«Сляды Апосталаў» . 21.by

«Сляды Апосталаў»

05.07.2013 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Сляды Апосталаў» прывядуць кінагледачоў з Берліна і Нясвіжа 1942-га ў нашы дні

На Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» завершана праца над кінаверсіяй «Слядоў Апосталаў». Поўнаметражная стужка зманціравана з 4 частак знятага раней аднайменнага тэлесерыяла. Яго беларускія гледачы пакуль яшчэ не бачылі. Прэм’ера адбылася ў маі на тэлеканале «Россия-1», і, як расказаў журналістам аўтар ідэі і прадзюсар Віктар Лабковіч, не без поспеху. У час паказу серыяла тэлеканал абышоў па колькасці гледачоў і НТВ, і Першы. Вышэй быў толькі СТС, дзе ішлі «Тры мушкецёры»з Мілай Йовавіч. Урэшце, не толькі гэты рэйтынг радуе Віктара Лабковіча.

— За 20 гадоў існавання незалежнай Беларусі мы сталі першымі, хто зняў фільм за беларускія грошы, з беларускімі акцёрамі, з беларускім рэжысёрам, беларускай творчай групай і прадаў гэты фільм замежнай дзяржаве, прычым нашу, беларускую, гісторыю, — не без гонару паведаміў прадзюсар журналістам перад закрытым паказам кінаверсіі «Слядоў Апосталаў».

Дарэчы, права запуску ў кінавытворчасць гэты праект атрымаў дзякуючы перамозе ў I Адкрытым рэспубліканскім конкурсе, які згодна з загадам Прэзідэнта Беларусі праводзіўся ў мінулым годзе Міністэрствам культуры сумесна з «Беларусьфільмам»і тэлекампаніяй АНТ.

Па словах Віктара Лабковіча, сінопсіс карціны «Сляды Апосталаў»прапаноўваўся студыі і раней, яшчэ ў 2007-м, але тагачаснае яе кіраўніцтва не зацікавіў. Пакрыўджаныя аўтары Андрэй Астраумаў, Алег Сухамера і Віктар Лабковіч пад псеўданімам Эндру Олвік выпусцілі кнігу «Сляды Апосталаў». На яе і звярнулі ўвагу, калі кіраўніцтва студыі памянялася, спатрэбіліся новыя ідэі і ўзнікла прапанова зняць што-небудзь сумесна «Беларусьфільму»і АНТ. Так з’явіўся сцэнарый 4 серый «Слядоў Апосталаў». Рэжысёрам-пастаноўшчыкам фільма стаў Сяргей Талыбаў, аўтар некалькіх серыялаў, знятых у Расіі і Украіне. Падзеі новага фільма адбываюцца ў Берліне перыяду Трэцяга рэйха, акупіраваным Нясвіжы і ў Нясвіжы нашых дзён. На гэтым гістарычным фоне разгортваюцца захапляючыя сітуацыі ў сувязі з пошукам сямейнай рэліквіі рода Радзівілаў — залатых статуй дванаццаці святых апосталаў.

...1942 год. Знакаміты спецыяліст у галіне магіі і акультызму доктар Ханс Вагнер рыхтуе экспедыцыю ў Нясвіж, каб папоўніць калекцыю сусветных каштоўнасцей Гітлера. Для паспяховай аперацыі яму неабходны спецыяліст, які свабодна валодае мясцовай мовай. Рэзідэнт савецкіх спецслужбаў у Берліне атрымлівае з Цэнтра інфармацыю пра тое, што на акупіраванай тэрыторыі ў Нясвіжскім замку працуе сакрэтная нямецкая лабараторыя. Для атрымання падрабязных звестак аб яе дзейнасці ў групу доктара Вагнера неабходна заслаць савецкага разведчыка. Выбар падае на маладога бакалаўра Базельскага ўніверсітэта Генрыха Штраўбе...

У нашы дні студэнтка факультэта права Аляўціна адпраўляецца на летнюю практыку ў Нясвіж. Па дарозе дзяўчына знаёміцца з дзіўным мужчынам Рыгорам, які расказвае ёй легенду пра залатых апосталаў Радзівілаў, нібыта схаваных у тайніках Нясвіжскага замка. У мясцовым РУУС, дзе Аляўціна праходзіць практыку, дзяўчына даведваецца пра таямнічую гібель «чорнага капальніка», які шукаў скарбы Радзівілаў, і вырашае пачаць уласнае расследаванне...

— Гэта вострасюжэтная прыгодніцкая карціна, у якой ваенны час і нашы дні аб’ядноўвае легенда, гісторыя пра залатых апосталаў. Тое, што яны былі, ведаюць усе. Куды прапалі, застаецца тайнай. У фільме мы прапаноўваем літаратурную версію падзей і не сцвярджаем, што ўсё было менавіта так. Зверхзадача была ў тым, каб данесці да гледача: пакуль гэтыя апосталы знаходзяцца на нашай зямлі, яны, ак анёлы-ахоўнікі, яе аберагаюць, — расказаў Сяргей Талыбаў.

Дарэчы, апосталаў кінагледачы ўбачаць. Копіі, вядома. Спецыяльна для здымак іх было зроблена чатыры, па эскізах візантыйскіх скульптур. Да дванаццаці апосталаў «размножылі»з дапамогай камп’ютарный тэхнікі. Дарэчы, дзякуючы ёй «старылі»і цяперашні адроджаны Нясвіжскі замак, на экране ён сённяшні і часоў 1942-га. Фільм здымалі ў 9 гарадах Беларусі. Берлін — у Гродне. Першымі гледачамі кінаверсіі стануць госці і ўдзельнікі цяперашняга «Славянскага базару ў Віцебску». Дату афіцыйнай прэм’еры ў кінатэатрах пакуль падбіраюць. Тэлесерыял выйдзе на АНТ у новым тэлесезоне. Акрамя таго, па словах генеральнага дырэктара кінастудыі «Беларусьфільм»Алега Сільвановіча, плануецца выпуск дыска, на якім збяруць усе 4 серыі фільма, яго кінаверсію, а таксама эпізоды, якія не ўвайшлі ў карціну, каб паказаць выдатную працу ўсіх акцёраў, уключаючы і тых, якія пасля мантажу засталіся за кадрам.

У карціне заняты толькі айчынныя акцёры, гэта было прынцыповым рашэннем. У ролях: Дзмітрый Мухін, Павел Южакоў-Харланчук, Ігар Сігаў, Дзмітрый Пусцільнік, Яўген Іўковіч, Ігар Дзянісаў, Вераніка Пляшкевіч, Пётр Юрчанкаў, Алег Гарбуз, Таццяна Чардынцава, Таццяна Мархель, Аляксандр Ткачонак і іншыя.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Беларусьфільм» падрыхтаваў кінаверсію «Слядоў Апосталаў»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика