Пётр Ялфімаў: Я не баюся, што на "Bela Music" мяне асвішчуць
19 мая 2009 Культура
Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY Як стала вядома TUT.BY, прадстаўнік Беларусі на “Еўрабачанні-2009” Пётр Ялфімаў выступіць 23 мая на фестывалі актуальнай беларускай музыкі "Bela Music" на Баравой. Гэтую інфармацыю пацвердзілі нашаму парталу і арганізатары шоў, і сам спявак. Падтрымаць Ялфімава Як паведаміў TUT.BY мастацкі кіраўнік “Bela Music-09”, лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка, пытанне з удзелам Ялфімава ў шоў ужо вырашана. “Уся гэтая гісторыя з “Еўрабачаннем” выглядае не вельмі прыгожа, — тлумачыць Хаменка. — Яшчэ два тыдні таму ўсе былі закаханыя ў Ялфімава, аднак пасля, можа, і не зусім удалага, але, дакладна, не правальнага выступу ў Маскве яго пачалі паўсюдна цкаваць. Да нас прыйшоў ліст ад прыхільнікаў спевака з просьбай падтрымаць Ялфімава ды запрасіць на “Bela Music”. І мы падумалі: "А чаму ж не?" Ялфімаў — якасны жывы выканаўца, у яго вельмі някепскія музыкі. Да таго ж памятаю ягоны колішні выступ на “Басовішчы”. Такім чынам, ён цалкам трапляе ў фармат нашага фэсту — “жывая актуальная музыка”. Па словах Хаменкі, дэталі ўдзелу Ялфімава ў шоў канчаткова не вызначаны. Плануецца, што ён выступіць з некалькімі песнямі, а, магчыма, будзе і адным з вядоўцаў канцэрту. Ялфімаў: Хэві-метал я люблю з дзяцінства У інтэрв’ю карэспандэнту TUT.BY сам спявак пацведзіў, што, сапраўды, атрымаў запрашэнне на "Bela Music" ад Міністэрства культуры і арганізатараў фэсту і адразу прыняў яго. — Разам са мной на сцэну выйдзе мой гітарыст Антон Чурылаў. Мы намецілі колькі кампазіцыяў, але канчаткова вызначымся ў бліжэйшыя дні, — распавёў нам Пётр Ялфімаў. — Ці не баіцеся, што ваша з’яўленне на рок-сцэне ў Баравой можа быць успрынята публікай не зусім станоўча, што вас могуць асвістаць? — Калі шчыра, не баюся. Я не лічу ўласны выступ на “Еўрабачанні” кепскім. Я выступіў самым годным чынам, і так думаю не толькі я. Музыкі, спецыялісты, людзі з якімі я кантактую і якіх сустракаю на вуліцы — усе кажуць, што сорамна за такі выступ быць не можа. Нават сама Патрысія Каас сказала: “У яго такая файная рокавая песня! Гэта сапраўдны рок!”. Для мяне ўсе гэтыя меркаванні вельмі важныя. Калі ж ты баішся выхаду на сцэну, лепш сядзець дома і нікуды не вылазіць. Я заўсёды чакаю сустрэчы з публікай. Для мяне кожнае з’яўленне на сцэне — гэта свята. — Пётр, вы ўжо маеце досвед выступленняў на падобных рок-фэстах. Да прыкладу, на “Басовішчы”. Дзе вам больш падабаецца спяваць: на рокавых ці папсовых канцэртах? — Я не раблю асаблівых адрозненняў паміж канцэртамі ў розных фарматах. Сцэна заўжды застаецца сцэнай. Але паколькі я люблю рок-музыку, натуральна, мне бліжэй рок-падмосткі. — Ці ўдалося адысці ад вакханаліі з “Еўрабачаннем”? — Асабіста я адышоў ад яе адразу. Жыццё павінна працягвацца і трэба зрабіць яшчэ многа добрых і карысных справаў. У бліжэйшым часе я збіраюся запісаць трэці альбом, падрыхтаваць канцэртную праграму, здаць іспыты ў магістратуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. А ўвогуле, трэба працягваць нармальнае чалавечае і творчае жыццё. — Ці будзе мець працяг ваш “цяжкі” праект “PitBull” і ці плануеце надалей запісваць хард-рокавыя і “металічныя” рэчы? — Праект “PitBull” не толькі будзе працягвацца, але ў нас амаль гатовы дыск, з выданнем якога не плануем зацягваць. Цяжкі рок, хэві-метал — гэта тое, што я люблю з дзяцінства, і ў гэтым накірунку я таксама хачу сябе рэалізаваць. Нагадаем, на нядаўнім "Еўрабачанні" Пётр Ялфімаў заняў 32-е месца сярод 42 удзельнікаў. Масавай публіцы ён і вядомы як папулярны выканаўца. Тым часам, не многія ведаюць аб рокавым і "металічным" баку яго творчасці. У юнацтве Ялфімаў спяваў у магілёўскім гурце “Deep Sorrow”, які граў "сумесь трэш-металу, джазу, блюзу і нават месцамі гранжу". Пераехаўшы ў 1998 годзе ў Мінск, Ялфімаў пачаў заваёўваць поп-сцэну, але і на рок не забываўся. Ён спяваў у шэрагу сталічных метал-гуртоў, а ў 2002 годзе ў складзе трэш-метал каманды "Deadmarsh" нават выступаў фэсце беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі “Басовішча”. У 2007 годзе на складанцы “Metallection-4” выйшла кампазіцыя нікому невядомага беларускамоўнага праекта “PitBull”. Пэўны час яго ўдзельнікі хаваліся за псеўданімамі, і толькі з нагоды ўдзелу ў хіт-парадзе музычнага парталу “Тузін Гітоў” адкрылі твары. Выявілася, што “PitBull” — новы хэві-метал праект колішняга саліста “Песняроў” і пераможцы “Славянскага базара-2004” Пятра Ялфімава і гітарыста Віктара Вусіка. Месца сустрэчы — Баравая Нагадаем, 23 траўня а 16:30 на адкрытай пляцоўцы сталічнага аэраклубу "Баравая" пачнецца першы рэспубліканскі фестываль "Bela Music-09", удзел у якім возьмуць "Крама", "Палац", "Neuro Dubel", "J:морс", "БЕЗ БИЛЕТА", "Дзецідзяцей", "Garadzkija" і гурт Аляксандра Растопчына “Rastop Power Trio”. Суарганізатарамі фэста выступілі Міністэрства культуры, Мінаблвыканкам і Мінгарвыканкам. Падзея без перабольшання гістарычная, бо яшчэ зусім нядаўна, з 2005 па 2007 гады, у Беларусі існавалі негалосныя “чорныя спісы”, якія, па сутнасці, забаранялі публічную дзейнасць найбольш вядомых айчынных рок-гуртоў на чале з "N. R. M.", "Крамай", "Палацам", "Нейра Дзюбелем" Цяпер жа менавіта пад патранатам дзяжструктур адбываецца фэст тых самых незалежных гуртоў. Да ведама гледачоў, з 15 да 23 гадзін ад станцыі метро "Ўсход" да "Баравой" будуць хадзіць адмысловыя гарадскія аўтобусы. Праграма фэста наступная: 17:00 — 17:30 — GARADzKIJA 17:30 — 18:05 — Детидетей 18:05 — 18:35 — Rastop Power Trio 18:35 — 19:00 — Пятро Елфімаў 19:00 — 19:35 — Neuro Dubel 19:35 — 20:10 — Палац 20:10 — 20:45 — БЕЗ БИЛЕТА 20:45 — 21:20 — Крама 21:20 — 21:55 — J:морс Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
19 мая 2009 Культура Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY Як стала вядома TUT.BY, прадстаўнік Беларусі на “Еўрабачанні-2009” Пётр Ялфімаў выступіць 23 мая на фестывалі актуальнай беларускай музыкі "Bela Music" на Баравой. |
|