«I надалей локцікі трымайце крыху ў бакі»
03.12.2013
—
Разное
|
Святлана Стацэнка — пра дзіцячы музычны конкурс «Я спяваю!» і асаблівасці жыцця пасля хвіліны славы Запіс серыі канцэртаў чацвёртага сезона дзіцячага музычнага конкурсу «Я спяваю!» (тэлегледачы АНТ убачаць яго ў лютым) пройдзе 7—13 снежня ў Палацы Рэспублікі. Адзінаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак з няпростымі гісторыямі жыцця зноў атрымаюць магчымасць выйсці на вялікую сцэну і прадэманстраваць свае таленты. У суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь маленькія артысты выступяць сольна і ў дуэтах з зоркамі, выканаюць складаныя кампазіцыі з рэпертуару беларускай, расійскай і замежнай эстрады. Як рыхтуюць юных удзельнікаў тэлешоу, адабраных сярод амаль тысячы дзяцей з усёй Беларусі? За адказам на гэта і іншыя пытанні карэспандэнт «Р» завітала да мастацкага кіраўніка праекта, вядомага педагога па вакале Святланы СТАЦЭНКА (на здымку). — Святлана Адамаўна, да старту гатовы? — Гатоўнасць баявая. Ужо 8 снежня нашы выхаванцы ўпершыню выйдуць на сцэну, так што часу практычна няма. І чым бліжэй да гарачых дзён, тым даўжэйшы «гальштук». Памятаеце, у нейкім анекдоце адзін у другога пытаецца: «Што гэта ў цябе такі дзіўны гальштук?» А той адказвае: «Гэта не гальштук, а язык». Нешта падобнае і ў нас. Падчышчаем недаробкі па харэаграфіі, вакале, працуем з беларускімі зоркамі эстрады. У першы конкурсны дзень дзеці будуць з імі выконваць песні сучасных беларускіх кампазітараў. — У гэтым, як і ў ранейшых праектах, з дзецьмі будуць спяваць і вядомыя расійскія артысты. Ці лёгка знаходзіцца агульная мова? — Складанасць у тым, што запрошаныя госці прыязджаюць толькі ў дзень канцэрта, у іх адна рэпетыцыя з дзецьмі раніцай. І гэта вельмі цяжка. Дзіця губляецца, калі бачыць знакамітасць, яму трэба справіцца з эмоцыямі. Нават калі прыходзяць на рэпетыцыі нашы беларускія зоркі, для дзяцей гэта падзея. Ды што там — у адзін з дзён яны будуць спяваць з маладымі артыстамі з тэлепраекта «Акадэмія талентаў». Дык і гэта таксама — ах!.. Дзяўчынкі падфарбоўваюцца, хочуць лепей выглядаць: сам Улад Чыжыкаў прыедзе! Ад іх цяпер ужо і я даведалася, хто гэта такі. Але асабліва цяжка, калі ўзнікаюць пытанні з танальнасцю. Справа ў тым, што танальнасць, у якой камфортна спяваць дзіцяці, даросламу можа быць нязручнай. Таму мы просім гасцей яе змяніць, «пасунуць», бо ў дзяцей няма такіх навыкаў. Ёсць артысты, для каго гэта не пытанне, яны разумеюць, што ў дзіцячым праекце трэба перш за ўсё дзіця паказаць у выгадным святле. Але бывала і інакш. Не буду называць імёны, у тым ліку і некаторых беларускіх артыстаў, якія лічаць, маўляў, я тут саліст, а дзеці — гэта так, суправаджэнне. — Відавочна, нялёгкая і праца педагогаў непасрэдна з дзецьмі? — Сапраўды, бо яны не выхаванцы вакальных студый, якія маюць хоць нейкае паняцце аб тым, што і як трэба рабіць. Ёсць, праўда, тыя, хто займаўся ў музычнай школе. Але музычная школа па класе фартэпіяна і вакал — зусім розныя рэчы. Таму практычна ўсе дзеці без вакальных навыкаў наогул, многія без практыкі выхаду на сцэну нават раённага Дома культуры ці хаця б школьную, а не тое што Палаца Рэспублікі. Але з іншага боку, наяўнасць вакальных здольнасцей — не асноўны крытэрый пры адборы ўдзельнікаў для тэлепраекта «Я спяваю!», хоць уласна я і перыядычна, і сістэматычна настойваю, каб яны ўсё ж прысутнічалі. Галоўная ўвага скіравана на пошук дзяцей з няпростым лёсам, пра якіх трэба распавесці краіне, якіх трэба падтрымаць. Калі яны хоць неяк умеюць спяваць — цудоўна. Але гэта не першасная ўмова. — Тым не менш, мяркуючы па ранейшых трох сезонах праекта, навучыць атрымлі-ваецца ўсіх — спяваюць. — Працуем жа, займаемся. З больш-менш вакальнымі спяваем, напрыклад, тры разы на тыдзень, а з кімсьці і кожны дзень. Галоўнае, каб чалавек зразумеў, што ад яго хочуць, пачаў інтаніраваць. Тым, каму цяжка, стараемся падабраць крыху прасцейшы рэпертуар. Але сапраўды не было такіх выпадкаў, каб хтосьці стаяў на сцэне і не спяваў. Наогул, за тыя некалькі месяцаў, пакуль ідзе падрыхтоўка да конкурсу, дзеці заўважна мяняюцца не толькі вакальна. Яны становяцца больш кантактнымі, разняволенымі, адкрытымі. — Нягледзячы на ўсе складанасці, чым прыцягвае вас гэты праект? — Напэўна, тым, што ты дапамагаеш дзецям з глыбінкі рэалізаваць свае мары. Мне ўсцешна, што яны змогуць выйсці на самую галоўную сцэну краіны і смела заявіць: «Я спяваю!» Здзяйсненне ці хаця б набліжэнне да мары — гэта вельмі важна для маленькага чалавека. Ведаю гэта, памятаючы і сваё дзяцінства. Якім вялікім было расчараванне, калі ёсць жаданне выступіць на школьнай сцэне, але з дзесяці прэтэндэнтаў выбіраюць аднаго, і гэта не ты... І якая бура эмоцый апаноўвала, калі выпадала, што гэта ты! І яшчэ наконт таго, чым прыцягальны праект. Як прафесіяналу, ён дае мне магчымасць знаёмства і цікавай працы з многімі вядомымі майстрамі эстрады, з людзьмі, якія дасягнулі ў жыцці многага, але не цураюцца прыехаць і сваім удзелам падтрымаць на сцэне простых хлопчыкаў і дзяўчынак. — Вялікая сцэна, тэле-здымкі, увага зорак... Але потым дзеці вяртаюцца дадому. І, як у Папялушкі, карэта ператвараецца ў гарбуз. Як перажыць наступствы хвіліны славы? — Часта гэтае пытанне задаюць, і яно заканамернае. Але адназначна адказаць мне вельмі цяжка. Аналізуючы гэтую сітуацыю, я заўсёды праводжу паралель са сваёй дачкой Ксеніяй. Пасля яе перамогі на дзіцячым «Еўрабачанні» яна была зоркай, усе крычалі «Брава!», «Ура!». А потым ажыятаж скончыўся, і пачалася зайздрасць. Ёй не маглі дараваць гэтую перамогу, славу многія аднакласнікі, настаўнікі. На жаль, падобныя рэчы прысутнічаюць, і мы не можам зберагчы ўдзельнікаў праекта ад гэтага. Тут патрэбна сіла волі самога дзіцяці. На працягу ўсяго праекта я, як магу, дзецям гэта тлумачу. Яны павінны быць гатовымі да таго, што пасля апладысментаў у іх жыцці пачнецца цяжкі перыяд, але трэба ўмець трымацца. Калі яны хочуць стаць зоркамі, артыстамі, акцёрамі, трэба вучыцца адстойваць сваё месца пад сонцам. Мяккіх, рахманых і пухнатых проста затопчуць. Дзецям, як і сваёй Ксеніі, я кажу: не трэба нікога абражаць, зневажаць, але локцікі ўсё ж трымайце трохі ў бакі, маўляў, адыдзіце трошачкі, дайце прайсці. Каб не прыціскалі моцна. Дарэчы, вельмі важна, каб была падтрымка бацькоў ці тых людзей, якія з дзецьмі побач. Разам з тым, разважаючы наконт праекта, дзецям даецца шанц паглядзець на праявы жыцця, да якіх можна імкнуцца. Яны спяваюць на лепшай сцэне краіны. Для іх іграе Прэзідэнцкі аркестр. Ім дапамагаюць прафесіянальныя бэк-вакалісты і харэографы. З імі працуюць лепшыя педагогі, самы раскручаны тэлеканал, велізарная прадзюсарская каманда. Усё — для іх. Як я кажу, мне б так у вашым узросце! Удзел у праекце — гэта вельмі магутны штуршок. І не скажу, што пасля яго дзяцей забываюць. Вельмі многія з іх ужо запатрабаваныя. Хтосьці ўдзельнічае ў розных тэлепраектах, кагосьці запрашаюць выступіць у тых ці іншых канцэртах, нехта зняўся ў кіно. Рух ёсць, працягваецца. — Што вы звычайна гаворыце дзецям перад пачаткам конкурсу? — Усім па-рознаму і гледзячы каму. Аднаго трэба пашкадаваць, пацалаваць у шчочку, пахваліць. Другога, наадварот, узбадзёрыць, завесці. Але з многіх фраз адно кажу ўсім: тыя, хто сядзіць у зале, прыйшлі вас не ацэньваць, а паглядзець, падтрымаць і парадавацца за вас. Гэта — не журы. Гэта — вашы бацькі, родныя, сябры, настаўнікі. Спявайце для іх. Я хачу, каб дзеці не адчувалі нейкай суперадказнасці за свае выступленні, а проста паказалі тое, чаму яны навучыліся, каб яны проста атрымалі эстэтычнае задавальненне ад таго, што робяць на сцэне. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Святлана Стацэнка — пра новы сезон конкурсу «Я спяваю!» |
|