Мiлiцыя змагаецца з самагоншчыкамi, Азгур працуе над фiгурай Скарыны, а Трахтэнберг застаўся без грошай
17.08.2009
—
Новости Культуры
|
14 жнiўня 1928 года. РАВАНІЧЫ, Чэрвенскага раёну. (Ад нашага селькора). "У Раванiцкай школе настаўнiк Савiч Мiкола навучае дзяцей пры дапамозе рукапрыкладства. Нядаўна гэты настаўнiк ударыў вучня — сына бедняка Навiцкага Iгнася, так моцна, што пацякла кроў з вуха. Вучань аглух. Бацька думаў падаць у суд, але апошнi прымусiў яго памiрыцца i... даў яму 50 руб." 15 жнiўня 1928 года. "Лiк грамадзкiх сталовак у Менску за апошнiя месяцы павялiчыўся з 6 да 9. З трох новых сталовак адна знаходзiцца на будаўнiцтве ўнiверсiтэцкага гарадку, каля 200 абедаў на дзень. Павялiчыўся таксама лiк буфэтаў на фабрыках i заводах. Такiх буфэтаў налiчваецца 29. За апошнi месяц грамадзкiмi сталоўкамi адпушчана 110 тысяч абедаў i 22 тысячы паасобных порцый". 15 жнiўня 1928 года. "Гэтымi днямi Наркамат Аховы Здароўя накiроўвае ў Лiвадыю другую партыю хворых сялян у 36 чалавек. Усяго ў гэтым годзе на курорты Крыму i Каўказу будзе накiравана 126 сялян i часткова батракоў." 15 жнiўня 1937 года. "Кiностудыя "Совецкая Беларусь" выпускае ў бягучым годзе дакументальны кiнофiльм "Асваенне балот БССР". Фiльм пакажа цяжкае мiнулае беларускага Палесся i заможнае, радаснае, культурнае жыццё калгаснiкаў, збiраючых на асушаных балотах найбагацейшыя ўраджаi". 17 жнiўня 1928 года. "Селянiн вёскi Сiдараўка Н.Сяргееў прадставiў у ВСНГБ апарат для тачэньня кос. Нядаўна гэта вынаходка была прэмiравана на раённай с.-г. Выстаўцы ў Аршаншчыне. У блiжэйшыя днi вынаходка Сяргеева будзе разгледана ў камiсii па вынаходнiцтве". 18 жнiўня 1928 года. МЕНСК. "Крымвышук затрымаў сына мясцовага гандляра Е.Фрэймана — 14 год, якi сумесна з двума падросткамi абакраў кватэру гр-на Лiўшыца па Камсамольскай вул. У той-жа дзень гэтыя хлапчукi — злодзеi зрабiлi пакражу грошай гр-на Трахтэнберга". 19 жнiўня 1928 года. "Студэнт ленiнградзкай акадэмii мастацтва тав. Азгур пачаў работу над статуяй (з глiны) у натуральны рост Францiшка Скарыны. Статуя робiцца па заказу "Дзяржмузею". "У першым паўгодзьзi 1928 г. мiлiцыяй забрана па Беларусi 4.169 самагонных апаратаў — на 51,9 проц. больш, чым з другога паўгодзьзя 1927 г. Апрача таго, адабрана 29,350 лiтраў самагону супроць 22.549 лiтраў за другое паўгодзьзе мiнулага году. Супраць самагоншчыкаў ўзбуджана 15,819 спраў". Падрыхтаваў Тарас ШЧЫРЫ. |