У ветэрана скралi пiнжак з узнагародамi

08.12.2009 — ЧП |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Мiнску ўзбуджана крымiнальная справа па факце крадзяжу з кватэры 86-гадовага пенсiянера пiнжака з узнагародамi.

Як удакладнiла карэспандэнту "Звязды" часовы выканаўца абавязкаў прэс-афiцэра Фрунзенскага РУУС Ала Галубовiч, пацярпелы, якi жыве адзiн у кватэры на вулiцы Адзiнцова, звярнуўся па дапамогу да праваахоўнiкаў праз пэўны час пасля таго, як было ўчыненае гэтае злачынства. Апошнi ж раз ветэран апранаў пiнжак, на якiм ззялi 12 ваенных i юбiлейных узнагарод, у маi, калi браў удзел ва ўрачыстасцях да Дня Перамогi. Пасля таго ён павесiў яго ў вiтальнi i толькi месяц таму выявiў, што нехта паквапiўся на ўзнагароды — пiнжак з iмi знiк.

Яшчэ адна падобная крымiнальная справа ўзбуджана ў Любанскiм раёне. Тут з дачнага дома ў гарадскiм пасёлку Урэчча невядомы, якi забраўся ў жыллё, што належыць мiнчанiну, акрамя веласiпеда i магнiтафона, завалодаў таксама 2 ордэнамi Айчыннай вайны i ордэнам Чырвонай зоркi. Нахабнiка таксама расшукваюць.

Кiнуўся пад электрацягнiк

На 797-м кiламетры на станцыi Аляхновiчы 22-гадовы хлопец быў траўмаваны электрацягнiком "Маладзечна—Мiнск".

Паводле звестак упраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС, здарэнне зафiксаванае каля а паловы шостай вечара ў мiнулую пятнiцу. Пацярпелы, жыхар Заслаўя, быў дастаўлены ў бальнiцу Маладзечна з дыягназам "адкрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозга". Як выявiлася, пад цягнiк хлопец трапiў невыпадкова: такiм чынам ён спрабаваў звесцi рахункi з жыццём. Цяпер следствам высвятляюцца ўсе акалiчнасцi гэтай справы.

Ігар ГРЫШЫН.

Расследуецца выбух

4 снежня ўвечары ў Бабруйску прагрымеў выбух. Людзi не пацярпелi.

Самадзейнае прыстасаванне выбухнула прыкладна ў 18.30 каля першага пад'езда дома № 320 на вулiцы Карла Маркса. Пацярпелi ад выбуху 6 кватэр: на 1-м ,2-м i 3-м паверхах жылога дома ў вокнах i балконах павылятала шкло.

Як паведамiлi ў прэс-службе УУС Магiлёўскага аблвыканкама, затрыманы два чалавекi. Падазраецца, што выбух учынiў 40-гадовы рабочы Бабруйскага завода трактарных дэталяў i агрэгатаў. Ён раней судзiмы за крадзеж, а цяпер абвiнавачваецца ў злосным хулiганстве. Паводле папярэдняй iнфармацыi, гэты чалавек прызнае, што з п'яных вачэй вырашыў тэрмiнова пазбавiцца ад небяспечнай рэчы, якую прыдбаў у калегi.

Па падазрэннi ў вырабе самаробнага выбуховага прыстасавання затрыманы другi рабочы гэтага ж завода. Пры вобыску ў кватэры 21-гадовага мужчыны мiлiцыя знайшла хiмiчныя складнiкi, неабходныя для прыгатавання выбухованебяспечных рэчываў.

Алена Казлова.

 
 
 

РЕКЛАМА