Беларускiя хаты пераязджаюць у... Лiтву
Беларускiя хаты пераязджаюць у... Лiтву
Радавацца ці сумаваць? Старыя вясковыя хаты, якiя сталi нiкому не патрэбнымi ў Беларусi, знаходзяць новых гаспадароў у... суседняй краiне. "На першы погляд, неверагодна, але факт", — сцвярджае журналiст Лявонас Даўгела, якi раней пражываў на Гродзеншчыне, а цяпер у Лiтве. Прадпрымальнiк з Варэны Айварас Часнулiс арганiзаваў акцыянернае таварыства, якое купляе, разбiрае старыя вясковыя хаты ў Гродзенскай i Мiнскай абласцях, перавозiць iх у Лiтву i праводзiць зборку там, дзе скажа клiент. Гэты бiзнэс давялося ўзгадняць з шэрагам беларускiх i лiтоўскiх дзяржструктур, аднак аўчынка, як кажуць, аказалася вартай вырабу. За даволi кароткi тэрмiн з Беларусi "на экспарт" накiравана каля трыццацi дамоў, якiя ўжо стаяць у прэстыжных для пражывання мясцiнах, у прыватнасцi, у азёрным Тракайскiм краi i на Балтыйскiм ўзмор'i. Пры гэтым, паводле слоў некаторых навасёлаў, iх у старых беларускiх хатах прываблiвае нейкi асаблiвы вясковы дух i нават непаўторныя шляхецкiя таямнiцы, нябачная прысутнасць нашых некалi агульных продкаў... Ды i якасць задавальняе, бо гнiллё Часнулiс не бярэ. Замовiў у яго — на год наперад. Колькi фiрма плацiць у Беларусi за старую хату — камерцыйная тайна, аднак, на думку Лявонаса Даўгелы, за такiя грошы ў Лiтве можна купiць хiба што лес на коранi, першапачатковую сыравiну для пабудовы дома. Потым гэтыя сосны трэба спiлаваць, вывезцi з лесу, нарыхтаваць бярвёны, частку з якiх распiлаваць на дошкi i брусы. Потым высушыць нарыхтаваную драўнiну, наняць брыгаду талковых цесляроў... У вынiку цана новага дамка будзе яшчэ як "кусацца". А тут усё гатовае. Разабраць зруб могуць трое вясковых мужчын, сабраць — таксама. Транспартныя фiрмы ва ўмовах эканамiчнага крызiсу з гатоўнасцю выдзяляць грузавiк з прычэпам. Дакументы ў парадку... Выдатны бiзнэс. Вось толькi якiя ўражаннi ад гэтага бiзнэсу павiнны быць у нас, у Беларусi? Парадуемся, што гэтыя хаты, няхай за мяжой, але ўсё ж атрымаюць другое жыццё? Цi пасумуем, што самi не здолелi iмi па-гаспадарску распарадзiцца? Хоць бываюць i прыемныя выключэннi. Адзiн чалавек паклаў вока на кiнуты дом у невялiкай вёсачцы Гродзенскага раёна i адшукаў нашчадкаў ажно ў Адэскай вобласцi, спецыяльна туды паехаў i аформiў усе неабходныя дакументы. Не пазнаць цяпер гэту, здавалася б, бесперспектыўную сядзiбу... Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старыя вясковыя хаты, якiя сталi нiкому не патрэбнымi ў Беларусi, знаходзяць новых гаспадароў у... суседняй краiне. "На першы погляд, неверагодна |
|