Сем нот фестывальнай песнi
Сем нот фестывальнай песнi
"Славянскi базар". Уражаннi
Мiжнародны форум мастацтваў, якi сёлета ў афiцыйных прамовах атрымаў прыстаўку "паўналетнi", завяршыўся. Але паставiць на гэтым тлустую кропку — значыць, не прыгадаць мноства яркiх фрагментаў, без якiх фестывальная палiтра будзе не поўнай. Скажам, сем фрагментаў за сем фестывальных дзён. (До) Двайны джаз Адметнасць сёлетняга фестывалю — неверагодная колькасць самай рознай музыкi: опера, iнструментальная класiка, фолк-музыка i папулярныя песнi народаў свету, эстрада, "фарматная" поп-музыка, шансон i джаз. Выходзiш з арт-кавярнi ў Летнiм амфiтэатры — чутны зборны канцэрт майстроў эстрады або "сольнiк" прыезджай зоркi, вяртаешся назад — акунаешся ў джазавыя эксперыменты ад калектыву з Санкт-Пецярбургу "Музы Канты. Soundproject". На "Славянскiм базары" гурт адзначыўся ўжо другi год запар, таму прывёз на радасць заўсёднiкам пашыраны рэпертуар: як апрацоўку старых савецкiх хiтоў, так i зусiм новыя песнi. Але галоўным джазавым сюрпрызам стаў своеасаблiвы фестываль у фестывалi — у "базарныя" днi ў Вiцебску ўпершыню адбылася папярэдняя прэзентацыя 7-га Мiжнароднага музычнага фестывалю "Джаз Кактэбель". Па шчырасцi, сам фэст, якi штогод збiрае на чарнаморскiм узбярэжжы пад адкрытым небам каля 30 тысяч прыхiльнiкаў, адбудзецца толькi ў вераснi гэтага года, цяпер жа адбылося, так бы мовiць, папярэдняе знаёмства. А разам з тым — i адбор беларускiх гуртоў, якiя выступяць у Кактэбелi. Серыя музычных вечарынак адбору прайшла пад дэвiзам "Асобная рэальнасць", што як мага лепш адпавядала рэчаiснасцi. Вы забiралiся калi-небудзь у дзяцiнстве на гарышча, каб пагуляць з сябрамi i падзялiцца важнымi дзiцячымi сакрэтамi? А цяпер уявiце тое ж самае, толькi з удзелам дарослых, з жывой музыкай i танцамi пад "Сярэбранае вяселле", "Джамбiбум", "Port Mone", "Open Space" i мноства iншых беларускiх i ўкраiнскiх музыкантаў. Адчуванне такое, як быццам выпадаеш на некалькi гадзiн у паралельны сусвет. (Рэ) Рыбак i райдар Гэта была, бадай, адна з самых любiмых тэмаў сёлета — асаблiва расiйская прэса насiлася з ёй, як няня Пушкiна з чарговай казкай. Маўляў, рана хлопчык стаў "зорным", бач ты — патрабуе i пiва, i свежавыцiснутыя сокi, i салодкага без межаў, i жуйку канкрэтнай маркi, i араматычныя свечкi, i поўны бар у гасцiнiчным нумары, i каб душ на ключ замыкаўся... Пры гэтым уласна райдара са "смешнымi, недарэчнымi i раздражняльнымi" патрабаваннямi пераможцы "Еўрабачання-2009" у вочы не бачыў нiхто, за выключэннем дырэктара фестывалю Радзiвона Баса, а той у вочы артысту прэтэнзiй не выказваў, прытрымлiваўся пазiцыi "гэта не сам спявак прыдумаў, а яго менеджары". Скандал затух, так i не разгарэўшыся — на прэс-канферэнцыi Аляксандра Рыбака. Выканаўца паведамiў шаноўнай публiцы, што не п'е — не толькi пiва, а i ўвогуле; што чартэрны самалёт — гэта не яго выбрыкi, а суровая жыццёвая неабходнасць — рэгулярным рэйсам артыст нiяк не паспеў бы з Нарвегii ў Беларусь i, адпаведна, не выступiў бы на канцэрце адкрыцця "Славянскага базару"; што 10 лiпеня — гэта быў адзiны дзень у годзе, якi ў Сашы быў больш-менш вольны, i што пра астатнiя "свае" патрабаваннi ён нiчога не ведае. Старанна разагрэтае абурэнне прадстаўнiкоў жоўтай прэсы, як кажуць, завяла на коранi. (Мi) Маўклiвы Меладзе "Зоркi", якiя ўдзельнiчалi ў фестывалi, сёлета збольшага расчаравалi журналiстаў абсалютным нежаданнем размаўляць. За выключэннем традыцыйных камплiментаў, як у нас чыста i якiя гасцiнныя людзi, дазнацца ад большасцi артыстаў хоць на слова больш не ўдавалася. Пара Анжэлiка Варум—Леанiд Агуцiн спасылалася на недахоп часу — маўляў, хутка цягнiк, прабачце, не паспяваем, усiм задаволеныя, усiм прывiтанне i бывайце. Салiст "Любэ" Мiкалай Растаргуеў, якi прыехаў у Вiцебск з канцэртам упершыню пасля складанай аперацыi па перасадцы ныркi, таксама быў не настроены на задушэўныя размовы. А тут яшчэ хтосьцi з аператараў за пару хвiлiн да выхаду на сцэну алею ў агонь падлiў: "Вы добра сябе адчуваеце?" — "Адчапiся ты ад мяне, дзеля Бога!" — раздражнёна кiнуў Мiкалай Вячаслававiч. Падчас выступлення "Любэ", дарэчы, за сцэнай дзяжурылi медыкi — на ўсякi выпадак. Невядома, цi ацанiлi музыканты гэты клопат дырэкцыi, цi яшчэ больш раззлавалiся, аднак пасля канцэрта ахова перакрыла ўсе службовыя ўваходы, i гурт пакiнуў Летнi амфiтэатр, перакiнуўшыся прывiтаннямi толькi з байцамi АМАПа. Аднак лiдарам па закрытасцi сёлета стаў Валерый Меладзе, якi прывёз у Вiцебск сольную праграму "Насуперак". Дык вось, насуперак таму, што артыст славiцца трапяткiм стаўленнем да жанчын, а большасць журналiстаў, якiя бегалi за спеваком у надзеi на iнтэрв'ю, — якраз дзяўчаты, на кантакт Валерый не iшоў. "Надакучыла, калi стануць навокал 20 чалавек з дыктафонамi i задаюць адны i тыя ж пытаннi", — тлумачыў далiкатны, але непрыступны, як скала, дырэктар артыста. У якасцi своеасаблiвых выбачэнняў спявак падчас канцэрта прысвяцiў менавiта журналiстам песню "Дзяўчына з вышэйшага свету" i вельмi-вельмi прасiў не пiсаць аб тым, што ў яго дзе-нiдзе падводзiў голас (звычайна так робяць, цвёрда разлiчваючы на адваротны вынiк).(Фа) Фiгуры i "фiрма" Калi адзiн з пастаянных фестывальных гасцей, "хлопчык" Барыс Маiсееў, па звычцы эпацiраваў i хулiганiў нават на афiцыйных прэс-канферэнцыях (яго каронная сумесь ласкi i брыдкаслоўя, кшталту фразы "ў школе я быў сапраўдны рас....й, дарагiя мае", не раз i не два выклiкала ў заўсёднiкаў культурны шок), то не менш пастаянная i любiмая госця Лайма Вайкуле не здраджвала свайму фiрмоваму лоску i высакароднай стрыманасцi. Прычым сцвярджала, што ўсё гэта — ад бацькоў i ад прыроды. — А цудоўны знешнi выгляд? Таксама гены? — не адставалi цiкаўныя прыхiльнiкi. — Гены, — лёгка пагадзiлася спявачка. Але паралельна прызналася, што ведае мноства дыет, адной з якiх падзялiлася з жанчынамi, у якiх ёсць сiла волi i якiм тэрмiнова трэба прывесцi сябе ў парадак. Паводле гэтай "зорнай" дыеты, цягам 3 дзён можна ўжываць толькi яйкi (i толькi бялок!) i грэйпфруты. Трэба чаргаваць: бялок — грэйпфрут — i так дзесяць прыёмаў за дзень. Вынiк, запэўнiла артыстка, гарантаваны. А яшчэ Лайма Вайкуле, адна з нямногiх, не скардзiлася на крызiс — i ўвогуле сцвярджала, што праблем у яе няма: "У мяне ўсё прыжываецца: i людзi, i дрэвы, i бiзнэс... Нават не ведаю, на што паскардзiцца — я паспяховы i багаты чалавек. Я цудоўная!". (Соль) Сiла слова Раней нiзавошта б не паверыла, што вялiкi паэт, грамадзянiн свету i жывы карыфей слова можа цiкавiцца станам эстрады. Аднак Яўген Еўтушэнка, якi стаў ганаровым госцем сёлетняга "Славянскага базару", пераканаў у адваротным: паэту цiкава ўсё. Тым больш, калi да Беларусi ў яго асаблiвае стаўленне — Яўген Аляксандравiч не стамляецца нагадваць, што тут яго каранi, у вёсцы Хомiчы Карэлiцкага раёна ён знайшоў дзвюх сваiх бабуляў, сясцёр дзеда, якi быў расстраляны ў 1933 годзе. (Зрэшты, пра гэта кожны ахвотны можа даведацца з паэмы Еўтушэнкi "Мама i нейтронная бомба"). — Я ведаў, што тут адбываецца фестываль, i быў крыху здзiўлены, што мяне за столькi гадоў не запрасiлi ў Беларусь, перад якой я, здаецца, нiчым не правiнiўся, — мякка ўпiкнуў паэт, але тут жа дадаў, што галоўнае — вынiк, i з мноства бачаных iм фестываляў вiцебскi яму многа ў чым спадабаўся (Еўтушэнка сядзеў у першых радах на некалькiх зборных канцэртах, у тым лiку на конкурсе маладых выканаўцаў). Аднак знайшлося месца i для крытыкi — у адрас паэтаў, якiя пiшуць тэксты для сучасных выканаўцаў. — Трэба вам развiваць яшчэ лiтаратурную частку на фестывалi, — параiў арганiзатарам Еўтушэнка. — Ладзiць сустрэчы чытачоў з аўтарамi, паказваць уласных маладых паэтаў — а ў вашай краiне заўжды былi цудоўныя паэты! (Ля) Лiтоўскi феномен У нас гэта стала ўжо няпiсаным законам: малады выканаўца "абкатваецца" на дробных конкурсах, потым паказвае сябе як след на "Славянскiм базары" i — наперад i з песняй, здзiўляць Еўропу на "Еўрабачаннi"! Каларытны лiтоўскi хэвi-металiст Iеронiмас Мiлюс зрабiў усё наадварот: летась стаў прадстаўнiком сваёй краiны на "Еўрабачаннi", заняў адно з невысокiх месцаў у паўфiнале, але не стаў перажываць з гэтай нагоды — падумаеш, конкурс! Сёлетняе выступленне на "Славянскiм базары" для 24-гадовага Iеронiмаса сталася не толькi больш удалым — 3-я прэмiя, няхай сабе i падзеленая на дваiх з прадстаўнiком Украiны — але i больш прыемным. — Я адчуваю сябе надзвычай камфортна, — прызнаўся спявак, — лепш, чым на "Еўрабачаннi". Бо тут усё па-шчыраму: спаборнiцтва песнi i вакалу, усё залежыць толькi ад цябе — як выкладзешся, якое ўражанне зробiш на гледачоў i журы. А на "Еўрабачаннi" нiхто не можа прадказаць, што будзе ў фаворы: шоу або песня, або ўвогуле касцюмы. ...Дарэчы, ужо на закрыццi "Славянскага базару" нагадаў аб сабе яшчэ адзiн удзельнiк таго, леташняга "Еўрабачання": спявак Руслан Аляхно не толькi паказаў публiцы новую — дуэтную — песню "Кахаць", але i расказаў, што ў яго днямi адбудзецца важная падзея ў жыццi — вяселле з расiйскай актрысай Iрынай Мядзведзевай. Вось бы i iншыя нашы выканаўцы навучылiся так лёгка ставiцца да "Еўрабачання"! (Сi) Сольнiк "Сяброў" Яго не тое каб цвёрда паабяцаў, але ўжо заявiў налета на "Славянскiм базары" намеснiк мiнiстра культуры Беларусi Уладзiмiр Рылатка — маўляў, засталося толькi ўгаварыць на гэты канцэрт, дарэчы, юбiлейны для ансамбля, кiраўнiка "Сяброў" Анатоля Ярмоленку. "Вы ж неяк абяцалi вывесцi на фестывальную сцэну зубра?" — прыгадалi, карыстаючыся выпадкам, журналiсты. Анатоль Iванавiч нават крыху разгубiўся, але потым выкруцiўся: "Зубры — гэта ўсё ж да Брэсцкай вобласцi, а мы выступаем на Вiцебшчыне, дзе iншыя, свае адметнасцi — мноства азёраў, напрыклад. Але, паколькi трэба развiвацца i штогод паказваць штосьцi новае, магчыма, дойдзе i да зуброў — трэба, напэўна, сесцi на iх i прыехаць". Уласна кажучы, тут можна i паставiць кропку. Бо менавiта гэтыя словы, "сябры" i "сяброўства", былi цэментам у агульным музычным фестывальным доме пад валошкавым дахам. I таму ў Вiцебску штогод будуць збiрацца пастаянныя ўдзельнiкi i новыя госцi, прычым прыязджаць яны будуць не толькi па ўражаннi i не столькi па сувенiры, колькi па новыя знаёмствы i сяброўскiя стасункi. Таму — да сустрэчы, "Славянскi базар-2010"! А мне яшчэ доўга будзе снiцца харавое скандзiраванне моладзi а першай ночы: "Вi-цебск! Вi-цебск! Вi-цебск!"... Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА i БЕЛТА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiжнародны форум мастацтваў, якi сёлета ў афiцыйных прамовах атрымаў прыстаўку "паўналетнi", завяршыўся. Але паставiць на гэтым тлустую кроп |
|