Служба лічбаў, фактаў і дакладнасці. 21.by

Служба лічбаў, фактаў і дакладнасці

23.08.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

АДДЗЕЛ статыстыкі нашага раёна ўзначальвае Леанід Берняковіч. За чатыры гады кіраўніцтва ён паспеў палюбіць сваю справу і вывучыць яе да дробязей. Калегі кажуць пра Леаніда Сцяпанавіча як пра ўмелага і разважлівага кіраўніка, камунікабельнага чалавека. Падкрэсліваючы асаблівую значнасць працы работнікаў органаў дзяржаўнай статыстыкі, ён гаворыць, што прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў па эканамічных, дэмаграфічных, сацыяльных і экалагічных пытаннях на аснове афіцыйных статыстычных даных закранае інтарэсы кожнага грамадзяніна нашай краіны. Таму сваю працу лічыць вельмі важнай і патрэбнай.

Валянціна Пацкевіч, Леанід Берняковіч і Галіна Красава

— Леанід Сцяпанавіч, чым займаюцца супрацоўнікі аддзела?
— Пачну з таго, што наш калектыў невялікі (толькі пяць чалавек) і дружны. Тры чалавекі займаюцца зборам, апрацоўкай і праверкай статыстычнай інфармацыі, якая паступае ад прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. За гэтымі лічбамі — мінулае, дзень сённяшні і будучыня нашага горада і раёна, а таксама лёсы людзей. Статыстыка — гэта служба, якая дакладна ведае, колькі прадукцыі, выпушчанай мясцовымі прадпрыемствамі, пайшло на экспарт, на ўнутраны рынак і колькі яшчэ чакае сваёй чаргі на складах. І менавіта органы дзяржаўнай статыстыкі маюць дакладнае ўяўленне пра дасягненні і недахопы ў кожнай галіне эканомікі і сельскай гаспадаркі, а значыць, у цэлым — пра дабрабыт нашай краіны.
За першае паўгоддзе ад рэспандэнтаў мы атрымалі 3508 справаздач. Апрацоўваем статыстычныя даныя па розных накірунках. Валодаем інфармацыяй аб аб’ёмах выпушчанай прадукцыі, паказчыках ў сферах гандлю, будаўніцтва, фінансаў, сельскай гаспадаркі і гэтак далей. А таму работнік аддзела статыстыкі павінен ведаць спецыфіку кожнай з гэтых сфер.
Паказчыкі статыстычнай справаздачнасці неабходны для назірання за выкананнем розных дзяржаўных праграм і дазваляюць прымаць правільныя рашэнні. Акрамя таго, кожнаму чалавеку цікава, што адбываецца ў краіне і ў раёне: колькі жыве людзей, якая дэмаграфічная сітуацыя, колькі пабудавана жылля і выпушчана прадукцыі, колькі прадаецца тавараў, што адбываецца з заробкам і пенсіяй і многае іншае.
— Якімі рысамі характару павінен валодаць супрацоўнік статыстычнай службы?
— У ліку галоўных якасцей прадстаўнікоў статыстычнай службы — адказнасць і ўседлівасць, вытрымка і самавалоданне, тактоўнасць і ветлівасць. А таксама вельмі патрэбны засяроджанасць, уважлівасць, эканамічная адукаванасць, каб дакладна, аператыўна збіраць і апрацоўваць неабходную інфармацыю. Усе гэтыя рысы характару ў большай ступені ўласцівы жанчынам, таму і не дзіўна, што ў аддзеле працуюць прадстаўніцы чароўнай паловы чалавецтва. Усе яны тут не першы год і выдатна спраўляюцца са службовымі абавязкамі. Хоць мы рэдка бываем навідавоку, але вынікі нашай працы ведаюць і выкарыстоўваюць усе…
— Назавіце гэтых руплівых жанчын.
— За адданасць справе і штодзённую напружаную працу шчыра дзякую ўсім работнікам калектыву, і ў першую чаргу свайму намесніку Валянціне Пацкевіч і галоўнаму спецыялісту Галіне Красавай. Мы працуем непасрэдна ў аддзеле. Акрамя таго, не першы год у раёне праводзяцца абследаванні дамашніх гаспадарак па вывучэнні ўзроўню жыцця насельніцтва ў горадзе Мядзеле, дамашніх гаспадарак з мэтай вывучэння праблем занятасці ў Занарацкім сельсавеце (аграгарадок Занарач і вёска Стахоўцы). Гэтым займаюцца штатныя спецыялісты Вера Купрэвіч і Таццяна Хадановіч. Яны ўмеюць размаўляць з людзьмі, добразычліва, даходліва і кампетэнтна тлумачаць сутнасць праблемы.
— Наперадзе ў вас вельмі адказная дзяржаўная кампанія — перапіс насельніцтва. Раскажыце, калі ласка, крыху пра гэта.
— У адпаведнасці з рэкамендацыямі ААН перапіс насельніцтва праводзіцца адзін раз у дзесяць гадоў. За гісторыю незалежнай Беларусі гэта будзе трэці перапіс. Ён ставіць перад сабой дзве асноўныя задачы: падлік насельніцтва і атрыманне дэмаграфічных, эканамічных і сацыяльных характарыстык краіны ў цэлым і кожнага населенага пункта асобна. Яго адметнай асаблівасцю з’яўляецца інавацыйны падыход да правядзення апытання насельніцтва. У час кампаніі перапісны персанал будзе выкарыстоўваць планшэтныя камп’ютары, на якія ўстаноўлены спецыяльныя праграмы. Гэта дазволіць больш аператыўна правесці апытанне і забяспечыць канфідэнцыяльнасць атрыманых даных. Пасля запаўнення перапісных лістоў доступ да інфармацыі, якая ў іх утрымліваецца, абмяжоўваецца. Дарэчы, перапіс будзе праводзіцца з 4 па 30 кастрычніка.
І яшчэ хачу сказаць, што грамадзяне змогуць перапісацца трыма спосабамі: шляхам запаўнення перапісных лістоў з дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў глабальнай сетцы інтэрнэт; шляхам запаўнення перапісных лістоў на стацыянарным падліковым участку і шляхам апытання кожнага рэспандэнта пры абходзе перапісчыкам.
— Дзякую. Ваш калектыў невялікі. Але, напэўна, вы з пашанай адносіцеся да тых, хто тут працаваў раней, прычым працаваў шмат год шчыра і з адказнасцю…
— Так, мы памятаем нашых ветэранаў і з гонарам працягваем закладзеныя імі традыцыі. Напрыклад, Часлава Козел адпрацавала ў органах дзяржаўнай статыстыкі 43 гады. Па 34-37 гадоў працоўнага стажу ў калектыве маюць Альфрэда Апанасевіч і Ірына Несцяровіч, 21-26 гадоў — Яніна Варанец і Святаслаў Літвіновіч. Таму, карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць ветэранаў, а таксама сённяшніх калег з прафесійным святам! Ад усёй душы жадаю бадзёрасці духу, моцнага здароўя, мэтанакіраванасці ў дасягненні пастаўленых задач, цярпення і працавітасці, дабра і дабрабыту. Няхай вам і вашым блізкім заўсёды спадарожнічае ўдача, не пакідае ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Будзьце шчаслівымі!

Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
АДДЗЕЛ статыстыкі нашага раёна ўзначальвае Леанід Берняковіч. За чатыры гады кіраўніцтва ён паспеў палюбіць сваю справу і вывучыць яе да дробязей. Калегі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика