А дзе ж тыя дудары?
А дзе ж тыя дудары?
Аматары беларускiх традыцый i беларускай музыкi, напэўна, звернуць увагу на даты — 24, 27 i 28 красавiка. Бо ў гэтыя днi ў Беларусi адбудзецца 8-мы па лiку Мiжнародны фестываль дударскай музыкi "Дударскi фэст". Гэта адзiнае мерапрыемства такога кшталту ва ўсёй Усходняй Еўропе ладзiцца з 1992 года, а з 2006 — адбываецца штогод. І кожны раз, безумоўна, мае свае асаблiвасцi i сюрпрызы. Сёлета такiх адметнасцяў, паводле словаў прадзюсара фэсту Змiцера Сасноўскага, адразу некалькi. Так, у праграме з’явiўся гурт "Litvintrоll", якi прынцыпова спалучае ў сваiх выступленнях традыцыйныя беларускiя iнструменты i стылiстыку рок-музыкi. Гурт, дарэчы, возьме ўдзел у канцэрце-адкрыццi фестывалю 24 красавiка ў сталiчным клубе "Рэактар". Таксама ў канцэрце возьмуць удзел "Стары Ольса", "Tеstаmеntum Tеrrае", "Расалiя", Еsрrit, "Келiх кола", "Гiстрыён", Дзянiс Сухi i гурт "Дзевясiл", Тодар Кашкурэвiч). Эстрадны гурт "Еsрrit", якi не саромеецца называцца нават "папсой", мiж iншым, спецыяльна для фэсту запiсаў тры песнi з выкарыстаннем валынкi. Акрамя таго, упершыню апошнi дзень фэсту адбудзецца на адкрытай пляцоўцы — 28 красавiка ў музейным комплексе "Дудуткi" з 13 да 18 гадзiн будзе доўжыцца вялiкая праграма з выступленнямi музычных калектываў, кiрмашом сярэднявечных рамёстваў, традыцыйнай нацыянальнай кухняй i напоямi. "Выступленне на адкрытым паветры — гэта яшчэ i своеасаблiвы iспыт для музыкаў, якiя цягам 3 гадзiн павiнны граць практычна без перапынкаў, пацвярджаючы, што iх iнструмент сапраўды строiць", — расказаў Змiцер Сасноўскi. 5 айчынных турфiрмаў падтрымалi iдэю опэн-эйр i арганiзуюць дастаўку наведвальнiкаў на мерапрыемства. Традыцыйна на фэст запрошаны замежныя госцi, прычым штогод розныя: на адкрыццi сыграе "Kареlа ziеlе" з Польшчы i, магчыма, музыкант з Балгарыi, на закрыццi — музыкант з Данii Рунэ выступiць сумесна з беларускiм гуртом "Келiх кола". Яшчэ адна абавязковая частка дударскага фэсту, цiкавая i больш важная не для гледачоў, а для самiх удзельнiкаў — навуковая канферэнцыя "Захаванне дударскай традыцыi ў Беларусi i ў Балтыйскiм рэгiёне Еўропы". Некалькi гадоў запар яна ладзiцца на хутары найстарэйшага беларускага майстра-дудара Алеся Лася ў Валожынскiм раёне. Сёлета 27 красавiка таксама выканаўцы i майстры з розных гарадоў — Гродна, Оршы, Маладзечна, Браслава, Iвянца, Лепеля ды iншых — збяруцца на канферэнцыi, каб абмяняцца досведам, тэхнiчнымi дэталямi i сакрэтамi ў вырабе, доглядзе i самiм працэсе iгры на дудах. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Фота з сайту фестывалю www.dudаr.infо.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аматары беларускiх традыцый i беларускай музыкi, напэўна, звернуць увагу на даты — 24, 27 i 28 красавiка. Бо ў гэтыя днi ў Беларусi адбудзецца 8-мы па |
|