Вырабляй тое, што можаш прадацьВырабляй тое, што можаш прадаць Купляй сваё — жывi лепш! Паводле iнфармацыi камiтэта эканомiкi Брэсцкага аблвыканкама, на пачатак лiпеня запас гатовай прадукцыi на складах прадпрыемстваў рэгiёна складаў 91,1 працэнта сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасцi. Гэта хоць i на тры з паловай працэнты нiжэй за агульнарэспублiканскi ўзровень, але прадукцыi ўсё адно многа. Асаблiва перапоўнены склады прадпрыемстваў, якiя належаць канцэрнам "Беллегпрам" i "Белдзяржхарчпрам". А вось запасы дробных прадпрыемстваў, якiя падпарадкоўваюцца мясцовай уладзе, перавышаюць нарматыў усяго на сем працэнтаў. Але гэта карцiна ў лiчбах. У сапраўднасцi ж, скажам, былы гiгант электроннай прамысловасцi "Колератрон" не можа прадаць паўправаднiковыя прыстасаваннi мiнулых гадоў, а "Дываны Брэста" па-ранейшаму маюць вялiкiя запасы сваёй прадукцыi. Праўда, у апошнiм выпадку на сiтуацыю ўплывае няздольнасць спажывецкай кааперацыi своечасова разлiчвацца за пастаўленую ў гандаль прадукцыю. Варта адзначыць, што спецыялiсты назiраюць станоўчыя зрухi ў рэкламна-маркетынгавай дзейнасцi вытворцы дываноў. Яны ўдзельнiчаюць у розных кiрмашах, выставах. Стараюцца асартымент зрабiць больш разнастайным. Але, вiдаць, не заўсёды гэта атрымлiваецца. Напрыклад, у пачатку лета аўтар гэтых радкоў шукала ў крамах Брэста дыванок з выявай брэсцкiх краявiдаў для падарунка сябрам з Баварыi і не знайшла. Раней такiя прадавалiся. Вiдаць, дываны са спецыфiчнымi ўзорамi фабрыка выпускае толькi пад фестывалi накшталт "Белай вежы", а дарэмна. У Брэсце круглы год бывае многа турыстаў. I калi iм умела прапанаваць... Вось фабрыка сувенiраў "Славянка" памяняла падыходы да справы, i новыя сувенiры прадаюцца паспяхова. Праўда, старыя ляжаць мёртвым грузам, i негатыўна ўплываюць на эканомiку прадпрыемства. А вытворца трыкатажнага адзення "Элма" праводзiць значную ўцэнку несезоннай прадукцыi. Многiя прамыслоўцы зразумелi, што гарантыя паспяховай рэалiзацыi — вырабляць тое, што зможаш прадаць. Аблвыканкам распрацаваў дадатковы комплекс мерапрыемстваў як па нарошчваннi аб'ёмаў вытворчасцi, так i па рэалiзацыi прадукцыi. Укараняюцца ў жыццё актыўныя формы продажу — на выставах-кiрмашах за першае паўгоддзе прадалi тавараў на 4,2 мiльярда рублёў, правялi амаль 800 рэкламных акцый, на 7,7 мiльярда рублёў рэалiзавалi прадукцыi па знiжаных цэнах. Прадпрыемствы Брэстчыны асвойваюць рынкi Малдовы, Украiны, Арменii, Азербайджана, Узбекiстана, Грузii, Iрана, Сiрыi, Алжыра. Рост запасаў гатовай прадукцыi на прадпрыемствах рэгiёна спынены яшчэ ў чэрвенi. Пачалося яго паступовае знiжэнне. Святлана ЯСКЕВIЧ. |