Модны французскi мастак Рафаэль ЗАРКА: Мне было цікава, як у такой незвычайнай бібліятэцы працуюць л
Модны французскi мастак Рафаэль ЗАРКА: Мне было цікава, як у такой незвычайнай бібліятэцы працуюць людзі"
Рафаэль Зарка прыехаў у Беларусь на тыдзень. Мастак натхнiўся геаметрычнай фiгурай ромбакубаактаэдра, якая роўна 500 гадоў таму была выяўленая вялiкiм Леанардам да Вiнчы. Адбылося гэта ў матэматычным трактаце Лукi Пачыёлi, якi выйшаў у Венецыi, i якi iлюстраваў якраз Леанарда. Захацеўшы стварыць фiльм пра гэтую фiгуру, Рафаэль Зарка зразумеў, што без нашай цуда-бiблiятэкi ў гэтай стужцы — нiяк. Набыў квiткi — i прыехаў са сваёй здымачнай групай у Мiнск. Рафаэль Зарка — адзiн з самых модных i вядомых сучасных мастакоў Францыi. Рафаэлю 32 гады, а ягоныя працы ўжо патрапiлi ў прэстыжную парыжскую галерэю "Miсhеl Rеin", галерэю Цэнтра Пампiду, Музей сучаснага мастацтва Парыжа, Нацыянальны збор сучаснага мастацтва Францыi, многiя прыватныя калекцыi. Рафаэль — апошнi па часе лаўрэат прэмii Фонда Рыкар — найважнейшай штогадовай прэмii, якая даецца французскiм дзеячам мастацтва. У першы дзень у Мiнску мастак пазнаёмiўся з супрацоўнiкамi бiблiятэкi, агладзеў наш Дыямент унутры i звонку. Пасля пачалася праца. Амаль цэлы дзень здымачная група фiксавала бiблiятэку з усiх бакоў i ракурсаў. Пасля перайшлi ў чытальныя залы i сховiшчы. Калi я прыйшоў у бiблiятэку на размову з Рафаэлем, мастак якраз распытваў стваральнiкаў бiблiятэкi — архiтэктараў Вiктара Крамарэнку i Мiхася Вiнаградава, а таксама канструктарку Людмiлу Шохiну. Рафаэля цiкавiла — ну чаму менавiта такая форма?! — Галоўнай мэтай было — стварыць бiблiятэку, дзе б кнiга за найкарацейшы час дастаўлялася да чытача, — тлумачыў архiтэктар Мiхась Вiнаградаў. — Думалi пра шар, але яго тэхнiчна складана збудаваць. Пасля нам казалi: не выдурняйцеся, пабудуйце звычайны дом — i ўсё. Аднак мы настаялi на тым, каб гэта быў асаблiвы, канцэптуальны будынак, твор мастацтва. I гэтая форма — яна трымае сама сябе. Кшталту чаркi — разумееце?! А сховiшчы з кнiгамi можна параўнаць з каранямi дрэва. Толькi яны iдуць дагары нагамi — зверху ўнiз, да чытальных залаў. Метафара з чаркай апынулася вельмi яркай i дасяжнай для мастака, выклiкаўшы ў яго лёгкую ўсмешку. — Гэтая форма валодае боскай энергетыкай, яна станоўча ўплывае на чалавека, — працягваў расказ калегi Вiктар Крамарэнка. — Гэта дасканалыя прапорцыi — усе гранi роўныя 25 метраў. Маштабы фiгуры павiнны ўражваць: 200 метраў у дыяметры, 140 тысяч тонаў вагi... Канструктарка Людмiла Шохiна па-жаночы растлумачыла Рафаэлю, як такая спаруда трымаецца i не коцiцца, як мячык.— У сярэдзiне бiблiятэкi iдзе жалезабетонны "ствол", наўкол — своеасаблiвыя "паяскi", а па перыметры — 24 вялiзныя слупы. Уявiце, што бiблiятэка — гэта як клубок на прутках!.. — А мне карцiць параўнаць вашую бiблiятэку з воданапорнай вежай! — падхапiў гутарку Рафаэль. — Уверсе сабраныя кнiгi — як вада ў вежы. I кнiгi ўвесь час "цякуць" унiз да чытачоў. Гэта простая, але дасканалая iдэя!.. У час абмеркавання ўзнiкла пэўнае непаразуменне. Рафаэль палiчыў вокны на бiблiятэцы, i атрымалася з аднаго боку шэсць, а з iншага — восем. Праз тое мастак падумаў, што ромбакубаактаэдр "несапраўдны" — з рознымi бакамi. Архiтэктарам давялося на схеме тлумачыць Рафаэлю, што ён памыляецца: што колькасць вокнаў розная выключна з-за ўнутранай планiроўкi будынка. У час дэбатаў Вiктар Крамарэнка, даказваючы французу роўнасць бакоў, спантанна намаляваў бiблiятэку на аркушы паперы. — Пастаўце, калi ласка, аўтограф, — далiкатна, з усмешкай папрасiў француз. Адметна, што паралельна з самiм фiльмам французы здымаюць "фiльм пра фiльм" — фiксуючы на iншую камеру працэс здымак. Напрыканцы сустрэчы са стваральнiкамi бiблiятэкi Рафаэль просiць дазволу завiтаць да iх у госцi. Яму спадабаўся момант, што бiблiятэку вiдаць з вокнаў iх майстэрняў, хоць размешчаныя яны даволi далёка. Мастак нават пытаецца, у якi час сутак архiтэктарам найбольш падабаецца глядзець на свой твор. Дамаўляюцца на дзве гадзiны дня. — Рафаэль, вы не расчаравалiся, калi пабачылi бiблiятэку ўжывую? — пытаюся я ў мастака. — Не расчараваўся зусiм. Наадварот, мне цiкава было пабачыць, як такi незвычайны будынак упiсваецца ў навакольны пейзаж, у прыроду i горад. У жыццi ваша бiблiятэка цiкавейшая, чым на карцiнках у iнтэрнэце!.. — Вам не падалося, што форма тут пераўзыходзiць змест, што тут ёсць месца эпатажу? — Вядома, у мяне ёсць адчуванне, што беларусам было важна збудаваць не проста бiблiятэку, але i нешта грандыёзнае ў архiтэктурным сэнсе. Нават месцазнаходжанне бiблiятэкi — на цэнтральнай магiстралi, па дарозе з аэрапорта — яно шмат пра што гаворыць. — Вас не здзiвiла, што пры такой складанай форме гэты будынак добра функцыянальны — сюды можна прыходзiць чытаць кнiжкi!.. — Насамрэч, там, дзе знаходзяцца чытачы, форма простая i звычайная. Для мяне было цiкава, як адчуваюць сябе супрацоўнiкi бiблiятэкi ў гэтым ромбакубаактаэдры. Але якраз сёння мы там былi, i, паводле слоў самiх супрацоўнiкаў, яны там сябе цудоўна адчуваюць!.. — Рафаэль, раз вы цiкавiцеся ромбакубаактаэдрамi — цi сапраўды нашая бiблiятэка такая ўнiкальная ў свеце? — Калi казаць пра будынак такой формы, то сапраўды — больш такiх няма. Iншая справа, што мяне цiкавiць не столькi ўнiкальнасць. Бо часам унiкальныя рэчы па якасцi не зусiм добрыя. У гэтым выпадку ў мяне ёсць iнтарэс да формы. I я лiчу, што сама форма не ўплывае на поспех цi не-поспех установы, якая знаходзiцца ў гэтым будынку. Ёсць шмат iншых чыннiкаў... Форма важная для помнiка архiтэктуры — бiблiятэка, яе лёгка заўважыць у горадзе. — Я так i зразумеў: ваш фiльм будзе не пра бiблiятэку, а пра яе форму. — Вы ўсё зразумелi слушна. Мяне цiкавiць форма ромбакубаактаэдра, а ваша бiблiятэка сталася для мяне яе жывым i яскравым увасабленнем. Гэта — шчаслiвая акалiчнасць для мяне! Бо калi я захапiўся гэтай формай i пачаў пошукi, то адразу знайшоў бiблiятэку. Ланцужок замкнуўся — 500 гадоў таму Леанарда да Вiнчы выявiў гэтую фiгуру, сёння беларусы збудавалi сабе такую бiблiятэку. Нацыянальная бiблiятэка Беларусi — гэта апагей iснавання ромбакубаактаэдра!.. Зрэшты, гэта магла быць не бiблiятэка, а што заўгодна — музей, шпiталь... — А вы набылi б сабе кватэру ў доме такой формы? — А чаму не! Зрабiць больш вокнаў — i нармалёва!.. Насамрэч, важна — як мы арганiзуем гэтую форму, каб нам было зручна ў ёй. — Бiблiятэка застанецца для вас галоўным сiмвалам Беларусi? — Не, яна ёсць цэнтрам майго фiльма. З Беларуссю ў мяне будуць асацыявацца цудоўныя людзi. ЦI, можа, гэта мне так пашанцавала — сустрэць тут менавiта такiх?.. — Вы ведалi, што едзеце на радзiму Марка Шагала, Хаiма Суцiна, што тут раскрыўся талент Казiмiра Малевiча?.. — На жаль, у афiцыйных бiяграфiях гэтых мастакоў месцам нараджэння пазначаная Расiя. I я быў моцна ўражаны, што такiя генii нарадзiлiся тут, у Беларусi. Гэта шмат пра што сведчыць... Застаецца дадаць, што прэм'ера фiльма пра нашу бiблiятэку... даруйце, пра ромбакубаактаэдр адбудзецца 23 верасня ў Галерэi Эдуарда Манэ французскага горада Жэнвiлье i будзе спалучана з адкрыццём персанальнай выставы Рафаэля Заркi. — Запрашайце на прэм'еру! — сказала на развiтанне Рафаэлю Зарка Людмiла Шохiна. — Сядзем у "рафiк" — i прыедзем!.. Сёння, калi вы чытаеце гэты артыкул, Рафаэль Зарка сядзiць на даху высокага дома насупраць бiблiятэкi. Ад паловы на чацвёртую да паловы на дзявятую ранiцы здымачная група фiксуе ўзыход сонца над бiблiятэкай. Ад паловы на дзясятую вечара да гадзiны ночы — як сонца сядае над нашым Дыяментам Ведаў. Рафаэль хоча, каб ягоны фiльм атрымаўся канцэптуальным. Здаецца, ён дасягне свайго. Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Модны французскi мастак Рафаэль ЗАРКА: Мне было цікава, як у такой незвычайнай бібліятэцы працуюць л Рафаэль Зарка прыехаў у Беларусь на тыдзень. Мастак натхнiўся геаметрычнай фiгурай ромбакубаактаэдра, якая роўна 500 гадоў таму была выяўленая вялiкiм |
|