Асаблівая аўра Iўя

22.06.2012 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адкрыццё памятнага знака «У гонар сяброўства і адзінства канфесій Iўеўшчыны» стала самай адметнай падзеяй у сёлетнім святкаванні Дня горада

Быццам пераняўшы эстафету ў Гродна, які зусім нядаўна адгрымеў святочнымі феерверкамі з нагоды Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, на сваім свяце гасцей з усіх куткоў свету сустракала шматнацыянальнае і шматканфесіянальнае Іўе — «маленькі Іерусалім», неафіцыйная татарская сталіца Беларусі, дзе ўжо сем стагоддзяў у згодзе жывуць беларусы і палякі, татары і яўрэі. Упершыню тут праводзілася адметнае мерапрыемства, прымеркаванае да пяцігоддзя зацвярджэння герба і сцяга горада. Ініцыятарам яго правядзення стаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Валчэцкі.

Раніца для жыхароў і шаноўных гасцей свята пачалася з богаслужэння ў храмах горада. Католікі сабраліся ў сваёй святыні — касцёле Святых Пятра і Паўла, праваслаўныя вернікі — у царкве Святога мучаніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага, татары — у старажытнай мячэці. На вялікі жаль, прадстаўнікоў чацвёртай і некалі самай шматлікай канфесіі — іўдзейскай — у Іўі не засталося. Амаль 70 адсоткаў жыхароў тагачаснага мястэчка, якія называлі сябе яўрэямі, былі знішчаны падчас фашысцкага генацыду. Хаця да дзён сённяшніх тут захаваліся іх жылыя кварталы і тры сінагогі.

Пасля малітвы за еднасць народаў, за мір у роднай краіне ўдзельнікі ўрачыстасці ў працэсіях рушылі па вуліцах горада і сустрэліся на цэнтральнай плошчы, каб прыняць удзел у адкрыцці новай «візітнай карткі» горада — памятнага знака «У гонар сяброўства і адзінства канфесій Іўеўшчыны». Бо ў яго стварэнні паўдзельнічаў амаль кожны жыхар Іўя.

Велічны знак талерантнасці ўяўляе сабой чатыры белыя аркі, упрыгожаныя рэлігійнымі сімваламі і павернутыя да святыні адпаведнай канфесіі — праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іўдзейскай.

Пра гісторыю ўзнікнення прыгожага і ўтульнага гарадка над ракой Іўянкай, пра яго славутых землякоў нагадалі прысутным удзельнікі тэатралізаванага прадстаўлення. Танцамі і пранікнёнымі песнямі сучаснікі ўслаўлялі авеянае паданнямі мінулае роднага краю. Лепшым вучням Іўеўшчыны выпаў гонар падняць сцяг горада — чырвонае палотнішча з выявай яго заснавацельніцы — княгіні Евы, жонкі князя Гедыміна. Святары і прадстаўнікі канфесій звярнуліся да гледачоў з прамовамі і асвяцілі помнік.

— Я не магу гаварыць без хвалявання, — прызнаўся муфцій мусульманскага рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання Абу-Бекір Шабановіч. — На гэтай цудоўнай іўеўскай зямлі я быў народжаны, вучыўся тут, жыў і працаваў. Гэтая зямля — свяшчэнная. Наведваючы сваю малую радзіму, я зараджаю душу і сэрца. 615 гадоў таму татары пасяліліся на гэтых землях, падараваных ім вялікім Вітаўтам за гераізм у Грунвальдскай бітве, і знайшлі ўзаемаразуменне з мясцовымі жыхарамі. На вялікі жаль, яны страцілі сваю мову, але захавалі веру, культуру, традыцыі. Няхай нашчадкі не забываюць пра нашыя агульныя перамогі, а іх добрыя справы, цярпенне, узаемадапамога фарміруюць славутую беларускую талерантнасць.

Ужо 15 гадоў жыве ў Ізраілі яшчэ адна вядомая ўраджэнка гэтых мясцін Тамара Барадач, кіраўнік міжнароднага праекта «Карані». Штогод яна прывозіць на сваю радзіму суайчыннікаў, якія прымаюць удзел у штогадовым мітынгу-рэквіеме каля мемарыяльнага комплексу ва ўрочышчы Стоневічы, дзе знайшлі апошні прытулак больш за 2,5 тысячы мясцовых іўдзеяў.

— Я паказваю Беларусь, якую люблю, — ледзь стрымліваючы слёзы, прызнаецца Тамара Барадач. — Мне адначасова радасна і несцярпіма горка, што ў такі цудоўны дзень побач са мной стаяць не іўеўскія яўрэі. Мой род таксама ляжыць там, у лесе ў Стоневічах. За тысячы загінуўшых і гучыць сёння памінальная малітва.

Пасля асвячэння ўнікальнага помніка ўдзельнікі свята накіраваліся на набярэжную возера, якая цяпер уяўляе сабой выдатную зону адпачынку. Сотні гледачоў сабрала канцэртная праграма самадзейных артыстаў і нацыянальных калектываў. Сапраўднае свята жывата абяцалі на падворках, арганізаваных сельгаскааператывамі раёна. Разнастайную прадукцыю прапаноўвалі гандлёвыя рады, «Горад майстроў» — эксклюзіўныя самаробныя рэчы. Самыя маленькія наведвальнікі свята бавілі час на дзіцячых пляцоўках і атракцыёнах.

Фінальным акордам Дня горада стаў канцэрт заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай і святочны салют.

Акрамя таго, напярэдадні была арганізавана навукова-практычная краязнаўчая канферэнцыя «Іўеўская зямля — сузор’е народаў, рэлігій і культур». Увесь дзень у цэнтры горада працавалі выстава-кірмаш прадукцыі прадпрыемстваў Іўеўскага раёна і выстава карцін і фатаграфій мясцовых мастакоў.

На здымку: новая «візітная картка» горада — памятны знак «У гонар сяброўства і адзінства канфесій Іўеўшчыны».

Фота: Іна ДАБРЫДЗЕНЬ

 
 
 

РЕКЛАМА