MAUZER прэзэнтуе альбом “Порна”
26.02.2010
—
Новости Культуры
|
Сёньня ў сталічным клюбе “Рэактар” адбудзецца прэзэнтацыя новага альбому магілёўскага рок-гурту “MAUZER” “Порна”. Гэта каманда называе сябе самай скандальнай у Беларусі.Гурт быў створаны ў 2003 годзе ў Магілёве і спачатку называўся “Таварыш MAUZER”. У 2005 годзе MAUZER стаў пераможцам рок-фэстывалю "Басовішча", ляўрэатам “Рок-кола. СМІ называюць групу "новымі героямі беларускага року", "лідэрамі новай хвалі беларускай музыкі". MAUZER пацьвярджае гэта і атрымлівае "Рок-карону”.
У верасьні 2006 года MAUZER атрымлівае запрашэньне выступіць на "Джынсавым фэсьце" ў сталіцы. Але перад пачаткам выступу каманды ўлады выключаюць электрычнасьць. Лідэр групы Ян бярэ мэгафон і пачынае чытаць першы куплет песьні "Беларусь будзе вольнай". Песьні "Брудная вада", "Беларусь будзе вольнай", "Калыханка" сталі шматразовымі пераможцамі гіт-параду "Тузін Гітоў". Карэспандэнтка: “Спадар Ян, ваш новы альбом называецца “Порна”. Папярэдні быў “Радасьць”, а вось зараз – “Порна”. Ці не было ў вас праблем з выданьнем альбому, зь яго прэзэнтацыяй? Ян Маўзэр: “Не, праблем ні з выданьнем, ні з прэзэнтацыяй не было. Мы даўно плянавалі выдавацца на “БМА-records” у нашага прыяцеля Віталя Супрановіча. І гэта пасьпяхова зрабілі. І прэзэнтацыя плянуецца ў менскім “Рэактары”. Наколькі я ведаю, квіткі раскупаліся добра, таму ўсё павінна быць клёва!” Карэспандэнтка: “А чаму такі назоў альбома --“Порна”? Маўзэр: “Мы думалі доўга, як назваць альбом. Гэта слова сустракаецца ў песьні “Я люблю боль”. Яна як бы галоўная песьня альбома, не скажу, што мая самая любімая, проста галоўная. І “Порна” – у тым сэнсе, што мы былі маленькія і чыстыя, а вырасьлі вялікія і брудныя”. Карэспандэнтка: “Ці сутыкаліся вы калі-небудзь з цэнзурай? І наагул, як вы ставіцеся да забаронаў? Вось зараз адбываюцца спробы забароны канцэрту Rammstein?” Маўзэр: “У думаю, што гэта штучна і глупавата – спрабаваць забараніць Rammstein. Яны – як блюзьнеры, як шуты выступаюць. Такое часта робіцца ў рок-музыцы. Яны як Эліс Купэр. Ён жа ня кепскі чалавек, ён жа не вар’ят і не маньяк. Гэта такі мастацкі вобраз, каб паказаць адмоўныя бакі жыцьця. Тым жа самым займаецца і Rammstein. У некаторай ступені тым жа самым і мы займаемся. А калі спадар Чаргінец прапаноўваў зрабіць папярэдні прагон канцэрта, каб ацаніць, наколькі яны могуць выступаць у Беларусі – мне гэта падаецца сьмешным. Мы парагаталі разам зь ініцыятывы Чаргінца. Гэта як павінна выглядаць? Прыяжджае гурт Rammstein, выступае перад камісіяй па маральнасьці... Калі спадабаліся – добра, канцэрт адбудзецца. Калі не – верагодна, Rammstein павінен папрасіць прабачэньня, сабраць апаратуру, раздаць грошы за прададзеныя квіткі і паехаць далей? Гэта ўсё выглядае сьмешна і па-савецку. Але дзе мы жывем?..” Карэспандэнтка: “На вашым сайце такі падзагаловачак стаіць: “Гісторыя самай скандальнай каманды Беларусі”. Чаму вы самі сябе называеце “скандальнай камандай”? Маўзэр: “Дык трэба глядзець праўдзе ў вочы, правільна? Калі так па факце атрымліваецца, значыць, так і ёсьць. Проста часам мы паводзім сябе прынцыпова, а прынцыповасьць людзям рэдка падабаецца. Таму атрымліваецца скандал”. Карэспандэнтка: “Ці не перашкаджае вам тое, што вы – не сталічная каманда, а магілёўская?” Маўзэр: “Па-мойму, у Беларусі паўсюль адсутнічае шоў-бізнэс: што ў сталіцы, што ў Магілёве. Да таго ж, ад Магілёву да Менску 200 кілямэтраў. Гэта не адлегласьць”. Карэспандэнтка: А што пасьля “Порна”? Ёсьць нейкія задумы, ёсьць мары?” Маўзэр: “Безумоўна, у нас ёсьць ужо напісаныя песьні на наступны альбом, мы ведаем, што мы будзем рабіць. Іншая справа, што, безумоўна, не скажу, паколькі калі пра пляны распавядаеш, яны звычайна не збываюцца”. |
|