Тэрмiналам па нелегалах
Тэрмiналам па нелегалах
Рэха публікацыi
25 сакавiка 2009 г. наша газета апублiкавала матэрыял "Хто ж нас выганiць? Мы пусцiлi каранi на вакзале" — другi па лiку крытычны артыкул аб праблемах у сферы мiжгароднiх перавозак пасажыраў. Папярэднiчала яму публiкацыя "Месца для бамбiл" ад 29 кастрычнiка 2008 года. Размова iшла пра iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, якiя не афармляючы дакументы, так званыя заказ-нарады, не выдаючы квiткi, адвозяць пасажыраў у розныя населеныя пункты. Пры гэтым пасажыр не мае нiякiх гарантый бяспекi, бо паводзяць сябе кiроўцы гэтых мiкрааўтобусаў у дарозе, мякка кажучы, не дысцыплiнавана. Зразумела, што ездзяць яны з хуткасцю 110, каб i пасажырам хутчэй дабрацца, i самiм больш рэйсаў зрабiць, машыны iх не заўсёды адпавядаюць патрабаванням тэхнiкi бяспекi — часу станавiцца на рамонт няма, бо прастой — страта грошай. Гэта вiдавочныя недахопы, якiя заўважылi мы падчас паездкi ў якасцi журналiсцкага эксперыменту з такiмi перавозчыкамi. Пра стаж кiроўцы (не менш за два гады катэгорыi D) i казаць залiшне — даведацца пра яго могуць толькi падчас праверкi ўпаўнаважаныя асобы. Усё гэта зразумела, вось толькi пра бяспеку, жыццё пасажыраў такiя кiроўцы наўрад цi задумваюцца. Пасля публiкацыi ў нашай газеце нам стала вядома, што на Маскоўскiм аўтавакзале сталiцы (а ў матэрыяле менавiта пра яго iшла размова) цяпер штодня дзяжурыць супрацоўнiк транспартнай iнспекцыi. Трэба меркаваць, што ў яго абавязкi ўваходзiць кантроль за тымi асобамi, якiя iмкнуцца назбiраць там пасажыраў. І сапраўды, апошнiм часам натоўп бесшабашных кiроўцаў iстотна парадзеў, нахабных прапаноў наконт паездкi ў Лепель, Новалукомль, Вiцебск на прылеглай да Маскоўскага тэрыторыi чуецца ўсё менш. Рэдакцыя нашай газеты тым часам таксама атрымала адказ ад начальнiка транспартнай iнспекцыi Мiнiстэрства транспарту А.П. Iванкова. Прыводзiм тэкст лiста цалкам. "У выкананне даручэння Мiнiстра транспарту i камунiкацый Рэспублiкi Беларусь У.Г. Сасноўскага ад 27 сакавiка 2009 г. Транспартная iнспекцыя Мiнтранса, правёўшы аналiз iнфармацыi, якая ўтрымлiваецца ў артыкуле "Хто ж нас выганiць? Мы пусцiлi каранi на вакзале", паведамляе: Цяпер у Рэспублiцы Беларусь выдадзена 29 766 лiцэнзiй на права ажыццяўлення дзейнасцi ў галiне аўтамабiльнага транспарту. З iх са складнiкам вiдаў паслуг "мiжгароднiя перавозкi пасажыраў" — 3775 спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) (12,7%). Падчас ажыццяўлення гэтага вiду перавозак юрыдычнымi асобамi i iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi эксплуатуецца 8300 транспартных сродкаў. Транспартнай iнспекцыяй пастаянна праводзяцца кантрольна-прафiлактычныя мерапрыемствы, накiраваныя на кантроль выканання заканадаўства падчас ажыццяўлення перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносiнах. Так, за перыяд 2007—2009 гг. праведзена 328 мэтавых праверак, за студзень—сакавiк 2009 г. — 118, у тым лiку ў межах спецыяльных мерапрыемстваў "Тэрмiнал". Падчас праверак праверана 3889 транспартных сродкаў, выяўлена 1687 парушэнняў заканадаўства ў галiне аўтамабiльнага транспарту, складзена 435 актаў, прыцягнута да адмiнiстрацыйнай адказнасцi 189 чалавек, анулявана 59 спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй). Вызначаны якасны склад асобаў, якiя выконваюць перавозкi пасажыраў у нерэгулярных мiжгароднiх зносiнах, пры гэтым устаноўлена, што прыкладна 40% падобных перавозак ажыццяўляюць асобы без наяўнасцi лiцэнзii, а 60 % — лiцэнзiяты, якiя выконваюць "схаваныя рэгулярныя перавозкi". На тэрыторыi ўсiх абласных цэнтраў i раённых гарадоў вызначаны месцы пастаяннай канцэнтрацыi асобаў, якiя прапануюць насельнiцтву такiя паслугi (чыгуначныя i аўтавакзалы i прылеглая да iх тэрыторыя, дыспетчарскiя станцыi i iнш), найбольш верагодны час адпраўлення транспартных сродкаў па маршрутах, якiя ўстаялiся, i пералiк асобаў, якiя ажыццяўляюць дзейнасць з парушэннем заканадаўства. Падчас запланаванага ў другiм паўгоддзi гэтага года правядзення дакументальных праверак транспартнай дзейнасцi гэтыя асобы ў першую чаргу будуць унесеныя ў план правядзення праверак i, у выпадку пацвярджэння фактаў парушэнняў заканадаўства ў дачыненнi да iх будуць прынятыя меры ў адпаведнасцi з заканадаўствам. Для павышэння эфектыўнасцi кантролю Транспартнай iнспекцыяй зацверджаны План правядзення сумесных мерапрыемстваў з Мiнiстэрствам па падатках i зборах i УДАI МУС па кантролi за транспартнай дзейнасцю на 2009 г. Уведзена ў практыку штомесячная распрацоўка графiкаў правядзення сумесных праверак на ўзроўнi аблвыканкамаў i Мiнскага гарвыканкама, а ў некаторых выпадках, у месцах размяшчэння кропак канцэнтрацыi асобаў, якiя прапануюць паслугi па нерэгулярных перавозках пасажыраў нават на ўзроўнi адмiнiстрацыi раёнаў. Па ўсiх фактах перавозак пасажыраў без наяўнасцi спецыяльнага дазволу (лiцэнзii) iнфармацыя накiроўваецца ў IМПЗ па месцы рэгiстрацыi транспартнага сродку, паколькi меры адмiнiстрацыйнага ўздзеяння на асобаў, якiя займаюцца дзейнасцю па перавозцы пасажыраў без наяўнасцi лiцэнзii, маюць права прымаць супрацоўнiкi IМПЗ, КДК, МУС. Пазiцыя iнспекцый МПЗ заключаецца ў дачы фармальнага адказу на паведамленне, а якiя-небудзь дзейсныя меры ў дачыненнi да нелегальных перавозчыкаў не прымаюцца, што абумоўлена, на наш погляд, дастаткова складанай працэдурай доказу факту ажыццяўлення незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасцi, а таксама адсутнасцю такога рычага ўздзеяння як канфiскацыя транспартных сродкаў. У мэтах павышэння эфектыўнасцi праверак на лiнii супрацоўнiкi аддзелаў кантролю фiлiялаў Транспартнай iнспекцыi пераведзеныя з 5-дзённага працоўнага тыдня з фiксаваным рэжымам працы на зменны графiк работы, у тым лiку ў вячэрнi i начны час, а таксама выхадныя днi. Транспартнай iнспекцыяй на перыяд з 15.04.2009 г. па 15.05.2009 г. запланавана рэалiзацыя комплексу кантрольна-прафiлактычных мерапрыемстваў "Тэрмiнал", якiя накiраваныя на выкараненне парушэнняў заканадаўства падчас ажыццяўлення перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносiнах. У гэты перыяд, грунтуючыся на вынiках раней праведзеных праверак i iнфармацыi, атрыманай з розных крынiц, супрацоўнiкамi Транспартнай iнспекцыi будуць праведзеныя мэтавыя праверкi як на аўтадарогах i стацыянарных аўтазбудаваннях, так i ў iншых месцах канцэнтрацыi асобаў, якiя ажыццяўляюць дзейнасць па перавозках пасажыраў у нерэгулярных зносiнах. Падчас правядзення мерапрыемстваў "Тэрмiнал" асаблiвая ўвага будзе нададзена перавозкам пасажыраў у напрамках "Мiнск — Вiцебск", "Мiнск — Лепель", "Мiнск — Новалукомль", "Мiнск — Докшыцы". З мэтай максiмальна аб’ектыўнага асвятлення праблем "схаваных рэгулярных" i нелегальных перавозак пасажыраў у мiжгароднiх зносiнах прапануем узяць удзел у правядзеннi аднаго з рэйдаў у перыяд з 15.04.2009 па 15.05.2009". Мы — толькi за аб’ёктыўнае асвятленне, таму i ў рэйд згодныя паехаць, i напiсаць потым пра бачанне праблемы з iншага боку. А галоўнае, паспрыяць са свайго боку яе вырашэнню. Алена АЎЧЫННІКАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
25 сакавiка 2009 г. наша газета апублiкавала матэрыял "Хто ж нас выганiць? Мы пусцiлi каранi на вакзале" — другi па лiку крытычны артыкул аб |
|