На ўчастку бабулi ўжо стаяць сцены школы, хоць яна згоды не давала, а кампенсацыi нiякай няма...На ўчастку бабулi ўжо стаяць сцены школы, хоць яна згоды не давала, а кампенсацыi нiякай няма... Пытальнiк Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Пiшу i спадзяюся, што толькi вы зможаце дапамагчы. Сапраўды, усе надзеi толькi на вас! Пiшу ад iмя сваёй бабулi Веры Iванаўны Палтаран, бо сама яна зрабiць гэтага не можа, бо непiсьменная. У 2007 годзе Петрыкаўскiм раённым выканаўчым камiтэтам было прынята рашэнне аб месцы размяшчэння зямельнага ўчастка для будаўнiцтва сярэдняй школы ў вёсцы Бабунiчы. У рашэннi № 949 ад 18.09.2007 года гаварылася аб зносе гаспадарчай пабудовы i збудавання вакол дома, што належыць бабулi. У рашэннi № 557 — аб адбiраннi 0,1227 гектара з зямель грамадзянкi В.I. Палтаран. У бабулi зямля знаходзiцца ў спадчыннай уласнасцi. Але прычына ў тым, што на сёння на зямельным участку бабулi ўжо стаяць сцены школы (хоць яна згоды не давала), а кампенсацыi нiякай няма. Бабуля згодная, каб усё знеслi разам з домам, бо на гэты хаос ёй глядзець цяжка. Яны гэта ўсё пасля вайны сваiмi рукамi будавалi, а ў дзядулi пасля вайны засталася толькi адна рука, якая нармальна працавала. Глядзець на ўсё гэта бабулi вельмi цяжка! Яна вельмi моцна перажывае... Зараз бабуля адчувае сябе нармальна, але вымушана жыць у цёткi. Мы неаднаразова звярталiся ў выканкам, але ўсё безвынiкова!.. Я прашу вас: дапамажыце, калi ласка! Жыць у доме немагчыма, бо навокал у двары беспарадак: зламаныя дрэвы i агароджы, пашкоджаныя пабудовы. Мы хочам, каб нашай бабулi вярнулi нармальныя ўмовы для жыцця, а не для iснавання... А.П. ПАЛТАРАН, вёска Бабунiчы Петрыкаўскага раёна. вёска Бабунiчы Петрыкаўскага раёна.Да даволi эмацыянальнага лiста, якi мы не ва ўрон зместу крыху скарацiлi, заяўнiца дадала два каляровыя фотаздымкi, як кажуць, з месца падзей. Шчыра кажучы, разглядаючы iх, не складваецца ўражання, што ўсё так насамрэч дрэнна, як пра тое распавядае ўнучка гаспадынi дома. Для дома, пабудаванага пасля вайны, ён выглядае няблага, прынамсi, вонкава. Вялiкага хаосу на двары з боку будынка школы таксама не заўважна: любую агароджу можна падправiць цi паставiць новую i больш сучасную, як многiя цяпер i робяць. Гаспадарчыя пабудовы, што патрапiлi ў кадр, прабачце, нагадваюць шпакоўнi, iх, на наш суб'ектыўны погляд, зносiць трэба, а не выратоўваць. Зноў жа, ацэньваючы агульны малюнак: даводзiлася бачыць дакладна такiя ж сiтуацыi, калi прыватны дом суседнiчае са школай, i нiчога — жывуць людзi, вучацца школьнiкi, не замiнаючы асаблiва адно аднаму. Апошнiх, безумоўна, iдэальнымi "суседзямi" не назавеш, аднак цi заўсёды ў жыццi мiрна жывуць нават сталыя людзi, якiя зведалi шмат чаго на сваiм вяку?.. Ну, ды гэта ўсё толькi разважаннi. Хацелася б пагаварыць, многае ўдакладнiць ў заяўнiцы, аднак, на жаль, яна не пакiнула нiякiх кантактных тэлефонаў. ![]() Давялося тэлефанаваць у Петрыкаўскi раён, высвятляць — што ды як. I пачутая версiя
з вуснаў прадстаўнiкоў другога боку канфлiкту, што склаўся, як высветлiлася, некалькi
адрознiваецца ад вышэйвыкладзенай. Размаўляць, у прыватнасцi, давялося з загадчыкам аддзела адукацыi райвыканкама Вiктарам ЛАЗАРЧУКОМ i дырэктарам КУП "УКБ Петрыкаўскага раёна" (што выступае заказчыкам будаўнiцтва
школы) Мiкалаем БОТАНАМ. Вось што мы пачулi.
Калi было прынята рашэнне аб будаўнiцтве школы, на месцы адбылася размова з гаспадыняй дома i яе дочкамi. Жанчыны заявiлi, што хату чапаць не трэба, а хлявы можна зносiць. Каб яны пагадзiлiся на знос усяго, што было на ўчастку, маглi б разлiчваць на кампенсацыю ад 7 да 12 мiльёнаў рублёў. Неблагiя, трэба заўважыць, грошы для вёскi. Аднак уладальнiкамi было прынята iншае рашэнне. Адпаведна, у праектную дакументацыю пад знос былi закладзены толькi гаспадарчыя пабудовы i запланавана кампенсацыя толькi пад гэтыя мэты — каля 3 мiльёнаў рублёў згодна з ацэначным коштам пабудоў. А потым, трэба меркаваць, гаспадары дома перадумалi, што, дарэчы, вынiкае i з лiста ўнучкi ("бабуля згодная, каб усё знеслi разам з домам"). Аднак дакументацыя ўжо была складзена! — I вось ўжо працяглы час цягнецца гэты канфлiкт. Мы гатовы выплацiць належныя грамадзянам сродкi за знос гаспадарчых пабудоў, але яны не адкрываюць разлiковы рахунак, — сказаў дырэктар КУП "УКБ Петрыкаўскага раёна" Мiкалай Ботан. — Сам праект прайшоў належную экспертызу, не выклiкаў нiякiх нараканняў, значыць, нiякiя санiтарныя нормы не парушаны. Школьнiкi на пераменку, бясспрэчна, народ не вельмi спакойны, тут я па-чалавечы магу пагадзiцца. Толькi яшчэ пытанне: цi застанецца жыць у гэтым доме гаспадыня, паколькi цяпер яна пражывае ў родных. — Гэтая школа вельмi патрэбная, мы з такiмi цяжкасцямi "прабiлi" яе будаўнiцтва. Яна разлiчана на 140 месцаў, плануецца да адкрыцця ў наступным годзе. На сёння ўжо гатовы адзiн будынак, над спортзалам засталося зрабiць дах. Завяршаюцца аддзелачныя работы. Гэта не школа, а казка! — дадаў загадчык раённага аддзела адукацыi Вiктар Лазарчук. — Бабунiчы — цэнтральная сядзiба, а будынак ранейшай школы быў вельмi старым, з пячным ацяпленнем, без санвузлоў... (Прыватная ўласнасць павiнна быць абаронена законам, гэта нi ў каго не павiнна выклiкаць сумнiву. Спасылаючыся на тое, што зямля ў бабулi знаходзiцца ў спадчынай уласнасцi, унучка разам з тым не даслала нам нiякiх пацвярджальных дакументаў. Можна ўявiць, што азначае новая школа для цэнтральнай сядзiбы гаспадаркi — у iншых месцах пра такое толькi мараць. Гэта значыць, што ёсць каму вучыцца, што будзе надзея — моладзь застанецца потым, не раз'едзецца. Будзе вiраваць жыццё, паляпшацца дабрабыт, у тым лiку i для самiх нашых заяўнiкаў. А тут — "не давалi згоды на будаўнiцтва школы"... Каб выйграць у большым, трэба часам саступiць у малым (тым больш ад разумнай кампенсацыi заяўнiкам нiхто не адмаўляецца). Гэта падобна на тое, як у горадзе жыхары шматпавярховiка пратэстуюць супраць будаўнiцтва побач яшчэ аднаго дома, маўляў, будуць нязручнасцi рознага плана. Але ў такiм выпадку ўвогуле цяжка будзе пабудаваць новы дом дзе б там нi было. — Рэд.) Р.S. Па апошняй iнфармацыi, якую атрымала рэдакцыя, сустрэча з заяўнiкамi прызначана на вечар дня, калi рыхтавалася гэтая публiкацыя. Паводле слоў, Мiкалая Ботана, якi павiнен на ёй прысутнiчаць, уладальнiкi нерухомасцi быццам бы згодныя адмовiцца ад сваiх ранейшых патрабаванняў, праўда, пры ўмове, што замест старых гаспадарчых пабудоў на ўчастку будуць узведзены новыя. "Будзем сустракацца, усё абмяркоўваць", не стаў спяшацца з высновамi Мiкалай Iванавiч... |