Хочацца жыць, а паратунку няма
Хочацца жыць, а паратунку няма
Малады магiлёўскi скульптар Аляксандр Мiнькоў перамог у творчым конкурсе на лепшы праект мемарыяльнага знака ў памяць пра пацыентаў Магiлёўскай псiхiятрычнай бальнiцы, якiя былi забiтыя нямецкiмi акупантамi ў 1941-42-х гадах. Гэты знак будзе ўсталяваны сёлета на старым бальнiчным будынку, якi захаваўся да нашых дзён. Менавiта там фашысты стварылi душагубку, дзе знiшчылi каля 1,5 тысячы хворых i бездапаможных людзей, якiх лiчылi непатрэбнымi грамадству i нявартымi жыцця. Іх атручвалi аўтамабiльнымi выхлапнымi газамi, каб вызвалiць будынкi псiхiятрычнай бальнiцы для вайсковых мэтаў. Сумесны беларуска-нямецкi праект "У памяць пра загубленыя душы" iнiцыявалi калегi — медыкi з псiхiятрычнай бальнiцы Магiлёва i ўнiверсiтэцкай клiнiкi Хайдэльберга. Iх аб’яднала слушная выснова: хто забывае сваё мiнулае, той асуджаны на яго паўтарэнне. Да абмеркавання мемарыяльнага знака далучылася грамадскасць у абедзвюх краiнах. У журы, якое вызначыла лепшы праект, увайшлi медыкi, мастацтвазнаўцы, iдэолагi, дэпутаты, прадстаўнiкi ўлады. I немцы, i беларусы аднадушна аддалi першую прэмiю Аляксандру Мiнькову: ён здолеў перадаць трагедыю простымi формамi — усяго толькi чалавечай постаццю i маленькiм ваконцам. — Гэта сiмвал, i не трэба словаў, каб яго зразумець, — пракаментаваў намеснiк старшынi Магiлёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, якi аддаў свой голас за гэту работу. — Чалавек гiне, i яго рукi цягнуцца да ратавання. Такi памятны знак робiць вялiкае ўражанне. — Тут зразумелая безвыходнасць: паратунку няма, а хочацца жыць, — дадаў дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Алег Сакадынец. — Чалавек, нават калi ён пазбаўлены розуму, адчувае пагрозу смерцi. Ён цягнецца да святла i паветра. Але праз тое вакенца ўверсе толькi што душа адыдзе ў сусвет. — Помнiк выразны ў сваёй прастаце, — сказала Развiта Лаўтэр з Хайдэльберга. — Людзi любой нацыянальнасцi зразумеюць яго сутнасць. Сiмвалiчна, што аўтар лепшага праекта — малады магiлёвец, якi вырас непадалёк ад псiхiятрычнай бальнiцы ў Пячэрску. Аляксандр Мiнькоў добра ведае гэтыя мясцiны з дзяцiнства i знаёмы з жахлiвымi гiсторыямi, якiя з iмi звязаны. Напрыклад, у гэтай псiхбальнiцы напрыканцы 1930-х гадоў скончылася жыццё Цiшкi Гартнага. Цяпер непадалёк усталяваны стылiзаваны пад крыж знак у памяць пра гэтага вядомага беларускага дзеяча, рэпрэсаванага пiсьменнiка. Новы знак — памяць пра iншыя падзеi, але таксама малавядомыя ў Беларусi. Матэрыялы па знiшчэннi хворых у Магiлёўскай псiхiятрычнай бальнiцы фiгуравалi ў якасцi абвiнавачання на знакамiтым Нюрнбергскiм працэсе. Страшным злачынствам супраць чалавецтва называюць праграму нямецкага рэйха "Эўтаназiя", у вынiку якой былi знiшчаны тысячы псiхiчна хворых людзей. — Побач з памятным знакам мы хочам зрабiць iнфармацыйную дошку на дзвюх мовах пра гэту трагедыю i яе ахвяраў, — патлумачыў доктар медыцыны, супрацоўнiк унiверсiтэцкай клiнiкi Мюнхена Герыт Хоэндорф. — Цяпер над гэтым працуюць студэнты Магiлёўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Аляксандр Мiнькоў атрымаў прэмiю ў 200 еўра i заказ на выраб памятнага знака. Ён будзе ўсталяваны i ўрачыста адкрыты ў лiпенi. Iлона IВАНОВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Малады магiлёўскi скульптар Аляксандр Мiнькоў перамог у творчым конкурсе на лепшы праект мемарыяльнага знака ў памяць пра пацыентаў Магiлёўскай псiхiя |
|