрнат № 5. Зайшоў, назваўся вахцёрцы, пашыбаваў на пяты паверх, каб ужо адтуль пачаць сваю праверку. Аднак... Не паспеў пяцi крокаў зрабiць, як з-за спiны пачулася: — Ой, Вiктар Iванавiч! Добры вечар! — Добры, — адказаў другакурснiцы Марыне К. — А вы да каго ў гэткi познi час? — гуллiва спытала яна. Я сумеўся, як мага больш строга сказаў: — Як гэта — да каго? Я — з праверкай. Дзяўчо... аж закацiлася ад рогату: — Кацька, — гукнула (з кухнi тут жа высунулася рыжая дзявочая галава), — глянь, Вiктар Iванавiч — з праверкай! — Ой, i праўда Вiктар Iванавiч! — аж расцвiла тая рыжая. — Вы ў якi пакой iдзяце?.. А то давайце да нас, у 138-ы? У нас — катлеты. — Дзякуй, — як быццам згадзiўся я, — зайду, але пазней. Нашы досыць гучныя перамовы, вiдаць, зацiкавiлi iншых — зарыпелi, заляпалi дзверы, з-за кожных — высоўвалiся цiкаўныя тварыкi. I зноў жа з пытаннямi, да каго я, з прапановамi гарбаты. А найгорш... — Вам падказаць, дзе патрэбны пакой? — прапаноўвалi дзяўчаты, — а то ў першы раз тут многiя блытаюцца... Я, чырванеючы ад няёмкасцi i злосцi, iшоў роўна. Куды, — за мной цiкавала чалавек 15. Значыць, у дзявочыя пакоi мне дарога заказана, бо заўтра ўвесь унiвер будзе гадаць, да каторай з чатырох дзяўчат я заляцаюся. Трэба, думаю, iсцi ў хлапечы (са 127-га якраз нейкi хлопец выходзiў). Але, ужо дайшоўшы, лiчы, да дзвярэй, я рэзка перадумаў: пры сучаснай змешанай арыентацыi, цi не будзе гэта горш, чым зайсцi ў дзявочы? ...Карацей, наведванне iнтэрната як пачалося, так i скончылася — я рушыў да выхада. Услед мне з усiх бакоў неслася: — Што — не знайшлi яе, Вiктар Iванавiч? Заходзьце яшчэ, Вiктар Iванавiч! А як жа катлеты? В. Варанец. г. Гродна Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чысцюткая праўда — неяк раз кампанiя з трох чалавек: генерал-маёр марской авiяцыi Андрэй Паўлавiч Буняк з сынам Яўгенам (тады — лейтэнантам марской пя
|
|