Добра мець дамок у вёсцы
Добра мець дамок у вёсцы
Рана цi позна мары пра жыццё на ўлоннi прыроды прыходзяць да кожнага гараджанiна. Стамляешся ад пылу, мiтуснi, вечнага змагання за месца пад сонцам. Хочацца цiшынi i спакою. Часцей пра такое думаецца ў канцы вясны. І калi лета на рынку гарадской нерухомасцi — час зацiшша, то для загараднай — самы гарачы сезон. Больш за ўсё дагавораў куплi-продажу зямельных участкаў, дач, загарадных дамоў заключаюць у лiпенi. — Самы пiк пакупак на рынку загараднай нерухомасцi прыпадае на лiпень, — кажа дырэктар агенцтва нерухомасцi "Загарадны дом" Уладзiмiр ЧАРНУШЭВIЧ. — У гэты час прадавец разумее, што трэба быць больш згаворлiвым i знiжае цану, бо наступны "дачны бум" пачнецца толькi ў маi. Ды i пакупнiк да гэтага часу ведае, што танна, што дорага — адным словам, добра "падкаваны" i разумее сiтуацыю. На сёлетнi сезон вельмi паўплываў вядомы фiнансавы крызiс. Той, хто марыў пра свой дамок за горадам, гэтаму толькi парадаваўся: цэны iстотна ўпалi. Калi летась прадавец дачы, крыху далажыўшы грошай, мог спакойна набыць неблагую кватэру ў Мiнску, то сёння гэта зрабiць цяжка. Праўда, летась выбар загараднай нерухомасцi быў большы, а сёлета прапановы скарацiлiся амаль удвая. Але i цяпер у тыдзень прадаецца па 4-5 дач, у базе звестак агенцтва "Загарадны дом" — каля 850 аб'ектаў. Некаторыя прадаўцы вырашылi дачакацца больш спрыяльных часоў для продажу i таму прытрымлiваюць сваю ўласнасць. Калi раней дача выкарыстоўвалася больш для адпачынку (пасмажыць з сябрамi мяса, паваляцца на траўцы), то ў апошнi час усё часцей людзi прыходзяць да думкi, што найлепшы спосаб яе выкарыстання — для атрымання ўраджаю з агарода цi саду. Для многiх гэта — добрая падмога для патаннення свайго жыцця. Гурочкi ды яблычкi са свайго падворка дазваляюць не так хутка танчэць кашальку, калi iдзеш па пакупкi. Цэны на дачы пачалi падаць яшчэ да крызiсу. Летам гэты працэс крыху спынiўся. I тым не менш i цяпер неблагую дачу ў межах 20 кiламетраў ад МКАД можна набыць за 25—30 тысяч долараў. Вылучаецца два вiды дач. Першы — дача ў садовым таварыстве. Гэта шэсць сотак, невялiкi, звычайна аднапакаёвы дамок 5-6 "квадратаў", сезонная вада i суседзi, якiя з задавальненнем раскажуць пра новы рэцэпт засолкi агуркоў, падзiвяцца вашаму небываламу ўраджаю клубнiц i страшна надакучаць вам за ўвесь дачны сезон. Каштуюць такiя дамкi ад 10 тысяч долараў ЗША i вышэй. Цана залежыць ад аддаленасцi дачы ад МКАД, стану дома. Шчытавыя дамкi таннейшыя, а дабротныя каштуюць дорага. Другi тып дач — дамок у вёсцы. Зямлi там значна больш, сотак 15—20, ёсць свой сад. На рынку загараднай нерухомасцi попыт на вясковыя дамкi сёння павысiўся. I прычына тут не толькi ў сотках. Такiя дачы больш адасобленыя, чалавек адчувае сябе там свабодна, не пад такiм пiльным поглядам суседзяў, як у садовым таварыстве. А калi недалёка ад дома ёсць рэчка ды лес — гэта ўвогуле мяжа мараў. Але мiнусы таксама ёсць. Хто жыў ва ўласным доме, ведае, колькi ён патрабуе клопату, няспыннай працы. То плот пакасiўся i трэба яго рамантаваць цi ставiць новы, то дах састарэў i вось-вось пачне працякаць, то яшчэ якая навала нападзе. У асноўным жа дамкi ў вёсцы прадаюцца не новыя, а такiя, якiя паслужылi некаму не адзiн дзясятак гадоў, таму i турбот, звязаных з такiмi дачамi, не пазбегнуць. Дамы ў вёсцы каштуюць ад 5 тысяч i вышэй, зноў жа, у залежнасцi ад стану, навакольнай прыроды, аддаленасцi ад сталiцы. Калi дом добры, маляўнiчая прырода навокал, да таго ж маецца вялiкi надзел зямлi, то кошт можа дасягаць i 40 тысяч. Асаблiва цiкавяцца пакупнiкi нерухомасцю ў Лагойскiм, Ракаўскiм, Маладзечанскiм напрамках. А вось Магiлёўскi не асаблiва карыстаецца попытам. Там i дач менш, i прырода не такая натхняльная. Людзi часцей набываюць дачы, дамкi ў вёсцы, каб мець магчымасць вярнуцца да зямлi, да прыроды. Той, хто пастаянна жыве ў горадзе, стамляюцца ад яго, таму гатовыя плацiць грошы, каб мець сваё "прыстанiшча" на ўлоннi прыроды, адпачываць, хоць на выхадных, i душой, i целам ад "каменных джунгляў". Для такiх аматараў прыроды няма большай асалоды, чым босымi прайсцiся па расе, паслухаць, як залiваюцца птушкi, стракочуць конiкi ў траве. Як правiла, дачу ў вёсцы набываюць людзi ва ўзросце, якiя разумеюць, што наўрад цi пабудуюць уласны дом. Матывы пакупкi — пажыць для сябе, адпачыць душой, мець магчымасць паехаць з горада на 3-4 днi, парыбачыць. Моладзь цiкавiцца набыццём дач не часта, калi i купляе дом, то звычайна ў вёсцы, з разлiкам на тое, што пазней там будуць жыць бацькi. Асаблiвасць сёлетняга сезона — цiкавасць да зямельных участкаў. Калi раней iх i прапаноўвалi, i куплялi не шмат, то цяпер гэтыя працэсы iдуць больш актыўна. Кошт зямельнага ўчастка — ад 15 тысяч долараў ЗША i вышэй. Як заўсёды, больш запатрабаванымi застаюцца танныя надзелы. А вось попыт на дарагую зямлю паменшыўся, хоць цэны на яе ўпалi амаль удвая. Найбольшым попытам карыстаюцца ўчасткi па 15—25 сотак за 20—30 кiламетраў ад Мiнска па цане каля 35 тысяч долараў. Значна ўпаў iнтарэс на гатовыя катэджы пад апрацоўку. Цэны на iх знiзiлiся на 20 % i больш. Сёння набыць такi катэдж можна танней, чым пабудаваць дом "з нуля". Яшчэ год таму мiнчане з ахвотай прадавалi свае гарадскiя кватэры i набывалi дамы ў прыгарадзе. Такiя здзелкi складалi да чвэрцi ўсiх здзелак куплi-продажу дамоў. Хутка стала зразумела, што сумяшчаць работу i жыццё ў аддаленым доме цяжка. Цяпер людзi прыходзяць з пажаданнямi набыцця дамка каля Мiнска, у цiхiм маляўнiчым месцы. Але цяжка выканаць такую просьбу. Як правiла, дамкi ў жывапiсным месцы знаходзяцца далёка ад Мiнска, а калi i ёсць такiя блiз сталiцы, то яны вельмi дарагiя. Бывае, што людзi набываць дачы не праз агенцтва, а знаходзяць аб'явы аб продажы ў газетах цi iнтэрнэце. Вось i Зiнаiда Антонаўна набыла сваю загарадную нерухомасць такiм жа спосабам: вычытала ў спецыялiзаваным выданнi, што прадаецца зямельны надзел з недабудаваным домам. Жанчына нарадзiлася i вырасла ў вёсцы i марыла пра свае ўласныя градкi ды невялiкi дамок даўно, таму паспяшалася звязацца з гаспадарамi. Гэтая нерухомасць тады, у 2006 годзе, каштавала 4 мiльёны бел. рублёў, на той час — 1100 долараў. Зямля была прыватызаваная, 40 кiламетраў ад Мiнска, а вось дамок незарэгiстраваны, бо на той час можна было рэгiстраваць толькi дабудаваныя дачы. Хоць дом i не вялiкi, 5 на 3 метры, i зямлi толькi 4,4 соткi, затое сваё, можна i агародзiк пасадзiць, дзяцей i ўнукаў сваёй, натуральнай агароднiнай частаваць, — думала Зiнаiда Антонаўна, прымерваючыся да пакупкi. 1100 для яе былi немалыя грошы (дзе ёй, пенсiянерцы, назбiраць больш?), да таго ж такi надзел, але без дома, можна было купiць за 600—800 долараў. Але вельмi ўжо хацелася, каб з домам, i Зiнаiда Антонаўна рашылася: набыла-такi дачу. Калi яна прыехала ўжо ў свой дом, то была непрыемна здзiўленая тым, што былая гаспадыня выкапала буякi, клубнiцы, якiя раслi на ўчастку, забрала будаўнiчыя матэрыялы, хоць меркавалася, што ўсё гэта ўваходзiць у кошт. Хутка Зiнаiда Антонаўна дабудавала дом, уклаўшы туды яшчэ 4-5 мiльёнаў i сваю пенсiю за два гады. Але потым высветлiлася, што нерухомасць стаiць на месцы хлявоў, а павiнна — ля дарогi, як ва ўсiм садовым таварыстве. Тэхнiчны пашпарт на пабудову ёсць, а ўвод у эксплуатацыю жанчына атрымаць не можа. Цяпер, калi яна вырашыць прадаць сваю ўласнасць, будзе прадаваць проста як зямельны надзел, бо дом стаiць не на тым месцы. Праўда, пазбаўляцца ад загараднай маёмасцi кабета пакуль не хоча, i тым не менш не вельмi прыемна адчуваць, што нешта з тваёй дачай не так. А вось Ганна Вiктараўна вельмi задаволеная сваёй пакупкай: пра такi дамок у вёсцы яна i марыла. Праўда, знаходзiцца ён за 150 кiламетраў ад Мiнска, у Бярэзiнскiм раёне, але затое абышоўся новым гаспадарам усяго ў мiльён бел. рублёў. Прадавалi дом знаёмыя свекрывi, а агенцтва нерухомасцi праверыла ўсе дакументы, гарантавала, што ўсё ў парадку. Жанчына як даведалася пра цану, прымусiла сына i Ганну Вiктараўну купiць дачу ў вёсцы. I тыя не пашкадавалi. Вялiкi надзел зямлi, больш за 25 сотак, лазня, дабротны дом, гаспадарчыя пабудовы, вялiкi сад з парэчкамi, малiнай, агрэстам, слiвай, яблыкамi ды грушамi, побач лес, рэчка — цi ж не казка гэта?! Бацькi Ганны Вiктараўны i яе мужа выраслi ў вёсцы, таму такой пакупцы абрадавалiся больш за дзяцей. — Я спакусiлася на лазню, — кажа новая гаспадыня. — Дзякуй Богу, i яна, i дом у выдатным стане. Як пойдзем з мужам на пенсiю, мяркуем пераехаць жыць у вёску: чыстае, маляўнiчае месца, натуральная садавiна i агароднiна. А зараз яшчэ гэты крызiс... Можа, давядзецца i раней уцячы на дачу ад праблем i клопатаў. Далекавата, праўда, ад Мiнска, але я нiколькi не шкадую, што купiлi дом у вёсцы. Пасля пакупкi нерухомасцi сям'ёй Ганны Вiктараўны, амаль усе астатнiя свабодныя дамкi ў гэтай вёсцы хутка раскупiлi дачнiкi. Марына ЛЯВОШКА. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рана цi позна мары пра жыццё на ўлоннi прыроды прыходзяць да кожнага гараджанiна. Стамляешся ад пылу, мiтуснi, вечнага змагання за месца пад сонцам. Х
|
|