Нядзеля. У «Народным доме» аншлаг...
05.04.2012
—
Новости Культуры
|
ПЛОШЧА Леніна ў Слоніме — квартал, які цудам уцалеў пасля Вялікай Айчыннай. Архітэктура тамтэйшай забудовы — некранутая вайною, еўрапейская. Але госцю райцэнтра неўзабаве кідаецца ў вочы адзін «сегмент» плошчы, абазначаны драўлянай агароджай, за якой ідзе нейкая будоўля. Будынак вялікі, з белай цэглы, дах новенькі, па пляцоўцы снуюць рабочыя. — Вось так, дзень за днём, увасабляецца наша мара, — з захапленнем гаворыць нам галоўны рэжысёр Слонімскага драматычнага тэатра Васіль СЯВЕЦ. — 20 гадоў мы «выбівалі» асобны будынак для калектыву, некалькі разоў рыхтавалі праектна-сметную дакументацыю, — а гэта неблагія грошы! І нарэшце нас пачулі! За гэта мы шчыра дзякуем Гродзенскаму аблвыканкаму і асабіста яго старшыні — Сямёну Барысавічу Шапіру.
Месца, куды ў верасні пераедзе тэатр (на восень запланавана яго сдача ў эксплуатацыю), незвычайнае. Новы будынак — таксама. Да 80-х гадоў мінулага стагоддзя тут месціўся колішні Народны дом, дзе і знаходзіўся тэатр, а менавіта тагачасны драмгурток, і ўжо пазней — народны тэатр Фрыдмана. Будынак быў у запусценні. А калі Слонімскі драматычны тэатр атрымаў статус прафесійнага (1990 год), вырашылі прэтэндаваць на асобнае памяшканне. Не адзін чыноўніцкі парог абабіла адміністрацыя дзяржаўнай культурнай установы, а пашанцавала ў 2011 годзе. Будоўля пачалася ў мінулагоднім красавіку. Новы будынак узведзены на гістарычным падмурку колішняга Народнага дома і ўключае дзве яго сцяны. — Агульная плошча будынка — 1600 квадратных метраў: гэта больш чым у чатыры разы перавышае плошчу, якую сёння мы арэндуем у Слонімскім раённым Доме культуры, — праводзіць для нас экскурсію па будаўнічай пляцоўцы Васіль Сявец. — Нават і не верыцца, што будзе так многа месца, што з’явяцца добрыя грымёрныя, склады для дэкарацый, касцюмаў, глядзельная зала налічыць 220 месцаў. Усё будзе новае: і мэбля, і «адзенне» сцэны, залы і абсталяванне. Ідзём у РДК, каб паглядзець, як і чым «дыхае» тэатр сёння. Дарэчы, культурнае жыццё тут віруе асабліва ў нядзелю: толькі ў гэты дзень калектыў дае спектаклі на «стацыянары». Увесь астатні час тэатр на гастролях: сістэматычна выступае ў райцэнтрах, аграгарадках і вёсках Гродзеншчыны, значна менш — цалкам па Беларусі. — Сёння жыццё наша, па вялікім рахунку, у большасці сваёй маркетынг, — кажа Васіль Сявец. — Сучаснага гледача ўвогуле цяжка «выцягнуць» на нейкую культурную імпрэзу. А жыхарам невялічкага Слоніма калектыў і рэпертуар тэатра (у ім, дарэчы, 40 спектакляў, прычым большасць — дзіцячыя. — Аўт.) добра вядомыя. А грошы зарабляць трэба! Вось і жыве трупа на калёсах. У адным выязным выступленні занята каля дваццаці супрацоўнікаў. Гэта не толькі акцёры, але і асвятляльнік, гукааператар, адміністратар, касцюмер, загадчык трупы, адміністратар... Усяго ў штаце Слонімскага драматычнага тэатра працуе 48 чалавек, з іх артыстаў (абавязкова прафесійных) — 14. Калектыў такі мініяцюрны, што нагадвае нечым прыдворны тэатр эпохі Адраджэння. Менавіта той, які стварыў тут, у Слоніме, у XVIII стагоддзі сам Міхал Казімір Агінскі. Нагадаю, што ў 1774 годзе шляхціц зрабіў горад асноўнай сваёй рэзідэнцыяй і пабудаваў тэатр, які існаваў у Слоніме да 1795 года. Глядзельная зала паціху напаўняецца публікай... На спектакль падцягваюцца і дзеці з бацькамі, і бабулі з дзядулямі, і моладзь. Атмасфера перад імпрэзай вельмі прыязная: усе вітаюцца. Здаецца, людзі ведаюць адзін аднаго ў твар ці асабіста: і гледачы, і артысты. — Сам спектакль — гэта толькі вяршыня нашага творчага «айсберга», — зазначае мастак-пастаноўшчык тэатра Аляксандр Толкач. — Працэс падрыхтоўкі спектакля такі ж, як і ва ўсіх прафесійных тэатрах. Маё падраздзяленне, да прыкладу, адказвае за сцэнаграфію і касцюмы. Усё — належным чынам: рэжысёр спектакля характарызуе, што патрэбна, якая стылістыка, антураж, а мы выконваем. Пачынаецца праца са звычайнага эскіза. На жаль, памяшканняў нам не зусім хапае, таму з нецярпеннем чакаем новы будынак: там і дэкарацыі, і майстэрні — усё разам будзе месціцца. Да спектакля застаецца літаральна некалькі хвілін. Мы разам з галоўным рэжысёрам вандруем па тэатральных завуголлях: касцюмерная, грымёрныя, гукааператарская будка. Дзея пачынаецца... Таццяна УСКОВА, «БН» Фота Мікалая ВАЛЫНЦА, «БН» Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ПЛОШЧА Леніна ў Слоніме — квартал, які цудам уцалеў пасля Вялікай Айчыннай. Архітэктура тамтэйшай забудовы — некранутая вайною, еўрапейская. Але госцю райцэнтра...
|
|