«Канваіры прапанавалі бегчы ў бок лесу. Каго падстрэляць - такі лёс». Лёсы дэбютных кніг беларускіх літаратараў. 21.by

«Канваіры прапанавалі бегчы ў бок лесу. Каго падстрэляць - такі лёс». Лёсы дэбютных кніг беларускіх літаратараў

03.03.2021 16:45 — Новости Культуры | Tut.by  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала: Tut.by

«Я не самотны, я кнігу маю з друкарні пана Марціна Кухты» — пісаў, паміраючы ў Ялце, «у белым доме ля сіняй бухты», Максім Багдановіч: цешыўся, што ў гэтыя цяжкія хвілі мае пры сабе свой першы, але і, на жаль, апошні паэтычны зборнік «Вянок». Пісьменніца Людміла Рублеўская згадала ў «Звязде» незвычайныя гісторыі пра першыя кнігі беларускіх літаратараў.

Канстанцыя Буйло. «Курганная кветка»


Канстанцыя Буйло з мужам Віталём Адольфавічам Калечыцам у дзень шлюбу 7 чэрвеня 1916 года. Фота: wikipedia.org

З дэбютным зборнікам гэтай дваццацігадовай паэткі звязаныя імёны двух самых вядомых беларускіх паэтаў, слыннага мастака і легендарнай мецэнаткі…

Паэтку звалі Канстанцыя Буйло, яна была дачкой Антона Буйло, аб’ездчыка графа Тышкевіча. У родным Вішневе Канстанцыя пасябравала з дачкой настаўніцы французскай мовы Эміліі Станкевіч Уладзіславай. Аднойчы падрослыя Костка і Уладка прыйдуць у віленскую рэдакцыю «Нашай Нівы», куды Канстанцыя дасылала вершы.

«Нехта, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Перада мной стаяў высокі, тонкі мужчына, з сінімі вачыма, задумлівы і сур’ёзны. — „Ты, мусіць, Буйлянка, — лагодна сказаў ён мне, — ну, а я Купала. Дык давай знаёміцца“. І ён, нагнуўшыся, пацалаваў мяне так сур’ёзна і ўрачыста, што я нават не здзівілася, а смяшлівая Уладка не засмяялася. Да гэтага знаёмства яшчэ Купала прысвяціў мне вельмі прыгожы свой верш».

Першая сустрэча ў «Нашай Ніве» завяршылася тым, што Купала прапанаваў юнай госці заначаваць у рэдакцыі, прынёс бутэльку салодкага віна і яблыкаў, і яны да раніцы ўдваіх па чарзе чыталі п’есу «Паўлінка». А калі ў 1914-м Купала стаў галоўным рэдактарам «Нашай Нівы», прапанаваў Канстанцыі падрыхтаваць яе першы зборнік. Працаваў над кнігай «з вялікім замілаваннем, як над сваёй». Вокладку маляваў мастак-візіянер Язэп Драздовіч. На малюнак у стылі ар-дэко яго натхнілі радкі Буйло «Я каханне маё пахаваю ў душы, спакой сфінкса на твар палажу». А сам зборнік называецца «Курганная кветка». Грошы на выданне дала княгіня Магдалена Радзівіл, тая ж, што спансіравала і «Вянок» Максіма Багдановіча. Праўда, у пані былі на юную паэтку свае планы. Калі Буйлянка па запрашэнні княгіні прыехала да яе ў Мінск, пачула наступнае: «Я хачу вам дапамагчы паступіць у Варшаўскі манастыр шарытак. Там вы прабудзеце нейкі час. Калі вырашыце стаць шарыткай, я ўнясу за вас багаты пасаг. Нам трэба мець уплыў на беларускую палітыку».

Разгубленая Канстанцыя, як магла, ветліва адмовілася.

Кніга з’явілася на свет у друкарні Марціна Кухты, Купала, высылаючы аўтарцы асобнікі, пісаў: «Пасылаю табе кніжкі, зрабіў - як умеў. Дрэнная папера, але лепшай не маглі дастаць». Першы — ухвальны — водгук на зборнік таленавітай паэткі напісаў Максім Багдановіч. Як сведчыў Рыгор Шырма, вершы зборніка ў Заходняй Беларусі зрабіліся песнямі, а верш «Люблю наш край», які паклаў на музыку Мікола Равенскі, лічыўся гімнам.

Сяброўка Канстанцыі Уладзіслава Станкевіч у 1916-м стала жонкай рэдактара яе кнігі, Янкі Купалы.

Наступны зборнік Канстанцыі Буйло «Світанне» выйдзе толькі праз 36 гадоў, у 1950-м.

Яўгенія Пфляўмбаўм. «Вершы»


Валеры Маракоў, Янка Бобрык і Яўгенія Пфляўмбаўм гартаюць кнігі з бібліятэчкі «Маладняка». Мінск, 1925 г. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

А вы можаце ўявіць такое, каб паміж першай і другой прыжыццёвымі кніжкамі літаратара прамінула шэсцьдзясят тры гады?

У беларускай літаратуры ёсць і такі феномен.

«Вершы» — так немудрагеліста называлася дэбютная кніга юнай мінскай паэткі Яўгеніі Пфляўмбаўм, складанае прозвішча яна атрымала ў спадчыну ад бацькі-немца, што працаваў на чыгунцы. А ў 1926 годзе рэалізаваўся, як той казаў, першы гендарны праект беларускай літаратуры: пад адной вокладкай у бібліятэчцы «Маладняка» выдалі трох паэтак — сябровак аб’яднання, самых актыўных і таленавітых. Акрамя васямнаццацігадовай Пфляўмбаўм, гэта былі Зінаіда Бандарына і Наталля Вішнеўская. Рэдактарам зборніка стаў Уладзімір Дубоўка. Шэрая, сціплая брашурка — вялікая надзея для трох аўтарак, і ўсім тром выпаў трагічны лёс. Як пісаў Сяргей Грахоўскі ў вершы, прысвечаным Яўгеніі Пфляўмбаўм:

«Натхнёна Жэня, Зіна і Наташа

Спявалі дзеля шчасця і святла,

Але ў злавесны век

атруты чаша

Іх напаткала і не абышла.

Дарогі разышліся назаўсёды,

Сарваліся і змоўклі галасы.

Нягоды напаўзалі на нягоды,

Як майскі снег, як град,

як маразы.

Яўгенія Пфляўмбаўм выйдзе замуж за паэта Максіма Лужаніна, адправіцца за ім у сібірскую ссылку, потым усё сваё доўгае жыццё будзе пісаць у стол. Яе вершы выпадкова знойдзе госць, Аркадзь Куляшоў, захоча выдаць… Не атрымаецца. Яўгенія ўпарта застаецца ў цяні мужа. Толькі ў 1989-м убачыць свет зборнік «Сувой жыцця» з прадмовай Анатоля Вярцінскага, а Максім Лужанін, які перажыў жонку, да канца дзён стане парадкаваць яе чарнавікі.

Аркадзь Куляшоў. «Росквіт зямлі»


Аркадзь Куляшоў

У дужа ранніх дэбютах заўсёды тоіцца небяспека — нярэдка бліскучая першая кніга, на дзіва дарослая для юнага аўтара, аказваецца і апошняй творчай удачай… Але сярод беларускіх класікаў ёсць вундэркінд, якому не пашкодзіла ранняя слава. Хоць яму было ўсяго 16 гадоў, калі выйшаў яго першы паэтычны зборнік — і вучні ягонай школы ў Саматэвічах дзівіліся і захапляліся, асабліва калі знакаміты выпускнік, не нашмат старэйшы за іх, прыязджаў на сустрэчы. Дарэчы, на адной з такіх сустрэч прысутнічаў вучань Саматэвіцкай школы Іван Чыгрынаў, у будучым таксама народны пісьменнік.

Звалі вундэркінда Аркадзь Куляшоў. Сам ён сцвярджаў, што пачаў пісаць вершы ў чатыры гады, праўда, на рускай мове. Дык вось калі сабралася два сшыткі, юны паэт аб’яднаў іх у рукапісны зборнік пад назвай «Собрание сочинений Кулешова несчастного». А першая друкаваная кніга з’явілася, калі аўтар, хоць і юны, паспеў павучыцца ў Мсціслаўскім педтэхнікуме, дзе стварыў гурт «Амсціслаўцы» са Змітраком Астапенкам і Юліем Таўбіным і ўжо ў 12 гадоў дэбютаваў з вершам «Ты мой брат» у Клімавіцкай раённай газеце.

Вось толькі з дэбютным зборнікам, які ўбачыў свет у 1930 годзе пад назвай «Росквіт зямлі», не ўсё атрымалася гладка. Рэдактарам быў Міхась Чарот, які выправіў усё на свой густ і бязлітасна павыкідваў з будучай кнігі шмат вершаў, асабліва лірычных. Куляшоў пакрыўдзіўся. І хоць зборнік прынёс яму славу, адкрыў шмат магчымасцяў, падзагаловак «Першая кніга паэзіі» ён дэманстратыўна паставіў у другім сваім зборніку «Па песню, па сонца!..», які выйшаў у 1932-м, такім чынам нібыта выкрасліў першую сваю кнігу з творчай біяграфіі.

Пасля выхаду зборніка «Росквіт зямлі» Аркадзь Куляшоў пераехаў у Мінск і пачаў вучобу на літаратурным факультэце педінстытута, куды яго адмыслова запрасілі як аўтара папулярнай кнігі. Карацей, усё як у вершы, у якім ён апісаў, як са школьным сябруком курыў у ельніку:

За дымам думкі следам

Плывуць — твая, мая.

Ты марыш быць паэтам,

Быць трактарыстам — я.

Над ельнікам імглістым

Плыве за годам год.

Стаў друг мой трактарыстам,

А я —

Наадварот.

Васіль Быкаў. «Ход канём»


Васіль Быкаў

Мала хто памятае, што першая кніга Васіля Быкава — гэта не ваенная проза. А зборнік фельетонаў, які выйшаў у 1960 годзе ў бібліятэцы сатырычнага часопіса «Вожык». І вось што Быкаў піша пра гэта ў сваіх успамінах:

«Беларускі «Вожык» неўпрыцям пачаў набываць характар, хаця ягоны крытычны пафас і не ўзнімаўся вышэй пасады ўпраўдома. Гэты часопіс надрукаваў штось з маіх фельетонаў, і галоўны рэдактар Павел Кавалёў запрасіў у Мінск для знаёмства. (Тады асабістае знаёмства з аўтарам было абавязковае, перад тым вывучаліся яго мінулае, сацыяльнае становішча, партыйнасць.) Прыехаўшы аднойчы па ганарар, пазнаёміўся з Паўлам Нічыпаравічам, а каб замацаваць знаёмства, пайшлі ў рэстаран. Нашай кампаніяй не пагрэбавалі і іншыя працаўнікі «Вожыка», і не толькі сатырыкі. Вынікам таго супрацоўніцтва праз нейкі час стала кніжачка сатырычных апавяданняў пад характэрным назовам «Ход канём».

У кнізе было ўсяго 47 старонак і шэсць апавяданняў: «Арганізатар», «Даведка», «Апендыцыт», «Буйны выйгрыш», «Ход канём» і «Дапякло». Тэмы — бюракратыя, прыстасавальніцтва, начальніцкая фанабэрыя…

А вось кніга, у якой ужо знаёмы нам Васіль Быкаў майстар ваеннай прозы, з’явілася пасля таго як аўтар пабываў на семінары маладых літаратараў у Каралішчавічах. «Пасля семінара з усяго, што ў мяне сабралася, склаў першы зборнік, адаслаў у выдавецтва. Праз нейкі даволі працяглы час яго далі на падрыхтоўку да друку выдавецкаму рэдактару, якім аказаўся Уладзімір Дамашэвіч. Таму давялося не толькі рэдагаваць тэкст, але і адстойваць мае літаратурныя ідэі, якія былі не ва ўсім традыцыйныя і не задавальнялі выдавецкае начальства. Асабліва тое адносілася да аповесці «Жураўліны крык». Але Валодзя меў характар, а галоўнае — уласны пагляд на літаратуру, адрозны ад казённага пагляду шматлікага начальства».

Рыгор Бярозкін. «Паэзія праўды»

Рыгор Бярозкін. Фота: wikimedia.org

Часам дэбютная кніга выходзіць не рана, а позна. Асаблівы лёс — у першай кнігі вядомага літаратурнага крытыка Рыгора Бярозкіна. Яшчэ да вайны ён засведчыў сябе як смелы і таленавіты даследчык. У 20 гадоў працаваў загадчыкам аддзела крытыкі ў рэдакцыі часопіса «Полымя рэвалюцыі», затым — літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. А 26 красавіка 1941 года быў арыштаваны — на вакзале, калі чакаў цягніка, каб ехаць у творчую камандзіроўку. Абвінавачанне тыповае: антысавецкая агітацыя…

Пакуль ішло следства, пачалася вайна. 26 чэрвеня 1941 года, калі нямецкія войскі набліжаліся да Мінска, зняволеных вывелі з турмы на расстрэл. Бярозкін пасля расказваў, што канваіры, вывеўшы ўсіх за горад, прапанавалі бегчы ў бок лесу. Каго падстрэляць — значыць, такі лёс…

Яму ўдалося ўцячы. Далучыўся да бежанцаў, адправіўся на фронт, ваяваў… Быў цяжка паранены пад Сталінградам, атрымаў баявыя ўзнагароды. Пасля вайны вярнуўся да літаратуры. А ў 1950-м яго зноў арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў. Вось там, у лагерах Казахстана і Сібіры, працуючы на будаўніцтве шахтаў і электрастанцый, Рыгор Бярозкін і пісаў сваю першую кнігу крытычных артыкулаў - у галаве, трымаючы ў памяці вершы Куляшова, Танка, Панчанкі. А калі ў 1955-м быў вызвалены і цалкам рэабілітаваны, заставалася толькі прыдуманае запісаць. Першая кніга Рыгора Бярозкіна пад назвай «Паэзія праўды» вышла ў свет у 1958 годзе. Аўтару было сорак.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА

© 2021 21.by