21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

МАЛІТВА ЛЕСI БЕЛАРУСКI

26.08.2009 12:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

МАЛІТВА ЛЕСI БЕЛАРУСКI

Упершыню iмя беларускай паэтэсы Лесi Беларускi стала вядомае ў 1997 годзе, пасля публiкацыi ў часопiсе "Полымя" (№12) нiзкi яе "лагерных" вершаў "Малiтва да Калымы". Публiкацыю рыхтавалi тры чалавекi: Васiль Малагуша, Ала Канапелька i Валянцiна Коўтун. У 2003 годзе творы Лесi Беларускi ўвайшлi ў зборнiк "Краса i сiла: Анталогiя беларускай паэзii ХХ стагоддзя". Яшчэ пазней Леся Беларуска была названая адкрыццём ХХ стагоддзя, у друку з’явiлiся выказваннi, што на яе радзiме, у Маладзечне, ёй трэба паставiць помнiк. Сталi з’яўляцца кнiгi ўспамiнаў, даследаваннi яе бiяграфii... I разам з тым прагучалi першыя выказваннi пра тое, што Леся Беларуска — гэта лiтаратурная мiстыфiкацыя. "Звязда" звярнулася да чалавека, якi меў дачыненне да першай публiкацыi вершаў Лесi Беларускi, — пiсьменнiцы Валянцiны КОЎТУН, каб пачуць яе меркаваннi на гэты конт.

— Апошнiм часам на старонках розных выданняў, у радыёперадачах, на творчых сустрэчах усё часцей гучыць iмя Лесi Беларускi, выклiкаючы нават дыскусii. Вы, Валянцiна Мiхайлаўна, былi далучаны да першай публiкацыi "Малiтвы да Калымы" ў часопiсе "Полымя". Таму цiкава пачуць Вашы згадкi пра тагачасныя падзеi.

— Пра Беларуску ўпершыню пачула я ў дзевяностыя, падчас актыўнага росту ў рэспублiцы жаночага руху, да якога далучылася са сваiмi каляжанкамi i я, заснаваўшы Усебеларускi (пазней Мiжнародны) жаночы фонд Святой Ефрасiннi Полацкай. Якраз на адзiн з форумаў фонду Мая Тодараўна Кляшторная i прывяла былога вязня лагера "Эльген" Васiля Малагушу, якi расказаў пра свае сустрэчы на Калыме з прыгажуняй-беларускай, якая добра складала i спявала вершы. Суровыя лагерныя ўмовы не спрыялi захаванню рукапiсаў, а без паэтычнай спадчыны, нават пры наяўнасцi выключнай бiяграфii, як вядома, паэта не бывае. Праўда, некалькi рускамоўных невыразных радкоў Лесi былi прачытаны мной у адным з выданняў грамадскага аб’яднання ахвяраў рэпрэсiй, прынесеным той жа Маяй Тодараўнай. Але прачытанае не зрабiла на мяне станоўчага ўражання. Аднак прайшло колькi часу, i запiсаныя па маёй просьбе ад Малагушы Алай Канапелькаю адметная бiяграфiя беларускай "калымчанкi", спецыфiчная лексiка, каларытныя дэталi лагернага побыту, геаграфiчныя назвы ўсё ж распачалi ў маёй душы сваю "ядзерную" рэакцыю i настолькi моцна паўплывалi на творчае ўяўленне, што амаль выбухова, цi не на працягу двух-трох тыдняў, "Малiтва да Калымы" была завершана i прапанавана для публiкацыi ў "Полымi".

Толькi цяпер, пачытаўшы "Круты маршрут" Яўгенii Гiнзбург, разумею, што кнiга гэтая пэўным чынам паўплывала на створаную Васiлём Малагушам бiяграфiю Лесi Беларускi. Аднак сёння я глыбока ўдзячная Васiлю Андрэевiчу за тэму, за нараджэнне ў нашай лiтаратуры незвычайнай постацi. I хоць вершы пад iменем Лесi Беларускi створаны маiмi творчымi пакутамi, але сааўтарам тут выступае сам час, тыя бурныя дзевяностыя, якiя запатрабавалi "Малiтвы да Калымы".

Зрэшты, кожны паэт, кожны творца — толькi праваднiк iдэй сваёй эпохi, той, па словах Лiны Кастэнкi, "iнструмент, у якiм жыве душа народа". I гэта асаблiва паказальна ў гiсторыi ўзнiкнення "Малiтвы да Калымы", першыя вершы якой былi напiсаны ў дзевяностыя, а апошнiя — ужо ў нашы днi. Таму кожны з чытачоў павiнен сам для сябе вырашыць, цi з’яўляецца Леся Беларуска адным з маiх псеўданiмаў, цi гэта — самастойная лiтаратурная з’ява...

— У некаторых выданнях ёсць згадкi пра тое, што разам з Ларысай Марозавай, беларускай паэтэсай, якая распачала i скончыла сваю творчую дзейнасць у Калыме пад псеўданiмам Лесi Беларускi, адбывалi пакаранне Яўгенiя Гiнзбург i беларуская пiсьменнiца Ядзвiга Бяганская.

— Яўгенiя Гiнзбург пра Лесю Беларуску не згадвае. Бяганская таксама. Апошняе нядаўна мне пацвердзiла пiсьменнiца Алена Васiлевiч, якая сябравала з Бяганскай. Яны i не могуць згадваць. Я яшчэ тады, калi ўпершыню ўбачыла бiяграфiю Беларускi, зразумела, што яна ўтрымлiвае немалую долю вымыслу. Я ўпэўненая, што Васiль Малагуша сустракаў там беларусак i прыгожых, i таленавiтых, i быў закаханы ў iх, i захапляўся iмi, i слухаў iх песнi, i некаторыя з iх былi паэтэсамi. I ён утварыў у сваёй свядомасцi такi калектыўны вобраз.

— А канкрэтнага чалавека — Ларысы Марозавай — не было?

— Я ў гэтым не сумняваюся. Нiхто з "дзяцей" лейтэнанта Шмiдта не змог знайсцi яе слядоў. Ды гэта i немагчыма. Але тут важна не тое, iснавала такая асоба альбо не. Час распарадзiўся так, што Малагуша знайшоў мяне, я ўбачыла, што бiяграфiя трохi прыхарошаная, але я тады шчыра паверыла ў iснаванне Лесi Беларускi. У той жа самы час я трапiла ў аварыю. Мы разам з Лiнай Кастэнкай i Крысцiнай Лялько паехалi на возера Свiцязь i ледзь не загiнулi. Больш за тое, у мяне былi падставы думаць, што аварыя была не выпадковай. Я апынулася ў шокавым стане. Тады я i напiсала гэтую падборку. Я тады толькi прыйшла да Бога, i гэта адлюстравалася ў паэтыцы вершаў: "Цвiк забiвае хтосьцi ў ногi мне..." Я цалкам растварылася ў вобразе Лесi. Добра, што я тады не чытала "Круты маршрут" Гiнзбург, бо зразумела б, што такой жанчыны не было. I нiчога не напiсала б. Але ў мяне быў толькi ўзнёслы настрой, аповеды Малагушы i бачанне гэтых снягоў, сцюжы, ветру, гэтых няшчасных жанчын... I мая нядаўняя аварыя. Такiм чынам з’явiлася публiкацыя, аўтарамi якой былi тры чалавекi. Вершы — мае, iмя "Леся Беларуска" належыць Малагушу, а бiяграфiю напiсала Ала Канапелька. Па-сутнасцi, Ала дапамагла мне ўвайсцi ў тэму, яна дала мне фактуру, якая мяне падштурхнула. Бо сама я не шукала б яе. Атрымаўся калектыўны помнiк. Некалькi вершаў, якiя не ўвайшлi ў "Полымя", я надрукавала ў зборнiках Мiжнароднага жаночага фонду iмя Ефрасiннi Полацкай "Жанчына. Планета. Будучыня".

— Ва ўсiх публiкацыях вершы былi падпiсаны iменем Лесi Беларускi?

— Так. Я пра гэта нават не задумвалася. Я б i далей пра гэта маўчала, калi б раптам, праз дзесяць гадоў, не падняўся вакол iмя Лесi Беларускi шум, якi мне вельмi не спадабаўся. Сталi з’яўляцца публiкацыi, даследаваннi, знайшлiся нават яе "пляменнiкi"... Некаторыя з гэтых рэчаў мяне забаўлялi, некаторыя — радавалi, аднак мяне не магло не ўразiць жаданне некаторых на гэтым спекуляваць. Адным з тых, хто зразумеў iсцiну, быў Алег Лойка. Ён проста ўчытаўся ў стылiстыку вершаў. У тое, што там напiсана i як. Цi магло быць такое пяро ў 30-40-я гады? I такiя тэмы? Лойка тады выказаў думку: калi б Лесi Беларускi не было, то яе трэба было б прыдумаць.

— Якi ж далейшы лёс Лесi Беларускi?

— Гэта — новы, прысвечаны лёсу рэпрэсiраванай беларускай iнтэлiгенцыi, але ўжо празаiчны твор, магчыма, раман пад назваю "Над садам Iарданскiм". А вось цi ўзнiкнуць новыя паэтычныя творы "Малiтвы...", пакажа час.

— У такiм выпадку, цi з’явiцца "Малiтва да Калымы" асобным выданнем?

— Якраз гэтым я цяпер i займаюся. Аднак падрыхтоўка кнiгi — а гэта каля сямiдзесяцi вершаў — патрабуе немалых творчых высiлкаў. I, вядома, нямала часу. Туды ўвойдуць вершы, якiя былi надрукаваныя ў зборнiку Фонду ў 1997 годзе i якiя мала каму вядомыя, i тыя, што былi ў "Полымi", i некалькi новых.

— Гэта будуць вершы пад iменем...

— Лесi Беларускi. Па-сутнасцi, я ўжо не аддзяляю сябе ад Лесi Беларускi.

— А Валянцiна Коўтун?

— Будзе невялiчкi ўступ, у якiм вельмi сцiсла будзе пададзена сутнасць.

— Значная творчая падзея мае свае фiласофскiя вытокi i светапоглядныя азначэннi. А ў гэтым выпадку?

— Касмiчны рух развiцця чалавецтва паўстае перад маiм унутраным зрокам у бясконцасцi супрацьстаяння святла i цемры. I ў цэнтры палае Укрыжаванне, што стала знакавым. Як для 30-х гадоў эпохi прыходу Хрыста, калi распачалася новая эра чалавецтва. Так i для тых трыццатых "гулагаўскiх", што праз многiя стагоддзi завастрылi сутычку багаборчага ўкладу з хрысцiянскiмi асновамi чалавечага духу. Калi на адным з бакоў спрадвечнай барыкады грамадскага iснавання — носьбiты Слова Божага i веры. На другiм — разнастайныя шматкутнiкi i свастыкi. У гэтым сэнсе Леся Беларуска — сiмвал тых мужных беларускiх жанчын-пакутнiц, што паўсюль — i ў калымскiх iльдах, i на iншых жорсткiх лесапавалах гiсторыi — захавалi ў сабе мрою пра свабоду, збераглi дарагi сэрцу вобраз Беларусi i веру ў перамогу духоўнага святла. У гэтай сувязi важна зразумець... "Малiтва да Калымы" — метафарычна абагулены паэтычны помнiк усiм вядомым i невядомым паэтэсам, што так i не змаглi данесцi свае галасы да айчыны... Помнiк тым лагерным пакутнiцам, якiя з матчынай песняй у вуснах загiнулi на вогненным крыжы незабыўных 30-х... Але — не змоўклi...

Таму заўжды буду захоўваць у сэрцы ўдзячнасць да ўкраiнскага паэта Васiля Малагушы i Алы Канапелькi за тэматычную i маральную падтрымку.    

Леся БЕЛАРУСКА. Малiтва да Калымы

Малiтва да Калымы

 

У лесе

<І>
<І>

Невядомая для свету паэтэса,

дрэў паўночных гладжу я кару

казачнага лагернага лесу...

I з ахвярамi сякеры гавару.

Стойкай шахты стане дрэва-цуда,

альбо домам,

альбо мачтай карабля...

Цi тым самым нашумелым

навабудам,

дзе свiтала маладосць мая.

"Цёплая Далiна", 1946

У лагерным бараку

Пiшу i крэслю... Не, усё — не так!

"Не сатвары кумiра", — помню гэта.

Я апяваю лагерны барак,

а сопку называю цэнтрам свету!

Ноч. Дзверцы печы-бочкi адчыню.

Гараць! Гараць...

Святло лiюць мне дровы.

Бярвеннi пад паэмы заганю,

а потым узвяду на iх i словы.

Смалой сасновай

мой прапахне верш.

Пачатак свету бачу я нанова.

Сляза жаночая...

Сляза была найперш.

I з той слязой пакутлiваю — Слова!

3 параненай душой няветлы свет.

Сяброўкi спяць, i брыгадзiр Алена

(кумiра сатварыў усё ж паэт...)

... спiць у цянётах зла —

ўвесь боль "Эльгена."

А над тайгою выспявае гнеў

i пагражае катам ён трывожна.

Цвiк забiвае хтосьцi ў ногi мне.

I ў галаву...

I выцягнуць не можна.

Напоўнiць сэрца

мне трывожны звон.

Мы ўсе ў цвiках наскрозь —

i я, i строфы!

Укрыжаваны лёс людзей спакон.

I ўся тайга —

як грозная Галгофа.

"Цёплая Далiна" 1946

Пурга

Разышлася пурга.

Крышыць межы i лёд.

Рве нябёсы на шматы з размаху.

У тайгу я iду. Мой бушлат —

уразлёт!

Я нагадваю птушку без страху.

Я — у неба крычу:

— Ты ламай, ты крышы

гэту цвердзь, да якой мы прыкуты.

Па ўсiх "зонах калючых"

мой боль заглушы...

I бясконцы пякельнай — пакуты.

Сунiмала адчай. Цераз сiлу жыла.

Адгарэла калымскаю одай.

Каб зарою свiтальнаю

Воля ўзышла

.... над адзiнствам людзей.

I — народаў.

Магадан, 1938

Запiсала Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Упершыню iмя беларускай паэтэсы Лесi Беларускi стала вядомае ў 1997 годзе, пасля публiкацыi ў часопiсе "Полымя" (№12) нiзкi яе "лагерны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика