„Спявае Беларусь” — спявае „Вярбічанька”
23.01.2019
—
Новости Культуры
|
Напрыканцы мінулага года ў эфіры тэлеканала “Беларусь 3” стартаваў яскравы і мілагучны праект “Спявае Беларусь”, дзякуючы якому традыцыйныя беларускія песні прагучаць на ўсю краіну. Вядучыя праграмы — этнограф Ларыса Мятлеўская, вядомая гледачам па праектах “Хата на хату” і “Беларуская кухня”, і даследчык беларускага народнага танца харэограф Сяргей Выскварка. Гэты творчы тандэм падарожнічае па Беларусі ў пошуках таленавітых фальклорных калектываў, а знакаміты фалькларыст Іван Крук падрыхтаваў шмат займальнага матэрыялу пра галоўныя сімвалы жыцця нашых продкаў, звязаныя з імі традыцыі, прыкметы і падзеі: напрыклад, дзеля чаго ў хаце вісела падкова і што сімвалізуе парог, дзе павінен стаяць стол і чаму з павагай трэба адносіцца да вясковай печы… Завітала здымачная група і ў наш Глускі раён, а дакладней, у Клетнае, у госці да народнага ансамбля народнай песні “Вярбічанька”. Што атрымалася ў выніку гэтай творчай сустрэчы, глушчане неўзабаве змогуць пабачыць па тэлевізары, а прыхільнікі гэтага калектыву і наогул аматары народнай песні — праспяваць разам з “Вярбічанькай” і нават усёй краінай, бо асаблівасць праекта “Спявае Беларусь” у тым, што тэксты песень выводзяцца на экран у выглядзе караоке-цітраў. З цягам часу выпускі праграмы можна будзе перагледзець на YouTube або на сайце тэлеканала “Беларусь 3”. Пра гэта нам расказалі ўдзельнікі “Вярбічанькі”. Ад сябе заўважым, што прыхільнікаў у народнага ансамбля “Вярбічанька” нямала, і ім, несумненна, будзе цікава паглядзець тэлеперадачу з нашымі землякамі. А калі хто з нейкай прычыны не чуў яшчэ выступленняў гэтых артыстаў, то, пабачыўшы іх у тэлеэфіры, абавязкова стане паклоннікам таленавітага калектыву. Так што слухайце “Вярбічаньку”, спявайце разам з “Вярбічанькай”, а мы пастараемся ў газеце абавязкова зараней напісаць дату выхаду перадачы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы мінулага года ў эфіры тэлеканала “Беларусь 3” стартаваў яскравы і мілагучны праект “Спявае Беларусь”, дзякуючы якому традыцыйныя беларускія песні...
|
|