Маргарыта Аляшкевіч. СУЧБЕЛЛІТ. Галачкі на целе Веранікі
(антыфіласофскія развагі на тле раману А. Бахарэвіча)
Маргарыта Аляшкевіч. Заканчвае магістратуру журфака. Мае сантымент да добрай літаратуры. Версіфікуе. Крытыка друкавалася ў «Дзеяслове», вершы — у
«Тэкстах» і «СБ», журналісцкія матэрыялы — там, дзе ў пашане беларуская мова і крыху плоцяць: Маладосць, ЛіМ, Звязда, Культура, штатна ў газеце БДУ «Універсітэт». Мой прафесар філасофіі пачытаў быў рэцэнзіі на «Сароку на шыбеніцы» Альгерда Бахарэвіча ды з шчырым неразуменнем запытаўся, нашто было здзяйсняць тое падарожжа па целе няшчаснай дзяўчыны Веранікі. Паколькі прафесара так проста не выправіш чытаць ці перачытваць тэкст, засталося адно размахваць рукамі ды ківаць на асноўныя функцыі мастацтва. Якія з чалавечых патрэбаў задавальняе раман, і нашто ўвогуле даваць сабе працы агорваць вялікія кавалкі тэксту без малюнкаў, у наш-та век інтэрнэту ды візуальнай разбэшчанасці? Дамскі раман, прынада для падлеткаў Альгерд Бахарэвіч падкрэслівае, што ўласная папулярнасць павінна насцярожваць пісьменніка, а яму самому ў чытачах цікавая не іх колькасць, але адборная якасць. У той жа момант у яго апошнім рамане хапае хітрыкаў, здольных адцягнуць увагу гаспадыні ад шкрабання лазенкі, а падлетка —прымусіць прамяняць мастурбацыю на рэфлексію. Вандроўка па жаночым целе — тэма, здольная прыцягнуць увагу прынамсі паловы чалавецтва. Ну хіба не кожнай дзяўчыне цікава, што пра яе думае і як яе разумее мужчына? Кожная спадзяецца пабачыць сябе ў мужчынскіх вачах найпрыгажэйшай, дасканалай, непаўторнай, во дурніца. Вераніку для іх распранаюць і разбіраюць на кавалкі прыгожа, з лёгкім замілаваннем і гэткім жа здзекам, і падчас гэтага працэсу паненкі маюць шанец даведацца тое-сёе новае пра сваіх таварак па гендэрнай прыналежнасці. Так што, спадар прафесар, ставім першую галачку утылітарнасці рамана — за прапанаваную магчымасць самапазнання. Яшчэ адна прычына, што змушае сонных дзявок узахлёб чытаць раман на непрыбранай кухні, гэта эфект пазнавання. Адна справа — рабіць інтэлектуальныя выкрутасы, атаясамлівючыся з нязломнай Брунгільдай, уладарнай Федрай ці анёла-мармеладападобнай Санечкай, і зусім іншая — перанесціся ў цела цалкам пазнавальнай Веранікі, гэткай мамзель Бавары з суседняга пад’езду. Знаёмы побыт і тэматычная трыяда кіндэры-кухня-каханне канчаткова прыкоўваюць увагу да прыгод гераіні. Віртуальнае пражыванне гэтых прыгод вызваляе ад жадання зведаць іх напраўдзе (як сама Вераніка вызваляецца ад свайго кахання праз ажыццяўленне яго ў кампутарнай гульні) — галачкі за падтрыманне сямейнага спакою і пашырэнне досведу за кошт чужых эфемерных шышакоў. Яшчэ адзін бонус — кніжная гераіня можа працаваць як дэмфер і прымаць на сябе лішкі спагадлівасці, якія часам акумулююцца ў гістэрыю пяшчотных фемін, няздольных выявіцца на галодных дзетках Афрыкі ці сляпых кацянятках (да першых далёка, а на другіх алергія). Для «падрастаючага» пакалення такое падрабязнае падарожжа па жаночым целе — проста падарунак, інструкцыя да карыстання з блакітнай стужкай дэтэктыўнага сюжэту і ружовымі банцікамі сцэн спакушэння й гвалту. За асобныя прыпынкі ў гэтай вандроўцы многія пубертатныя хлопчыкі не шкадуючы аддалі б Бюнуэлю ды геене правае вока. Таму смела адзначаем яшчэ адну, цалкам утылітарную, функцыю — асветніцка-адукацыйную. Што да выхавання нораваў, дык раман можна прачытаць і як патрыятычнае маралітэ, адзін вобраз палымянага мсьціўцы чаго варты. Тэкст ды інцэст Сказанае вышэй датычыць тых, хто ўспрымае тэксты з дапамогаю хутчэй інстынктаў, чым мыслення, хай не крыўдуюць спадарыні і падлеткі. Інстынкты таксама трэба песціць, а мазгі час ад часу праветрываць, каб моль не пабіла. Дзеля другой прычыны, верагодна, Феліні раіў усім чытаць Дзюма. Дзеля першай постструктуралісты апісвалі працэс чытання з дапамогаю паняткаў эратызму і jouissance з адчувальным сэксуальным адценнем. Літаратура, вербальнае мастацтва, саступае візуальнаму, кіно, у тым, што датычыць лёгкасці эскапізму. Саступае кампутарнай гульні ў інтэрактыўнасці і непасрэднасці сімуляцыі. Але можа прапанаваць такую тонкасць гульняў і такія сферы ўцёкаў, якія экраннай культуры не зведаць, і такое задавальненне, якога ў кінатэатры не атрымаеш, нат калі да зрокава-слыхавых уражанняў найноўшыя далбі-сістэмы дададуць датыкальныя ды абаняльныя (бедны Хакслі ўсё не дачакаецца). Задавальненне, якое найлепш апісаць як «мазгавую казытку», што нараджаецца, калі тэкст перад вачыма распаўзаецца сеткай інтэртэкстуальных адсылак ды сувязяў з самымі нечаканымі культурнымі кантэкстамі. Не хачу пазбаўляць вас радасці самім паразмотваць інтэртэкставы клубок у лабірынтах бахарэвічавага рамана, таму проста паставім пакуль галачку на функцыі, якую груба абазначым як развіццё разумовых здольнасцяў чытача праз інтэлектуальныя гульні, і звернемся да яшчэ аднаго спосабу атрымання задавальнення ад тэксту (ну ўсё, не пазбегнуць мне абвінавачванняў у тэкставай заклапочанасці:). На ўвеце маю, натуральна, эстэтычнае задавальненне ад мастацкай тканкі тэксту. Калі ўжо мы ўзялі адпачатку ўтылітарны разгон, перавядзем асацыяцыі на апратку: хто купляе яе проста для таго, каб не мёрзнуць? Нам падавай што папрыгажэй, памудрагелісцей, ды каб усё да ўсяго падыходзіла ў найдрабнейшых дэталях. Бывае, канечне, і геніяльная простасць за шалёныя грошы (выпадак «простых» сілуэтаў Шанэль), але бахарэвічавы тэксты пакуль больш нагадваюць дэкаратыўнай арнаментальнасцю касцюмы Бакста і выкшталцоныя ілюстрацыі Бёрдслі. А багаццем дэталяў у паказе жыцця маюць набліжацца да Брэйгеля. І тут мы павінны прыкмеціць яшчэ адну функцыю, гносеалагічную, бо раман, як любы твор мастацтва, дае глыбейшае спазнанне быцця, адкрыццё таго, праз што мы праскочылі міма ў паляванні на задавальненні. Эфемернае ды вівісекцыяванае цела Веранікі тады можа быць метафарай сусвету, які падчас пазнання таксама мусіць падвергнуцца расчляненню. Замест заключэння: Вялікі Падман Набываеш не кнігу — шклянку з надпісам «выпі мяне». Пакуль не заглытнеш змесціва, не будзеш ведаць, ці то цябе раздзьме так, што аб уласную (разумовую) стольню ляснешся, ці то сцісне так, што можна будзе лёгка забрацца за плінтус і пабалакаць з прусакамі пра нябачныя звычайным вокам акалічнасці хатняга побыту. Мастацтва дорыць ілюзіі, якія дапамогуць забыцца на шэрасць жыцця тым, у каго яно шэрае, і параўнаць каларыстыку тым, хто пакутуе на ўласныя каляровыя сны. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
|