Халасты стрэл
05.07.2010 13:49
—
Разное
|
У нядзелю ўвечары мне патэлефанаваў знаёмы і сказаў, каб я тэрмінова ўключыў канал НТВ — там будзе журналісцкае расследаванне. І паклаў трубку. Адразу згадалася атмасфера сярэдзіны 80‑х. — Ты чытаў сёння газету «Правда»? — Не, а што там? — Гэта не тэлефонная размова. Як і тады, цяпер усе адзін аднаго разумеюць з паўслова.
Калі на НТВ ідзе нейкае «журналісцкае расследаванне», цікавае для беларускіх гледачоў — значыць, гэта той фільм, які энтэвэшнікі прыязджалі здымаць у Беларусь прыблізна год таму і былі дэпартаваны ўладамі. Ужо тады было вядома, што расійская тэлекампанія здымае фільм з мэтай кампраметацыі Аляксандра Лукашэнкі… У мяне, адрозна ад майго знаёмага, няма НТВ+. А глядзець НТВ‑Беларусь, зразумела, не было сэнсу. (У той вечар на гэтым канале паказвалі нейкія «Сямейныя сакрэты» ці нешта такога кшталту). Вырашыў трошкі пачакаць — калі сапраўды ў эфір выйдзе нешта вартае ўвагі, абавязкова адгукнецца інтэрнэт. І сапраўды, у той самы вечар змог паглядзець фрагмент фільма энтэвэшнікаў «Хросны бацька», выкладзены на You Tube. Т рэба прызнацца, у першыя некалькі хвілін убачанае агаломшвала. Не зместам. Факты, прыведзеныя ў фільме, даўно вядомыя ў Беларусі. І не толькі апазіцыі, але, бадай, большасці тых, хто карыстаецца інтэрнэтам. Уразілі сам тон і манера падачы матэрыялу.Гэта ніякае не журналісцкае расследаванне — гэта прысуд. Прытым, канчатковы, які абскарджванню не падлягае. Такім тонам звычайна на НТВ апавядаюць пра злачынцаў у рубрыцы «Надзвычайнае здарэнне». (У гэтай рубрыцы фільм і выйшаў). І ў гэтым факце, так бы мовіць, адваротны бок медаля. НТВ, які ў 90‑я быў адным з лепшых незалежных тэлеканалаў, пры Пуціну ператварылася ў так званае трэш‑тэлебачанне. Ёсць нават такі жарт: паглядзеў НТВ — пераключы за сабой. Вядома, што Уладзіміру Пуціну гэтае тэлебачанне ў яго цяперашнім абліччы вельмі падабаецца. Гэта адзіны тэлеканал, рэдакцыю ён, яшчэ будучы прэзідэнтам, асабіста наведаў. А некаторыя журналісты НТВ маюць дзяржаўныя ўзнагароды. Зразумела, заказныя праграмы робяць і на дзяржаўных расійскіх каналах. Чаго вартыя напрыклад, сюжэты Аркадзія Мамантава на канале «Россия». Але ж, калі б той самы «Хросны бацька» выйшаў бы, скажам, на РТР, рэзананс быў бы іншы. А так ніводзін расійскі сайт не адгукнуўся на сенсацыйны фільм — прынамсі, адразу пасля яго выхаду. Рэпутацыя ў НТВ не самая лепшая. Дакладней, менавіта такая, якая дазваляе паказваць падобныя сюжэты ў эфіры без асабліва цяжкіх наступстваў. Маўляў, прыватны тэлеканал — што хоча, то і паказвае. Свабода ж лепей, чым несвабода.А з другога боку, факт выхаду выкрывальнага фільма на НТВ абясцэньвае ўсе прыведзеныя ў ім факты і аргументы ў дзясяткі, калі не ў сотні разоў. Робіць яго чарговай таннай сенсацыяй, месца якой пасля прагляду — у кошыку для смецця. Магчыма, задумваўся моцны прапагандысцкі стрэл. Але стрэл быў яўна халасты. Праўда, часам і халастымі патронамі страляюць. Каб напалохаць праціўніка.Віталь Тарас Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нядзелю ўвечары мне патэлефанаваў знаёмы і сказаў, каб я тэрмінова ўключыў канал НТВ — там будзе журналісцкае расследаванне. Піша Віталь Тарас.
|
|